Витебчанка Надежда Соловьёва перечислила 800 рублей на реставрацию обелиска на брацкой могиле в Кубличах
25.03.2019
—
Разное
|
Надзея Ягораўна Салаўёва з Віцебска пералічыла 800 рублёў на рэстаўрацыю абеліска на брацкай магіле ў Кублічах, на якім увекавечана і імя яе бацькі. Пенсіянерка не атрымлівае дывідэндаў ад акцый, не мае працэнтаў па ўкладах, жыве не ў раскошы, у сям’і і машыны няма. А самае дарагое, што ёсць – гэта памяць аб гераічных продках. – Мы пастаянна даглядаем брацкую магілу ў вёсцы Стрыгі Сенненскага раёна, – расказвае Надзея Ягораўна. – Гэта радзіма маёй маці, куды яна і вярнулася з Віцебска ў самым пачатку вайны. Мне было чатыры гады. Падчас аднаго з авіяабстрэлаў ужо пры вызваленні Беларусі ля падбітага танка загінуў мой дзед, сусед – малады партызан Антон і чырвонаармеец. Спачатку на магіле стаяў крыж, потым мы паставілі сучасны помнік. Прозвішча суседа, канечне, ведалі, а чырвонаармейца – не, так і напісалі: танкіст-украінец. На тату Ягора Пятровіча Філіпоўскага “пахаванка” прыйшла 23 лютага 1944-га. Так і жылі мы жаночым царствам, без адзінага мужчыны: я, бабуля, мама і дзве яе сястры. А месца пахавання бацькі я шукала. Пасылала запыты. І ў шасцідзясятых прыйшоў адказ, што ён пахаваны ў вёсцы Ідута, а пазней астанкі перанеслі ў брацкую магілу ў Кублічы. Я прыязджала туды нядаўна, брала з сабой нават праўнука. Ведаю, што магіла пастаянна даглядаецца, а сёлета наогул выдзелены вялікія сродкі на рамонт абеліска. Аднак мы на сямейным савеце з сынам рашылі ўнесці свой уклад ва ўвекавечанне імя бацькі, якога я амаль не памятаю, і дзеда, якога ніколі не было ў сына. Мой тата быў родам з Суражскага раёна. Да вайны працаваў на старэйшай швейнай фабрыцы Віцебска “Прафінтэрн”, яшчэ ў 1936-м яны атрымалі з маці пакой. У 1937-м нарадзілася я. І… вайна. Бацька ўдзельнічаў у эвакуацыі абсталявання, потым аказаўся ў партызанах. Да нас у вёску ён прыйшоў толькі аднойчы, хоць атрад пэўны час знаходзіўся і ў Сенненскім раёне. …Нямецкія войскі ў нас рухаліся пераважна па былым Кацярынінскім шляху, углыб сунуцца баяліся. У Стрыгі нават прыходзілі сяляне з лясных вёсак, каб паглядзець на фашыстаў. У 1944-м, калі вакол Ушацкай партызанскай зоны сціскалася блакаднае кальцо, Ягор Пятровіч Філіпоўскі загінуў. Надзея Пятроўна і яе сын Уладзімір Барысавіч Крычаўцоў мала што ведаюць пра баявы шлях бацькі. Але вельмі рады, што ёсць абеліск, і ўпэўнены, што імёны на ім не сатруцца, нават калі не стане іх саміх. На помніку ў Кублічах знаходзіцца больш 50 імёнаў. Пераважна нашы, ушацкія прозвішчы мясцовых жыхароў і партызан. Але ёсць сярод іх і рэдкія, як Ягор Пятровіч Філіпоўскі ці Пётр Мікалаевіч Бяляўскі, што аддалі жыцці за вызваленне нашага раёна ў 1944-м. Дарэчы, пры рэстаўрацыі абеліска на пліты будзе занесена яшчэ тры прозвішчы партызан. Каб не заставалася безыменных магіл. Каб не было забыта ні адно імя. Вольга Караленка. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Надзея Ягораўна Салаўёва з Віцебска пералічыла 800 рублёў на рэстаўрацыю абеліска на брацкай магіле ў Кублічах, на якім увекавечана і імя яе бацькі. Пенсіянерка не...
|
|