Казка: ДВА АЛЕНІ. 21.by

Казка: ДВА АЛЕНІ

03.04.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Таццяна ПРЫШЧЭПАВА
Казка

ДВА АЛЕНІ



З далёкіх-далёкіх часоў людзі распавядалі пра незвычайнага Воднага Аленя, які, быццам той чараўнік, нечакана з’яўляўся з туману над вадой і, калі ў гэтым была неабходнасць, заўсёды паўставаў на абарону лесу. Адной сілай позірку ён мог назаўжды прагнаць з лясных земляў любога злыдня.
Ніхто з людзей не бачыў Воднага Аленя, але ўсе ведалі, што ён сапраўдны абаронца лесу. Лясныя насельнікі і жыхары прылеглых вёсак любілі Воднага Аленя. Але быў у таго і закляты вораг – яго брат Вогненны Алень. Апошні не мог змірыцца з тым, што ўсе лясы і ўся слава дасталася не яму. Таму і вырашыў знішчыць усё, што належыць брату.
І вось аднойчы, калі на зямлю абрынулася моцная спёка, Вогненны Алень выбраўся са сваёй цясніны.
– Нарэшце надышоў мой час! – злосна рыкнуў ён і пабег углыб лесу.
Вогненныя стрэлы ляцелі ва ўсе бакі. Агонь узняўся аж да самых аблокаў. Звяры спалохаліся і пачалі маліць аб дапамозе Воднага Аленя. Той пачуў іх мальбу і тут жа паспяшаўся на бязлітасную бітву з братам.
– Табе мяне не спыніць! –крычаў тым часам Вогненны Алень.
Але Водны Алень не адступаў. І ўсё ж, калі агонь атачыў яго, зразумеў: у гэты раз брат аказаўся мацнейшым.
– Ратуйцеся, хто як можа! –пракрычаў ён звярам.
– А як жа ты? – спалохана спыталі звяры ў адказ.
– За мяне не хвалюйцеся, – адказаў ім Водны Алень. – Галоўнае – ратуйцеся самі!
Звяры кінуліся ў бок вёскі. Клубы дыму імкліва падымаліся ўгару.
– Бяда! – гучна крыкнуў адзін з жыхароў вёскі. – Лес гарыць!
Людзі заварушыліся, пахапалі вёдры з вадой і пабеглі ў той бок, адкуль выпаўзаў едкі дым.
Водны Алень у змаганні з братам ужо выбіваўся з сіл, калі з’явіліся людзі. Яны атачылі Вогненнага Аленя і пачалі абліваць яго вадой. Той неўзабаве не вытрымаў і схаваўся назад у цясніну.
Водны Алень падзякаваў людзям, якія, між іншым, убачылі яго ўпершыню, і растварыўся ў тумане над вадой. А вяскоўцы стварылі лясны атрад, які і назірае з таго часу за лесам. І як толькі Вогненны Алень спрабуе нашкодзіць іх зялёнаму сябру, людзі і звяры на чале з Водным Аленем паўстаюць на яго абарону. Так вось разам і бароняць лес.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Таццяна ПРЫШЧЭПАВА Казка ДВА АЛЕНІ З далёкіх-далёкіх часоў людзі распавядалі пра незвычайнага Воднага Аленя, які, быццам той чараўнік, нечакана...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика