Вуліца-вёска. 21.by

Вуліца-вёска

17.04.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


(Заканчэнне. Пачатак у № 28.)
Так, і ў той час было шмат выпадкаў, калі забівалі бязвінных. А яшчэ перад вайной многіх па злым даносе арыштоўвалі. Аднойчы ўначы былі схоплены Дзмітрый Усацікаў і Рыгор Іванскі. Дзмітрыя Усацікава, ледзьве жывога, перад самай вайной адпусцілі. Ён у хуткасці і памёр. А Рыгора, зусім маладога хлопца, больш не бачылі, так і прапаў з-за ананімнага даносу. Дзмітрый перад смерцю расказваў жонцы, як яго катавалі: трымалі па горла ў халоднай вадзе, саджалі на ножку табурэткі, з-за чаго ён траціў прытомнасць, бязлютасна білі… І ўсё патрабавалі, каб прызнаўся, што ён ёсць шпіён, што ён хацеў узарваць мост праз Сож. Жанчына ўсё жыццё баялася сказаць пря яго пакуты ўслых, толькі ўсё плакала. Недзе толькі ў сямідзясятых гадах Дзмітрыя Усацікава і Рыгора Іванскага рэабілітавалі, іх прозвішчы былі на­друкаваны ў раённай газеце ў спісе пацярпелых ад незаконных рэпрэсій.
У вайну, таксама па даносе сваіх жа людзей, пацярпеў бацька Дзмітрыя Усацікава – Мікалай. Нехта заявіў немцам, што ён мае сувязь з партызанамі. Акупанты яго схапілі і білі да паўсмерці, патрабуючы прызнацца. Мікалай Усацікаў у той час быў адукаваным чалавекам, яго ў нас паважалі. У час вайны ён уратаваў шмат ваеннапалонных. А калі ён, наш бацька, Парфенцій Шанькін і Рыгор Кляйміхін (па ўзросце іх не ўзялі на фронт) хавалі целы савецкіх салдат, якія ляжалі на полі пасля бою каля Зуёў, Мікалай забіраў дакументы загінуўшых, каб пасля вайны аддаць у ваенкамат. Гэтыя дакументы ён недзе закапаў, але ў якім месцы, нікому сказаць не паспеў – пасля катаванняў у гестапа хутка памёр.
У маладосці Мікалай Усацікаў быў судовым выканаўцам, а потым членам праўлення калгаса. Ён шмат каго ўратаваў ад раскулачвання. Наш бацька расказваў: “Дні за два да раскулачвання Мікалай папярэдзіў мяне, што маю сям’ю таксама ўнеслі ў спіс. Мне ён сказаў, каб я схаваўся, з’ехаў куды-небудзь, і жонка каб дома не знаходзілася, калі прыедуць раскулачаваць. А дзеці няхай плачуць, крычаць колькі ёсць моцы. Адных дзяцей яны не будуць чапаць. А так, можа, і абыдзецца, пакінуць вас у спакоі. Я думаў, ну, за што? Які я багацей? Жыву ­сваёй працай. У калгас не пайшоў, застаўся аднаасобнікам – гэта праўда. Аказваецца, гэта і стала прычынай. А яшчэ тое, што аднаго разу ў сенакос сабраў я сабе ў дапамогу талаку ў пяць чалавек сваіх знаёмых. Вось і запісалі, што я зксплуатую чужую працу. Я – эксплуататар! Раскулачваць прыязджалі. Але сталася так, як вучыў Мікалай. Дзеці былі дома адны і лемантавалі на ўвесь голас, асабліва старэйшая. Яна казала, дзядзька адзін сказаў потым: “Замоўкніце вы, чэрці!”. І яны з’ехалі…
Вядомым чалавекам на Варанёва быў і Іван Мас­тавы – гэта яго мянушка. Іван быў адказным за разборны драўляны мост праз Сож. Яго збіралі толькі на лета, ставілі на палі і вялізныя камяні (яшчэ і зараз у тым месцы каменне радком ляжыць у вадзе). Па мосце ганялі жывёлу, ехалі вазы з сенам і дровамі… А ўвечары на ім гуляла моладзь, дзяўчыны вянкі ў ваду кідалі – варажылі. А Іван Маставы сачыў за парадкам.
Жылі яны ў жонкай удваіх, дзяцей у іх не было. Двор у Івана быў круглы, з усіх бакоў закрыты пабудовамі. Веснічкі зачыняліся на доўгі ўнутраны ключ. Такой навізны ні ў каго на вёсцы яшчэ не было. Дзяцей асабліва цікавіла, куды гэта Маставыя хаваюць ключ, калі ўходзяць. Яго з сабой не панясеш, ён сантыметраў сорак у даўжыню і цяжкі, жалезны. Шмат дамоў у той час увогуле не зачынялася або прыкрываліся на доўгую драўляную засаўку, якая лёгка адкрывалася. Людзі ведалі, што ніхто ў хату не пойдзе, калі бачыць, што гаспадароў дома няма.
Добрую памяць пакінуў пра сябе і славуты кравец Змітрок Кульгавы (ён сапраўды накульгваў). Змітрок шыў добрыя кажухі з аўчын. Працаваў ён у зімовы час у кожнага, хто папросіць, на даму. Мужчынам шыў паўкажушкі і шапкі, а жанчынам – “світкі” ў зборку. Рабіў, не спяшаючыся, тоўстай іголкай-шаршаткай, ды яшчэ шылам карыстаўся. Пашые-пашые і адпачывае, казкі розныя расказвае. На гэта ён быў вялікі майстра. Яго аповяды і цяпер яшчэ памятаюць. Вось як калісьці была дужа снежная зіма, і іх хацінку занесла так, што кабыла падыходзіла да пячной трубы і зубы грэла. А яшчэ Змітрок казаў, што ён ведае, дзе палякі скарб закапалі і дзе Напалеон скінуў карэту з золатам у Асцёр, калі ад Масквы бег.
Увогуле Змітрок быў чалавекам вясёлым. Людзі любілі і шытво яго, і яго байкі-расказы. Ён жыў у людзей падоўгу. Жонка, бывала, прыдзе, спытае, ці хутка ён скончыць шыццё і дамоў вернецца, а той адкажа спакойна: “Вось каўнер да кажуха прышыю і прыйду”. Прышываў жа ён гэты каўнер да кажуха доўга, колькі хацеў, нікуды не спяшаючыся: людзі яго і кармілі, і паілі. З усімі ён добры быў, а вось жонку сваю часта крыўдзіў, як кажуць, ганяў. А каб не ўцякала, адвязе яе іншы раз на пароме на другі бераг, а потым там ганяецца за ёй з дубцом. А тая, небарака, уцякае… А потым мір у іх нечакана надыходзіў. Жонка да берага паром падганяла і Змітраку дапамагала асцярожненька сыйсці, каб нагой не зачапіўся.
Многіх людзей у нас добрымі словамі памінаюць. Але ж быў на вуліцы яшчэ адзін чалавек, якога таксама памятаюць, аднак успаміны ён пакінуў благія. Перш за ўсё, з-за несумленнасці. Пазычыць, напрыклад, у кагосьці збожжа – не аддасць. Заўважыць, што да яго чыйсьці пчаліны рой заляцеў і сядзіць на яблынцы – верне гаспадару толькі за выкуп. Здаралася нават, што ён у суседзяў вуллякі ноччу залье вадой і ўсе соты выцягне, і хоць з колам у горла – нічога не дакажаш! Людзі ўжо яго нахабства ведалі і не спрабавалі нават нешта з ім высвятляць.
Жыў гэты чалавек неяк паасобку і сям’ю сваю трымаў у боязі. Людзі дзівіліся, як перад ім уся сям’я дрыжыкі прадавала. Раніцай толькі і чутна было, як сынок крычыць: “Мамка, хутчэй гатуй ваду, тата варону злавіў!”. І голаду ўжо не было, а яны варон елі. Спытае хто-небудзь у дзетак ягоных: “Як гэта вы варон можаце есці?”. А яны толькі і адкажуць: “Татка наш іх любіць”.
Людзі казалі, што і дзеці яго выраслі дзівакамі. Для іх было ўсё роўна: што трус, што сабака – лавілі і елі без разбору. Усе чатыры сыны пражылі бяздарнае жыццё і нашчадкаў не пакінулі. Малодшы доўга жыў у бацькоўскай хаце ў адзіноце – піў, не працаваў. Дроў у яго не было, і ён паліў у печы ўсімі пабудовамі, што вакол хаты былі. Напрыканцы і калідор спаліў. Потым хата згарэла, а яго, ледзь жывога, у інвалідны дом адправілі. Людзей, якія ведаюць гэту гісторыю, нават месца, дзе была тая сядзіба, не прываблівае.
Між тым, пры ўспаміне пра некаторых іншых, хоць іх даўно няма ў жывых, нават хат не засталося, сэрца напаўняецца цеплынёй. Сярод іх – прыгожая і лас­кавая жанчына, якая ўсіх дзяцей, бывала, хоць чым-небудзь, ды пачастуе, звалі яе Арына. Яе прыгажосць была проста нейкай незямной. Сапраўднай каралевай хадзіла яна па вёсцы: твар смуглы, рысы яго тонкія, вочы, як намаляваныя, а ўсмешка – сама радасць! Усміхалася Арына ад дабрыні душы, хоць лёс яе быў не зусім гладкі. Мясцовыя людзі ўжо нібыта прывыклі да прыгажосці гэтай жанчыны і ўспрымалі яе спакойна. А вось прыезджыя проста спыняліся пры сустрэчы з Арынай. Расказвалі людзі, што калі яе ўбачыў прыезджы інжынер, які будаваў мост праз Сож, аж схіліўся перад ёю і пацалаваў ёй руку. Прыгожай яна заставалася і ў сталыя гады, зусім не падобнай ні на адну старую. Яе і старой назваць было немагчыма.
Жыў на нашай вуліцы-вёсцы Варанёва яшчэ адзін прыгажун — дзядуля Антон. Пра яго расказвалі, што ў маладосці ён быў хоць куды – прыгожы, зграбны, моцны. Смяяліся толькі людзі, як маці ажаніла свайго Антона. Яна ўвесь час яму казала: “Антон, ты на мясцовых дзевак не глядзі, тут табе роўных няма. Вось паедзем з табой у адно мястэчка, дзе шляхцічы багатыя жывуць, гэта пад Сялец, у Стаборшчыну, там табе прысватаем і прыгожую, і багатую”.
Паехалі. Знайшлі дом з багатымі нявестамі. Пасадзілі іх там за стол, прывялі дзвюх сясцёр – і пачалося сватаўство. Антон упадабаў малодшую. Дамовіліся пра пасаг, выпілі, закусілі і паехалі дадому. Прыязджае Антон наступным разам па нявесту, а яму выводзяць старэйшую сястру. Разгубіўся хлопец, кажа: “Дык гэта ж не тая! Тая ў сарафане была з кабацікам і маладзейшая…”. А яму адказваюць: “Не! У нас малодшыя не апераджаюць старэйшых. Справа ўжо зроблена. Прасватаў – бяры!”. І давялося прыгажуну Антону ажаніцца з той, якую падалі разам з пасагам, праўда, немалым.
А шляхцянка аказалася капрызнай ды фанабэрыстай. Мужа свайго – прыгажуна – ні ў ва што не ставіла, кпіла з яго, ды і з жанчын вясковых, што яны фартухі і хусткі носяць. Яна ж, як шляхцянка, а не мужычка, не насіла іх. Праўда, казалі, што ў хаце ў хустцы хадзіла. А вось як нехта да іх ідзе, яна хуценька хусціну з галавы – ды на печку. Відаць, яе прыклад адносін да мужа і да сыноў перайшоў – яны сваіх жонак не паважалі, ды і людзей вакол.
Так, сурёзная і вельмі адказная гэта справа – умець жыць, умець даць прыклад належнага, разумнага жыцця. Праўду кажуць: “Добрае дрэва дае добрыя плады”. Такім дрэвам стаўся Андрэй Трафімаў, ад якога сапраўднымі людзьмі пайшлі па свеце дочкі Васа, Поля, Вера, Алена, Вольга, Марыя і іх дзеткі. Алімпій Казырэнка з дочкамі Кацярынай, Марыяй, Дар’яй, Таццянай, Анастассяй, Пелагеяй і сынамі Сідарам і Нікіфарам. Доб­рыя людзі пайшлі па зямлі і ад дачок Ягора Іванскага – Агаф’і, Пелагеі, Аляксандры, Марыі, Ксенні…
І цяпер шмат добрага люду ёсць на вуліцы Гастэла. Жыццё працягваецца. Жыве і абнаўляецца наша вуліца-вёска пад мірным небам. Гэта і ёсць шчасце!
Ларыса АШУРКОВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
(Заканчэнне. Пачатак у № 28.) Так, і ў той час было шмат выпадкаў, калі забівалі бязвінных. А яшчэ перад вайной
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика