Раніца трэцяга ліпеня на цэнтральнай плошчы Памяці загінулых барацьбітоў у райцэнтры была мнагалюднай. Дзень Незалежнасці і 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сабралі тут дэлегацыі працоўных калектываў прадпрыемстваў і ўстаноў горада, школьнікаў з партрэтамі сваіх дзядоў-прадзедаў ва ўнісон усенароднай акцыі “Беларусь памятае”, шматлікіх жыхароў Міёр.
Час няўмольны, лаўка для ветэранаў вайны ўжо пустуе, месцы занялі толькі вязні фашысцкіх канцлагераў. Ля помніка воінам і партызанам, якія загінулі пры вызваленні раёна, гарэў вечны агонь, мянялася ганаровая варта піянераў. Да пачатку ўрачыстасцей наваколле нібы спецыяльна абнавіла прырода, прайшоў такі жаданы пасля чэрвеньскай спёкі спорны дождж.
Святочныя мерапрыемствы стартавалі ля капліцы, прысвечанай Аляксандру Неўскаму і ўсім абаронцам Айчыны. Шматлікіх вернікаў з’яднаў у малітве благачынны міёрскай акругі протаірэй Віктар Вабішчэвіч.
Пра гераізм савецкага народа ў барацьбе з захопнікамі, пачынаючы з Брэскай крэпасці, распавялі вядучыя Аляксей Гайдзель і Ірына Цярэнцьева. Павіншаваў удзельнікаў мерапрыемства з дзяржаўным святам і юбілейнай датай вызвалення краіны і родных мясцін старшыня раённага выканаўчага камітэта Ігар Кузняцоў. Вялікім дасягненнем папярэдніх пакаленняў ён назваў сённяшняе мірнае жыццё. Яно забяспечана патрыятызмам землякоў, партызан і падпольшчыкаў, воінаў Савецкай Арміі, сярод якіх былі тысячы жыхароў раёна. Яно аплачана дарагой цаной – многімі жыццямі толькі на нашай Міёршчыне. Гэтага не маем права забыць. Кіраўнік раёна падзякаваў міярчанам за плённы ўклад у эканамічнае развіццё рэгіёна.
Ваенны камісар Сяргей Жабёнак прадоўжыў тэму вялікай цаны за Перамогу: сотні знішчаных гарадоў, тысячы спаленых вёсак, многія з якіх разам з насельнікамі. Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара. 23 чэрвеня 1944-га пачалася аперацыя “Баграціён”, наступленне на захад сіламі чатырох франтоў. Міёршчыну вызвалялі войскі І Прыбалтыйскага. Жорсткае супраціўленне ворага яны сустрэлі ў Дзісне, ля Міёр, на падыходзе да Слабады, панеслі значныя страты ў жывой сіле. Аднак іх пераможны рух быў непераадольны. На свяце гадавіны вызвалення ўжо няма саміх вызваліцеляў, іх засталося толькі восем у раёне, аднак яны назаўсёды самыя паважаныя людзі. Кожнаму з іх ваенкам нядаўна ўручыў юбілейныя ўзнагароды. Усе яны жадалі нам ніколі не зведаць падобных выпрабаванняў.
Старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў і ваенкам Сяргей Жабёнак узнагародзілі актыў раёна медалямі “75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў”. Іх удастоены старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Баніфатава, былы намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Стальмачонак, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аксана Ашурка, кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Часлаў Кашкур, воіны-інтэрнацыяналісты Вячаслаў Стома і Сяргей Мацвееў, карэспандэнт раённай газеты Леанід Матэленак.
Вялікае ўражанне пакінула журботная інсцэніроўка ля падножжа помніка загінулым воінам і партызанам пра маці, якая праводзіла на вайну пяцярых сыноў, і ні адзін з іх не вярнуўся…
– Мы ведаем пра вайну толькі па кнігах і фільмах, – гаварыла ад імя маладога пакалення вучаніца Полацкага кадзецкага вучылішча Кацярына Астапковіч, – але захоўваем памяць пра гераічнае мінулае краіны. І зробім усё, каб наша зямля заставалася мірнай і спакойнай.
Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць герояў. Да помніка воінам і партызанам, мемарыялу “Чорныя цюльпаны” ўсклалі гірлянды, вянкі, жывыя кветкі. У мікрафоны дзеткі з сімвалічнымі папяровымі жураўлікамі ў руках дзякавалі за Перамогу, за светлае мірнае маленства.
Мітынг завяршыўся пад гімн краіны. Маляўнічая калона ўдзельнікаў скіравалася да памятнага знака ў скверы ў гонар воінскіх часцей, якія вызвалялі райцэнтр.
Больш фота глядзіце ў нашых групах у ОК і ВК Раніца трэцяга ліпеня на цэнтральнай плошчы Памяці загінулых барацьбітоў у райцэнтры была мнагалюднай. Дзень...