Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 жніўня зрабіў рабочую паездку ў Магілёўскую вобласць. Кіраўнік дзяржавы наведаў Касцюковіцкі раён, дзе азнаёміўся з развіццём паўднёва-ўсходняга рэгіёна вобласці.
Дэталёва разгледзець стан спраў у рэгіёне кіраўнік дзяржавы паабяцаў у час нядаўніх кадравых назначэнняў. Чатыры гады таму для актывізацыі сацыяльна-эканамічнага развіцця гэтых тэрыторый былі прыняты ўказ і праграма, накіраваныя на стварэнне спрыяльных умоў пражывання насельніцтва.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб сваім патрабаванні: людзі павінны быць упэўнены ў заўтрашнім дні, мець работу, дастойную заработную плату і камфортныя ўмовы для пражывання.
Лукашэнка патрабуе не збаўляць тэмпы ўборачнай і іншых сельгасработ
“Дзень і ноч трэба араць і сеяць. Своечасова трэба пасеяць азімыя. І тэхналогіі павінны быць”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Як далажылі Прэзідэнту, у Магілёўскай вобласці для завяршэння ўборкі збожжавых трэба ўсяго 4-5 пагодлівых дзён.
Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на важнасць забеспячэння належных умоў захоўвання ўраджаю зерня кукурузы, што актуальна для патрэб жывёлагадоўлі. “Трэба ўзяць на кантроль і той недабор, які, магчыма, будзе па каласавых збожжавых, трэба кампенсаваць зернем кукурузы”, – даручыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнту таксама даложана аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Касцюковіцкага раёна і Магілёўскай вобласці. Адзін з галоўных акцэнтаў кіраўніцтва рэгіёна робіць на рабоце са стратнымі прадпрыемствамі, прымаючы меры па нармалізацыі іх фінансава-эканамічнага становішча і забеспячэнні росту даходаў насельніцтва.
Лукашэнка даручыў актуалізаваць праграму па развіцці рыбагаспадарчай дзейнасці
Адпаведнае даручэнне кіраўнік дзяржавы даў, наведваючы ў Касцюковіцкім раёне фарэлевую гаспадарку “Лахва”.
“Чаго мы марудзім, чаго баімся? Тэхналогіі добрыя, рынкі ёсць. Трэба актуалізаваць гэту праграму і ўнесці мне канкрэтныя прапановы – дзе будзем будаваць і што. І як мінімум трэба падвоіць вытворчасць рыбы, не толькі на Магілёўшчыне”, – сказаў Прэзідэнт.
Прэзідэнт падрабязна цікавіўся работай гаспадаркі: тэхналогіямі, якія выкарыстоўваюцца, рэнтабельнасцю, аб’ёмамі вытворчасці, наяўнасцю рынкаў. У першую чаргу кіраўніка дзяржавы цікавілі магчымасці далейшага развіцця. “Калі ёсць, трэба рабіць хутчэй”, – сказаў ён.
Як далажылі Прэзідэнту, магчымасці для пашырэння вытворчасці ёсць. Рыбная прадукцыя, і ў прыватнасці фарэль, запатрабавана як на ўнутраным, так і знешніх рынках. У 2019 годзе чаканая вытворчасць рыбы ў краіне складзе 16,6 тыс. т, у той жа час у Беларусь штогод імпартуецца 180 тыс. т з улікам патрэбнасцей перапрацоўкі і наступнага экспарту.
Па выніках наведвання фарэлевай гаспадаркі Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў неабходнасць прадумаць перспектыву, у тым ліку на базе дзеючых рыбгасаў.
“Мне гэта вытворчасць вельмі падабаецца. Нічога складанага, толькі неабходна выконваць тэхналогію. Трэба рабіць з улікам ужо існуючага вопыту, каб усюды было эканомна і разумна”, – рэзюмаваў беларускі лідар.
Развіццё рыбагаспадарчай дзейнасці прадугледжана адной з падпраграм дзяржпраграмы развіцця аграрнага бізнесу на 2016-2020 гады. На адпаведны перыяд вызначаны аб’ём вытворчасці рыбных рэсурсаў у водных аб’ектах краіны, які склаў на 2018 год – 14,9 тыс. т, на 2019 год – 16,5 тыс. т, на 2020 год – 18,2 тыс. т. Гэтыя планы выконваюцца з перавышэннем. Так, у 2018 годзе атрымана 16,1 тыс. т, або 108 працэнтаў да задання, а ў 2019-м чаканая вытворчасць рыбы складзе 16,6 тыс. т, або 100,6 працэнта да задання.
У структуры вытворчасці сажалкавай рыбы 79,5 працэнта займае карп. Да 2025 года для зніжэння сабекошту вырошчвання дзякуючы зніжэнню выкарыстання канцэнтраваных кармоў плануецца нарасціць аб’ём расліннаедных відаў рыб (таўсталобіка і белага амура) да 28 працэнтаў у структуры вырошчваемай рыбы за кошт зніжэння долі карпа да 55 працэнтаў. Прыняты ў Беларусі напрамак на развіццё індустрыяльнага рыбаводства знайшоў адлюстраванне ў будаўніцтве новых для краіны рыбаводных гаспадарак па вырошчванні каштоўных відаў рыб з выкарыстаннем установак замкнёнага водазабеспячэння. Гэта ў асноўным фарэль, асятровыя і сом. У структуры вытворчасці пераважае фарэль – больш за 80 працэнтаў.
Акрамя таго, адным з новых відаў рыбнай прадукцыі ў Беларусі з’яўляецца вытворчасць чорнай ікры. Гэтым цяпер займаюцца два прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці.
Лукашэнка заяўляе аб недапушчальнасці агульнага падыходу ў пытаннях аказання дзяржпадтрымкі
Рэагуючы на даклад губернатара Магілёўскай вобласці Леаніда Зайца, які агучыў шэраг просьбаў па падтрымцы і льгатаванні, у тым ліку ў жыллёвым будаўніцтве, Аляксандр Лукашэнка сказаў: “Вы тут выклалі свае патрабаванні па ўсёй вобласці як новы губернатар, але мы ў гэтым выпадку разглядаем сем раёнаў. Вось вы гаворыце наконт жылля – трэба гэта зрабіць, і ўсё – ракой пацячэ сюды народ. А колькі ў вас такіх людзей, якім патрэбна жыллё, і яны заўтра застануцца і будуць працаваць? Перш чым прасіць што-небудзь, трэба бачыць гэтых людзей. Нічога агулам нават вам як маладому губернатару ніхто рабіць не будзе”.
У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў недапрацоўкі ў сельскай гаспадарцы па паўднёвым усходзе Магілёўскай вобласці. “Вось скажыце, з каго цяпер спытаем?” – паставіў пытанне беларускі лідар.
У частцы падтрымкі вырашэння жыллёвага пытання Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным у першую чаргу арыентавацца на стварэнне вытворчых магутнасцей і рабочых месцаў.
“Як было ў савецкія часы: будуецца завод – будуецца жыллё. Зразумела, не ўсім. Спецыялістам, а астатніх набіралі. Мы гатовы падтрымаць (гэта ўсюды па краіне, не толькі тут). Ёсць аб’ект, які будзе выдаваць прадукцыю, зарабляць грошы, ёсць людзі – ім трэба дапамагаць”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Будзем падтрымліваць і вас. І перш за ўсё вас, вы няпростую вобласць прынялі. Але майце на ўвазе, што без напружання, пачынаючы ад кіраўніка прадпрыемства і заканчваючы губернатарам, мы не вырашым гэтыя пытанні. Усё павінны быць падлічана і паказана”, – падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў падыход і на прыкладзе горада Касцюковічы: “Добры горад. Я не ведаю, як вы тут працуеце на зямлі, але што датычыцца прамысловасці, улічваючы, што нарэшце цэментны завод заварушыўся, гэта нядрэнны горад. Шчыра кажучы, я не бачу (тут неабходнасці. – Заўвага БЕЛТА) у вельмі вялікім ільгатаванні”.
Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць дысцыпліны, як працоўнай, так і тэхналагічнай. “Не будзе дысцыпліны – усё гэта будзе пустое. Вы гаворыце, што тэхніку закупілі – 50 камбайнаў. А вы захаваць гэту тэхніку зможаце?” – паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў кіраўніцтве Магілёўскай вобласці найбольш дасведчаныя спецыялісты ў сельскай гаспадарцы. “Больш дасведчаных тэхналагічна ў краіне людзей няма. Вы ведаеце, што рабіць. І трэба ў гэтым напрамку рухацца. Распыляць сродкі мы не будзем. Вы самі шукайце гэтыя сродкі, а мы гатовы вам падставіць плячо пад канкрэтныя аб’екты”, – сказаў Прэзідэнт.
Напрыклад, размова аб такіх вытворчасцях, як фарэлевая гаспадарка “Лахва”, якую кіраўнік дзяржавы наведаў у Касцюковіцкім раёне. “Вось рэнтабельнасць, рынак неабсяжны. І ўнутры свабодны рынак, і Расія побач. Чаму такія праекты не падтрымліваць? Будзем падтрымліваць! І такіх шмат праектаў. Трэба канкрэтна вызначыцца”, – заявіў беларускі лідар.
Леанід Заяц, гаворачы ў цэлым аб праграме развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці, выказаў меркаванне, што яна дзейсная. “За гэты час (2015 год – I паўгоддзе 2019 года. – Заўвага БЕЛТА) мы ўклалі Br770 млн у развіццё эканомікі і сацыяльнай сферы гэтага рэгіёна, створаны 193 новыя камерцыйныя арганізацыі. І самае галоўнае, што мы не дапусцілі масавага адтоку людзей. Мы працаўладкавалі на гэтай тэрыторыі практычна 20 тыс. людзей. І пры гэтым знізіўся ўзровень датацыйнасці паўднёва-ўсходняга рэгіёна”, – сказаў ён.
Губернатар папрасіў прадоўжыць дзеянне ўказа нумар 235 да 2025 года.
Лукашэнка паразмаўляў з жыхарамі Касцюковіч і расказаў аб прычынах прыезду
Асаблівы акцэнт кіраўнік дзяржавы зрабіў на адказнасці кожнага паасобку за будучыню свайго горада і раёна. Дзяржава ў сваю чаргу будзе аказваць падтрымку, але толькі там, дзе гэта сапраўды неабходна.
“Усё залежыць ад нас. Цяпер так шалёна арганізавана жыццё – ляціць, як кур’ерскі поезд і самалёт, як толькі ты адстаў – цябе затапталі, і ніхто не паглядзіць, і мы застанемся ў хвасце. Нельга гэтага дапусціць. Пакуль у нас ёсць усё для таго, каб жыць дастойна. Будзеце працаваць – і я, і ўрад, усе, хто ёсць у краіне, падставім плячо. Калі вы захочаце, – заявіў беларускі лідар. – Я ўпэўнены, што пераважная большасць людзей як у Касцюковічах, так і іншых раёнах – гэта людзі, якія хочуць жыць, гадаваць дзяцей”.
“Нельга загубіць гэту тэрыторыю”, – падкрэсліў Прэзідэнт.
Жыхары Касцюковіч сустракалі кіраўніка дзяржавы каля райвыканкама, дзе праходзіла нарада па развіцці ўсяго паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці. Нехта з людзей выказваў удзячнасць за ўжо зробленае за апошнія гады, іншыя звярталіся з асабістымі просьбамі. Адна з жанчын нават падарыла кіраўніку дзяржавы напісаныя ёю кнігі.
“Аляксандр Рыгоравіч, я расіянін, пенсіянер. Вашы пенсіянеры жывуць лепш за расійскіх”, – выказаў меркаванне ўдзельнік сустрэчы.
“Дзякуй вам за гэту ацэнку. Я прыехаў для таго, каб яшчэ лепш жылі. І ў нас усё для гэтага ёсць!” – адрэагаваў кіраўнік дзяржавы.
Адзін з жыхароў раёна папрасіў звярнуць увагу на развіццё паўднёва-ўсходняга рэгіёна вобласці, чаму якраз і была прысвечана рабочая паездка Прэзідэнта.
“Вялікі дзякуй за прыезд. А яшчэ вялікі дзякуй за тое, што вы патрабуеце. Не будзе вашай патрабавальнасці – не будзе нашай Беларусі, – сказаў яшчэ адзін мясцовы жыхар. – Адзіная рэспубліка наша без канфліктаў, без баёў, жыве спакойна. Працуем”.
Аляксандр Лукашэнка даручыў па ўсіх абазначаных пытаннях дэталёва разабрацца і далажыць яму аб выніках, але ў самым пачатку падрабязна расказаў аб прычынах прыезду. “Чатыры гады таму было маё даручэнне – паўднёва-ўсходні рэгіён Магілёўскай вобласці давесці да прыстойнага ўзроўню. Мінула чатыры гады. Я хацеў асабіста паглядзець, як выконваецца праграма”, – растлумачыў ён.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, прамежкавы кантроль паказвае, што пакуль праграма рэалізуецца дрэнна. “Пачынаецца сур’ёзны жым па выкананні гэтай праграмы. Мы яе актуалізуем, вызначымся, што трэба пабудаваць у гэтых сямі раёнах, каб людзі працавалі, мелі дастойную зарплату, хаця б на ўзроўні сярэдняй па краіне – у памеры Br1 тыс.”, – сказаў Прэзідэнт.
Увага будзе ўдзелена і вырашэнню жыллёвых пытанняў, але ў першую чаргу ў прывязцы да стварэння рабочых месцаў, развіцця вытворчасцей. І, як вынік, сацыяльнай сферы – ахова здароўя, дзіцячыя сады і гэтак далей.
“Мы дамовіліся. І зрухі будуць ужо ў бягучым і наступным гадах. Думаю, вы іх убачыце”, – заявіў беларускі лідар.
Нараўне з гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тыя пытанні, якія залежаць выключна ад саміх людзей, у прыватнасці, пытанне дысцыпліны, выканання закону. “Расхлябанасць насельніцтва надзвычайная. Не хачу сказаць, што ўсе дрэнныя. Але крадзяжы працвітаюць. Мне нават сорамна як Прэзідэнту аб гэтым гаварыць. Прытым крадуць усё, пачынаючы ад дызельнага паліва і бензіну. Нядаўна выявілі: адразу з поля збожжа вязуць дадому. Сталі нахабнымі да такой ступені, што нават не хаваюцца. Бяруць, як сваё. Вось гэта мы павыкарчоўваем з коранем”, – запэўніў Прэзідэнт.
“Не будзе дысцыпліны, арганізаванасці – мы ніводную праблему не вырашым. Калі вы хочаце, каб было лепш тут, а тут павінна быць лепш (у вас цудоўнае месца для жыцця)… Выдатныя працавітыя людзі! Трэба даць ім магчымасць працаваць і зарабляць. А тых, хто перашкаджае, тых мы да прытомнасці прывядзём”, – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 жніўня зрабіў рабочую паездку ў Магілёўскую вобласць. Кіраўнік дзяржавы наведаў Касцюковіцкі раён, дзе азнаёміўся з