Віншаванне на Божае Нараджэнне 2019 года біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі. 21.by

Віншаванне на Божае Нараджэнне 2019 года біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі

24.12.2019 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

> «Анёл сказаў ім: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан» (Лк 12, 10).

Дарагія браты і сёстры ў Хрысце! Людзі добрай волі!

Святкаванне Божага Нараджэння - гэта час радаснага адкрыцця любові Бога і блізкіх нам людзей. Стварыцель і Адкупіцель адкрываецца нам як Той, хто прыходзіць на свет, каб быць прадказаным прарокамі «Эммануэлем» - «Богам з намі». 

Гэты найвялікшы скарб усіх часоў, аб’яўлены нам ва ўбогай стаенцы ў Бэтлееме, ёсць і застанецца дарам для кожнага пакалення людзей ажно да сканчэння свету. Няхай жа радасць Евангелля - Добрай Весткі аб прыходзячым у свет Збавіцелі - напаўняе нашы сэрцы сапраўдным супакоем і жывой верай у кожны дзень надыходзячага 2020 года. Праўда аб тым, што Сын Божы прыйшоў і застаецца з намі няспынна, няхай асвятляе надзеяй кожную справу і будзе крыніцай веры ў дабро, якое заўсёды перамагае. Найсвяцейшая Дзева Марыя і святы Юзаф, якія чуваюць каля ясляў Нованароджанага Дзіцятка Езуса, няхай выпрошваюць для кожнага з нас усе неабходныя Божыя ласкі і шчодрае бласлаўленне.

З нагоды надыходзячага святкавання Божага Нараджэння звяртаюся да кожнага з вас з каляднымі і навагоднімі віншаваннямі. Няхай жа гэты час будзе для ўсіх нас такім жа радасным і прыгожым, як гэта перажывалі шматлікія мінулыя пакаленні нашых продкаў. Няхай перажыванне таямніцы Уцелаўлення Божага Сына ўносіць у нашае жыццё святло веры ў непераможнасць вечных каштоўнасцяў дабра і праўды. Няхай святкаванне Божага Нараджэння будзе для кожнага з нас не сустрэчай з прыгожым паданнем ці легендай, але станецца фактам рэальнага спаткання з Божай Любоўю, якая адзіная мае моц перамяніць розумы і сэрцы людзей на лепшае. 

Ціхая і святая ноч Хрыстовага Нараджэння няхай заяснее святлом Бэтлеемскай зоркі ў нашай штодзённасці, перамяняючы сумненне ў радасць, няўпэўненасць - у адважны позірк у будучыню давераную Міласэрнаму Богу.

Хрыстус нарадзіўся! Славім Яго!

З пажаданнямі Божага благаслаўлення і святочнымі віншаваннямі,
Антоні ДЗЯМ'ЯНКА,
біскуп Пінскі
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Анёл сказаў ім: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан» (Лк...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика