У Нясвіжскім раёне на працягу 2019 года зарэгістраваны 34 пажары. 10 з іх — у райцэнтры. Агонь забраў тры жыцці. Сярод загінуўшых — двое несвіжан. Мужчыны злоўжывалі спіртнымі напоямі… Сумная статыстыка, якая выклікае ў людзей жах.
Як папярэдзіць бяду? Як знайсці выйсце з такіх і іншых непрадказальных сітуацый? Над гэтым працуюць выратавальнікі разам з усімі зацікаўленымі службамі і ўстановамі.
У чарговы раз рэдакцыя раённай газеты прыняла ўдзел у рабоце наглядальных камісій, якія працавалі ў горадзе. Рэжым і планы — як заўсёды, засяродзіць ўвагу людзей, асабліва паважанага ўзросту, на бяспецы жыцця, нагадаць пра самыя элементарныя правілы карыстання прыборамі, якія пры неасцярозе могуць стаць прычынай надзвычайнай сітуацыі, упэўніцца, што ў сем’ях, дзе выхоўваюцца дзеці, дарослыя стварылі патрэбныя ўмовы для бяспечнага пражывання.
За вокнамі кватэр і дамоў — то зіма, то па-веснавому цёплыя дні. Гэта значыць, што многія гаспадары па-рознаму выкарыстоўваюць электрапрыборы, каміны, газавае абсталяванне. Таму менавіта на іх стан звярталі ўвагу члены назіральнай камісіі. Строгімі былі звароты да тых гараджан, якія сустракалі назіральную камісію з цыгарэтай у памяшканні свайго дома. Як лішні напамін, для іх пакідалі наглядную прадукцыю з папярэджаннем аб недапушчальным курэнні ў ложку, асабліва ў нецвярозым стане.
Сёння ў кожнага з нас ёсць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, сігнал якога выведзены на вуліцу або дзейнічае ў пакоях кватэры. Гэта маленькая прылада — сапраўдны саюзнік чалавека ў плане бяспекі. Толькі патрэбна не забываць сачыць за зарадам батарэйкі. Наведваючы домаўладанні гараджан, работнікі РАНС правяралі апавяшчальнікі. І трэба зазначыць, што гаспадары, якія жывуць разам з пажылымі бацькамі, устанавілі іх якраз у памяшканнях, дзе часцей знаходзяцца родзічы. Многія прымацавалі іх на кухнях або ў дзіцячых пакоях.
У працоўных калектывах раёна пастаянна адбываюцца сустрэчы з работнікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Сустракаюцца выратавальнікі і з дзецьмі. У навучальных установах вывучаюць і паўтараюць правілы бяспекі, аб’ядноўваючыся з педагогамі. У дашкольных установах разам з выхавацелямі у гульнёвай форме праводзяць тэсты, рашаюць рэбусы і задачы. Добрым дапаможнікам у гэтай справе з’яўляюцца кніжкі, размалёўкі, выдадзеныя па ініцыятыве Міністэрства па надзвычайных сітуацыях спецыяльна для гэтай аўдыторыі. Правілы бяспекі малышы засвойваюць разам з мультыплікацыйнымі героямі.
Практычна ў кожным доме камісію сустракаюць без усякага абурэння. Для несвіжан наведванне, так сказаць, нязваных гасцей па бяспецы — справа прывычная.
“Тут жыву я з пажылой мамай. Вось пакой, дзе яна адпачывае, праходзьце…”
“Унукі гуляюць у суседнім пакоі. Сёння з імі я, пакуль іх бацькі на рабоце…”
“Праходзьце, глядзіце, калі патрэбна. Павінна быць усё ў парадку…”
“Калі можна, то адкруціце апавяшчальнік. Праверым разам батарэйку…”
“Стан здароўя — добры. Дзякуй, што прапанавалі паслугі медыцынскага работніка…”
Толькі ў некалькіх дома- ўладаннях былі зроблены заўвагі, адрасы гэтых гаспадароў узяты на кантроль адпаведнымі службамі. Сюды звычайна наглядальная камісія завітвае адразу, як сыходзіць адпаведны тэрмін, адведзены на ліквідацыю недахопаў. Недахопаў, якія маюць дачыненне да бяспекі гаспадароў.
Усё вышэй пералічанае, а таксама іншыя пытанні, якія тычацца ў першую чаргу бяспекі пражывання жыхароў Нясвіжчыны, працягваюць кантраляваць назіральныя камісіі, на чале якіх стаяць прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта, сельвыканкамаў. У склад іх уваходзяць прадстаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дзяржэнергагазнагляду, устаноў аховы здароўя, сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Да іх далучаюцца работнікі райгаза, педагогі разам з супрацоўнікамі РАНС. Яны засяроджваюць увагу на асобных момантах бяспечнага пражывання, спыняюцца на пытаннях выхавання дзяцей, санітарным стане жылля, наяўнасці прадуктаў харчавання, запасаў паліва (дроў ці брыкету). У зоне асаблівай увагі — пажылыя і адзінокія людзі, мнагадзетныя сем’і.
Работа зацікаўленых службаў арганізоўваецца з улікам індывідуальнага падыходу да кожнага домаўладальніка.
Іна ВАСІЛЕВІЧ.