Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 лютага прыняў удзел у VIII з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Усяго з’езд у Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў сабраў больш за 500 дэлегатаў, якія прадстаўляюць розныя сферы дзейнасці, з усіх рэгіёнаў краіны. У ліку запрошаных вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, грамадскіх арганізацый, СМІ, замежныя госці.
Кіраўнік дзяржавы выступіў на з’ездзе з прамовай, у якой выказаўся аб ролі і дасягненнях прафсаюзнага руху ў Беларусі, абазначыў сваю пазіцыю па вылучаемых ініцыятывах і пытаннях, якія патрабуюць вырашэння.
Лукашэнка: беларусы выбралі шлях сацыяльнага дыялогу, і мы не раз пераконваліся ў яго перспектыўнасці
На думку Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі мэты дзяржаўнага развіцця і інтарэсы народа супадаюць. Ён заўважыў, што дзякуючы гэтаму адзінству гісторыя суверэннай Беларусі не ведала масавых зацяжных процістаянняў і “паказальных” выступленняў грамадскіх арганізацый, прыклады якіх так часта з’яўляюцца ў міжнародных навінах.
“Беларускі народ выбраў шлях сацыяльнага дыялогу, і мы не раз пераконваліся ў яго разумнасці і перспектыўнасці”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Цяперашняе мерапрыемства Прэзідэнт назваў значнай падзеяй у грамадскім і палітычным жыцці краіны, якая адлюстроўвае інтарэсы і запатрабаванні ўсіх працаздольных грамадзян. “Мы маем усе падставы сцвярджаць, што ў нашай навейшай гісторыі прафсаюзны рух з’яўляецца паўнапраўным удзельнікам будаўніцтва краіны. Мы стварылі дзяржаву, галоўнымі каштоўнасцямі якой з’яўляюцца людзі і справядлівае стаўленне да іх. Гэты выбар прадвызначыў далейшае развіццё партнёрскага ўзаемадзеяння паміж уладай і грамадскімі арганізацыямі”, – заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння ўсе – мясцовыя Саветы дэпутатаў, аб’яднанні моладзі, жанчын і ветэранаў, прафсаюзы – працуюць на стварэнне, забяспечваюць грамадзянскую кансалідацыю. Кіраўнік дзяржавы лічыць гэта адным галоўных дасягненняў. “Як і тое, што абарона правоў працоўных з’яўляецца прыярытэтным напрамкам развіцця дзяржавы, – дадаў ён. – У Беларусі працуючыя абаронены як ні ў якой іншай краіне – ад Канстытуцыі да зусім нядаўна прынятага ўказа па датэрміновых прафесійных пенсіях”.
У цэнтры важнейшых эканамічных і палітычных падзей заўсёды былі прафсаюзы, звярнуў увагу Прэзідэнт. Паводле яго слоў, яны з’яўляюцца сапраўды народнай арганізацыяй – тым неабходным фундаментам, на якім трымаецца баланс у грамадстве.
“Аднак мы бачым, як скарачаецца колькасць членаў прафсаюзаў у некаторых суседзяў. Напрыклад, паводле даных Міжнароднай арганізацыі працы, у Эстоніі толькі 5 працэнтаў работнікаў знаходзяцца ў прафсаюзе, у Літве – 8 працэнтаў, у Польшчы – 13 працэнтаў – і гэта называецца “дэмакратыяй”. У выніку прафсаюзы пазбаўлены магчымасці выступаць паўнацэнным бокам сацыяльнага партнёрства. Разбураецца сістэма трыпартызму і ў цэлым сацыяльнага балансу ў грамадстве. Ёсць і іншыя прыклады – Ісландыя, Швецыя, Данія, дзе ахоп прафсаюзаў складае ад 70 працэнтаў да 90 працэнтаў. Напрыклад, у Беларусі такі ахоп – больш як 93 працэнты”, – заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка ўражаны поспехамі ФПБ па стварэнні пярвічных прафсаюзных арганізацый
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае ўражальныя поспехі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі па стварэнні пярвічных прафсаюзных арганізацый. Аб гэтым ён заявіў на VIII з’ездзе ФПБ.
Кіраўнік дзяржавы прывёў даныя, што ўсяго з 2015 года, калі прайшоў папярэдні з’езд, створана больш за 4,2 тыс. прафсаюзных арганізацый, з іх 75 працэнтаў на прыватных прадпрыемствах.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, заслугоўвае ўвагі работа па мадэрнізацыі прафсаюзных структур.
“Сёння прафсаюзы – гэта ўжо не разрозненыя арганізацыі, а адзіны рух, з якім лічацца і голас якога чуюць і наймальнікі, і органы ўлады. Важна, што вы не проста назіраеце за тымі працэсамі, якія адбываюцца ў краіне, а непасрэдна ў іх удзельнічаеце. Гэтым і тлумачыцца эфектыўнасць вашай дзейнасці”, – сказаў Прэзідэнт.
Яскравым прыкладам паспяховага супрацоўніцтва прафсаюзнага руху і дзяржаўных інстытутаў беларускі лідар назваў актыўнае садзейнічанне арганізацыі ў правядзенні важнейшых палітычных кампаній. “Тут праяўляюцца і грамадзянская пазіцыя, і абсалютна прагматычны падыход. Ваша цікавасць да правядзення і вынікаў прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў відавочная. Таму што мае значэнне, з кім давядзецца працаваць па пытаннях заканатворчасці, па вырашэнні складаных праблем як на месцах, так і ў цэлым у дзяржаве”, – лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама адзначыў аператыўнасць і актыўны ўдзел ФПБ у рэалізацыі рашэнняў Пятага Усебеларускага народнага сходу і асноўных палажэнняў прынятай на ім праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на пяцігодку.
Лукашэнка падкрэсліў значнасць прафсаюзных арганізацый у жыцці грамадства
“Я заўсёды адводзіў вам асаблівую ролю”, – сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што работа з людзьмі, у працоўных калектывах ніколі не была простай. “А з улікам усіх эканамічных і грамадскіх выклікаў – тым больш. Яна патрабуе ўмення разумець людзей, дамаўляцца, аналізаваць і дзейнічаць на перспектыву”, – заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: у Беларусі асновай грамадзянскай супольнасці з’яўляюцца Саветы дэпутатаў, прафсаюзы, грамадскія ветэранская, жаночая і маладзёжная арганізацыі, а таксама “Белая Русь”. “Вось яна, аснова, і там прадстаўлены ўсе”, – адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў удзел прафсаюзаў у праведзеных парламенцкіх выбарах. Ён звярнуў увагу на тое, што ў складзе парламента прадстаўлены зрэз нашага грамадства, у тым ліку ўсе пакаленні.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў прафсаюзам за падтрымку і ўдзел у важных дзяржаўных ініцыятывах, у тым ліку ў мерапрыемствах да Года малой радзімы, 75-годдзя Вялікай Перамогі. “Помніце, што цяперашняя Беларусь – гэта жывы помнік той вайне”, – заўважыў ён.
У сваім выступленні Прэзідэнт адзначыў важнасць таго, што прафсаюзы працуюць спакойна, без шуміхі і прыцягнення асаблівай увагі. “Усё гэта не дзеля піяру, а дзеля высакароднай мэты”, – адзначыў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: дзейнасць прафсаюзаў адлюстроўвае эвалюцыйны шлях прафсаюзнага руху. Больш як стагоддзе таму ён зарадзіўся як адзіная апора працоўных у абароне іх правоў.
“Федэрацыя сёння – магутная структура, якая не толькі праяўляе клопат аб чалавеку на вытворчасці, але і вырашае задачы глабальнага маштабу, у тым ліку палітычныя, – прадоўжыў Прэзідэнт. – Пачынаючы ад аднаўлення гістарычнай памяці аб нашых продках, выхавання падрастаючага пакалення ў духу пераемнасці традыцыйных каштоўнасцей, клопату аб культуры, вольным часе і здароўі нацыі і заканчваючы фарміраваннем грамадзянскай пазіцыі народа”.
“Пакажыце і вы сваю сталасць” – Лукашэнка заклікае прыватны сектар ствараць прафсаюзныя ячэйкі
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў першую чаргу прафсаюзы – гэта гарант і абаронца правоў работнікаў па ўсіх напрамках, у тым ліку і на прадпрыемствах у прыватным сектары. На яго думку, пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі дарэчы і там. Работа па іх стварэнні прафактывам вядзецца, але ёсць аб’ектыўныя складанасці.
“Прыватніку не заўсёды зручна мець у сябе прафсаюз, які будзе сачыць за выкананнем правоў работнікаў, прымушаючы часам адступіцца ад сваіх фінансавых інтарэсаў. Але дзяржава пайшла на лібералізацыю ўмоў для бізнесу. Дык пакажыце і вы сваю сталасць, здольнасць несці сацыяльную адказнасць перад людзьмі, – звярнуўся да прыватнага бізнесу Аляксандр Лукашэнка. – Мы ўжо гэты бізнес настолькі лібералізавалі, што далей няма куды. Ужо старшыня Камітэта дзяржкантролю Анфімаў ледзь ці не з хваляваннем кожны раз пытаецца, можна туды ісці ці не. Ідзіце туды, куды трэба, і не саромейцеся”.
Калі бізнес не разумее, то будзе распрацаваны ўказ аб стварэнні на прыватных прадпрыемствах пярвічных прафсаюзных арганізацый, папярэдзіў кіраўнік дзяржавы. “Гэта не спантаннае рашэнне”, – растлумачыў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, яму надакучыла слухаць, што прыватны бізнес не хоча ствараць у сябе прафсаюзныя ячэйкі. “Трэба прымусіць іх”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
“Я думаю, самыя дэмакратычныя краіны нас не асудзяць. За што нас асуджаць? Мы ж дэмакратычна хочам абараніць правы чалавека. Прыватнікі як ставяць пытанне: пастаўце нас у аднолькавыя ўмовы з дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Вось мы іх і паставім. І ўсё ж такі трэба сказаць, што ўжо, можа, большасць прыватнікаў стварылі гэтыя прафсаюзныя арганізацыі і думаюць: а чым мы горшыя за тых, хто не стварыў? Таму трэба, каб сапраўды ўсе былі ў аднолькавых умовах. Калі не разумеюць простую чалавечую мову, калі ўжо я ім аб гэтым гавару, і яны гэтага не чуюць. Гэта недапушчальна”, – падкрэсліў Прэзідэнт.
Эфектыўнасць працоўных адносін без узаемнай адказнасці немагчыма, перакананы Аляксандр Лукашэнка. “Без працоўнай, тэхналагічнай дысцыпліны не будзе канкурэнтаздольнай якаснай прадукцыі, а значыць – не будзе збыту, грошай і дастойнай зарплаты на прадпрыемствах”, – дадаў ён.
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы закрануў яшчэ адно важнае пытанне ў рабоце прафсаюзаў – ахову працы. За пяць гадоў прафсаюзы выявілі больш за 300 тыс. парушэнняў. Спынена больш за 10 тыс. адзінак машын і абсталявання, якія маглі стаць прычынай траўміравання людзей.
“На мой погляд, два гады запар траўматызм на вытворчасці ў нас расце. Трэба знаходзіць прычыны і прымаць строгія рашэнні, – лічыць Прэзідэнт. – Нехта ж страціў карміцеля, нехта да гэтага часу пакутуе, што загінуў сын, бацькі. І не ўсё з-за п’янства, а з-за нашай бесталковасці або бескантрольнасці. Таму нам трэба больш строга падыходзіць да пытанняў кантролю за нармальным станам вытворчасці. І прафсаюзы са свайго боку павінны сачыць за гэтым. Калі лічыце, што вам неабходна больш правоў, вы скажыце”.
Лукашэнка: задача па інфляцыі не вышэй за 5 працэнтаў выконваецца, нягледзячы на мацнейшы знешні націск
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў ліку пытанняў, якія адносяцца да кампетэнцыі прафсаюзаў, – рост і своечасовая выплата заработнай платы, забеспячэнне поўнай і прадукцыйнай занятасці, падтрымка найбольш сацыяльна слабаабароненых катэгорый работнікаў, паляпшэнне ўмоў працы, кантроль выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны, павышэнне прадукцыйнасці працы і якасці выпускаемай прадукцыі.
“Але ёсць вынікі, аб якіх можна гаварыць ужо сёння. Гэта макраэканамічная стабільнасць і зніжэнне інфляцыі. Задача захаваць інфляцыю на ўзроўні не вышэй за 5 працэнтаў выконваецца, нягледзячы на мацнейшы знешні націск. Вы самі бачыце, як складваюцца адносіны з нашымі асноўнымі партнёрамі”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
“Разам з тым ёсць напрамкі, дзе мы, мякка кажучы, недапрацавалі”, – лічыць Прэзідэнт. Да такіх ён аднёс эфектыўнасць сельскагаспадарчага комплексу, асобныя праекты па мадэрнізацыі прамысловасці, развіццё адукацыі і навукі.
“Гэта тыя напрамкі, якія нам трэба будзе дэталёва прааналізаваць разам з эканамічным блокам краіны, – дадаў беларускі лідар. – Трэба чаго б гэта ні каштавала захаваць вытворчасці i працоўныя калектывы. Мы гэта рабілі заўсёды, нават у самыя складаныя часы. Людзей на вуліцу не выкідвалі. Зарплату, няхай і не самую высокую, плацілі”.
Лукашэнка аб занятасці і зарплатах: заўсёды будзем звяртаць самую пільную ўвагу
“На гэтыя два важнейшыя для прафсаюзаў пытанні – занятасць і заработная плата – мы заўсёды будзем звяртаць самую пільную ўвагу”, – гарантаваў кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, што на Пятым Усебеларускім сходзе была пастаўлена задача стварыць за пяцігодку не менш як 250 тыс. новых рабочых месцаў. “Калі глядзець выключна на лічбы, то нібыта задача выконваецца, вырашаецца. Але пытанне ў якасці гэтых паказчыкаў. Новыя рабочыя месцы павінны быць высокапрадукцыйнымі. Калі ж там зарплата Br400-500, то такое рабочае месца нікому не патрэбна”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заклікаў прафсаюзы звярнуць увагу на гэтыя моманты. “Зарплата, безумоўна, важнейшае пытанне для людзей. І яно заўсёды павінна быць у полі зроку прафсаюзаў”, – лічыць ён.
Лукашэнка: факты нясвоечасовай выплаты зарплаты трэба выпальваць гарачым жалезам
“Тое, што чалавек зарабіў, павінна быць яму выплачана безагаворачна”, – заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што, як яго інфармавалі прафсаюзы, найбольшую занепакоенасць выклікаюць факты нясвоечасовай выплаты. “Вось гэта трэба выпальваць гарачым жалезам. Адказнасць кіраўнікоў прадпрыемстваў павінна быць адназначная. Зарплату, кроў з носа, плаціць трэба”, – падкрэсліў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, затрымкі зарплаты характэрныя для шэрага сельскагаспадарчых арганізацый Віцебскай вобласці. Прычым у некаторых выпадках у студзені людзі не атрымалі разлік за кастрычнік. “Больш таго, людзі не толькі зарплаты сваёй не бачаць, але і пазбаўляюцца часткі пенсіі. Таму што наймальнікі не плацяць за іх узносы ў Фонд сацыяльнай абароны. Гэта, вядома, недапушчальна!” – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым заўважыў, што, напэўна, КДК, урад, пракуратура чакаюць чарговых жорсткіх даручэнняў. “Не хацелася б прыходзіць да гэтай жорсткасці. У адваротным выпадку мы затрымаем зарплату ўсім пералічаным структурам і выплацім за гэты кошт зарплату тым людзям, каму не выплачана”, – папярэдзіў Прэзідэнт.
“Я не раз паўтараў, што своечасовая выплата заработнай платы – адзін з важнейшых паказчыкаў эфектыўнасці работы кіраўніцтва. Праца павінна быць аплачана. Прычым своечасова!” – дадаў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка пацвярджае задачу па росце зарплат настаўнікаў і ўрачоў да 100 працэнтаў і 150 працэнтаў ад сярэдняй па краіне
“У чацвёртым квартале мінулага года мы дасягнулі ўзроўню зарплаты бюджэтнікаў не ніжэй за 80 працэнтаў ад узроўню зарплаты па краіне. На 2020 год пастаўлена дакладная задача – захаваць гэтыя паказчыкі. Нядаўна мне дакладваў міністр фінансаў – у нас не проста ёсць надзея, мы абавязкова гэты ўзровень захаваем. Для гэтага ёсць адпаведныя сродкі. Зарплата настаўніка павінна дасягнуць 100 працэнтаў ад сярэдняй па краіне, а ўрача – 150 працэнтаў”, – сказаў беларускі лідар.
“Думаю, калі мы выведзем настаўніка на 100 працэнтаў, а ўрача на 150 працэнтаў, гэта будзе каласальнай перамогай. І пры тых ільготах, якія ў нас існуюць у грамадстве, пачынаючы ад камуналкі, мы не самыя горшыя”, – дадаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў меркаванне, што ў пытанні павышэння зарплат трэба апасацца разбалансіроўкі сістэмы, калі рабіць гэта за адзін раз. “Будзем гэта рабіць спакойна (павышаць зарплаты. – Заўвага БЕЛТА). Нават калі будзе шмат грошай, усё роўна трэба рабіць спакойна. Нельга імгненна ўкідваць грошы ў вялікіх аб’ёмах, – лічыць беларускі лідар. – Трэба рабіць як заўсёды ў жыцці – ціха, спакойна (грошы не любяць шуму і гвалту). І мы гэта будзем рабіць”.
Гаворачы аб заработнай плаце работнікаў бюджэтных арганізацый, Прэзідэнт згадаў аб нядаўна ўведзеных новых падыходах да яе налічэння. “Задача новаўвядзення – зрабіць сістэму больш празрыстай і зразумелай. Пры гэтым маім патрабаваннем, якое я агучыў публічна, было не дапусціць зніжэння зарплат ні на капейку. Лепш 10 капеек дабавіць да таго, што было. Каб не было размоў”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заявіў, што ў цэлым прафсаюзам сумесна з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны трэба ўзяць на кантроль тыя арганізацыі, дзе ўзровень зарплаты ніжэйшы за Br500. “А ўраду пастаўлена год таму задача – нам трэба цяпер паглядзець на зарплату, дзе яна ніжэйшая за $500”, – дадаў ён.
Як раней паведамлялася БЕЛТА, у Беларусі ў сярэднетэрміновай перспектыве (да 2025 года) ставіцца задача выйсці на мэтавы паказчык па сярэдняй заработнай плаце ўрача на ўзроўні 150 працэнтаў да сярэдняй зарплаты па эканоміцы, педагагічнага работніка – на ўзроўні 100 працэнтаў.
Лукашэнка на з’ездзе ФПБ нагадаў аб розніцы паміж зарплатай і “дармаплатай”
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на VIII з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, падкрэсліў важнасць надзейнай абароны тых, хто добрасумленна працуе на прадпрыемствах і ў арганізацыях, але адначасова нагадаў аб ролі прафсаюзаў у процідзеянні адваротным фактам.
“Трэба варушыцца для таго, каб нармальна жыць. І ў нас шмат такіх людзей. Дзякуй богу, Беларусь яшчэ не разленавалася настолькі, каб не разумець: больш працуеш – больш зарабляеш. І вось такіх людзей мы павінны падтрымліваць. Гэта мая палітыка – палітыка справядлівасці. Так, пра зарплату шмат гаворым, але гэта не “дармаплата”, а зарплата, якую трэба зарабіць. І на гэта трэба работнікаў настройваць”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Калі хочаш жыць лепш, працаваць трэба больш. Мы захацелі рынку, уступілі ў яго, а гэта канкурэнцыя, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. – Сёння працоўныя месцы ёсць. Так, можна сказаць, што гэта не тыя працоўныя месцы (размова пра невысокую зарплату. – Заўвага БЕЛТА). Але каб мець тое працоўнае месца, на рынку трэба канкурыраваць. Пачынаючы ад адукацыі і заканчваючы тым ладам жыцця, якім ты сёння жывеш. Гэта рэальнасць. І такая рэальнасць справядлівая, каб не было ўраўнілаўкі”.
Прэзідэнт падкрэсліў, што асабліва неабходна падтрымліваць людзей працы, якія ствараюць даброты.
“Але давайце гаварыць шчыра. Цяжка, напэўна, працэнт падлічыць. А колькі гультаёў і прыліпал, як іх раней называлі?” – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Ён станоўча ацаніў той факт, што на цяперашнім этапе прафсаюзы не займаюць пазіцыю нейкага крытыканства, а пачынаюць канкрэтна разбірацца з наймальнікамі і кіраўнікамі, хто працуе, а хто не. “І гэта тэндэнцыя ў будучым будзе толькі ўзмоцнена”, – падкрэсліў беларускі лідар.
“Мы не павінны агулам усіх абараняць. Мы павінны забяспечыць абарону тым, хто працуе. Хто не хоча, таго трэба навучыць або прымусіць працаваць. Трэба дыферэнцыравацца ў працоўных калектывах”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
“Чалавек-працаўнік павінен быць абаронены. Грошай шкадаваць для такіх людзей не трэба. А вось той, хто сёння не працуе, не трэба баяцца прафсаюзам прымусіць іх працаваць, – яшчэ раз падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. – Вы (прафсаюзы. – Заўвага БЕЛТА) дзяржаўнікі. І мы ўсе ў гэты складаны час для нашай краіны з вамі разам у адным шэрагу павінны вырашаць гэтыя праблемы, ні на каго не спіхваючы іх. Браць і вырашаць”.-
Лукашэнка папярэдзіў чыноўнікаў наконт праблем пры змяненні сістэмы аплаты працы бюджэтнікаў
“Цяпер людзі атрымалі зарплату за студзень. І з’явіліся пытанні, з якімі трэба будзе сур’ёзна разабрацца”, – сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, Камітэт дзяржкантролю, адпаведныя міністэрствы, прафсаюзы займаюцца ўдакладненнем сітуацыі. “Мне яшчэ падагульняючага даклада няма. Але камусьці мала не падасца. Калі нехта не растлумачыў. Але справа не ў тлумачэнні. Вы што, на месцах не можаце налічыць няшчасную заработную плату? Гэта што, складанае нейкае гандлёвае, прамысловае, сельскагаспадарчае прадпрыемства, дзе трэба вылічваць нормы, выпрацоўку…” – абурыўся Аляксандр Лукашэнка.
“Гэта ж самая элементарная бухгалтэрыя – у бюджэтнай сферы налічыць заработную плату. Чаму гэтага не адбылося… Я думаю, урад і Камітэт дзяржкантролю, калі трэба – і пракуратура, даложаць, што там адбылося. Вы проста падстаўляеце і мяне. Я ж публічна сказаў, што ніхто не павінен пацярпець”, – дадаў беларускі лідар.
“Сям’я, маці – гэта святое” – Лукашэнка запатрабаваў няўхільна забяспечваць абарону працуючых жанчын
Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць абароны працуючых жанчын.
“У іх руках – дэмаграфічная стабільнасць дзяржавы. Сям’я, маці – гэта святое. Правы маці ў плане працоўнай занятасці павінны быць няўхільна абаронены!” – падкрэсліў ён.
Не ў кожнай краіне жанчыны, нарадзіўшы траіх-чацвярых дзяцей, могуць спакойна вярнуцца на работу. У Беларусі ў іх ёсць такая магчымасць. “Нашы шматдзетныя бацькі не страчваюць сваё месца за час дэкрэтнага водпуску. Больш таго, усе гады, прысвечаныя выхаванню дзяцей, залічваюцца ў працоўны стаж”, – адзначыў Прэзідэнт.
Лукашэнка: цяперашняя пенсійная сістэма сябе зжыла, яе трэба перафармаціраваць
Федэрацыя прафсаюзаў выступае за ўнясенне змяненняў у пенсійнае заканадаўства. Паводле слоў Прэзідэнта, іх ініцыятыва заслугоўвае асаблівай увагі. “Пенсійная сістэма ў тым выглядзе, у якім мы яе сёння бачым, назіраем і выкарыстоўваем, сябе зжыла. Нам пасля прэзідэнцкіх выбараў (я буду або хто-небудзь з вас, або нехта іншы) усё роўна давядзецца гэтым займацца. Калі мы прадоўжым працаваць у такім жа складзе, у бягучым жа годзе (у канцы года) пачнём гэту работу. Трэба зрабіць так, каб чалавек, працуючы, разумеў: буду лепш працаваць, больш зарабляць – на пенсіі будзе лепш. Ураўнілаўкі быць не павінна!” – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, вырашыць гэта пытанне Беларусі будзе нескладана, краіна вывучае вопыт іншых краін, у тым ліку і Расіі. “Я з Уладзімірам Пуціным вельмі шмат на гэту тэму размаўляў. Але мы яшчэ параімся з тымі, хто ўкараняў накапляльныя і іншыя віды пенсій, якія не прайшлі, не адбыліся: загуляліся ў рынак і гэтак далей. З улікам іх вопыту і тых сістэм, якія ёсць у свеце, мы створым у Беларусі лепшую сістэму пенсійнага забеспячэння. З улікам нашых магчымасцей. Лепшую – гэта не значыць, што ўсіх завалім вялікімі пенсіямі, але гэта будзе справядлівая і добрая сістэма”, – запэўніў беларускі лідар.
Ён дадаў, што абарона інтарэсаў пенсіянераў з’яўляецца важнейшым прыярытэтам для дзяржавы.
Лукашэнка насцярожаны ростам цэн на некаторыя прадукты харчавання
“Што маем цяпер? Агульныя паказчыкі быццам нядрэнныя. Што датычыцца прадуктаў харчавання, насцярожваюць даныя, што ўжо за студзень бягучага года цэны выраслі больш як на 1 працэнт. Таксама практычна на працягу года пастаянна даражэе малочная прадукцыя, – канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. – Ідыятызм поўны. Малако няма куды дзяваць, а ў нас цэны пастаянна растуць. Мы не можам свой народ забяспечыць гэтым прадуктам”.
Ён падкрэсліў, што прафсаюзы не павінны заставацца ўбаку. “Вы першыя ў гэтым шэрагу. Абараніце людзей. Вы можаце гэта зрабіць. Вазьміце і ў звязцы з Камітэтам дзяржаўнага кантролю вырашыце гэту праблему, – падкрэсліў Прэзідэнт. – У нас сёння ўсе кінуліся ў гандаль. Чаму? Там добра жывецца. І вы ведаеце, як там гандлююць. Нічога, не абяднеюць, калі патрымаюць цэны на 20 сацыяльна значных прадуктаў харчавання”.
Выступаючы з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу ў красавіку мінулага года, Аляксандр Лукашэнка ўжо адзначаў, што чалавек мяркуе аб росце цэн не па агульнай спажывецкай карзіне, а па найбольш значных 10-20 пазіцыях тавараў і паслуг штодзённага попыту. Было дадзена даручэнне ўраду, Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю, прафсаюзам забяспечыць прымальныя цэны на найбольш значныя тавары, ад якіх залежыць жыццё перш за ўсё малазабяспечанага насельніцтва і пенсіянераў.
“Хутка падвядзём вынік усёй гэтай валтузні па цэнах. Магчыма, нам давядзецца вярнуцца да гэтых 20 найменняў асноўных відаў прадукцыі (пераліку сацыяльна значных тавараў, цэны на якія кантраляваліся. – Заўвага БЕЛТА)”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што інфляцыя ў Беларусі складае ўсяго 5 працэнтаў, але гэта не значыць, што цэны не хвалююць тых жа пенсіянераў або работнікаў з невысокімі зарплатамі.
Паводле даных ФПБ, за студзень 2020 года да снежня 2019-га спажывецкія цэны на многія прадукты харчавання захаваліся на былым узроўні. Разам з тым растуць цэны на малочную прадукцыю (масла, малако, смятану, сыры, тварог, кісламалочныя прадукты), а таксама моркву, буракі, яйкі, грэцкія крупы. Адзначаецца рост цэн на памідоры і агуркі. Патаннелі свініна (на 5,2 працэнта) і аўсяныя крупы (на 1,3 працэнта).
Лукашэнка паабяцаў абмеркаваць ідэю ФПБ аб стварэнні спецфонду па выплаце зарплаты прадпрыемствам-банкрутам
Ініцыятывы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, у тым ліку аб стварэнні спецфонду па выплаце зарплаты прадпрыемствам-банкрутам, плануецца абмеркаваць на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Федэрацыя прафсаюзаў нядаўна выступіла з некалькімі ініцыятывамі. Прапануецца, у прыватнасці, удасканаленне сістэмы антыкрызіснага кіравання на прадпрыемствах і па выплаце заработнай платы прадпрыемствамі-банкрутамі. Па гэтых пытаннях старшыня ФПБ ужо дакладваў кіраўніку дзяржавы.
“Мы правядзём нараду і выпрацуем збалансаваную пазіцыю. Галоўнае – усе прапановы павінны быць рэальна пралічаны на перспектыву, адпавядаць інтарэсам і прадпрыемстваў, і работнікаў”, – адзначыў беларускі лідар.
Ён звярнуў увагу кіраўнікоў на месцах, каб яны на сваім узроўні дапамагалі выводзіць прадпрыемствы з крызісных сітуацый і аказвалі падтрымку работнікам такіх вытворчасцей. “Займіцеся гэтымі пытаннямі, каб пакуль мы будзем фарміраваць нарматворчую базу, вы разам з прафсаюзамі вырашылі гэтыя людскія пытанні і праблемы”, – даручыў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка на з’ездзе ФПБ уручыў Ганаровы дзяржаўны сцяг
Ганаровы дзяржаўны сцяг прысуджаны ФПБ указам Прэзідэнта за асаблівыя дасягненні ў сацыяльна-эканамічным развіцці, абароне правоў і інтарэсаў працоўных.
Старшыня ФПБ Міхаіл Орда падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за ацэнку работы прафсаюзаў і высокую дзяржаўную ўзнагароду. Прэзідэнту ад імя дэлегатаў з’езда ён уручыў карціну, на якой адлюстраваны стары будынак школы ў аграгарадку Александрыя, дзе некалі вучыўся кіраўнік дзяржавы.
“Адзін з будынкаў гэтай школы я папрасіў захаваць. Каб бачылі, у якіх умовах навучаўся першы Прэзідэнт Беларусі. Калі мы атрымліваем веды, важна, але галоўнае не тое, якая гэта школа. А галоўнае – наколькі ты хочаш атрымаць гэтыя веды”, – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падзякаваў за падарунак і паабяцаў размясціць яго ў Палацы Незалежнасці.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 лютага прыняў удзел у VIII з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Усяго з’езд у Рэспубліканскім Палацы культуры