Радасць з канверта, ці Ляці з прывітаннем. 21.by

Радасць з канверта, ці Ляці з прывітаннем

12.03.2020 10:30 — Разное |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Канверт у паштовай скрынцы! Не чарговы рэкламны буклет, не нейкая квітанцыя на аплату – пісьмо. Ад сяброўкі. Цяпер ужо замежнай, з Расіі. Я пачынаю чытаць, і нібы не стала доўгай разлукі, нібы чую знаёмы голас, бачу добразычлівыя вочы, гатовыя то заззяць усмешкай, то заблішчаць слязой. Мілая сяброўка зрабіла мне цудоўны падарунак у канверце – прыслала… сустрэчу з ёю. Частыя-частыя радкі не пра цэны і не пра «балячкі», правільней, не толькі і не столькі пра цэны і пра «балячкі»: «Оля, які цуд – зеленаватыя ружы, іх у нас сёлета было шмат (сяброўка жыве ў Сочы)… Я, зрэшты, перачытала Шамякіна. І гэта стала прычынай светлай настальгіі. Вясной збіраюся пагасцяваць у цябе… Нядаўна сустрэлася з аднакласніцай, якую не бачыла паўстагоддзя. Было адчуванне роднасці… Як жа хутка прайшла маладосць!.. Баюся жорсткасці. Яе хапае і ў жыцці, і на тэлеэкране. А я (памятаеш, мы падарылі адна адной альбом рэпрадукцый «маленькіх галандцаў») гартаю яго і адчуваю сябе шчаслівай…».

І я. Я таксама адчула сябе шчаслівай. Прычына – вось яна, у канверце, хочаш – даставай і перачытвай. Свята, якое заўсёды са мной. Пісьмо. Непапулярная сёння форма зносін. Зразумела, прасцей і прывычней патэлефанаваць, але праз колькі хвілін размовы твой субяседнік растане ў сваім, так бы мовіць, вымярэнні. Вайбер, скайп, эсэмэскі – гэта цудоўна, вельмі зручна, аператыўна, вельмі сучасна. Але ўсё ж «письма в синеньких конвертах», як сказаў паэт, па душэўнасці і пранікнёнасці застаюцца класікай сярод форм і магчымасцей зносін на адлегласці. І не трэба скептыцызму, маўляў, яшчэ б пра берасцяную грамату ўспомніла, не варта папракаць у залішняй сентыментальнасці. Самае цвёрдае сэрца расчуліць ліст ад родных, ад дарагога чалавека, ад сябра, таму што менавіта ліст нейкім чынам матэрыялізуе прысутнасць у жыцці таго, каго ў дадзены момант побач няма, – жаданага і блізкага, часцінку твайго «кровазвароту», «абмену рэчываў».

Пісьмо пішацца не знянацку. Гэта ж цэлы рытуал!  Калі сапраўды існуе аўра чалавека, то яна, безумоўна, агортвае і ягоныя думкі, выкладзеныя на паперы. Не толькі пэўную інфармацыю давяраем лісту, які адпраўляем у канверце, – душой прыпраўляем кожнае слова, кожны радок. Я гавару канкрэтна з табой, дарагі мой адрасат, ты – са мной. Ды што агітаваць за відавочнае? Мы перасталі пісаць асабістыя пісьмы не таму, што яны зжылі сябе, сталі непатрэбнымі, лішнімі, старамоднымі. Ці не банальная лянота тут правіць баль, нежаданне «глыбока ныраць» і прымушаць душу папрацаваць?  Відавочна адно: інтэрнэт і сучасныя супермагчымасці аператыўнай сувязі вінаваціць у гэтым не варта.

Так, мы перасталі пісаць пісьмы і, адпаведна, атрымліваць іх. Мы абядняем сябе без шчырых, такіх патрэбных пісьмовых маналогаў. Імянных, з канкрэтным адрасам. Надзвычайная даверлівасць, я сказала б, інтымнасць вызначаюць эпісталярны жанр. Дарэчы, дзякуючы менавіта яму, мы сёння дапаўняем для сябе вобразы Пушкіна і Чэхава, Купалы і Караткевіча, Рэрыха і апошняга з венцаносных Раманавых, многіх іншых гістарычных асоб жыццёвымі штрыхамі простых смяротных. І шкадуем, што, напрыклад, не засталося ніводнага ліста ад прыгажэйшай з жанчын – Наталлі Ганчаровай  – да яе геніяльнага мужа, каб высветліць: усё ж мадонна ці проста прыгожая лялька?.. Але не будзем пра асабістыя пісьмы вялікіх. Пісаныя ў адзіным экзэмпляры канкрэтнаму адрасату, яны растыражыраваны ў выданнях. Вядомасць мае свае выдаткі…

А я пра той нечаканы канверт, які скалыхнуў душу сардэчнасцю і цеплынёй. Пару-тройку дзесяцігоддзяў назад, забіраючы карэспандэнцыю з паштовай скрыні, мы абавязкова пераглядалі, ці не схавалася паміж газет-часопісаў пісьмо. Сёння «няма таго, што раньш было». Любімым жанрам перапіскі сталі эсэмэскі і смайлікі. Мы карыстаемся (для эканоміі часу) фразамі-трафарэтамі і недзе на палічку адкладваем свае словы, а з імі – шчырасць. Не зусім, не заўсёды, не ўсе. Але ж… Радзей запрашаем на чай-каву і радзей самі атрымліваем такія запрашэнні. Паплачамся па тэлефоне, пажалімся на праблемы пры выпадковай сустрэчы, паспачуваем праз трэціх асоб, усміхнёмся-парадуемся-павіншуем па скайпе. Быццам бы і не без увагі, але ж, калі па праўдзе, і не з ёю. Атрымліваецца, вобразна кажучы, амерыканская ўсмешка: вусны расцягнуты на ўсе трыццаць два, а вочы раўнадушныя. За дзіва пачынаем успрымаць звычайнае: у добрых пажаданнях шукаем падтэкст, у кампліменце – фальш, у запрашэнні ў госці – карысць. І на запясці носім чырвоную нітачку – ад сурокаў. Такі вось модны ці то прыгавор, ці то недавер. Вы не згодны? Не трэба скепсісу. Хопіць трымаць душу ў футляры. Ёй там, безумоўна, спакойна, але траціцца, падае слых, змяншаецца мяжа адчувальнасці да радасці і да болю.

Пераканана ў эфектыўнасці тэрапіі ўвагі. Веру, што ўсім нам наогул і кожнаму паасобку патрэбны сонейка разумення, промні сяброўскага даравання і цэлы сусвет шчырасці. І зусім гэта не высокія матэрыі, а звычайная духоўная і душэўная патрэба звычайных «чалавекаў».

…Бяру ручку, каб адказаць сяброўцы, і не ведаю, з чаго пачаць. Я, якая па сваёй журналісцкай прафесіі пісала штодня і многа, ды і цяпер не магу «ні дня без радка», гляджу на чысты ліст паперы і разумею: трэба вылучыць галоўнае. А яно – простае: дзякуй, сяброўка, за тваё пісьмо, за тое, што вы – ты і яно – прымусілі мяне задумацца пра «архіўнае» нестарэючае і, як некалі, з чаканнем зазіраць у паштовую скрынку. Дзякуй за сустрэчу. І за шчырасць.

(Visited 3 times, 3 visits today)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Канверт у паштовай скрынцы! Не чарговы рэкламны буклет, не нейкая квітанцыя на аплату – пісьмо. Ад сяброўкі. Цяпер ужо замежнай,
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Разное)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика