Легенды, сказы і паданні – Народныя апавяданні. Дайшлі з далёкай даўніны Ад нашых прашчураў яны. Не зніклі памяці крыніцы З гаючай чыстаю вадзіцай, Не зніклі мудрасці сады – Там з вечным водарам плады.
Слова!.. Яно валодае незвычайнай сілай уздзеяння на чалавека, пакідаючы, нібы камета на начным небе, свой след у сэрцы: можа ўзняць на крылах шчасця да нябёсаў або скінуць у бездань гора і адчаю, усхваляваць усе патаемныя струны душы.
Нездарма з даўніх часоў людзей, якія ведалі пра магічную моц слова, умелі ёю карыстацца, называлі знахарамі (ад рускага слова “знать” – значыць, ведаць), бо яны маглі з яго дапамогай выратаваць ад смерці ці забіць, паклаўшы чорную энергію праклёну. Іх баяліся і паважалі.
У духоўнай спадчыне беларусаў асаблівае месца займаюць легенды – фальклорныя фантастычныя апавяданні, заснаваныя на паэтызацыі гістарычных падзей і ўслаўленні народных герояў. Менавіта легенды дапамагаюць нам пазнаць жыццё, яны распавядаюць пра мінулае і сучаснае, па-свойму тлумачаць, адкуль пайшоў свет, як утварыліся зямля, азёры, балоты, рэкі, адкуль паходзяць назвы гарадоў, гарадскіх пасёлкаў, вёсак, урочышчаў, гарадзішчаў. Як і ў казках, у легендах амаль заўжды існуе барацьба паміж дабром і злом.
Вусную народную творчасць ведаюць і любяць усе: дарослыя і дзеці. Таму ніхто не здзіўляецца, калі бачыць, з якой цікавасцю слухаюць людзі экскурсавода, які расказвае пра паходжанне тапанімічных назваў у час вандровак па родным краі.
Кожнаму вядома, што Беларусь багатая на легенды і паданні пра мясціны, славутыя рознымі цудамі. На Крычаўшчыне яны таксама ёсць. Можна прыгадаць такія легенды, як “Урочышча Крычаў”, “Легенда пра Крычаў”, “Сярэбраны Ручай”, “Мыс закаханых”.
Але больш за ўсё ўзрушыла мяне легенда, пачутая ў маленстве. Проста дзіва, наколькі цікавыя гісторыі расказвала бабуля доўгімі зімовымі вечарамі. Адну з легенд я добра памятаю і зараз. Яна пра паходжанне Сожа і Дняпра.
…Сярод глухіх пушчаў, цёмных бароў знаходзіліся палацы вялікага князя старога Рыдана. З усяго багацця славілася на ваколіцу залатая Рыданава карона, схаваная за 12 дзвярыма, 12 замкамі. Як уначы выносілі тую карону, станавіўся дзень, а калі была зіма, то змянялася на лета – так зіхацелі каштоўныя каменьчыкі на кароне. Зайздрослівыя суседзі князя вырашылі ўкрасці карону. Нанятыя варажбіты і знахары думалі 3 дні і 3 ночы. І прыдумалі разрыў-траву, якой, калі дакрануцца да замкоў, самі адчыняцца, ды сон-траву, зярняткамі якой калі пасыпаць, жывое ўсё наўкола засне. Злодзеі выканалі загад князёў.
Убачыў раніцай Рыдан, што ўсе спяць, здагадаўся аб прапажы, ударыў у званы – і прачнуліся два яго сыны: Сож і Дняпро.
Папрасіў бацька Дняпро ўзяць сталёвую зброю і дагнаць злодзеяў з каронай.
Сож застаўся пры бацьку. Тройчы прасіў Рыдан малодшага сына прыкласці вуха да зямлі і паслухаць, ці бяжыць Дняпро.
І калі на трэці раз Сож сказаў, што гул зямлёй ідзе, чуецца крык вялікі, паслаў бацька і малодшага на падмогу.
Доўга чакаў стары. Ні сыноў, ні кароны. З маркоты пачаў плакаць, просячы, каб разам з дзеткамі слязамі разліцца. Так і здарылася. Разліліся слязамі браты і стары бацька: у рэкі ўсе трое змяніліся.
Дняпро плыве садамі ды лугамі, Сож – імхамі ды балотамі, а Рыдан – у свет ночы.
Пасля доўга ноччу не магла заснуць, бо шкада было ўкрадзенай кароны, няшчасных братоў і старога бацькі.
Вось так, на маю думку, нашы продкі растлумачылі, чаму і як узніклі такія магутныя рэкі Сож і Дняпро. А ў мяне пасля таго, як пачула легенду, узнікла пытанне: а якую ж ролю адыгрываюць рэкі ў жыцці беларусаў?
З глыбокай старажытнасці рэкі вельмі дапамагалі людзям. Людзі сяліліся каля рэк, таму што яны давалі ежу і ваду, цяпло і святло, заступалі шляхі і ворагу. Па рэках ішлі гандлёвыя шляхі. Я з гэтым поўнасцю згодна, бо, напрыклад, па Дняпры праходзіў знакаміты шлях “з вараг у грэкі”.
Рэкі нясуць духоўнае ачышчэнне. З даўніх часоў беларусы верылі ў тое, што рэкі змываюць грахі і хваробы, а таму раней абрад хрышчэння адбываўся ў рацэ.
А яшчэ рэкі, як мне здаецца, — наша памяць і гісторыя. На берагах рэк нярэдка людзі пралівалі кроў у бітвах. Так, у 1943 годзе бітва за Дняпро стала чарговым буйным паражэннем сіл вермахта і сарвала намеры Гітлера знішчыць Чырвоную Армію.
На маю думку, маляўнічы пейзаж рэк – гэта крыніца натхнення для пісьменнікаў. Менавіта такім скарбам для Уладзіміра Караткевіча стаў Дняпро. Уладзімір Караткевіч – гэта публіцыст, паэт, празаік, сцэнарыст, драматург. У лісце да Янкі Брыля ён пісаў: “Люблю Дняпро, як вершы, нават такі змялелы, абязрыбелы, з дубамі, якія паступова пускаюць на дравішкі… Не бачыў Нёмана, але думаю, што Дняпро ля Рагачова не горшы…”.
Сапраўды, “і песняй, і славай” нашага народа можна назваць гэтыя цудоўныя рэкі. А такіх месцаў, якімі можна вечна захапляцца і любавацца, у Беларусі нямала. Галоўнае – убачыць…
Такім чынам, легенды і міфы – дзівосныя крынічкі з празрыстай святой вадой, кожны глыточак якой дорыць ачышчэнне кожнаму, насычае мудрасцю, вопытам – дзівоснымі набыткамі сівых продкаў-прашчураў. Аліна Сёма, навучэнка 10 «Б» класа СШ № 1, пераможца раённага этапа рэспубліканскага конкурса работ творчай моладзі «Золотое перо «Белой Руси-2020» у катэгорыі «навучэнцы».