ЗАКАНАДАЎЧАЕ ЗАМАЦАВАННЕ РАШЭННЯЎ ЧАЦВЁРТАГА ЎСЕБЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА СХОДУ ЯК АСНОВА РАЗВІЦЦЯ КРАІНЫ НА ПЕРСПЕКТЫВУ. 21.by

ЗАКАНАДАЎЧАЕ ЗАМАЦАВАННЕ РАШЭННЯЎ ЧАЦВЁРТАГА ЎСЕБЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА СХОДУ ЯК АСНОВА РАЗВІЦЦЯ КРАІНЫ НА ПЕРСПЕКТЫВУ

05.04.2011 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Паважаныя запрошаныя і журналісты!

Сёння мы з вамі пачынаем работу шостай сесіі Савета Рэспублікі чацвёртага склікання.

Міжсесійны перыяд быў насычаны важнымі для краіны падзеямі. 24 снежня 2010 года Цэнтральная выбарчая камісія Рэспублікі Беларусь падвяла афіцыйныя вынікі праведзеных прэзідэнцкіх выбараў. Пераканаўчую перамогу на іх, як вы ведаеце, атрымаў дзейны Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, які набраў каля 80 працэнтаў галасоў выбаршчыкаў.

Прайграўшых такі варыянт не задаволіў. І яны зрабілі ўсё, каб абвастрыць сітуацыю ў краіне, прыцягнуць да сябе ўвагу хуліганскімі дзеяннямі. Гэта вядомая тактыка нашых так званых апазіцыянераў.

На гэтым фоне выклікае шкадаванне рэакцыя еўрапейскіх палітыкаў, прадстаўнікоў замежных дзяржаў і міжнародных структур, якія прынялі за чыстую манету правакацыйныя інсінуацыі экс-кандыдатаў і іх акружэння. Яшчэ раз хачу падкрэсліць — вынікі выбараў неаспрэчныя. Выбары прайшлі ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і міжнароднай практыкай і ў поўнай меры адлюстроўваюць волю беларускага народа. Таму любыя спекуляцыі на гэту тэму беспадстаўныя і непрымальныя.

Наша з вамі задача — усімі даступнымі спосабамі, паслядоўна і аргументавана паказваць людзям сапраўдны стан спраў. Менавіта гэтага чакаюць ад нас выбаршчыкі.

Карыстаючыся выпадкам, хачу яшчэ раз спыніцца на некаторых аспектах нашага міжнароднага супрацоўніцтва на сучасным этапе.

Свае палітычныя і эканамічныя прыярытэты мы выбудоўваем паслядоўна, імкнёмся да таго, каб заходні і ўсходні вектары былі збалансаваны і адпавядалі нашым нацыянальным інтарэсам.

У сувязі з гэтым хачу падкрэсліць асаблівае значэнне створанага па ініцыятыве нашага Прэзідэнта Саюза Беларусі і Расіі, які з'яўляецца фундаментам інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы. Як вы ведаеце, 2 красавіка Саюзнай дзяржаве споўнілася 15 гадоў, і ў сувязі з гэтым хачу ўсіх павіншаваць з 15-годдзем Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. Я жадаю ўсім нам далейшага ўмацавання эканамічных і палітычных асноў Саюзнай дзяржавы. Мы ў Беларусі і далей будзем праводзіць курс на ўмацаванне саюза з Расійскай Федэрацыяй. Гэта наш галоўны і стратэгічны партнёр.

Вопыт, набыты ў рамках функцыянавання Саюзнай дзяржавы, паслужыў асновай для стварэння Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі, а на яго аснове — Адзінай эканамічнай прасторы. Новыя інтэграцыйныя ўтварэнні ніякім чынам не канкурыруюць з Саюзнай дзяржавай. Наадварот, Саюзная дзяржава і Мытны саюз узаемадапаўняюць адно аднаго.

Вядома, мы зацікаўлены ў развіцці добрых адносін і з іншымі дзяржавамі, перш за ўсё — з нашымі суседзямі: Украінай, Польшчай, прыбалтыйскімі краінамі. Хацелася б, каб двухбаковыя кантакты будаваліся на аснове міжнародных прававых норм, у рэчышчы канструктыўнага і ўзаемавыгаднага дыялогу, зыходзячы з інтарэсаў кожнай краіны.

Беларусь умацоўвае дружалюбныя адносіны з Казахстанам. Нашы пазіцыі супадаюць па большасці праблем рэгіянальнай і міжнароднай палітыкі. Мы цесна ўзаемадзейнічаем з казахамі і ў шматбаковым фармаце. Гэта абумоўлена як блізкасцю нашых мэт, так і падабенствам нацыянальных інтарэсаў. Як вы ведаеце, учора ў Казахстане паспяхова прайшлі прэзідэнцкія выбары, і мы ўпэўнены, што мудры казахскі народ зрабіў адзіна правільны выбар.

Мы выступаем за актывізацыю адносін Беларусі з АБСЕ, Саветам Еўропы і Еўрапейскім саюзам, за ўключэнне нашай рэспублікі ў інтэграцыйныя агульнаеўрапейскія працэсы. На жаль, Еўропа ідзе на повадзе невялікай групы асоб, якія называюць сябе апазіцыянерамі і робяць усё, каб стварыць у еўрапейцаў памылковае ўяўленне аб нашай краіне. Яны ідуць на любыя парушэнні законаў, аж да дэманстратыўных спроб арганізацыі дзяржаўнага перавароту, толькі вымусіць бы ўладу прымяніць да іх жорсткія меры і тым самым сарваць развіццё дружалюбных адносін Беларусі і Еўрасаюза. Гэта іх хлеб, гэта іх заработак, за гэта яны атрымліваюць немалыя дывідэнды. Яны літаральна паразітуюць на здаровым целе дзяржавы: чым больш шкоды будзе нанесена дзяржаве, тым іх пазіцыі будуць лепшыя.

Тым не менш гісторыя развіваецца па аб'ектыўных законах, а гэтыя законы патрабуюць кансалідацыі еўрапейскіх народаў і дзяржаў. Таму я ўпэўнены, што ў бліжэйшыя гады нашы адносіны з Еўрапейскім саюзам, з дзяржавамі, якія ўваходзяць у яго, нармалізуюцца. Беларусь — мірная краіна, якая не толькі не наносіць Еўропе ніякай шкоды і не ўяўляе для яе ніякай пагрозы, але, наадварот, выступае як надзейны эканамічны і палітычны партнёр. Мы на сваёй граніцы стрымліваем патокі наркатрафіку і нелегальнай міграцыі, забяспечваем транзіт энерганосьбітаў, ажыццяўляем узаемавыгаднае эканамічнае супрацоўніцтва з шэрагам еўрапейскіх дзяржаў. Дык навошта ж ім з намі сварыцца? Лічу, што многія палітыкі ў Еўропе гэта разумеюць і, як толькі схлыне чарговая антыбеларуская прапагандысцкая хваля, будуць імкнуцца да аднаўлення добрых адносін, у тым ліку і ў рамках Усходняга партнёрства.

Мы гатовыя да дыялогу па шырокім коле праблем і з ЗША на аснове роўнасці бакоў, узаемнай павагі і даверу. Як падкрэсліў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка 14 снежня на сустрэчы з прадстаўнікамі вядучых аналітычных цэнтраў ЗША, "настаў час адысці ад старых стэрэатыпаў і па-новаму глянуць на нашы двухбаковыя адносіны. Самае галоўнае, каб у нас бачылі партнёра".

У сувязі са сказаным асаблівае значэнне набывае міжнародны аспект дзейнасці Савета Рэспублікі.

У перыяд паміж сесіямі члены Савета Рэспублікі інтэнсіўна працавалі ў рамках Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, удзельнічалі ў складзе дэлегацый парламента ў рабоце Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя і Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы.

Развівалася наша ўзаемадзеянне з Міжпарламенцкім саюзам. Прадаўжаліся кантакты з Парламенцкай асамблеяй АБСЕ. Члены Савета Рэспублікі прынялі ўдзел у зімовым пасяджэнні асамблеі, дзе абмяркоўвалася і "беларускае пытанне". Нашы прадстаўнікі зрабілі ўсё, каб давесці да калег па АБСЕ аб'ектыўную інфармацыю адносна падзей 19 снежня. Акрамя таго, была агучана прапанова Беларусі аб фарміраванні пад эгідай ААН глабальнага партнёрства супраць рабства і гандлю людзьмі, а таксама пазіцыя адносна пытанняў міграцыі, міжэтнічнага дыялогу і рэфармавання АБСЕ.

Хачу падкрэсліць, што абарона нацыянальных інтарэсаў патрабуе ад нас, парламентарыяў, пастаяннай работы па ўмацаванні пазіцый нашай краіны ва ўсіх міжнародных парламенцкіх структурах, у якіх мы прымаем удзел.

Безумоўна, прыярытэтам тут з'яўляецца Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі. Наша дзейнасць павінна быць накіравана на ўзмацненне Саюзнай дзяржавы, і ў першую чаргу — на ўстанаўленне выніковых адносін паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі.

У гэтым годзе Беларусь старшынствуе ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. У снежні 2010 года Кіраўнік нашай дзяржавы сфармуляваў шэраг прыярытэтаў дзейнасці гэтай арганізацыі. У адпаведнасці з імі нам трэба будзе ўдзяліць асаблівую ўвагу рабоце ў парламенцкіх структурах АДКБ.

У частцы заканатворчай дзейнасці нам трэба будзе прыняць рашэнні па шэрагу ключавых, жыццёва важных для дзяржавы і грамадства пытанняў.

Асноўныя напрамкі гэтай работы вызначаны чацвёртым Усебеларускім народным сходам, палажэннямі прэзідэнцкай Дырэктывы № 4 і новай Праграмай дзейнасці Урада.

Безумоўна, акцэнт будзе зроблены на ўдасканаленні заканадаўства ў адпаведнасці з палажэннямі названай дырэктывы. Як вы ведаеце, яна накіравана на павышэнне ініцыятывы грамадзян і юрыдычных асоб, стымуляванне прадпрымальніцтва, ліквідацыю адміністрацыйных бар'ераў у эканоміцы. Наша задача разам з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў заключаецца ў тым, каб перагледзець значны масіў дзейных заканадаўчых актаў і прывесці іх у адпаведнасць з патрабаваннямі Дырэктывы.

Стварэнне спрыяльных умоў для інтэнсіўнага навукова-тэхнічнага развіцця, укаранення новых тэхналогій ва ўсіх сферах жыццядзейнасці магчыма толькі ва ўмовах адэкватнага развіцця чалавечага рэсурсу, г.зн. высакаякаснай падрыхтоўкі спецыялістаў. Таму вышэйшай школе трэба пастаянна павышаць якасць падрыхтоўкі студэнтаў і (не ў апошнюю чаргу) за кошт умацавання сувязі навучання з практыкай, прыцягнення да гэтага працэсу рэальнага сектара эканомікі. Прэзідэнт краіны ўдзяляе гэтым праблемам асабліва вялікую ўвагу, аб чым, у прыватнасці, сведчыць і яго нядаўняя сустрэча з Міністрам адукацыі С.А. Маскевічам.

Трэба адзначыць, што Міністэрства адукацыі актыўна займаецца праблемамі набліжэння адукацыйных стандартаў да рэальных патрэбнасцяў вытворчасці. Нашы вышэйшыя навучальныя ўстановы ўжо сёння маюць больш як 150 сумесных з прадпрыемствамі кафедраў, а да 2015 года іх колькасць плануецца падвоіць. Але трэба паглядзець, наколькі эфектыўна працуюць гэтыя кафедры. Некалькі такіх кафедраў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, якія функцыянуюць на базе Мінскага трактарнага завода, мы з вамі сёння наведаем у ходзе семінара "Адукацыя як аснова інавацыйнага развіцця краіны".

Калі гаварыць аб праблемах эканомікі, то тут найбольш актуальнай з'яўляецца задача выканання параметраў па сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі, г.зн. зніжэнне імпартаёмістасці ВУП і актыўнае нарошчванне экспарту. Наша роля як сенатараў у вырашэнні гэтай праблемы заключаецца, перш за ўсё, у тым, каб удасканальваць прававыя ўмовы, пры якіх экспарт тавараў і паслуг быў бы больш выгадны, чым імпарт. У гэтай сферы ўжо нямала зроблена. Тым не менш нам яшчэ трэба будзе ў першачарговым парадку ўнесці змяненні і дапаўненні ў шэраг кодэксаў і законаў Рэспублікі Беларусь. Адпаведныя заканадаўчыя новаўвядзенні створаць больш эфектыўныя ўмовы для далейшага эканамічнага росту, ажыццяўлення інвестыцыйнай дзейнасці і паляпшэння бізнэс-клімату ў краіне, а таксама пашыраць гарантыі для замежных інвестараў і ўзмоцняць абарону правоў замежных грамадзян у гэтай сферы.

З другога боку, члены Савета Рэспублікі павінны і самі асабіста рабіць усё магчымае на сваіх рабочых месцах для рэалізацыі задач па змяншэнні энергаспажывання, эканоміі матэрыяльных рэсурсаў і вырашэнні іншых пытанняў, важных для паляпшэння знешнегандлёвага сальда краіны.

Шэраг заканадаўчых ініцыятыў трэба будзе нам разгледзець і ў сацыяльнай сферы. Найбольш значным тут з'яўляецца праект Жыллёвага кодэкса. У ім будуць комплексна ўрэгуляваны пытанні, звязаныя з абаронай правоў уласнікаў, адказнасцю за якасць прадастаўляемых у гэтай сферы паслуг, і іншыя жыццёва важныя пытанні.

Вялікая ўвага будзе ўдзелена ўдасканаленню аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. У ходзе сесіі мы будзем таксама разглядаць законапраекты, якія закранаюць розныя пытанні правоў і свабод грамадзян, аховы інтэлектуальнай уласнасці.

Будзе прадоўжана работа па развіцці альтэрнатыўных форм правасуддзя, умацаванні прававых асноў нацыянальнай бяспекі, законнасці і правапарадку.

Намечана таксама ратыфікаваць міжурадавыя пагадненні, у прыватнасці з Азербайджанскай Рэспублікай, Украінай, Славеніяй, Чэшскай Рэспублікай.

Далейшаму развіццю інтэграцыйных працэсаў на Еўразійскай прасторы будзе садзейнічаць ратыфікацыя 12 пагадненняў, якія рэгулююць пытанні свабодных эканамічных зон, перамяшчэння грашовых сродкаў і тавараў фізічнымі асобамі і шэраг іншых дакументаў. Плануецца ратыфікаваць Статут Суда ЕўрАзЭС, пагадненне аб развіцці міжнароднага лізінгу сельскагаспадарчай тэхнікі і іншых транспартных сродкаў, што выкарыстоўваюцца ў аграпрамысловых комплексах дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага супольніцтва. Усё гэта запатрабуе ад парламентарыяў унясення адпаведных змяненняў і дапаўненняў у дзейнае заканадаўства.

У перыяд паміж сесіямі адным з важнейшых напрамкаў нашай дзейнасці з'яўлялася работа ў рэгіёнах. Па многіх напрамках мы паглыбілі ўзаемадзеянне з органамі мясцовага кіравання і самакіравання. З нашым удзелам прайшлі ўсе сесіі Саветаў дэпутатаў абласнога ўзроўню і кожная трэцяя — базавага ўзроўню.

Члены Савета Рэспублікі сталі значна часцей уключаць у свае планы ўдзел у сесіях Саветаў дэпутатаў пярвічнага ўзроўню. Дапамога і падтрымка сельскіх і пасялковых Саветаў аказвалася ў прыярытэтным парадку, і, перш за ўсё, у вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. Асабліва эфектыўнымі ў гэтай частцы сталі рэгулярна праводзімыя сустрэчы членаў Прэзідыума Савета Рэспублікі са старшынямі Саветаў пярвічнага ўзроўню ў рамках павышэння кваліфікацыі ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Пад эгідай Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання прымаліся меры па ўдасканаленні дзейнасці мясцовых Саветаў дэпутатаў, павышэнні іх ролі ў вырашэнні праблем нашых грамадзян. На чарговым пасяджэнні Савета, якое адбылося ў студзені гэтага года, галоўным пытаннем быў разгляд практыкі ўзаемадзеяння Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў з раённымі адміністрацыямі сталіцы. Асаблівая ўвага пры гэтым удзялялася выкананню рэгіянальных праграм па імпартазамяшчальных вытворчасцях, аказанню садзейнічання прадпрымальнікам на месцах, стварэнню спецыяльных цэнтраў падтрымкі бізнэсу.

Разам з тым трэба адзначыць, што не заўсёды рашэнні і рэкамендацыі Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання ў дастатковай меры выкарыстоўваюцца ў практычнай рабоце Саветаў пярвічнага і базавага ўзроўню. Нам трэба прыняць меры для таго, каб Савет па ўзаемадзеянні аказваў больш дзейсны ўплыў на іх работу.

З улікам задач па развіцці грамадзянскай супольнасці ў нашай падтрымцы маюць патрэбу і органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (старасты, дамкамы і інш.). Адпаведныя паўнамоцтвы для гэтага ў нас ёсць. Развіццё гэтай формы самакіравання дасць магчымасць не толькі аказаць дапамогу людзям, але і актывізаваць іх далучанасць да вырашэння мясцовых праблем.

Хачу вас праінфармаваць, што пры актыўным удзеле Савета Рэспублікі завершаны першы этап па ўкараненні аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы "Мясцовыя Саветы дэпутатаў". Сёння яна ўжо функцыянуе на ўсіх аб'ектах пілотнай зоны, у якую ўключаны 40 мясцовых Саветаў дэпутатаў. З улікам набытага вопыту трэба будзе забяспечыць паэтапнае ўкараненне гэтага праекта ў астатніх, амаль 1,5 тысячы, мясцовых Саветах. Гэту работу Кіраўнік дзяржавы даручыў узяць на сябе абласным выканаўчым камітэтам. Мы ўпэўнены, што поўнамаштабнае ўкараненне АІС будзе завершана ўжо ў гэтым годзе.

Хачу звярнуць вашу ўвагу на інфармацыйны складнік нашай дзейнасці. Членам Савета Рэспублікі неабходна актыўней супрацоўнічаць са сродкамі масавай інфармацыі, і не толькі з друкаванымі, але і электроннымі — інтэрнэт, радыё і тэлебачанне. У Сакратарыяце Савета Рэспублікі ёсць адпаведныя службы, якія заўсёды гатовы прыйсці вам на дапамогу.

З улікам задач, пастаўленых Кіраўніком дзяржавы па ўзмацненні работы з насельніцтвам, на пярэдні план выходзіць работа са зваротамі грамадзян. У міжсесійны перыяд у Савеце Рэспублікі было разгледжана каля 200 зваротаў, сярод якіх больш як 60 працэнтаў датычылася пытанняў сацыяльнай сферы, каля 30 працэнтаў — судовай і праваахоўнай дзейнасці.

Па-ранейшаму даводзіцца канстатаваць, што значная частка пытанняў, якія ўваходзяць у кампетэнцыю рэгіянальных органаў улады, не вырашаецца на месцах. Так, напрыклад, аказалася, што з 47 зваротаў, накіраваных у наш адрас, палавіна была паспяхова вырашана мясцовымі органамі ўлады. Аднак гэта было зроблена толькі пасля адпаведнага ўмяшання Савета Рэспублікі. Лічу, што мы павінны значна ўзмацніць кантроль за такімі фактамі. Для гэтага ў нас ёсць неабходныя паўнамоцтвы. Трэба, у прыватнасці, забяспечыць больш цеснае ўзаемадзеянне Саветаў з выканаўчымі і распарадчымі органамі, у якія, як правіла, паступае большасць зваротаў грамадзян. Павышэнню выніковасці гэтай работы, на наш погляд, будзе садзейнічаць Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 66 ад 22 лютага 2011 г. "Аб некаторых пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання". У адпаведнасці з гэтым Указам у выканаўчых органах уводзяцца структуры па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб.

Важную ролю ва ўдасканаленні работы членаў Савета Рэспублікі з грамадзянамі павінен таксама адыграць Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 119 ад 22 сакавіка 2011  г., у адпаведнасці з якім устанаўліваецца патрабаванне аб сістэматычным правядзенні кіраўнікамі і службовымі асобамі сустрэч у працоўных калектывах, прэс-канферэнцый, гарачых ліній і прамых тэлефонных ліній. Замацоўваецца абавязак органаў і арганізацый размяшчаць на сваіх афіцыйных сайтах адказы на пытанні, якія найбольш часта ўзнімаюцца грамадзянамі. Прэзідыум Савета Рэспублікі намеціў канкрэтныя меры па выкананні гэтага важнага Указа.

На павышэнне якасці работы па вырашэнні надзённых праблем грамадзян і суб'ектаў гаспадарання будуць накіраваны і нормы праекта новага закона аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, які плануецца разгледзець на гэтай сесіі. Упершыню на заканадаўчым узроўні будзе створаны дзейсны механізм зваротнай сувязі, накіраваны на павышэнне ўзаемнай адказнасці бакоў — як службовай асобы, так і заяўніка.

Дазвольце на гэтым завяршыць сваё выступленне і пажадаць усім нам паспяховай работы.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выступленне Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Рубінава А.М. на адкрыцці шостай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика