Спажывецкая кааперацыя павінна стаць апірышчам дзяржаўнай палітыкі на вёсцы. 21.by

Спажывецкая кааперацыя павінна стаць апірышчам дзяржаўнай палітыкі на вёсцы

09.02.2013 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

З такім заклікам выступіў кіраўнік дзяржавы на агульным сходзе прадстаўнікоў членаў Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў

Спажывецкая кааперацыя нарадзілася на тэрыторыі Беларусі больш за 100 гадоў таму, яна значна старэйшая і за беларускую дзяржаву, і за Савецкую ўладу. Узнікла як добраахвотнае аб'яднанне грамадзян з мэтай супрацьстаяць манаполіі прыватнага гандлёвага капіталу.

Сёння спіраль гісторыі вярнула спажыўкааперацыю да яе першапачатковых задач — забяспечыць усімі неабходнымі паслугамі малыя населеныя пункты, якія аказваюцца нецікавымі ўладальнікам буйных гандлёвых крам у гарадах. Аднак справіцца з такой задачай спажыўкааперацыя зможа, толькі калі сама будзе цвёрда стаяць на нагах, гэта значыць, мець дастатковыя абаротныя сродкі. Пра выкарыстаныя і ўпушчаныя магчымасці для нарошчвання гэтых сродкаў, а таксама пра пошук новых падыходаў у рабоце спажыўкааперацыі ішла размова на агульным сходзе прадстаўнікоў членаў Белкаапсаюза, які з'яўляецца вышэйшым органам яго кіравання.

— Адным з галоўных прыярытэтаў у працы Белкаапсаюза з'яўляецца поўнае засваенне лішкаў сельскагаспадарчай і дзікарослай прадукцыі насельніцтва, стымуляванне развіцця асабістых падсобных гаспадарак грамадзян, — падкрэсліў у сваім справаздачным дакладзе старшыня праўлення Белкаапсаюза Сяргей Сідзько. — За 2012 год насельніцтву за здадзеную прадукцыю выплачана Br1 трлн 204 млрд, ці ў сярэднім Br530 тыс. на 1 сельскага жыхара рэспублікі.

Многа гэта ці мала? Кіраўніцтва Белспажыўсаюза прызнаецца, што гэта някепска, але недастаткова. Можна было б значна больш. І абяцае да канца 2015 года аб'ёмы нарыхтовак у насельніцтва павялічыць ў 1,5 раза. Шляхоў некалькі. Першы — пераход на дагаворную форму вытворчасці прадукцыі ў асабістых гаспадарках грамадзян. Другі — стымуляванне вытворчасці высакаякаснай сельскагаспадарчай прадукцыі ў асабістых гаспадарках за кошт продажу, таварнага крэдытавання насельніцтва элітным насеннем, саджанцамі, бульбай, а таксама мінеральнымі ўгнаеннямі і сродкамі абароны раслін, сельгастэхнікай. Трэці — стварэнне максімальнай зручнасці насельніцтву для здачы лішкаў сельскагаспадарчай і дзікарослай прадукцыі за кошт прыцягнення да гэтай працы ў сезон не меней за 1,5 тыс. пазаштатных раз'язных нарыхтоўшчыкаў.

Таксама будзе прадоўжана мадэрнізацыя скотазабойных пунктаў. Акрамя таго, прадугледжана развіццё сістэмы збыту, цэнтралізацыя функцый адгрузкі, у тым ліку на экспарт, закупленай сяльгас- і дзікарослай прадукцыі, выкарыстанне лагістычнай сістэмы гандлёвай сеткі для яе захоўвання і транспартавання.

Пра неабходнасць карэнных змен у існуючай сістэме спажыўкааперацыі сказаў старшыня Мінскага аблвыканкама Барыс Батура. "Маючы самую разгалінаваную гандлёвую сетку ў рэспубліцы і пакуль самую вялікую ўдзельную вагу ў таваразвароце, арганізацыі спажыўкааперацыі валодаюць усімі рычагамі ўздзеяння як на вытворцаў, так і на пастаўшчыкоў, могуць атрымліваць максімальна выгадныя ўмовы пастаўкі, што ў сваю чаргу павінна азначаць наяўнасць прывабных коштаў для спажыўцоў у параўнанні з канкурэнтамі. Аднак мы назіраем сітуацыю, калі кошты на імпартныя тавары вышэй, чым у іншых гандлёвых сетак", — сказаў ён. На думку губернатара, змяніць сітуацыю можа карэкціроўка сістэмы аптовых закупак.

Удзельнікі сходу адзначылі паўнату і актуальнасць выступлення кіраўніка дзяржавы на агульным сходзе, а таксама ўвагу лідара краіны да інтарэсаў простых людзей, якія працуюць у гэтай сістэме.

— Вызначаныя ўсе без выключэння напрамкі, — падзяліўся ўражаннямі губернатар Віцебскай вобласці Аляксандр КОСІНЕЦ. — Дакладна былі вызначаны станоўчыя і адмоўныя моманты ў сённяшняй рабоце спажыўкааперацыі. Прэзідэнт адзначыў, што яна з'яўляецца народнай і неабходнай для таго, каб якасна забяспечваць сельскае насельніцтва таварамі. Ён сказаў і пра тое, што кааперацыю трэба развіваць, каб яна была канкурэнтаздольнай з прыватным і дзяржаўным сектарам. Патрэбна дакладная каардынацыя. Я згодны і з тым, што Міністэрства гандлю павінна ўдзельнічаць ва ўзаемадзеянні спажыўкааперацыі з прамысловымі прадпрыемствамі.

— Усе патрабаванні Прэзідэнта цалкам рэальныя, — лічыць кіроўца-прадавец Петрыкаўскага раённага спажывецкага таварыства Рыгор СОДЗЕЛЬ. — У дзень я аб'язджаю ад сямі да дзевяці населеных пунктаў. Мы абслугоўваем людзей тры разы на тыдзень, атрымалі новыя машыны на базе "МАЗа", цудоўнае халадзільнае абсталяванне. Таму можам дастаўляць усё неабходнае, свежыя і замарожаныя прадукты. Прыбытак залежыць ад маршруту. Безумоўна, калі вёска далёка і там мала людзей, то такую паездку цяжка акупіць. Аднак мы ўсё роўна ездзім, і людзі заўсёды нешта купляюць. Выйсце — задавальняць любыя патрэбы і прывозіць якасныя тавары. Я нядаўна рэалізаваў халадзільнік, тэлевізар, атрымаў заяўку на веласіпед. Добрая думка і пра тое, каб буйныя крамы ў гарадах дапамагалі нам у забеспячэнні вяскоўцаў разнастайным таварам.

Вельмі слушным акцэнт у выступленні кіраўніка дзяржавы на прапаганду нацыянальных прадуктаў лічыць майстар-кухар Пастаўскага раённага спажывецкага таварыства Галіна ЗЯМЧОНАК. "Мы імкнёмся развіваць беларускую кухню ў еўрапейскай падачы, — сказала яна. — Наша прадукцыя вельмі спадабалася на літоўскай выставе. Так што ўсё гэта варта развіваць".

— Важна, што кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на выканаўцаў работы на месцах, паабяцаў і ў будучыні аказваць увагу і дапамогу Белкаапсаюзу, яго арганізацыі, — дадала інжынер па якасці Пастаўскага раённага спажывецкага таварыства Марына ЦІМЧЫШЫНА. — Мы абслугоўваем вёскі, дзе пражывае па 20 чалавек, і адначасова адгружаем мяса ў Расію і Казахстан. Два гады таму ўвялі сістэму менеджменту якасці на вытворчасць мяса, а потым распаўсюдзілі яе і на гарачы разліў соку. Наша таварыства можа пахваліцца таксама сваім квашаннем і саленнем, рыбай, замарожанымі прадуктамі. Дзякуючы ўсяму гэтаму маем прыбытак, добрыя заробкі, захавалі ў сваёй структуры будаўнічыя арганізацыі, нарыхтоўчыя, прамысловыя, грамадскае харчаванне і гандаль. На Новы год мы цалкам забяспечылі свой раён, а гэта 20 тысяч насельніцтва, тартамі — зрабілі 6 тон святочнага салодкага пачастунку. Так што, калі аб'яднацца і разам вырашаць агульную задачу, то ўсё атрымаецца.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З такім заклікам выступіў кіраўнік дзяржавы на агульным сходзе прадстаўнікоў членаў Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў Спажывецкая...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика