Нягледзячы на няўстойлівае надвор’е, якое суправаджаецца начнымі замаразкамі, нясмелым “плюсам” удзень і парывістым ветрам, аграрыі раёна актыўна працуюць на палях Карэліччыны: рыхтуюць глебу пад сяўбу яравых культур, уносяць арганіку, падкормліваюць рапс і азімыя зерневыя культуры. І, безумоўна, актыўна ўключыліся ў пасяўную кампанію. На раніцу 3 красавіка ў раёне пасеяна 4345 га ранніх зерневых і зернебабовых культур, альбо 60% ад запланаваных 7279 га.
Штодзень аграрыі раёна засяваюць каля 460 га зерневых і зернебабовых культур. Па тэмпах бягучай пасяўной кампаніі ў тройцы лідараў аграрыі КСУП “Племзавод Карэлічы”, СВК “Маяк-Заполле” і СВК “Свіцязянка-2003”, дзе на раніцу 3 красавіка пасеяна 100%, 94% і 79% адпаведна. Па аб’ёмах вясенняй сяўбы ў перадавіках хлебаробы СВК “Свіцязянка-2003”, КСУП “Лукі-Агра” і КУСП “Чарняхоўскі-Агра”, дзе на сёння будучы ўраджай збажыны закладзены на 690 га, 520 га і 480 га адпаведна.
Безупынку працягваецца на Карэліччыне вясенняе ворыва. Пад сяўбу яравых культур падрыхтавалі 8320 га, што складае 41% ад плану ў 20336 га. Працавітасць механізатараў пэўных гаспадарак раёна можна смела ставіць у прыклад астатнім. Так, аграрыі СВК “Свіцязянка-2003” падрыхтавалі 1485 га, хлебаробы КУСП “Чарняхоўскі-Агра”, СВК “Жухавічы” и КСВУП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская» – па 1100 га кожны.
Дружнай кагортай прыступілі да вясенніх палявых работ аграрыі КУСП “Чарняхоўскі-Агра”, якім сёлета неабходна пасеяць 1066 га ранніх зерневых і зернебабовых культур. Усяго ж яравы клін гаспадаркі складае 2184 га.
– Да пасяўной прыступілі ў канцы сакавіка. Зараз засеялі 480 га, альбо 45% ад неабходных, – дзеліцца галоўны аграном КУСП “Чарняхоўскі-Агра” Сяргей Гісь, для якога сёлетняя пасяўная – васямнаццатая па ліку. – Часам сяўбу стрымліваў начны “мінус”. Да падрыхтоўкі глебы прыступаем гадзін у 10 раніцы, сеяць пачынаем таксама не з самага ранку. На бягучым тыдні пад пільнай увагай знаходзіўся азімы рапс, пад які ў гаспадарцы адведзена 280 га. Не адзін год актыўна ўзаемадзейнічаем з кампаніяй “Рапсинторг” і аддаём перавагу высокаўраджайным гібрыдам рапсу “Вектра”, “Сапфір”, “Брэнтана”, якія выйшлі з зімоўкі ў бадзёрым стане. Падкармілі алейную культуру карбамідам. Не забываем пра арганіку. На ўчарашнюю раніцу на палі вывезена 46,3 тысячы тон арганічных угнаенняў, унесена пад яравую сяўбу 32,3 тысячы тон. Сапраўды, вясной работы нямала. Але ўсё імкнёмся выканаць у неабходныя агратэхнічныя тэрміны. Нездарма ж кажуць, што вясновы дзень год корміць.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара