Змены. 21.by

Змены

29.09.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чалавек памяняў багоў на Бога, а Бога — на прыроду. Чалавек жахнуўся ад яе бязлiтаснасцi. Чалавек паспрабаваў быў вярнуць Бога на месца прыроды, але яна не дазваляе зрабiць такую рэстаўрацыйную змену...

Выхаванасць

Ёсць тры ступенi выхаванасцi. Першая, калi ты ведаеш, што за сабою трэба зачыняць дзверы. Другая, калi здагадаешся зачыняць iх акуратна. Трэцяя, калi навучышся зачыняць бязгучна...

"Таемная вячэра" i Алег

Забраў з майстэрнi рамы, паўстаўляў у iх фрагменты свайго нацюрморта "Таемная вячэра", саставiў з фрагментаў агульную кампазiцыю i задумаўся... Цi скончыў я працу? Цi трэба працягваць? Дзе i як "Таемную вячэру" выстаўляць? Столькi пытанняў! Мусiбыць знак! Ён не прымусiў сябе чакаць. Званок! "Што парабляеш, брат?" — "Раблю карцiну "Таемная вячэра"!" — "Значыць, не дарэмна я табе тэлефаную са святой жыровiцкай зямлi! Калi ты прыедзеш да нас, у манастыр?" — "Адклаў я гэтае падарожжа! Адклаў..." — "Час ёсць! Ты малады! Але ўсё ж прыязджай да нас, намалюеш манастыр i сабор! У нас цудоўныя мясцiны, яны будуць цябе натхняць на жывапiс!" — "Прыеду, Алег! Абавязкова! Мне трэба з табою пра апосталаў пагаварыць! Ты ў гэтым абазнаны лепей за мяне!" — "Буду чакаць! Хай табе дапамагае твой анёл-ахоўнiк..." Такi знак. Праца скончана. Крыху нечакана для мяне. Але званок паэта Знiча яшчэ большая нечаканасць. Апошнi раз я размаўляў з iм па тэлефоне ў 1979 годзе. Трыццаць гадоў прамiнула, а нашыя адносiны не змянiлiся, зусiм не змянiлiся. Дзiва.

Рывера i хамячыха

Пясняр мексiканскай рэвалюцыi Дыега Рывера спарадзiў плойму эпiгонаў з эпiгоншамi. Ягоныя манументальныя сценапiсныя вобразы перамалёўвалiся i зараз яшчэ тыражуюцца рознымi мастачкАмi i мастАчкамi. Рывера вельмi выразна маляваў чарапы, iндзейцаў, самбрэра, коней i вiнтоўкi. Наколькi выдатна ён маляваў рэвалюцыянераў, настолькi ж гадка ён вымалёўваў рэвалюцыянерак. І на сонцы ёсць плямы. Таму мяне зусiм не дзiвiць той факт, якi падаецца ў кнiзе пра Рыверу з расiйскай серыi "Жыццё надзвычайных людзей"... У дзяцiнстве Дыега трымаў хамякоў, калi адна хамячыха зрабiлася тоўстай ад цяжарнасцi, ён узяў скальпель, разрэзаў хамячыху i змесцiва яе жывата спусцiў ва ўнiтаз. Дзеяннi будучага генiя мексiканскай рэвалюцыi аўтар кнiгi патлумачыў звышцiкаўнасцю хлопчыка ды ягонай прагаю спазнаць найгалоўнейшую таямнiцу быцця. Мяне гэты факт падштурхнуў да iншай думкi... У Рыверы была прыродная схiльнасць да палавой паталогii, таму можна паверыць i ў тое, што ён сапраўды моцна любiў апантаную вар'ятку са скалечаным у дарожнай аварыi целам — Фрыду.

Энгельс, жонка i каханка

Кiнуць жонку цяжка. Як падумаеш пра посуд, якi давядзецца зноў наноў купляць, так жаданне кiдаць робiцца меншае. Можна яшчэ падумаць пра мэблю, бялiзну, кватэру, дом за горадам. Меў рацыю Энгельс, калi знiтоўваў паходжанне сям'i з прыватнай уласнасцю i капiталам. Але жонку можна кiнуць гэтак жа, як можна кiнуць пiць. Будзе цяжка, пакутна, балюча, але праблема вырашальная. Зазвычай, кiданне пiць i заканчваецца кiданнем жонкi. Ты цверазееш i з дзiвам глядзiш на праяснены, яскравы i жорсткi свет. Як я мог жыць у алкагольнай каламутнасцi? Як я мог столькi гадоў праспаць з гэтай трыклятай сучкай? Жонка кiдаецца так, як кiдаецца запойнае пiццё гарэлкi. Каханка кiдаецца зусiм iнакш. Каханка кiдаецца так, як кiдаецца паленне тытуню. Кiнуць палiць цяжэй, чым кiнуць пiць. Думкi пра побыт i капiтал не дапамагаюць. Таму каханка спачатку мяняецца на iншую, больш маладую i больш дарагую, так, як паленне цыгарэт мяняецца на паленне цыгары цi люлькi. Ты адкладаеш i адкладаеш кiданне каханак, а потым усё адно кiдаеш. Кiнуць можна ўсё i ўсiх. Было б рашэнне...

Букоўскi i шынэль

Амерыканскi пантовы апавядальнiк Чарльз Букоўскi заўважыў, што "Вайна i мiр" Льва Талстога — другая пасля гогалеўскага "Шыняля" галоўная параза расiйскай лiтаратуры. Такое стаўленне да Гогаля мяне спынiла. Чаму галоўная i асноўная параза расiйскай лiтаратуры — аповесць "Шынэль", аповесць, з якой, па справядлiвых словах Дастаеўскага, i выйшла ўся наступная расiйская лiтаратура? Тыдзень я прахадзiў з пытаннем пра шынэль у галаве. Учора, у размове з Лёшам Андрэявым пачуў ад яго новы тэрмiн "негалоўнае пакаленне", так у сучасным Кiтаi называюць маладую генерацыю, што захварэла на шапагалiзм. Калi асноўная падзея ў тваiм жыццi — набыццё звычайных ботаў, а ты падаеш гэта, як прыдбанне чароўных ботаў-скараходаў, тваё iснаванне нiкчэмнае, i ты сапраўды належыш да прамежкавага малазначнага пакалення. Таму я пагаджаюся з галiвудскiм артыстам Букоўскi, якi назваў генiяльны твор Мiкалая Гогаля "Шынэль" галоўнай паразаю вялiкай расiйскай лiтаратуры.

Мiлiцыянеры i гарачыня

У бальнiчным буфеце я замовiў сабе сасiску, запечаную ў цесце. Доктарка Вера паведамiла мне добрую навiну, а добрую навiну варта адзначаць. Доктарка сказала, што вока маё паправiлася, i цяпер засталося плаўна вызвалiцца ад кропель i мазяў. Яна пастукала кулаком пра драўляным стале, каб яе словы спраўдзiлiся, а я вырашыў азначыць падзею паяданнем гарачай сасiскi. Я еў сасiску з горкай чорнай каваю i быў амаль шчаслiвы. Цяпер я магу нават сказаць, што я быў цалкам шчаслiвы. У мой ясны i шчаслiвы свет зайшоў мiлiцыянер з аўтаматам. Ён агледзеў бальнiчны буфет i накiраваўся да лядоўнi з напоямi. Мiлiцыянер узяў з лядоўнi двухлiтровую бутэльку вады i стаў у чаргу. Чалавек з аўтаматам на плячы стаў у чаргу цывiльных людзей. Я быў упэўнены, што ён не будзе стаяць у чарзе. Ёсць пэўны дыскамфорт, калi ўзброены чалавек стаiць у чарзе. Цi, можа, я яшчэ не прызвычаiўся да таго, што ўзброеныя людзi стаяць у чарзе? Напэўна, не прывык я да такога. Таму ўзяў я свой пластыкавы кубак з каваю i выйшаў на ганак. Там стаяў бандыт, якога ахоўваў другi мiлiцыянер з аўтаматам. Пакуль я дапiваў сваю горкую каву, у бальнiчны двор заехаў сiнi мiкрааўтобус, з якога выйшлi яшчэ два мiлiцыянеры. Тут я i пачуў расповед пра бандыта, якi выцягнуў з кiшэнi ў паўсляпога мужчыны сотавы тэлефон. Мужчына затрымаў рабаўнiка, але той паспеў перадаць скрадзены тэлефон свайму памагатаму, якi ўцёк. Мiлiцыянеры запакавалi бандыта ў мiкрааўтобус i з'ехалi. Я падумаў, што гэтым разам мiлiцыянеры знойдуць скрадзены тэлефон. У iх жа ёсць два лiтры халоднай вады, а ў спёку, за глыток вады любы бандыт раскажа ўсё, што ты толькi пажадаеш.

Пытаннi i адказы

На кнiжным кiрмашы сiвагаловы яўрэй спытаў у мяне: "Вам нешта паказаць цi падказаць?" — "З вашага дазволу, я проста пагляджу на кнiгi, можа якая светлая думка прыйдзе ў галаву..." — "Харошы адказ, нават безадносна кнiжак..." На выставе самадзейных мастакоў даўгавусы беларус спытаў: "Вам дапамагчы?" — "Дзякуй, у мяне i так усё добра!" — "Выдатны адказ, даўно такога не чуў..." У майстэрню патэлефанаваў сябра Сцяпан: "Што робiш?" — "Нiчога не раблю, усё зрабiў!" — "Выдатна..." Бываюць такiя нядзелi, калi ў мяне атрымлiваецца адказваць на пытаннi.

Лядаштасць

У суботу пад маiм вiленскiм акном праплываюць чорныя шыракаполыя капелюшы. Барадатыя вернiкi накiроўваюцца ў сiнагогу. Шэсце людзей у чорным выглядае ўрачыстым. Аднойчы, спакусiўся я ды й наведаўся ў сабор. Уразiла лядаштасць. А скарыла мяне карункавая старызна ўсiх тамтэйшых рэчаў. Здалося: паспрабуеш дакрануцца — i ўсё тут рассыплецца, развеецца, знiкне i прападзе ў незваротнасцi. Iнтэр'ер сiнагогi нiбыта асвятляўся слабым святлом ветаха. I ў ясны сонечны дзень там панавала месячнае святло. Дзiвосная была старызна, пракаветнасць i запаветнасць. Пасля наведвання сiнагогi добра перачытвалася кнiга "Лiкi" са "Старога запавету".

Адам ГЛОБУС.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чалавек памяняў багоў на Бога, а Бога — на прыроду. Чалавек жахнуўся ад яе бязлiтаснасцi. Чалавек паспрабаваў быў вярнуць Бога на месца прыроды, але яна не дазваляе зрабiць такую рэстаўрацыйную змену...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика