Былы мінiстр сельскай гаспадаркi Лiтвы: Шкадую, што мы развалiлi калгасы. 21.by

Былы мінiстр сельскай гаспадаркi Лiтвы: Шкадую, што мы развалiлi калгасы

07.10.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Карэспандэнт "Звязды" надзеў "кухвайку" i галошы ды праехаўся па фермах суседняй Лiтоўскай Рэспублiкi. Высветлiлася, што тамтэйшыя аграрыi жывуць лепш за гараджанаў

Прадукты сельскай гаспадаркi маленькай Лiтоўскай Рэспублiкi славяцца яшчэ з савецкiх часоў. Ну, хто з гурманаў не каштаваў, скажам, знакамiтых лiтоўскiх сыроў? Ды нават свой хлеб лiтоўцы разрэкламавалi так, што яго прадаюць i ў Польшчы, i ў Нямеччыне. А кошты на прадукцыю ў лiтоўскiх крамах па многiх пазiцыях нiжэйшыя за нашы. Дзе-дзе, а ў галiнах сельскай гаспадаркi i харчовай прамысловасцi з Лiтвы варта браць прыклад многiм.

— Сёння справы ў сельскай гаспадарцы iдуць сапраўды някепска, — прызнаецца былы мiнiстр сельскай гаспадаркi Лiтвы Яронiмас Краўелiс. — Калi ўвайшлi ў Еўрапейскi саюз, высветлiлася, што прадукцыя адпавядае ўсiм нормам, а то i лепшая. А кошты на лiтоўскую прадукцыю малочнай цi мясной вытворчасцi — на 40 працэнтаў нiжэйшыя, чым у тых жа французаў, немцаў, датчанаў. Таму на пастаўкi лiтоўскiх прадуктаў увялi некаторыя квоты. Інакш мы маглi захапiць немалую долю рынку.

Трэба сказаць, што спадар Яронiмас Краўелiс займаў пасаду мiнiстра ў канцы 90-х гадоў. А сёння ён — старшыня Асацыяцыi сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Лiтвы, своеасаблiвага прафсаюза аграрыяў. Спадар Яронiмас прызнаўся, што ўжо гадоў дваццаць не размаўляў па-руску, але ветлiва адказваў на мае пытаннi.

— Хоць у пачатку 90-х, калi Лiтоўская Рэспублiка стала незалежнай краiнай, праблемы ў нас былi сур'ёзныя, — узгадвае Яронiмас Краўелiс, эмацыйна развёўшы рукi ўбакi. — Калгасы параскiдалi! Здаралася, калгасныя забудовы разносiлi па цаглiнах. А сёння ў нашай сярэдняй гаспадарцы прыкладна 18 гектараў зямлi. Нават сорамна сказаць — у сярэднiм тры каровы на гаспадарку выходзiць.

Словам спадара Яронiмаса Краўелiса я шчыра здзiвiўся:

— Чаму тады лiтоўскiя сяляне сёння так добра жывуць?

— Вядома i буйных гаспадарак у нас нямала. Яны мадэрнiзаваныя, атрымлiваюць добрую дапамогу ад Еўрапейскага саюза i нашага ўрада. Але i тут, на наш погляд, не ўсё справядлiва. Лiтоўскi фермер атрымлiвае 51 еўра дапамогi на тону збожжа, якую ён вырошчвае. Калi ў пачатку двухтысячных уводзiлася гэта норма, у нас праходзiлi рэформы, рэарганiзацыi, паказчыкi былi невысокiя. А сёння ў некаторых гаспадарках паказчыкi выраслi ў разы, а дапамога ўсё тая ж. Таму ў параўнаннi з фермерамi Францыi, напрыклад, мы ў няроўных умовах.

"Ваш "Беларус" — добры трактар, за 10 гадоў не паламаўся"

Спадар Яронiмас Краўелiс як сумленны чыноўнiк многае ў развiццi сельскай гаспадаркi Лiтвы хвалiў, а многае i крытыкаваў. Ды поспехi лiтоўскiх аграрыяў пры гэтым меншымi не робяцца. У ваколiцах Вiльнi i Каўнаса я праехаўся па тыповых буйных гаспадарках. Вось адна з iх.

Заязджаю ў вёску Аткочай, што ў 85 кiламетрах ад сталiчнай Вiльнi. I бачу перад сабой — ну, самы звычайны беларускi калгас. Такiя ж кароўнiкi, як у нас, такiя ж бункеры для сушкi збожжа, такiя ж гаспадарчыя пабудовы.

— Лабадзена, — прывiтаўся са мной мясцовы заатэхнiк Гедымiнас, а калi даведаўся, што я з Беларусi, перайшоў на ламаную рускую мову. — Яшчэ ў 80-х гэта быў калгас iмя камунiстычнага пiсьменнiка Каралiса Пажэлы. А сёння — наша гаспадарка, называецца "Аткочай аграсэрвiс". Маем 2500 гектараў зямлi i вырошчваем усе збожжавыя культуры. Намалоты — каля шасцi тон з гектара.

Пахадзiўшы па гаспадарцы, не змог адразу знайсцi адрозненняў ад беларускага СВК. Раптам на вочы мне трапляюцца замежныя трактары жоўтага колеру.

— Гэта "Кейсы" i "Джон Дзiры", вельмi добрыя трактары, — хвалiцца Гедымiнас.

— Што ж вы нашы трактары не купляеце, мы ж суседзi— — пытаюся ў заатэхнiка. — Унiверсальны "Беларус-82" 15,5 тысячы долараў у нас каштуе.

— Ведаю, што вашы трактары добрыя, у самога ёсць маленькi "Беларус", дзесяць гадоў карыстаюся, амаль не ламаўся, — адгаворваецца Гедымiнас. — Але купляць вашы трактары нам нiхто не прапаноўвае. Няхай бы праехалiся ўладальнiкi вашага завода па нашых прадпрыемствах ды парэкламавалi. Тады б, упэўнены, прадалося б нямала трактароў.

Беларускiя цялушкi нам не па душы

Каровы, якiя гадуюцца ў "Аткочай аграсэрвiс", для беларускага вока незвычайныя. Мычаць як каровы, а знешне на нашых чорна-пярэстых мала чым падобныя.

— Гэтыя белыя — французскiя "шарле", — працягвае Гедымiнас экскурсiю. — А карычневыя з белымi галовамi — англiйскiя "герафорды". Спецыяльныя мясныя пароды, малака з iх столькi ж, як з казла.

Калi я расказаў, што ў Беларусi па-ранейшаму папулярныя цялушкi чорна-пярэстай пароды, Гедымiнас адмоўна пакiваў галавой. Усмiхаўся заатэхнiк i тады, калi я пачаў расказваць пра беларускую бiтву за ўраджай:

— Пагадзiся, Гедымiнас, ну, як можна пражыць, калi не ведаеш, хто колькi намалацiў? Ды i "Дажынак" у вас няма. Непарадак.

— Даўно я не бываў у Беларусi, — унiкнуў ад адказу далiкатны Гедымiнас. — А вашы "Дажынкi" сам хацеў бы пабачыць. Спадзяюся, беларускiя аграрыi з лiтоўскiмi надалей будуць больш абменьвацца досведам.

Яўген ВАЛОШЫН.

Мiнск—Вiльня—Каўнас—Мiнск.

Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэспандэнт "Звязды" надзеў "кухвайку" i галошы ды праехаўся па фермах суседняй Лiтоўскай Рэспублiкi. Высветлiлася, што тамтэйшыя аграрыi жывуць лепш за гараджанаў Прадукты сельскай гаспадаркi маленькай Лiтоўскай Рэспублiкi славяцца яшчэ з савецкiх часоў. Ну, хто з гурманаў не каштаваў, скажам, знакамiтых лiтоўскiх сыроў? Ды нават свой хлеб лiтоўцы разрэкламавалi так, што яго прадаюць i ў Польшчы, i ў Нямеччыне. А кошты на прадукцыю ў лiтоўскiх крамах па многiх пазiцыях нiжэйшыя за нашы. Дзе-дзе, а ў галiнах сельскай гаспадаркi i харчовай прамысловасцi з Лiтвы варта браць прыклад многiм.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика