Асабістыя звесткi застануцца тайнай. 21.by

Асабістыя звесткi застануцца тайнай

08.10.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Да пачатку перапiсу насельнiцтва засталiся лiчаныя днi. Варта нагадаць, што непасрэдна збор звестак будзе праходзiць з 14 па 24 кастрычнiка. А ўжо сёння перапiсчыкi распачнуць папярэднi абход — з мэтай пацiкавiцца найбольш зручным часам для "асноўнага" вiзiту. Мiж тым, не сакрэт: чым блiжэй дата перапiсу — тым больш узнiкае пытанняў. І адказам на iх была прысвечана сустрэча з журналiстамi намеснiка старшынi Нацыянальнага статыстычнага камiтэта Беларусi Святланы Навасёлавай.

Навошта гэта трэба?

Без перабольшання, гэта пытанне — адно з найбольш папулярных. Святлана Навасёлава зазначыла: нягледзячы на iснаванне шматлiкiх базаў звестак аб асобных катэгорыях грамадзян (скажам, аб iндывiдуальных прадпрымальнiках, падаткаплацельшчыках, пенсiянерах i г. д.), поўны малюнак аб насельнiцтве можа даць выключна перапiс. Прычым толькi на падставе iнфармацыi перапiсу магчыма рабiць сацыяльна-эканамiчныя прагнозы на ўзроўнi дзяржавы i асобных рэгiёнаў, а таксама — вызначаць дэмаграфiчныя праграмы.

— У прыватнасцi, перапiс дазволiць ацанiць стан нашых сем'яў, — заўважыла намеснiк старшынi Нацыянальнага статыстычнага камiтэта. — У вынiку, напрыклад, з'явiцца магчымасць ацанiць, як будзе адбiвацца на ўзроўнi нараджальнасцi той жа рост колькасцi грамадзянскiх шлюбаў.

Як збiраюць звесткi?

Перапiс-2009 будзе рабiцца метадам апытання. Такiм чынам, яго канчатковыя вынiкi будуць залежаць непасрэдна ад адказаў рэспандэнтаў. Прычым патрабаваць якiя-небудзь дакументальныя пацверджаннi вусных звестак забараняецца. Разам з тым трэба мець на ўвазе, што перапiс — гэта не сацыялагiчнае апытанне.

— На жаль, сёння ёсць спробы звязаць перапiс з палiтыкай, маўляў, у вынiку будзе створана нейкая база звестак па кожным грамадзянiне Беларусi, — распавяла Святлана Навасёлава. — Таму я мушу адназначна заявiць: гэта — поўная лухта. У перапiсным лiсце няма нiводнага пытання, якое датычыцца палiтычных поглядаў чалавека цi на падставе якога можна нейкiм чынам ацанiць настроi ў нашым грамадстве.

Калi няма жадання?

Паводле заканадаўства, рэспандэнты абавязаныя не перашкаджаць перапiсу насельнiцтва i запаўняць перапiсныя аркушы. Адказнасцi за адмову ад апошняга не прадугледжваецца. У горшым выпадку перапiсчык проста прапусцiць "непажаданае" пытанне. Аднак, мяркуюць у Нацыянальным статкамiтэце, грамадзяне Беларусi паставяцца да акцыi з разуменнем — тым больш, што пытанняў аб памерах даходаў цi якiх-небудзь камерцыйных тайнах не прадугледжваецца. Не будзе, падкрэслiвае Святлана Навасёлава, i далейшай "уцечкi" iнфармацыi.

Дарэчы, па сцвярджэннях прадстаўнiкоў Нацыянальнага статкамiтэта, сам працэс перапiсу павiнен быць непрацяглым. У сярэднiм перапiсчык будзе знаходзiцца ў кватэры 10—15 мiнут.

Куды пойдзе iнфармацыя?

Адначасова Святлана Навасёлава заўважыла: кожнаму чалавеку гарантуецца поўная канфiдэнцыяльнасць персанальных звестак. Пры апрацоўцы ўсе персанальныя звесткi будуць "абезасобленыя". Адпаведна, надалей стануць распаўсюджвацца толькi "зводныя" звесткi — па краiне, раёне, населеным пункце ў цэлым. Таму даступнай стане выключна "агульная" iнфармацыя. I ў тым лiку — для падаткавiкоў i органаў па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне.

— Увесь персанал, якi будзе мець доступ да перапiсных лiстоў, падпiсвае абавязацельства аб невыдаваннi iнфармацыi i папярэджваецца аб адказнасцi за парушэнне гэтага абавязацельства, — працягвае Святлана Навасёлава. — Апроч таго, вызначаныя канкрэтныя асобы, якiя адказваюць за абарону персанальных звестак ужо на этапе iх апрацоўкi.

А што з двухмоўем?

Адно з пытанняў будзе датычыцца роднай мовы. Гэта — зноў-такi справа самавызначэння грамадзян. Прычым самi перапiсныя лiсты надрукаваныя як па-руску, так i па-беларуску. А самi перапiсчыкi (да слова, iх агульная колькасць складзе 38 тыс. чалавек) прайшлi папярэдняе навучанне рабоце з аркушамi на беларускай мове.

Чаму няма пытання аб рэлiгii?

Як адзначыла Святлана Навасёлава, гэта тэма чамусьцi стала ўзнiмацца толькi ў самы апошнi час. У час жа, калi складалася праграма перапiсу (яна была размешчаная на афiцыйным сайце Нацыянальнага статыстычнага камiтэта), пытання наконт канфесiйнай прыналежнасцi нiхто не прапанаваў. Зрэшты, у камiтэце не выключаюць: калi такое пытанне сапраўды будзе паўставаць, то яно абавязкова з'явiцца ў аркушах падчас наступнага перапiсу ў 2019 годзе.

Як не пусцiць у хату злодзея?

Каб пад "шыльдай" перапiсчыка раптам не прыйшоў злодзей, трэба памятаць некалькi важных нюансаў. Перапiсчыкi павiнны мець спецыяльныя значкi i партфелi. Да таго ж, калi на парозе з'явiцца чалавек для правядзення перапiсу, неабходна запатрабаваць пасведчанне — з пячаткай i подпiсам кiраўнiка райвыканкама цi адмiнiстрацыi раёна. Прычым i пячатка, i подпiс павiнны быць арыгiнальнымi, нiякiя факсiмiльныя варыянты тут не дапускаюцца.

— Калi з тых або iншых прычын грамадзянiн не хоча быць перапiсаным па месцы жыхарства, ён можа завiтаць на стацыянарны перапiсны ўчастак, — нагадвае Святлана Навасёлава. — Скажам, адрасы такiх участкаў размешчаныя на афiцыйным сайце Нацыянальнага статыстычнага камiтэта — belstat.gov.by.

Калi нiкога няма дома?

Калi падчас перапiсу грамадзянiн адсутнiчае дома, iнфармацыя аб iм можа быць запiсаная са слоў сваякоў. Калi ж даць поўную iнфармацыю сваякi не змогуць, перапiсчыкi скарыстаюцца звесткамi жыллёва-эксплуатацыйных службаў.

Якiя грошы?

Пакуль поўны каштарыс яшчэ невядомы. Аднак, у прыватнасцi, сёлета на правядзенне кампанii плануецца накiраваць каля 19 млрд рублёў. Пры гэтым, адзначыла Святлана Навасёлава, нягледзячы на ўсе эканамiчныя цяжкасцi, на перапiс выдзеленыя ўсе неабходныя грошы.

Цi хутка будуць вынiкi?

Па сутнасцi перапiс закончыцца толькi 30 снежня 2011 года. Менавiта да гэтага часу будзе апрацаваная ўся iнфармацыя. Разам з тым, да 1 лютага 2010 года павiнны з'явiцца папярэднiя звесткi аб колькасцi насельнiцтва ў Беларусi з "разбiўкай" на гарадскiх i вясковых жыхароў. А да 1 верасня наступнага года Нацыянальны статыстычны камiтэт мае намер апублiкаваць звесткi аб колькасцi насельнiцтва з "разбiўкай" паводле полу, узросту, нацыянальнага складу i крынiц сродкаў iснавання.

Сяргей ГРЫБ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да пачатку перапiсу насельнiцтва засталiся лiчаныя днi. Варта нагадаць, што непасрэдна збор звестак будзе праходзiць з 14 па 24 кастрычнiка. А ўжо сёння перапiсчыкi распачнуць папярэднi абход — з мэтай пацiкавiцца найбольш зручным часам для "асноўнага" вiзiту. Мiж тым, не сакрэт: чым блiжэй дата перапiсу — тым больш узнiкае пытанняў. І адказам на iх была прысвечана сустрэча з журналiстамi намеснiка старшынi Нацыянальнага статыстычнага камiтэта Беларусi Святланы Навасёлавай.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика