Англiйскi фунт лiха. 21.by

Англiйскi фунт лiха

16.10.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Выязны матч нацыянальных зборных Англіi i Беларусi ў рамках адборачнага турнiру да ЧС-2010, якi адбыўся напярэдаднi на лонданскiм стадыёне "Уэмблi", стаў вянцом усяго квалiфiкацыйнага раўнда абедзвюх каманд. У гэтым паядынку, якi для iх ўжо нiчога не вырашаў, на кон быў пастаўлены прэстыж кожнага з настаўнiкаў. Не "падмочаным" ён застаўся для iтальянца Фабiя Капелы — англiчане перайгралi беларусаў з сухiм лiкам 3:0. А вось для нямецкага спецыялiста Бернда Штанге, якi ўжо другi цыкл спрабуе вывесцi беларусаў "у людзi", фiнiшная прамая стала сапраўдным крывым люстэркам, у якiм пакуль не вельмi яскрава можна разгледзець стыль гульнi, псiхалагiчную загартаванасць i звычайную прафесiйную прыдатнасць кожнага з гульцоў галоўнай зборнай краiны.

 

Каму ўсё — каму нічога

Зрэшты, для iх нават у перыяд эканамiчнага крызiсу — максiмум выгод i камфорту, у чым у чарговы раз можна было ўпэўнiцца. Чартэрны рэйс "Боiнга-737" з футбольнай дэлегацыяй з Беларусi прызямлiўся з двухдзённым запасам не ў Хiтроў i Гатвiку, а ў яшчэ адным мiжнародным аэрапорце Лутон, што ў 56 кiламетрах ад Лондана. Паводле слоў кiраўнiка Беларускай футбольнай федэрацыi Генадзя Нявыгласа, гэта зроблена з мэтай, каб футбалiсты мелi больш часу на падрыхтоўку да адказнага матчу, бо месцам дыслакацыi каманды на пэўны час стаў 5-зоркавы гатэль Soupell House, размешчаны ў невялiкiм гарадку Сент Олбанс, што на паўдарозе ад аэрапорта Лутон да стадыёна "Уэмблi". Поўная iдылiя i ўсе ўмовы для трэнiровак i цудоўнай зорнай гульнi!

У адрозненне ад гульцоў, дзясятак беларускiх журналiстаў, на жаль, увогуле нiякiх клопатаў на сабе не адчулi. У лiчаныя хвiлiны ў межах мiжнароднага аэрапорта прадстаўнiкi айчынных СМІ засталiся сам-насам з англiйскiмi жыццёвымi рэалiямi. Для нас транспарт, калi б мы i гатовыя былi скiнуцца па 5—10 фунтаў, не быў заказаны. Нават прысутнасць кiраўнiцтва беларускага пасольства ў Вялiкабрытанii гэтую сiтуацыю пакiнула без асаблiвай увагi. Маўляў, разрульвайце самi.

Давялося запасцiся цярпеннем, заручыцца ўласнай iнтуiцыяй, каб не заблудзiць у лонданскiм наваколлi i дабрацца да гасцiнiцы. За паўтары гадзiны такога турнэ мы вымушаны былi асвоiць чаўночныя рэйсы з трыма перасадкамi на лонданскiх электрычках, дарэчы, надзвычай бясшумных, азнаёмiцца з вельмi высокiмi па нашых мерках цэнамi на грамадскi транспарт. Зразумела, што па дарозе назад, да аэрапорта Лутон, мы павiнны былi спадзявацца толькi на ўласныя сiлы. Магчыма, такiя выпрабаваннi — гэта вялiкi плюс для падрыхтоўкi зорных рэпар- тажаў. Хоць з-за адсутнасцi вiдовiшчнага футбола на "Уэмблi" з боку беларусаў значна большы ўпор хочацца зрабiць на тое, што датычыцца непасрэднага жыцця лонданцаў, якiх у хуткiм часе проста выжывуць эмiгранты з Паўднёва-Усходняй Азii i Афрыкi.

Напрыклад, у раёне галоўнай спартыўнай арэны брытанскай сталiцы, якi адносiцца да 4-га пояса (г.зн. звычайная ўскраiна), ва ўсю гаспадараць iндусы, пакiстанцы, малайцы. У размове з мясцовымi "аўтарытэтамi", якiя спачатку спрабуюць "стрэльнуць" у цябе цыгарэту, становiцца ясна, што тут усе актуальныя пытаннi можна вырашыць у лiчаныя хвiлiны. Збыць блок-другi цыгарэт, выклiкаць путану i нават пры асаблiвым жаданнi падагнаць наган альбо рэвальвер. Зразумела, што ад такiх размоў становiцца нiякавата, i ты стараешся хутка рэцiравацца ў гатэль, куды няпрошаным гасцям з сумнеўнымi прапановамi шлях закрыты. Тым не менш, хацелася б гэтага цi не, а сутыкацца з такой публiкай даводзiлася штодня, бо некалькi дзён у Лондане былi прысвечаны яшчэ i наведванню шматлiкiх памятных мясцiнаў накшталт набярэжнай брытанскага парламента з сусветна вядомым Бiг-Бэнам, Букiнгемскiм Палацам, Таўэрскiм мостам, Трафальгальскай плошчай... Галоўны сродак перамяшчэння — грамадскi транспарт, запоўнены ў асноўным народам афра-азiяцкага паходжання... Адно супакойвала — што да вялiкага футбола iм няма нiякай справы, таму ў бок "Уэмблi", якi знаходзiўся ў адным кiламетры хадзьбы ад аднайменнага гатэля, можна было iсцi яшчэ i з надзеяй сустрэць сапраўднага дзелавога лонданца, для якога футбол — гэта сапраўдная рэлiгiя. Матч Англiя—Беларусь, на якi сабралася амаль 77 тысяч чалавек — лепшае таму пацвярджэнне.

Кажуць, што сапраўдныя англiчане ходзяць на "Уэмблi" яшчэ i дзеля таго, каб проста акунуцца ў аўру суперарэны, аналагаў якой у Еўропе няма. У яе будаўнiцтва за чатыры гады, пачынаючы з 2003 года, было ўкладзена каля паўтара мiльярда долараў. Таму англiйскiя футбалiсты лiчаць, што дрэнна гуляць на "Уэмблi" проста немагчыма, а прайграваць — тым больш. Хоць за двухгадовую гiсторыю iснавання стадыёна яго гаспадары-англiчане двойчы былi бiтымi. Першы раз яны саступiлi на "Уэмблi" зборнай Германii летам 2007 года ў звычайным таварыскiм матчы 1:2, а другi раз — у матчы веку з камандай Харватыi ў лiстападзе таго ж года — 2:3, пасля чаго дарога на фiнал чэмпiянату Еўропы-2008 стала для iх закрытай. Цiкава, што праз два гады пасля таго ў рамках адборачнага турнiру да чэмпiянату свету-2010 на "Уэмблi" зборная Англii разграмiла харватаў 5:1, чым фактычна пазбавiла iх магчымасцi паехаць у Паўднёва-Афрыканскую Рэспублiку.

Адметна, што яшчэ задоўга да матчу з англiчанамi галоўны трэнер беларускай зборнай Бернд Штанге сказаў журналiстам, што ў Лондане яго падначаленыя нi ў якiм разе не саступяць гаспадарам з такiм ганебным лiкам, як харваты. Наколькi прагнозы немца сталiся прарочымi — меркаваць балельшчыкам, бо 0:3 — гэта вынiк таксама з разлiку вельмi непрыемных. I гэта пры тым, што мы гулялi, як маглi, а англiчане — як хацелi. I склалася такое ўражанне, што пры неабходнасцi выхаванцы Фабiя Капелы змаглi б забiць столькi, колькi было патрэбна. Балазе, гульня беларускага галкiпера Юрыя Жаўнова на гэты раз не вызначалася надзейнасцю i ўпэўненасцю, i ўсе галы былi з разраду тых, калi варатар мог адвесцi пагрозу. I прыклад яго калегi Бена Фостэра, якi ў другой палове сустрэчы змог выцягнуць удар ва ўпор Сяргея Амельянчука, гэта пацвярджае.

Аповесць аб Кутузаве i Глебе...

Яшчэ на перадматчавай прэс-канферэнцыi, якая адбылася на 90-тысячнiку "Уэмблi" за суткi да пачатку англiйска-беларускага дэрбi, Бернд Штанге выказаў шкадаванне, што ў Лондан легiянер iтальянскага чэмпiянату Вiталь Кутузаў прыехаў з траўмай, таму пытанне, "быць цi не быць" яму ў стартавым саставе, вырашыцца ў дзень гульнi. Як паветра, падкрэслiў нямецкi трэнер, не хапае камандзе i Аляксандра Глеба. I гэта пры тым, што ён зараз не ў фаварытах бундэслiгi. Таму пры адсутнасцi гэтых двух футбалiстаў беларусам будзе няпроста паказаць сябе.

Лагiчна было б меркаваць, што настаўнiк англiчан Фабiя Капела таксама засведчыць перад журналiстамi сваё "але" з нагоды выбывання са стройных радоў гаспадароў Уэйна Рунi, Стывена Джэрарда... Праўда, iтальянец быў спакойны i ўпэўнены ў сваiх выказваннях. Рунi — гэта вельмi важны футбалiст як для зборнай Англii, так i для "Манчэстэр юнайтэд", падкрэслiў Капела, але мы можам перамагаць як з iм, так i без яго. Яшчэ б: на матч Англiя—Беларусь галоўны трэнер гаспадароў запрасiў больш за паўсотню гульцоў, з якiх давялося выбраць 18 чалавек.

А вось Бернд Штанге, паводле яго ўласных слоў, дазволiць сабе гэтага не можа. Выбар — небагаты. Няма аднаго-двух вядучых гульцоў — i гульня, можна сказаць, iдзе наперакос.

Зрэшты, на пасляматчавай прэс-канферэнцыi Берд Штанге хоць i выглядаў крыху разгубленым, але ж стараўся трымаць свае эмоцыi пад кантролем. Ён дыпламатычна высока ацанiў гульню англiйскай зборнай i ў цэлым высокi ўзровень унутранага чэмпiянату на туманным Альбiёне, пажадаўшы роданачальнiкам футбола поспехаў у фiнальнай частцы чэмпiянату свету ў ПАР. Яго калега Фабiа Капела выказаў вялiкае задавальненне тым, што камандзе Англii ўдалося забiць тры безапеляцыйныя мячы i на мажорнай ноце завяршыць гэты адборачны турнiр. На пытанне журналiстаў наконт формы Дэвiда Бекхэма, iтальянскi трэнер адказаў, што Бекхэму яшчэ неабходна набiраць форму, для чаго яму не зашкодзiць яшчэ больш гульнявой практыкi. Праўда, папулярнасць форварда Лос-Анджэлескага "Ла Галаксi" ў Лондане настолькi вялiкая, што па завяршэннi сустрэчы Англiя—Беларусь у мiкс-зоне стадыёна "Уэмблi" "амерыканец" Бекхэм аддаў свае футболку i майку фанатам на сувенiры.

Наўрад цi ў каго з нашых балельшчыкаў, а iх рознымi шляхамi, у тым лiку i на аўтобусе праз пралiў Ла-Манш, прыехала ў Лондан нямала, узнiклi якiя-небудзь патрыятычныя парывы, каб разарваць майку Жаўнова альбо Сасноўскага на сувенiры. Магчыма, гэтыя часы яшчэ прыйдуць. Пакуль жа беларускiм журналiстам даводзiцца радавацца хаця б таму, што англiйскiя балельшчыкi пралiчылiся — паставiлi ў лонданскiх букмекерскiх канторах на пройгрыш беларусаў з лiкам 0:4 i прайгралi. А гэта значыць, што мы проста павiнны аддаць яшчэ англiчанам даўгi за два паражэннi — 1:3 i 0:3 (у рамках квалiфiкацыйнага раўнда) у Мiнску i Лондане з iнтэрвалам роўна год. Будзем чакаць?!

У групе № 6 заключныя матчы турнiрную канчатковую раскладку не парушылi. Зборная Украiны з разгромным лiкам 6:0 перайграла на выездзе каманду Андоры, а харваты ў гасцях перайгралi казахаў — 2:1.

Турнiрнае становiшча: Англiя — 27 ачкоў, Украiна — 21, Харватыя — 20, Беларусь — 13, Казахстан — 6, Андора — 0.

На сёння ў Еўропе ўжо закончыўся квалiфiкацыйны раўнд да ЧС-2010. Па яго вынiках напрамую адбор у ПАР прайшлi дзевяць каманд — пераможцаў груп: каманды Галандыi, Iспанii, Германii, Сербii, Англii, Iталii, Данii, Швейцарыi i Славакii. Яшчэ чатыры зборныя вызначацца па вынiках стыкавых матчаў сярод васьмi найлепшых зборных, якiя занялi другiя месцы ў групах: зборных Партугалii, Славенii, Расii, Украiны, Грэцыi, Боснii i Герцагавiны, Францыi i Iрландыi. Жараб'ёўка пар адбудзецца 19 кастрычнiка, а гульнi — 14 i 18 лiстапада.

З паўднёваамерыканскай зоны напрамую на фiнал сусветнага першынства квалiфiкавалiся зборныя Бразiлii, Парагвая, Чылi i Аргенцiны. Яшчэ адну пуцёўку разыграюць памiж сабой каманды Уругвая i Коста-Рыкi.

У зоне КОНКАКАФ тры пуцёўкi ў Паўднёва-Афрыканскую Рэспублiку дасталiся зборным ЗША, Гандураса i Мексiкi.

Ад азiяцкай зоны ў ПАР адправяцца каманды Аўстралii, Паўднёвай Карэi, КНДР i Японii. Яшчэ адна пуцёўка дастанецца пераможцу пары Новая Зеландыя—Бахрэйн.

Працягваецца адборачны турнiр на Афрыканскiм кантыненце. На сёння пуцёўкi на фiнал ЧС-2010 маюць каманды ПАР, Ганы i Кот-д'Iвуара.

Такiм чынам, пакуль вызначылiся 23 з 32 каманд — удзельнiц чэмпiянату свету па футболе 2010 года.

Уладзiмiр ЗДАНОВIЧ.

Мiнск—Лондан—Мiнск.

P.S. Рэдакцыя газеты "Звязда" выказвае ўдзячнасць старшынi асацыяцыi "Беларуская федэрацыя футбола" Генадзю Мiкалаевiчу Нявыгласу за садзейнiчанне журналiсту "Звязды" ў падрыхтоўцы футбольнага рэпартажу з Лондана.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выязны матч нацыянальных зборных Англіi i Беларусi ў рамках адборачнага турнiру да ЧС-2010, якi адбыўся напярэдаднi на лонданскiм стадыёне "Уэмблi", стаў вянцом усяго квалiфiкацыйнага раўнда абедзвюх каманд. У гэтым паядынку, якi для iх ўжо нiчога не вырашаў, на кон быў пастаўлены прэстыж кожнага з настаўнiкаў. Не "падмочаным" ён застаўся для iтальянца Фабiя Капелы — англiчане перайгралi беларусаў з сухiм лiкам 3:0. А вось для нямецкага спецыялiста Бернда Штанге, якi ўжо другi цыкл спрабуе вывесцi беларусаў "у людзi", фiнiшная прамая стала сапраўдным крывым люстэркам, у якiм пакуль не вельмi яскрава можна разгледзець стыль гульнi, псiхалагiчную загартаванасць i звычайную прафесiйную прыдатнасць кожнага з гульцоў галоўнай зборнай краiны.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика