Бізнэс не хоча лозунгаў i словаў можа быць. 21.by

Бізнэс не хоча лозунгаў i словаў можа быць

08.12.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чарговае паседжанне Савета па развiццi прадпрымальнiцтва, якое адбылося напрыканцы мiнулага тыдня, атрымалася досыць цiкавым i "гарачым". Напачатку i ў канцы, калi разглядалiся вынiкi дзеяння сумеснай праграмы з ПРААН, крэдытаванне рэальнага сектара эканомiкi i ўдзел прадпрымальнiкаў у прасоўваннi беларускiх тавараў, дыскусiй асаблiвых i не было. Бо ўсё было прадказальна: сумесную праграму з ПРААН ухвалiлi, прадпрымальнiкi падыскутавалi з прадстаўнiком Нацбанка на тэму дарагiх крэдытаў, ну, а дырэктар Дэпартамента па прадпрымальнiцтве ў чарговы раз расказаў пра Мiнскi аптовы рынак... А вось сярэдзiна пасяджэння, калi пачалi абмяркоўваць праект Закону "Аб падтрымцы малога i сярэдняга прадпрымальнiцтва", атрымалася даволi цiкавая i па-сапраўднаму дыскусiйная.

 

Растлумачыць гэта лёгка — праект закону, якi абмяркоўваўся, быў прыняты Палатай прадстаўнiкоў яшчэ толькi ў першым чытаннi, i канчатковае яго прыняцце намечана на вясновую сесiю. Таму прадпрымальнiкi выкарыстоўвалi шанец выступiць i агучыць свае прапановы i заўвагi, каб Закон "Аб падтрымцы малога i сярэдняга прадпрымальнiцтва" быў сапраўды каштоўным i патрэбным дакументам.

Уладзiмiр Зiноўскi, старшыня Савета па развiццi прадпрымальнiцтва, старшыня Нацыянальнага статыстычнага камiтэта, назваў праект закону досыць "рамачным":

— Наш савет уносiў прапановы ў гэты праект яшчэ да яго перадачы ў Нацыянальны сход, але, на жаль, шэраг нашых iнiцыятыў не быў падтрыманы i, на мой погляд, праект закону носiць дастаткова рамачны характар. З iншага боку, пытаннi заканадаўства ў нашай краiне вырашаюцца шляхам кадыфiкацыi, i калi ў гэты закон уносiць пажаданыя для нас нормы, якiя ўжо ёсць у кодэксах, то гэты закон будзе вырваны з кантэксту заканадаўства ў нашай краiне. Але ж прадпрымальнiкам, прабачце за выраз, да лямпачкi вашая кадыфiкацыя: iм трэба ўзяць дакумент i з яго павiнна дакладна вынiкаць, што можна, а што нельга, не павiнна быць адсылак туды цi сюды...

Гергiй Бадзей, старшыня праўлення Бiзнэс-саюза прадпрымальнiкаў i наймальнiкаў iмя Куняўскага, у сваiм выступленнi адзначыў, што прапановы бiзнэс-саюзаў, якiя агучвалiся яшчэ з 2005 года, так i не былi ўлiчаныя ў праекце Закону. У прыватнасцi, ён звярнуў увагу на важнасць пашырэння раздзела пра гарантыi для прадпрымальнiцтва, на неабходнасць пашырыць кола суб'ектаў падтрымкi прадпрымальнiцтва, на адсутнасць заканадаўчай базы ў галiне сямейнага прадпрымальнiцтва:

— Мы прапанавалi ў праекце закону ўвесцi спецыяльны раздзел "Гарантыi дзейнасцi i абарона суб'ектаў малога i сярэдняга прадпрымальнiцтва", якi складаўся б з 8 артыкулаў... А ў гэтым праекце — толькi адзiн артыкул. Мне падаецца, што гэтага сёння абсалютна недастаткова. Калi мы хочам, каб нам паверылi замежныя iнвестары, каб наш бiзнэс атрымаў нейкае развiццё, наш закон не павiнен быць "рамачным", як той, што быў прыняты ў 1996 годзе — я спецыяльна дастаў той закон i параўнаў з сённяшнiм праектам. Навошта марнаваць грошы падаткаплацельшчыкаў на паўтор таго, што было ў 1996 годзе?

Дырэктар Дэпартамента па прадпрымальнiцтве Аляксандр Лiхачэўскi пагадзiўся з заўвагамi Гергiя Бадзея, але ва ўсiм абвiнавацiў кадыфiкацыю заканадаўства:

— Тое, што мы цяпер бачым — гэта вынiк працэсу ўзгаднення дзяржорганамi. Я ўнутрана згодны з Георгiем Пятровiчам у тым, што, можа, i трэба раздзел пра гарантыi бiзнэсу разгарнуць, зрабiць яго больш насычаным, але вы разумееце, мы адразу сутыкаемся з той сiтуацыяй, пра якую ўжо сёння казалi — кадыфiкацыя заканадаўства.

Што датычыцца iнфраструктуры падтрымкi, то Аляксандр Лiхачэўскi паабяцаў у працэсе дапрацоўкi яшчэ раз вярнуцца да гэтай тэмы i, магчыма, перагледзець яе, але вось наконт сямейнага прадпрымальнiцтва Аляксандар Яраслававiч лiчыць, што тут нiякiх перашкод для дзейнасцi ў краiне няма:

— А што, у нас ёсць некiя абмежаваннi ў заканадаўстве? Ладна, калi б гаворка iшла пра наёмных працаўнiкоў для ІП, тут ёсць абмежаваннi, а вось для сям'i...

З Аляксандрам Лiхачэўскiм не пагадзiлася, у сваю чаргу, прадпрымальнiк Кацярына Чыжык i папрасiла растлумачыць, якi сэнс укладваецца ў слова "прыцягваць":

— Указ забараняе IП права найму. Там напiсана, што "маюць права прыцягваць". А што азначае на сёння "права прыцягваць" — нiхто дакладнага адказу не дае. Плацiць падаткi за сёстраў цi не? Якiя сацыяльныя гарантыi ёсць у мужа i братоў? Насамрэч гэты момант не адрэгуляваны, ёсць пытаннi. Наймаць сястру я не маю права, маю права прыцягваць. Хто растлумачыць мне гэтае слова, гэта ж сямейны бiзнэс...

Пра слова "прыцягваць" дырэктар Дэпартамента па прадпрымальнiцтве Кацярыне Чыжык нiчога не расказаў, але падзялiўся iнфармацыяй пра тое, што Мiнiстэрства па падатках i зборах падрыхтавала змены ў знакамiты 285-ы Указ, дзе якраз i ёсць удакладненнi наконт прыцягвання.

Але вернемся да дыскусii наконт праекта закону. Напрыклад, Сяргей Фiлiпаў, генеральны дырэктар ТЗА "БелВБП", лiчыць, што нават нягледзячы на ўсе недахопы праекта закону, яго трэба прымаць як мага хутчэй:

— Чым больш мы будзем шлiфаваць i ўдасканальваць, тым далей будзем адцягваць прыняцце гэтага закону. Яго трэба прымаць. Чаму? Таму што ў нас любы закон працуе на падзаконных актах, i прыняцце гэтага закону дасць магчымасць уплываць на iх.

З тым, што закон трэба прымаць, згодны i Уладзiмiр Карагiн, старшыня Мiнскага сталiчнага саюза прадпрымальнiкаў i працадаўцаў:

— Трэба прымаць, бо прадпрымальнiцтва расце, а закону няма. Але патрэбны не такi закон, якi зафiксуе цяперашнi стан, а такi, якi дасць штуршок развiцця, матывацыю. Кожны з нас пачынаў бiзнэс без усялякага закону, на аснове iнiцыятывы, энергii, асабiстых рэсурсаў... Але сёння новая сiтуацыя, новая канкурэнцыя, адчыняюцца рынкi, i таму гэты закон вызначыць, якiм будзе наш бiзнэс, — лiчыць Уладзiмiр Карагiн.

Прынамсi, ён сказаў, што пытанняў да Дэпартамента па прадпрымальнiцтве ў яго няма, бо ён бачыў, з якой цяжкасцю працягваўся гэты праект закону, але Уладзiмiр Мiкалаевiч мае пытаннi па парламентарыяў: "У якой ступенi можна разлiчваць на змены ў другой стадыi прыняцця закона, наколькi яго можна пашырыць?". А таксама прапанаваў сабраць усiх чыноўнiкаў, хто ўзгадняе праект закону i пагаварыць "вочы ў вочы":

— Нам вельмi патрэбны гэты закон, дзейсны, натхняльны, якi дазваляе працаваць. Таму ўсiх, хто па чарзе падпiсвае гэты праект закону, трэба сабраць, i мы з iмi "вочы ў вочы" павiнны прагаварыць усе сiтуацыi.

Больш катэгарычнай пазiцыi наконт праекта закону ў такiм выглядзе, якi ён ёсць цяпер, прытрымлiваецца Вiктар Маргелаў, старшыня Рэспублiканскай канфедэрацыi прадпрымальнiцтва:

— Я лiчу, што краiна прапускае гiстарычную магчымасць прыняцця нарматыўнага акта, якi сапраўды нешта зрабiў бы для прадпрымальнiцтва. Калi б я быў на месцы Прэзiдэнта, я даўно спытаў бы: чым чатыры гады займалiся ў напрамку гэтага закона? Мы маглi б сёння ў яго рамках закласцi найвышэйшую мэту, пра якую неаднаразова казаў Прэзiдэнт — развiццё прадпрымальнiцтва. Ну, а ў гэтым акце закладзены дзве рэчы — лозунгi i словы "можа быць". Можа, дадзiм, а можа, i не дадзiм. Задумайцеся, якiя Саўмiну дакументы прывесцi ў адпаведнасць з гэтым законам згодна з апошнiм артыкулам? Ды нiякiя! Таму што для прадпрымальнiкаў закон нiчога новага не зрабiў. Больш за тое, нават крыўдна — чытаем артыкул 186: "Аб'яднаннi прадпрымальнiкаў могуць удзельнiчаць у правядзеннi апытанняў i распрацоўцы дзяржпраграм". Вiдаць, астатняе ўжо забаронена? А мы тут на пачатку пасяджэння казалi, як мы цэнiм сумесную працу прадпрымальнiкаў з уладай... Дык як наогул павiнны ўзаемадзейнiчаць бiзнэс i улада? I гэтым закон не заняўся... Таму я лiчу: як бы вы нi вырашылi ў гэтай зале, закон прымуць, з нашымi папраўкамi цi без iх. Але зыходзячы з сiтуацыi, рэакцыя бiзнэсу на гэты закон будзе або нейтральная, альбо адмоўная... I тут ужо выбачайце...

Цiкава, што на пасяждэннi Савета па развiццi прадпрымальнiцтва прысутнiчаў i Сяргей Сямашка, старшыня Камiсii па прамысловасцi, ПЭК, транспарту, сувязi i прадпрымальнiцтву Палаты прадстаўнiкоў, г.зн. як раз той чалавек, якi i кiруе працэсам прыняцця праекта закону "Аб падтрымцы малога i сярэднага прадпрымальнiцтва" ў Нацыянальным сходзе. Сяргей Аляксандравiч узяў слова напрыканцы, але ўступаць ў спрэчкi i дыскусii ён не стаў:

— Патрэбны цi не патрэбны закон? Напэўна, патрэбны. Калi б ён не быў патрэбны, то мы б даўно ў камiсii адмовiлiся ад яго i не марнавалi час. Мне iмпануе тая пазiцыя, што яго трэба прыняць хутка. Гарачыя галовы прапанавалi прыняць яго яшчэ на гэтай сесii. Але мы яго будзем прымаць, я спадзяюся, — на веснавой сесii. У нас будзе яшчэ шмат часу, каб абмеркаваць кожны артыкул i яшчэ раз зверыць пазiцыi распрацоўшчыкаў, парламентарыяў i прадпрымальнiкаў.

Такiм чынам, Сяргей Сямашка спаслаўся на тое, што "ўсё ў нашых руках" i дадаў, што першае пасяджэнне працоўнай групы адбудзецца 15 снежня, дзе адбудзецца прадметная размова па кожным пункце будучага закону "Аб падтрымцы малога i сярэдняга прадпрымальнiцтва".

Павел БЕРАСНЕЎ.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чарговае паседжанне Савета па развiццi прадпрымальнiцтва, якое адбылося напрыканцы мiнулага тыдня, атрымалася досыць цiкавым i "гарачым". Напачатку i ў канцы, калi разглядалiся вынiкi дзеяння сумеснай праграмы з ПРААН, крэдытаванне рэальнага сектара эканомiкi i ўдзел прадпрымальнiкаў у прасоўваннi беларускiх тавараў, дыскусiй асаблiвых i не было. Бо ўсё было прадказальна: сумесную праграму з ПРААН ухвалiлi, прадпрымальнiкi падыскутавалi з прадстаўнiком Нацбанка на тэму дарагiх крэдытаў, ну, а дырэктар Дэпартамента па прадпрымальнiцтве ў чарговы раз расказаў пра Мiнскi аптовы рынак... А вось сярэдзiна пасяджэння, калi пачалi абмяркоўваць праект Закону "Аб падтрымцы малога i сярэдняга прадпрымальнiцтва", атрымалася даволi цiкавая i па-сапраўднаму дыскусiйная
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика