Пiце пiва, мужыкi.... 21.by

Пiце пiва, мужыкi...

10.02.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На слыху

Беларусы з бутэлькамi могуць пакiнуць двары i... перабрацца ў пад'езды

Сяргей ГРЫБ

Забарона на распiццё пiва ў грамадскiх месцах паспрыяе ўсталяванню ў Беларусi цывiлiзаваных традыцый ужывання слабаалкагольных напояў, прычым у гэтым плане мы не станем першапраходцамi — мараторый на "вулiчны фармат" ужо даўно iснуе ў Еўропе. Аднак не сакрэт i iншае: нас чакаюць "цяжкасцi пераходу". Бо зразумела, што беларусы кiнуць звычку сядзець з бутэлькай у дварах, парках i скверах толькi тады, калi з'явiцца дастатковая колькасць бараў i пабаў, якiя да таго ж змогуць прапанаваць пiва па прымальных цэнах.

"З лёгкай парай" — не для нас?

Статыстыка сведчыць, што сярэднестатыстычны беларус спажывае на працягу года каля 46 лiтраў пiва, тады як ва Украiне гэты паказчык складае 61, у Расii — 76, Лiтве — 87, Германii — 120, Чэхii — 180, Ірландыi — 181 лiтр на чалавека. Такiм чынам, калi праводзiць пэўныя паралелi, атрымлiваецца, што сама па сабе праблема для нас стаiць не так востра. Але гэта — толькi на першы погляд. Бо залiшняе захапленне бурштынавым напоем некаторых нашых грамадзян, мода на пiва сярод падлеткаў, урон iмiджу гарадоў i вёсак — факты таксама вiдавочныя.

Тым часам новы варыянт Кодэкса аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях прадугледжвае, што за распiццё пiва ў спецыяльна не абсталяваных грамадскiх месцах лiтаральна з 23 лютага беларусы будуць прыцягвацца да адказнасцi. Сапраўды, адзначыў намеснiк начальнiка ўпраўлення па прафiлактыцы Мiнiстэрства ўнутраных спраў Алег Каразей, першым часам супрацоўнiкi праваахоўных органаў збiраюцца абмяжоўвацца папярэджаннямi. Але затым у дачыненнi да парушальнiкаў пачнуць выкарыстоўвацца штрафы — да 8 базавых велiчыняў.

Прычым вядомая на Захадзе практыка хавання бутэлек з пiвам у непразрыстую папяровую абгортку дапаможа наўрад цi. Як заўважыў Алег Каразей, у выпадку падазрэння супрацоўнiк мiлiцыi можа праверыць "змест" упакоўкi.

Цiкава, што пад грамадскiмi месцамi трэба разумець не толькi вулiцы, двары, паркi i скверы, але i стадыёны, абсталяваныя пляжы, пасажырскi транспарт (у тым лiку цягнiкi), а таксама, насуперак "класiцы жанру" — лазнi. Праўда, меры адмiнiстрацыйнай адказнасцi могуць не выкарыстоўвацца ў бязлюдных месцах — скажам, пры распiццi пiва на неабсталяваных пляжах або ў лесе.

Дзе гэта вулiца, дзе гэты паб...

Адно з магчымых сумных наступстваў новаўвядзення — пераарыентацыя беларусаў з пiва на больш "моцныя" напоi, асаблiва калi у вынiку адбудзецца пераход на "хатнi" варыянт спажывання. Па колькасцi рэстаранаў, бараў, кавярняў i пабаў у разлiку на душу насельнiцтва Беларусь значна саступае большасцi еўрапейскiх краiн. Дэфiцыт адчуваецца нават у сталiцы. Прычым атрымлiваецца, што ў такiх варунках меры адмiнiстрацыйнай адказнасцi проста губляюць сэнс. Магчыма, грамадзяне краiны i кiнуць пiць на вулiцах, але пры гэтым перабяруцца ў пад'езды.

Паспрыяць запаўненню "прагалу" маюць намер непасрэдна вытворцы пiва. Гаворка iдзе аб адкрыццi ўласнай гандлёвай сеткi, такiя планы маюць цi не ўсе айчынныя кампанii. Аднак, заўважыў генеральны дырэктар ААТ "Крынiца" Рыгор Пяткевiч, тут адразу ж узнiкаюць пытаннi. Вопыт устаноўкi фiрменных палатак, "летнiх кавярняў" сведчыць, што часта пад iх адводзяцца цяжкадаступныя для пакупнiкоў пляцоўкi.

Яшчэ адзiн шлях пашырэння сеткi грамадскага харчавання — стварэнне спецыялiзаваных пiўных рэстаранаў. Плануецца, што сёлета адчынiцца 35 падобных устаноў. Але гэта — кропля ў моры. Прычым зразумела: па-сапраўднаму вырашыць праблему зможа толькi прыватны бiзнэс. А ў сваю чаргу яму неабходныя больш спрыяльныя ўмовы гаспадарання.

"Эканамiчны складнiк"

Не сакрэт, што часам кошт пiва ў краме i ў бары адрознiваецца ў 2-3 разы. I менавiта эканамiчны складнiк можа адыграць сваю ролю, асаблiва для грамадзян з невысокiмi даходамi, скажам, тых жа студэнтаў. Пакуль фактычна атрымлiваецца, што танней узяць пляшку гарэлкi i танней удвая — пляшку пладова-ягаднага вiна. Да слова, высокая папулярнасць апошняга адзначаецца i сёння, сярэднестатыстычны беларус спажывае каля 20 лiтраў пладова-ягадных вiнаў у год.

Прычыны высокай цаны пiва "на разлiў" вядомыя. Як адзначыў старшыня Пастаяннай камiсii па заканадаўстве i судова-прававых пытаннях Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Мiкалай Самасейка, гандлёвая надбаўка на некаторыя гатункi пiва даходзiць да 150 працэнтаў. I, на жаль, у нечым гэта аб'ектыўная рэальнасць, якая тлумачыцца вялiкiмi выдаткамi пунктаў грамадскага харчавання, напрыклад, на тую ж арэнду.

Зрэшты, кошт пiва залежыць i ад iншых акалiчнасцяў. Так, зазначыў намеснiк генеральнага дырэктара ААТ "Лiдскае пiва" Баляслаў Шульц, падаецца не зусiм зразумелай сiтуацыя з акцызам. З 1 студзеня для пiва з аб'ёмнай доляй этылавага спiрту ад 0,5 да 7 працэнта ён павялiчыўся больш чым напалову — да 325 рублёў за лiтр. Пры гэтым iншыя вiды алкагольнай прадукцыi, тыя ж пладова-ягадныя вiны, апынулiся ў больш выгадным становiшчы. Напрыклад, калi для пiва з сярэднiм 5-працэнтным утрыманнем алкаголю падатак у пераразлiку на 1 градус складае 65, то для пладовага вiна з моцнасцю 18 градусаў — 51 рубель. Па сутнасцi такая раскладка падштурхоўвае да набыцця напояў з больш высокiм утрыманнем спiрту, i ў вынiку — вядзе да "плаўнай" алкагалiзацыi краiны.

Цi здымуць забароны для кiёскаў?

У мiнулым годзе рэалiзацыя пiва на ўнутраным рынку зменшылася на 5 працэнтаў, пры гэтым скарачэнне адбылося менавiта за кошт прадукцыi нашых прадпрыемстваў — iмпарт якраз наадварот узрос.

Далей у сувязi з больш жорсткiмi падыходамi да ўжывання слабаалкагольных напояў, сiтуацыя можа толькi пагоршыцца. У сувязi з гэтым, на думку начальнiка сектара пiваварнай галiны канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Яўгена Мар'юшыча, неабходна рабiць некаторыя захады па зняццi абмежаванняў на рэалiзацыю пiва. У прыватнасцi, канцэрн звярнуўся з прапановай да аблвыканкамаў i Мiнгарвыканкама зноў дазволiць гандаль пiвам (прынамсi, пiвам айчынным) у кiёсках. Тым больш, што з увядзеннем пакаранняў за ўжыванне бурштынавага напою ў грамадскiх месцах, сама па сабе гэтая забарона ўжо губляе актуальнасць.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Забарона на распiццё пiва ў грамадскiх месцах паспрыяе ўсталяванню ў Беларусi цывiлiзаваных традыцый ужывання слабаалкагольных напояў, прычым у гэтым плане мы не станем першапраходцамi — мараторый на "вулiчны фармат" ужо даўно iснуе ў Еўропе. Аднак не сакрэт i iншае: нас чакаюць "цяжкасцi пераходу". Бо зразумела, што беларусы кiнуць звычку сядзець з бутэлькай у дварах, парках i скверах толькi тады, калi з'явiцца дастатковая колькасць бараў i пабаў, якiя да таго ж змогуць прапанаваць пiва па прымальных цэнах.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика