Жывая прырода нацюрмортаў Хруцкага
10.02.2010
—
Новости Общества
|
200-гадовы мастак будзе скараць Парыж Выстава з твораў мастака, якi нарадзiўся на Полаччыне i працаваў таксама на радзiме, але яго iмя вядомае прыхiльнiкам мастацтва iншых краiн, будзе паказана ў штаб-кватэры Юнеска ў Парыжы, а потым размесцiцца ў Нацыянальным мастацкiм музеi Францыi Луўр. Аднак у Беларусi ўвесь год пройдзе пад зоркай сусветнавядомага мастака Івана Хруцкага, паабяцаў дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзiмiр Пракапцоў. I каб кожны жыхар Беларусi мог даведацца пра гэтага мастака, каб кожны ўсвядомiў, што ён быў наш зямляк, разам з выставамi будуць праходзiць канферэнцыi, якiя адкрыюць нам гэтага чалавека па-новаму. Вядомыя больш за 100 яго твораў, з улiкам прыватных збораў. 13 карцiн захоўваецца ў Траццякоўцы, 13 — у Рускiм музеi, 10 — у Варшаве. Шмат твораў у Латвii i Лiтве. 24 працы знаходзяцца ў калекцыi Нацыянальнага мастацкага музея Беларусi, некалькi ў Полацку. Вось бы ўсю спадчыну сабраць i выдаць альбом... Гэта ўжо не мара, а рэальныя планы, якiя маюць намер ажыццявiць беларускiя даследчыкi праз пяць гадоў. Плануюць нават прасiць дазвол на тое, каб уключыць у альбом абразы, створаныя Хруцкiм, якiя цяпер знаходзяцца ў Вiльнi i яшчэ ў некаторых храмах. Гэта магчымасць сабраць усю спадчыну мастака, хоць бы такiм чынам — у выглядзе альбома цi электроннага каталога. I яна зажыве для нас новым жыццём. Дзяўчына ў чырвоным сышла з партрэта Iвана Хруцкага. Яна нiбыта спалучыла эпохi i звярталася да вобразаў далёкага мiнулага, якiя ўвасабляў мастак. Напраўду, сучасныя, мы ў яго карцiнах шукалi нейкую страчаную вытанчанасць, буянне колераў i жыццялюбства. Партрэты, багатыя, напоўненыя рознымi смакамi i фарбамi нацюрморты. На выставе ў Нацыянальным мастацкiм музеi Беларусi да 200-годдзя Iвана Фамiча размясцiлiся ўсе яго творы, якiя ёсць у калекцыi музея. Цяпер iх усе разам можна паглядзець. Мiнiстр культуры Беларусi Павел Латушка, адкрываючы выставу, падкрэслiў: — Сёння фактычна выстава адраджэння. Адраджэння выбiтнага беларускага мастака Iвана Хруцкага, якога яшчэ некалькi гадоў таму шырока не ведала беларуская грамадскасць, i дзякуючы апошнiм намаганням — Нацыянальнага мастацкага музея, нашай творчай iнтэлiгенцыi, — мы вяртаем яго iмя ў беларускую культурную прастору. Таксама сёлета будзе адбывацца адраджэнне Iвана Хруцкага i для еўрапейскай сусветнай супольнасцi. Бо яго iмя ўнесена ў спiс памятных датаў ЮНЕСКА на гэты год. Вельмi важна, што ўсё больш i больш у Еўропе, у свеце знаёмяцца з беларускай культурай. Як яшчэ нядаўна знаёмiлiся з творчасцю Напалеона Орды. Вельмi важна, што на ўрадавым узроўнi прыняты спецыяльны план мерапрыемстваў, у рамках якога адбудзецца шэраг мерапрыемстваў, звязаных са святкаваннем 200-годдзя Iвана Хруцкага. Гэта i сённяшняя выстава, пленэры, канферэнцыi, конкурс для маладых мастакоў, i іншае. Сiмвалiчна, што ў культурнай сталiцы Беларусi, у Полацку, мы будзем святкаваць 200-годдзе мастака. Плануецца ўсталяваць бюст Iвана Хруцкага на Полаччыне. Нам падаецца вельмi важнай падзеяй, што сёлета запланавана выстава Iвана Хруцкага з 22 яго выбiтных твораў у французскiм Луўры. Гэта будзе ўпершыню ў культуры нашай краiны, калi беларускi мастак будзе выстаўляцца ў Нацыянальным музеi Францыi Луўр. Важна, што яго выстава адбудзецца таксама ў штаб-кватэры ЮНЕСКА. Сапраўды, мерапрыемствы, якiя сведчаць аб вельмi важнай асобе, якая зрабiла важкi ўнёсак у беларускую культуру, але стала вядомая не толькi ў Беларусi — яго творы знаходзяцца ў Нацыянальных музеях Расii, у Лiтве, у Польшчы. Гэта сапраўды знакавая асоба для культуры сусветнай. Пратакол № 72 генеральнай канферэнцыi ЮНЕСКА засведчыў, што ў 2010—2011 гадах арганiзацыя возьме ўдзел у мерапрыемствах з нагоды памятных выдатных творцаў: кампазiтараў Фрэдэрыка Шапэна i Феранца Лiста, навукоўца Мiхайлы Ламаносава, мастака Iвана Хруцкага, пiсьменнiка Антона Чэхава, славутага друкара Iвана Фёдарава, якi таксама працаваў у нашых краях. Кампанiя атрымлiваецца знакамiтая. I тут адметна тое, што святкаваннем таго цi iншага юбiлею ЮНЕСКА пашырае веды пра асобаў i ў свеце, i ў тых краiнах, у культуры якiх яны пакiнулi след. Але iмя Iвана Хруцкага сапраўды iснуе не толькi ў кантэксце беларускай культуры. Мастацтвазнаўцы прызнаюць, што ў бiяграфii Хруцкага застаюцца яшчэ "белыя плямы". Вядома, што ён вучыўся ў Пецярбургскай акадэмii мастацтваў, але цi вядомыя iмёны ўсiх яго настаўнiкаў? Як i ў каго ён вучыўся пiсаць партрэты i багатыя нацюрморты, за якiя Акадэмiчны Савет прысвоiў вялiкi срэбны медаль? Аднак у Пецярбургу Iван Хруцкi не застаўся. Пасля смерцi бацькi ён вярнуўся на радзiму, жыве ў маёнтку Захарэнiчы ля Полацка. Ажанiўся з мясцовай дзяўчынай, нарадзiлі дзяцей — на палотнах увасоблена яго сям'я. Тут i памёр у 1885 годзе. На адных могiлках з мастаком пахаваныя i два яго браты, якiя таксама любiлi мастацтва. Прарасло жаданне творчасцi i ў нашчадках Хруцкага. Лiтаральна ў суседняй зале Нацыянальнага мастацкага музея можна пабачыць творы яго прапраўнучкi Ядзвiгi Мацiеўскай. Ларыса ЦIМОШЫК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
200-гадовы мастак будзе скараць Парыж Выстава з твораў мастака, якi нарадзiўся на Полаччыне i працаваў таксама на радзiме, але яго iмя вядомае прыхiльнiкам мастацтва iншых краiн, будзе паказана ў штаб-кватэры Юнеска ў Парыжы, а потым размесцiцца ў Нацыянальным мастацкiм музеi Францыi Луўр. Аднак у Беларусi ўвесь год пройдзе пад зоркай сусветнавядомага мастака Івана Хруцкага, паабяцаў дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзiмiр Пракапцоў. I каб кожны жыхар Беларусi мог даведацца пра гэтага мастака, каб кожны ўсвядомiў, што ён быў наш зямляк, разам з выставамi будуць праходзiць канферэнцыi, якiя адкрыюць нам гэтага чалавека па-новаму.
|
|