Даярцы, якая мужчын i гарэлку любiць больш, чым рагуляў, не месца на суперферме!. 21.by

Даярцы, якая мужчын i гарэлку любiць больш, чым рагуляў, не месца на суперферме!

12.02.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вясковая моладзь адразу пасля школы рвецца ў горад — вёска старэе. Рана цi позна, але кiраўнiцтва СВК сутыкнецца, альбо ўжо сутыкнулася, з даволi сур'ёзнай праблемай — праблемай недахопу кадраў. У прыватнасцi, дзе браць такую вялiкую колькасць даярак i iншага абслуговага персаналу? Прамень святла ў гэтым выпадку, кажуць у Мiнiстэрстве сельскай гаспадаркi i харчавання, — сучасныя даiльныя залы з электронным кiраваннем працэсаў даення i ўлiку малака.

У чыстую i цёплую даiльную залу чарговая партыя кароў заходзiць пад лёгкую класiчную музыку. На правай пярэдняй назе ў кожнай вiсiць чып, якi, як вобразна патлумачыў заатэхнiк-селекцыянер малочнатаварнага комплексу "Сычы" агракамбiната "Сноў" Сяргей Малахвей, працуе па прынцыпе пластыкавай карткi. Як толькi рагуля становiцца на месца дойкi, на мiнiяцюрным экране, якi размешчаны побач, тут жа высвечваецца нумар каровы i яе папярэднi ўдой. Даяркi, не губляючы часу, па чарзе падыходзяць да кожнай каровы, мыюць вымя, падключаюць апарат i нацiскаюць патрэбную кнопку. Усё астатняе — справа тэхнiкi. За дойкай жа з другога паверха назiрае заатэхнiк. Менавiта там размешчаны цэнтральны камп'ютар са спецыяльнымi праграмамi, цi мазгi, як кажуць тамашнiя даяркi. З якiмi цяжкасцямi сутыкаецца кiраўнiцтва падчас укаранення новага i як пасля мадэрнiзацыi фермаў змянiлася жыццё заатэхнiкаў i аператараў машыннага даення высвятлялi карэспандэнты "Звязды".

Дапрацаваць, як ёсць, альбо дзень страцiць, а пасля за пяць хвiлiн даляцець?

Людзям ва ўзросце (пераважнай большасцi) прасцей дапрацаваць так, як ёсць. Маладзейшыя ж, наадварот, кiруюцца прынцыпам: дзень страцiць, а пасля за пяць хвiлiн даляцець. У доказ гэтых слоў прывяду гiсторыю пра тое, як праходзiла ўкараненне першых сучасных даiльных установак у адной з гаспадарак Гомельскай вобласцi (мне, у сваю чаргу, паведамiў яе дырэктар Інстытута павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi кадраў АПК БДАТУ Уладзiмiр ДАШКОЎ).

Кiраўнiк СВК разам з заатэхнiкам параiлiся i вырашылi, што на новую ўстаноўку з дванаццацi даярак (сярод iх, не сакрэт, былi i заўзятыя аматары выпiць) пяройдуць чатыры — самыя лепшыя. I што вы думаеце, дзве з iх наадрэз адмовiлiся. Маўляў, ужо да пенсii мала засталося, куды нам забiваць галаву вашымi новымi тэхналогiямi. Затое дзве маладзейшыя, якiя да гэтага рабiлi абы з рук, самi вызвалiся дабраахвотнiцамi. З гэтага часу на iх заатэхнiк не мог нарадавацца. Ды i самога галоўнага спецыялiста быццам падмянiлi: пачаў думаць, як палепшыць статак, павялiчыць надоi, стаў задаваць пытаннi, спрачацца, клапацiцца аб збалансаваных кармах. Раней яму было проста не да гэтага — галава балела, каб толькi даяркi прыйшлi на працу i падаiлi кароў. Такiм чынам, перавага новых тэхналогiй навiдавоку — яны даюць чалавеку магчымасць займацца не столькi арганiзацыяй, колькi сваёй непасрэднай, селекцыйнай працай, расцi як спецыялiст.

— А чым кiравалiся вы, калi адбiралi даярак на суперсучасны малочнатаварны комплекс? — пацiкавiлася я ў Сяргея Малахвея.

— З тых, што былi, узялi лепшых. Тая даярка, якая мужчын i гарэлку любiць, больш чым кароў, нам не падыходзiць (усмiхаецца).

Ды i ўмовы iншыя, не тое што раней: прыйшоў у брудзе i пайшоў у брудзе

Надзея Беляковiч i Марыя Рацкевiч, з якiмi я пазнаёмiлася ў агракамбiнаце "Сноў", прапрацавалi на ферме без малога 30 гадоў. Усе змены, сцвярджаюць, адбывалiся на iх вачах.

— У маладосцi малако самi ў халадзiльнiкi насiлi, кармы таксама цягалi ўручную, гной з-пад кароў адкопвалi шуфлем, — узгадвае Надзея. — Пасля на змену так званаму "бочкаваму" даенню прыйшоў малакаправод — стала крыху лягчэй. Раней у нас, як у прынцыпе i ўсюды, усе каровы ўтрымлiвалiся на прывязi. А цяпер памiж дойкамi рагулi гуляюць самi па сабе. Захацела — паляжала, захацела — падышла да аўтаматычнай шчоткi i пачасала грыўку цi падышла да электроннай кармушкi i атрымала сваю дзённую дозу вiтамiнаў. Каровы жывуць з камфортам, ды i ў нас цяпер умовы працы лепшыя. Не тое што раней, прыйшоў у брудзе i пайшоў у брудзе.

— Што нi кажы, раней цяжэй было, — кажа Марыя Рацкевiч. — Цяпер практычна ўсё механiзавана, таму фiзiчнай нагрузкi тут у нас няма. Чыста, акуратна i, што самае галоўнае, цёпла. Раней каровы даiлiся ў хляве. Летам душна. Зiмой халадзiна. Тут жа ў любую пару года мiкраклiмат падтрымлiваецца прыкладна аднолькавы. Усе ўмовы створаны для работы: душ, пакой для адпачынку. I яшчэ, чуеце, тут каровы дояцца пад класiчную музыку (усмiхаецца). Iм добра, i ў нас аўтаматычна настрой падымаецца.

— Цi лёгка было прызвычаiцца да кардынальных зменаў?

— Спачатку, зразумела, было нязвыкла. Асаблiва тое, што апарат да вымя трэба падключаць ззаду, а не збоку (Марыя Iванаўна працуе на МТФ "Дольны Сноў", дзе ўсталявана даiльнае абсталяванне "Карусель"). Баялiся па першым часе, што нагой ударыць. Але, самi ведаеце, чалавек да ўсяго з цягам часу прызвычайваецца. 16 лютага будзе год, як мы працуем на гэтай тэхнiцы. Настрой нармальны. Мне, праўда, хутка на пенсiю, але, калi будуць трымаць, з задавальненнем рабiла б, пакуль здароўе ёсць. Работа падабаецца, калектыў нядрэнны, ды i ўнукам, вядома ж, хочацца дапамагчы, iх у мяне ажно чацвёра, нядаўна двайняты нарадзiлiся.

— А зарплатай цi задаволеныя?

— Зарплата ў нас добрая, нiчога не скажам, — дадае Надзея. — Больш мільёна ў месяц зарабляем. Жыллё таксама выдзяляюць. Напрыклад, нам — мой муж робiць даглядчыкам жывёлы, маем чацвярых дзяцей — калгас сёлета кватэру памяняў на катэдж. У нас людзей, якiя працуюць, цэняць, паважаюць, i кiраўнiцтва iдзе на ўступкi, калi што трэба. Гэта цудоўны стымул для работы. Але, бясспрэчна, даярка ёсць даярка. Як уставалi рана, так i цяпер устаём (усмiхаецца). Падняцца ў дзве цi тры гадзiны ночы не кожны зможа. Напэўна таму цяпер маладыя дзяўчаты не хочуць iсцi на ферму. Просяцца на мясакамбiнат.

Тэхнiка новая — праблемы старыя

Раней як было — калi чыясьцi мацi працуе на ферме, то i яе дочкi з самага дзяцiнства ёй там дапамагаюць. I, зразумела, пасля школы ўладкоўваюцца працаваць туды ж. Час ляцiць — усё мяняецца.

— Сёння сярэднi ўзрост даярак — 40 гадоў, — кажа Сяргей Малахвей. — Гадоў праз 10 у нас будуць кадравыя праблемы i на гэтай ферме. Сённяшнiя работнiцы пойдуць на пенсiю, а хто iм прыйдзе на змену? Па вынiках перапiсу шмат людзей пераехала жыць у Мiнск, Баранавiчы, iншыя гарады.

Падобную думку пачула i ад намеснiка старшынi па iдэалагiчнай рабоце агракамбiната "Сноў" Уладзiмiра Слапко:

— У нас большасць спецыялiстаў ва ўзросце. Хто прыйдзе iм на змену? У вёсцы моладзь застаецца з неахвотай. Маладыя iмкнуцца вырвацца з бацькоўскай хаты куды далей, самi часам не заўсёды ўсведамляюць куды i навошта. I вiной гэтаму зрэшты зноў такi камп'ютары, новыя тэхналогii. I няважна якая гаспадарка, наша цi не. Гэта агульная тэндэнцыя. Таму ў цэлым народ у вёсцы старэе. I людзей, якiя працавалi б тымi ж самымi механiзатарамi, становiцца менш. Блiжэй да сезона нават мы адчуваем, што не перашкодзiла б узяць два-тры чалавекi ў рэзерв.

* * *

Глядзела адно з беларускiх ток-шоу, дзе разбiралi тэму, чаму не едуць людзi ў вёску. Герой перадачы, галоўны iнжынер, распавядаў пра тое, як яны з жонкай (яна ў яго ветурач) прыехалi ў гаспадарку. Жылi, працавалi. Пакуль дзецi на гаршчок хадзiлi, нiякiх праблем не было. А цяпер малыя падраслi, трэба аддаваць у школу. А школы ў вёсцы няма. Блiжэйшая за восем кiламетраў, i ў ёй недзе 30 вучняў. "Адчуваю, што мае дзецi могуць атрымаць дрэнную адукацыю. I гэта мяне непакоiць". Абмеркавалi гэту гiсторыю з Уладзiмiрам Дашковым.

— З аднаго боку, патрабаваннi да спецыялiстаў у вёсцы пайшлi ўверх, — разважае дырэктар Iнстытута павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi кадраў АПК БДАТУ, — а ўмовы жыцця, у асобных гаспадарках, адстаюць. Напрыклад, ехалi ў бок Оршы, у камандзiроўку. Праязджалi адну вёску. I якi б вы думалi там самы прыгожы будынак? Ферма... А абапал пачарнелыя ад часу, няўклюдныя дамкi... Няцяжка ўявiць, якiя там умовы для жыцця. Таму трэба не толькi будаваць новыя фермы, але i адначасова падымаць узровень жыцця работнiкаў гаспадаркi. Тады, магчыма, i паедуць у вёску квалiфiкаваныя спецыялiсты.

А яны, асаблiва ў сувязi з камп'ютарызацыяй вытворчасцi, вой як тут неабходныя. Бо, не сакрэт, што тэхнiка ў руках дзiкуноў — груда металалому. Каб працаваць з падобнымi ўстаноўкамi, патрэбны квалiфiкаваныя кадры. Але яны ёсць не паўсюль. Не ад аднаго чалавека чула, што ў некаторых гаспадарках нават новы малакаправод пылiцца, бо няма каму на iм працаваць. Вось i дояць па старынцы ў вёдры. На пытанне, чаму так адбываецца ў век прагрэсу, чую адказ: "Няма каму даверыць".

Надзея ДРЫЛА, фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

На пытаннi "Звязды" адказвае начальнiк галоўнага ўпраўлення iнтэнсiфiкацыi жывёлагадоўлii харчавання Мiнсельгасхарчу Фёдар КАВАЛЁЎ.

— Фёдар Iванавiч, колькi ў Беларусi на сёння суперсучасных фермаў?

— Больш за 570. Але гэта не мяжа. Зараз наша Мiнiстэрства разам з аблвыканкамамi распрацоўваюць комплексную праграму па будаўнiцтве i мадэрнiзацыi малочнатаварных фермаў на найблiжэйшыя гады. Ведаеце, у асобных рэгiёнах Вiцебскай i Гомельскай абласцей даволi сур'ёзныя праблемы з кадрамi. Таму будаўнiцтва новых i рэканструкцыя старых малочнатаварных фермаў — адзiн са шляхоў вырашэння гэтай праблемы. Глядзiце самi, пры даеннi ў вёдры на адну даярку прыходзiцца недзе 30—35 кароў. У сучасных жа даiльных залах адна даярка абслугоўвае 120—150, у асобных гаспадарках i 180 кароў. Аўтаматычна патрэба ў даярках скарачаецца ў 3—3,5 раза. I, што немалаважна, адразу ж у кiраўнiцтва гаспадаркi з'яўляецца магчымасць адабраць з тых работнiц, якiя ёсць, самых добрасумленных.

— Апошнiм часам шмат гаворыцца пра нежаданне маладых звязваць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай...

— Мы спадзяёмся, што ўкараненне новых тэхналогiй у вёсцы стане прыцягальным у першую чаргу для маладых спецыялiстаў. Што ж датычыцца даярак, то ўмовы працы сучаснай даяркi, сапраўды, не параўнаць з ранейшымi. Ёй не трэба цяпер адграбаць гной перад дойкай, цягаць мяшкi з кармамi ды тазiкi з буракамi. На новай ферме даярка займаецца выключна вузкаспецыялiзаванай работай. Некаторыя памылкова думаюць, што даярка на сучасных фермах прахалоджваецца, ходзячы ў тапачках. Я не сказаў бы. Насамрэч яна там бегае ад каровы да каровы, як ваўчок, на працягу ўсёй дойкi, якая можа цягнуцца да чатырох з паловай гадзiн. Пасля першай дойкi жанчыны, як пасля добрай парылкi. Але адпрацавалi 8 гадзiн, прынялi душ i пайшлi адпачываць. А iм на змену прыходзяць ужо адпачыўшыя калегi.

— У некаторых краiнах шырока распаўсюджана даенне кароў робатамi...

— Ёсць i ў нас чатыры фермы з даiльнымi робатамi. Адна ў Магiлёўскай вобласцi, другая ў Вiцебскай, i дзве ў Гродзенскай. Адзiн робат абслугоўвае 75—80 кароў. Ён не толькi выдойвае малако, але i сартуе яго. Але тут маюцца свае нюансы: робат вельмi пераборлiвы — доiць толькi кароў з iдэальнымi саскамi. А гэта ўжо галаўны боль селекцыянераў. Я лiчу, што пакуль што немэтазгодна масава ўкараняць такiя ўстаноўкi. Гэта адзiн з новых накiрункаў, але асноўныя спадзяваннi мы ўсё ж такi ўскладаем на сучасныя даiльныя залы. У нас пакуль ёсць людзi, якiя хочуць i могуць працаваць з жывёлай..

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вясковая моладзь адразу пасля школы рвецца ў горад — вёска старэе. Рана цi позна, але кiраўнiцтва СВК сутыкнецца, альбо ўжо сутыкнулася, з даволi сур'ёзнай праблемай — праблемай недахопу кадраў. У прыватнасцi, дзе браць такую вялiкую колькасць даярак i iншага абслуговага персаналу? Прамень святла ў гэтым выпадку, кажуць у Мiнiстэрстве сельскай гаспадаркi i харчавання, — сучасныя даiльныя залы з электронным кiраваннем працэсаў даення i ўлiку малака.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика