Любіць сваё — і паважаць чужое
04.05.2010
—
Новости Общества
|
Кіраўнікі розных этнічных суполак, створаных у Беларусі, маюць магчымасць расказаць журналістам пра сваю дзейнасць і адказаць на розныя пытанні прадстаўнікоў СМІ
Спачатку здалося — “не фармат”: прыгожыя букеты на стале пад час прэс-канферэнцыі, якая праходзіла ў Нацыянальным прэс-цэнтры. Але кветкі, як высветлілася, былі вельмі да месца. З удзячнасцю прымала іх і віншаванні ад калег, пад апладысменты журналістаў, старшыня грамадскага аб’яднання “Асацыяцыя беларускіх карэйцаў” Кімі Ры. У яе якраз быў дзень нараджэння. Кімі Дзінуеўна расказала: яе супляменнікаў у Беларусі больш за 1200, карэйская этнасуполка была створана ў 91-м годзе, ладзяць карэйцы ў асноўным культурныя мерапрыемствы. Не толькі сабе на пацеху: у АБК цесныя кантакты з мясцовымі ўладамі, Цэнтрам нацыянальных культур. Дабрачынныя канцэрты самадзейныя артысты не раз давалі ў Мінску, а таксама ў Барысаве, Ратамцы... “У нас ёсць школа пры асацыяцыі — па выхадных там вывучаецца карэйская мова. Добры танцавальны калектыў. Канцэрты, сустрэчы вельмі ўзбагачаюць і нас, і беларусаў: мы бачым, з якой зацікаўленасцю і павагай людзі ўспрымаюць нашу культуру, таму і адчуваем сябе тут сваімі,” — разважала жанчына. Адна дэталь: кажучы пра пашырэнне рознага роду кантактаў Беларусі і Рэспублікі Карэі, якім актыўна спрыяе і карэйская дыяспара, Кімі Дзінуеўна згадала, што “летась у маі ў Мінску была вялікая дэлегацыя, якая перадала ў дар нашаму Мастацкаму музею цікавыя карэйскія экспанаты”... Вось гэта “нашаму” — яно і гаворыць само за сябе. Дарэчы, у выступленнях лідэраў этнасуполак беларускіх армян, украінцаў, літоўцаў, рускіх, якія таксама мелі што сказаць, я не раз лавіў словы-сведчанні супольнага быцця. Не сакрэт, і беларусы многаму вучацца ў такіх сацыяльна актыўных людзей: гледзячы, як яны паважліва ставяцца да сваёй культуры, духоўных традыцый — і мы больш цэнім сваё, роднае. Вучымся не толькі паважаць іхнюю культуру, але і ганарыцца сваёй. Жывучы разам з намі, прадстаўнікі іншых народаў, вядома ж, імкнуцца “захаваць сваю культурную і нацыянальную ідэнтыфікацыю”, сказаў старшыня аб’яднання “Рускае таварыства” Міхаіл Пячэнка. І разам з тым рухае імі зусім не этнацэнтрызм, а жаданне прыўнесці сваю непаўторную ноту ў мелодыю супольнага беларускага жыцця. У Беларусі цяпер зарэгістравана 124 грамадскія аб’яднанні асобаў 25 нацыянальнасцяў. Потым я ўдакладніў: лідэры этнасуполак — гэта, як правіла, спецыялісты з вышэйшай адукацыяй. Аўтарытэтныя, сацыяльна актыўныя. Скажам, Кімі Ры — прадпрымальніца. Ёсць сярод іх інжынеры, выкладчыкі, кіраўнікі рознага рангу. Карацей — усе нашы людзі! Іван Ждановіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кіраўнікі розных этнічных суполак, створаных у Беларусі, маюць магчымасць расказаць журналістам пра сваю дзейнасць і адказаць на розныя пытанні прадстаўнікоў СМІ
|
|