Ці патрэбныя Беларусі прыватныя ЖЭУ?
15.07.2010 09:53
—
Новости Общества
|
У Еўропе домакіраваннем займаюцца прыватныя кампаніі. Жыхары дома заключаюць дамову на абслугоўванне — і атрымліваюць пакет паслуг па эксплуатацыі свайго дома. У сярэднестатыстычнага, напрыклад, немца галава наконт капітальнага рамонту ці тэхнічнага абслугоўвання не баліць. Ён ведае, што калі яго не зробіць кампанія, якой ён плаціць грошы, то ён звернецца да іншай.
Нягледзячы на цэнтральнае становішча ў Еўропе, эксплуатацыяй дамоў у нашай краіне займаюцца пераважна ЖЭУ ці таварыствы ўласнікаў. Ці ёсць у нас кампаніі, падобныя да еўрапейскіх? Знайсці прыватныя кампаніі, якія б прапаноўвалі паслугі па кіраванні дамамі, — справа няпростая. Ва ўпраўленнях жыллёва-камунальнай гаспадаркі на маю слёзную гісторыю сваркі з ЖЭУ і просьбу параіць прыватную кампанію адказвалі наступным чынам: "Вы аўтаматычна падключаныя да сістэмы ЖКГ, як вы можаце самастойна нешта рабіць? Вам патрэбна жыць мірна і суіснаваць разам". Былі прапановы таксама ствараць таварыства ўласнікаў і самім абслугоўваць свой дом. "Шукайце свайго электрыка, сантэхніка і ўсіх астатніх", — адказалі мне ў адным са сталічных упраўленняў. — У Беларусі на балансе ЖЭУ знаходзіцца 97 працэнтаў жылых дамоў, каля трох працэнтаў займаюць іншыя формы кіравання — ТУ, КІЗы, ЖБК і інш. І толькі зусім невялікую частку займаюць прыватныя кіруючыя кампаніі, — праясніў сітуацыю Генадзь Калёнаў, партнёр сумеснага праекта Беларусі і Еўрапейскага саюза "Жыллёвыя рэформы з удзелам насельніцтва". — У Беларусі іх налічваецца некалькі дзясяткаў. Прыватныя ЖЭУ — родам з Магілёва Як ні дзіўна, найбольшая колькасць прыватных кампаній па абслугоўванні жылых дамоў (больш за 10) знаходзіцца ў Магілёве. Адна з самых папулярных у магіляўчан — ААТ "ЖылЭкспА". На балансе "ЖылЭкспА" цяпер 37 дамоў, з пяццю ёсць вусныя дамоўленасці. — Мы заключаем дамову на поўнае тэхнічнае абслугоўванне. Прапаноўваем па сутнасці тыя ж паслугі, што і ЖЭУ, — кажа дырэктар кампаніі Іна Яўсеева. — Раней у нас была свая бухгалтэрыя. Бухгалтар разлічвала ўсе камунальныя паслугі, а пашпартыстка адсочвала ўпіску-выпіску. Але дамы ў нас знаходзяцца ў розных частках горада. Напрыклад, ёсць дом на адным канцы горада, яшчэ адзін — на другім, а трэці — пасярэдзіне. І вельмі нязручна людзям у офіс да нас ездзіць нават па простую даведку. А мы падлічылі, што для таго, каб пасадзіць бухгалтара, пашпартыста і арганізаваць графік працы з 8.00 да 20.00 без выхадных дзён, як гэта робяць разлікова-касавыя цэнтры, будзе вельмі выдаткоўна. Таму заключылі дамову з прадпрыемствам, якое займаецца менавіта бухгалтарскім улікам па камунальных паслугах і вядзеннем пашпартнага рэжыму. Яны вядуць і дамы ўсіх ЖЭУ і ЖСК, якія з імі заключаюць дамовы. Людзям туды звяртацца больш зручна. Таму само налічэнне камунальных паслуг вядзе ў нас разлікова-касавы цэнтр. А паказанні лічыльнікаў, нейкія іншыя лічбы падаём мы. Акрамя прыбіральшчыц, дворнікаў, сантэхнікаў, электрыкаў ды столяраў у штаце арганізацыі ёсць свой галоўны інжынер, інжынер-энергетык.Таму па дапамогу дадатковых арганізацый "ЖылЭкспА" не звяртаецца. На ўсе нараканні, па словах Іны Яўсеевай, яны стараюцца рэагаваць аператыўна. — Усё-ўсё добра не бывае, — расказвае Васіль Васільевіч, жыхар дома № 35 па праспекце Пушкіна, які абслугоўвае "ЖылЭкспА". — Дому нашаму 30 гадоў. І ў нас яшчэ больш-менш у параўнанні з іншымі. Святло ёсць, вада калі працякае, адразу прыходзяць і рамантуюць. Смецце вывозіцца... Праўда, моладзь на лесвіцы перашкаджае, але гэта ўжо іншае пытанне. — Што я магу сказаць пра "ЖылЭкспА"? Я наведвала дамы, якія яны вядуць, была ў іх офісе. Складваецца ўражанне, што яны прыйшлі на рынак надоўга. Працуюць амаль без скаргаў ад жыхароў, — расказвае Вольга Зямцова, начальнік упраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Магілёва. Некалькі дзясяткаў на ўсю краіну У адным з ЖЭУ на скаргу пачула такі адказ: "Калі ў цябе сто ратоў, як жа можна паспець кожнага накарміць?". Дзіўна, ЖЭУ не спраўляюцца са сваёй працай, а колькасць прыватных кампаній па ўсёй Беларусі не перавышае некалькі дзясяткаў. У чым жа прычына? Сёння за тэхнічнае абслугоўванне аднаго метра квадратнага кліенты "ЖылЭкспА" плацяць 296 рублёў (сабекошт 1 м кв — 622,5 руб.). Плата за тэхнічнае абслугоўванне кватэры ў 60 м кв. складае цяпер 17760 рублёў. Фактычна столькі ж, як і ў ЖЭУ. Але пры гэтым "ЖылЭкспА" недаатрымоўвае крыху больш за палову сумы. Павысіць суму да сабекошту кампанія не можа. Гэта рэгламентавана арт. 52 Жыллёвага кодэкса Беларусі, у якім сказана, што тарыфы і нормы адзіныя для дзяржаўнага і прыватнага жыллёвага фонду. Ды нават калі б быў такі дазвол, з-за павелічэння платы ўдвая ад кампаніі сышлі б усе кліенты. — Для таго, каб пагасіць розніцу ў тарыфах, мы атрымліваем субсідыі з мясцовага фінансавага аддзела, — кажа Іна Яўсеева. — Тое, што грамадзяне недаплачваюць (тарыф жа фіксаваны), нам даплачвае мясцовы бюджэт. Прыбытак наш складаюць грошы за арэнду тэхнікі, за паслугі, якія выконваем для ўласнікаў кватэр, і г.д. Пры гэтым сантэхнік у кампаніі атрымлівае 819 тыс. Гэта яго "голы" аклад. Дворнік атрымлівае 530 тыс. ( таксама без прэміі). Па словах Іны Яўсеевай, прыбытку цяпер амаль няма. Гэта і зразумела. Таму што калі ў мясцовага бюджэту грошай не бывае, то ўвесь прыбытак ад арэнды і іншых паслуг ідзе на пакрыццё недаплаты ад жыльцоў. — Калі б насельніцтва аплачвала 100 працэнтаў, то кошт тэхнічнага абслугоўвання кватэры ў 60 м кв. складаў бы 37350 руб. у месяц. Нашы выдаткі на сёння на 11,3 % ніжэй. А значыць, нашы жыхары плацілі б 33130 руб., — лічыць спадарыня Яўсеева. — Пры ўмове, што жыхарам не трэба прыбіраць пад'езд, напрыклад, ці яны робяць гэта самі, або яны вырашылі зменшыць колькасць лямпачак у пад'ездзе — кошт тэхнічнага абслугоўвання мог бы быць зменшаны. — Шчыра кажучы, я вельмі чакаю, калі ўжо жыхары будуць плаціць сто працэнтаў за паслугі ЖКГ, — працягвае Іна Яўсеева. — Калі б плацілі 100 працэнтаў, то мы маглі б нашым грамадзянам прапаноўваць розныя варыянты абслугоўвання: адзін мінімальны — радзей нейкія рэчы рабіць і за меншыя грошы. І маглі б прапаноўваць больш паслуг і за іншыя грошы. Калі людзі будуць плаціць 100 працэнтаў, то яны змогуць выбіраць. Будзе нейкая альтэрнатыва. А сёння атрымліваецца, што нашы грамадзяне плацяць столькі ж, колькі і гарадское ЖЭУ. А вось па якасці.... Я думаю, усё ж мы горш за іх дакладна не працуем. "Нам патрэбны тысячы такіх кампаній" — Увогуле, у гэтых арганізацый асноўная ідэя — ідэя выжывання, — кажа Генадзь Калёнаў. — Калі выбіраць нейкі бізнэс, то яўна не гэты, таму што ён фактычна не прыносіць прыбытку. На мой погляд, гэтыя людзі пайшлі ў бізнэс для таго, каб пры наступленні рынкавых адносінаў у сферы ЖКГ яны былі першымі. Яны і так будуць першымі, калі прыйдзе канкурэнцыя ў гэтую сферу. Нашы прыватныя кампаніі пакуль далёкія ад еўрапейскіх аналагаў. Яны выконваюць розныя працы па эксплуатацыі дома, падаюць справаздачы. Аднак яны не займаюцца кіраваннем, як такім. Кіраванне ўключае ў сябе кіраванне фінансамі, іх выгаднае размяшчэнне, драбленне рахункаў у розных банках для выключэння рызыкі і г.д. Еўрапейская практыка домакіравання — гэта вузкая спецыялізацыя. У Еўропе, прынамсі ў Германіі, адна кампанія па домакіраванні мае даччыныя маленькія кампаніі, якія прапаноўваюць вузкаспецыялізаваныя віды паслуг. Першая, напрыклад, выконвае толькі паслугі па домакіраванні, другая — па налічэнні плацяжоў, трэцяя прапаноўвае паслугі толькі пажылым людзям і г.д. А ў цэлым гэта адна вялікая кампанія. У маштабах нашай краіны нам патрэбны тысячы такіх прадпрыемстваў. Яны павінны канкурыраваць паміж сабой. Пакуль іх дзясяткі нават такой формы. Гэта, вядома ж, вельмі мала. Калі б гэтых арганізацый было шмат, то таварыства ўласнікаў ці мясцовыя адміністрацыі маглі б аб'яўляць тэндары. Скажам, пяць арганізацый пададуць заяўкі на кіраванне, якая больш падыходзіць, тую і выбіраюць. Так адбываецца ў Германіі. У такім разе мясцовыя адміністрацыі атрымаюць канкурэнцыю, што ўжо само па сабе лепш, чым манаполія. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Еўропе домакіраваннем займаюцца прыватныя кампаніі. Жыхары дома заключаюць дамову на абслугоўванне — і атрымліваюць пакет паслуг па эксплуатацыі свайго дома. У...
|
|