Аляксандр ЖУК: "Далейшы лёс ільгот для абітурыентаў вырашыць міжведамасная камісія"
26.11.2010
—
Новости Общества
|
Зала калегіі У 2010 годзе ў нашай краіне ўпершыню не было выяўлена крымінальных спраў, звязаных з правядзеннем ўступнай кампаніі. Пра гэта паведаміў учора на калегіі ў Міністэрстве адукацыі першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр ЖУК. Дзяржаўнай камісіяй па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзеннем уступных іспытаў у ВНУ і ССНУ была выяўлена толькі 13 дробных парушэнняў, іх віноўнікі прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці. "Усё гэта дае падставы сцвярджаць, што на гэты момант праблема карупцыі цалкам вырашана пры прыёме як ў ВНУ, так і ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы краіны", — падкрэсліў Аляксандр Жук. Дзяржаўнай камісіяй быў унесены шэраг прапаноў, якія тычацца далейшага ўдасканалення парадку прыёму. У прыватнасці, было прапанавана ўсе экзамены для абітурыентаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія паступаюць на аснове базавай адукацыі, праводзіць у пісьмовай форме, прычым па цэнтралізаваных заданнях, падрыхтаваных спецыялістамі Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў у вызначаныя Міністэрствам адукацыі дні. Сёлета эксперымент з цэнтралізаванымі заданнямі, таксама ініцыяваны дзяржаўнай камісіяй, распаўсюдзіўся толькі на тыя ССНУ, якія выбралі пісьмовую форму правядзення ўступных іспытаў. Налета ўжо ўсе абітурыенты ССНУ будуць у роўных умовах. Таксама будзе пашыраны ў наступным годзе і эксперымент, якія праводзіўся пры залічэнні абітурыентаў у Акадэмію музыкі і Акадэмію мастацтваў. Залічэнне ў гэтыя дзве ВНУ ажыццяўлялася на падставе агульнай сумы балаў, падлічанай па выніках правядзення трох этапаў уступных іспытаў па прадмеце "творчасць", сярэдняга бала сумы балаў, атрыманай на ЦТ, і сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. Такім чынам вызначальнымі пры адборы прэтэндэнтаў на навучанне былі выдатныя артыстычныя, музычныя ці мастацкія здольнасці маладых людзей. У 2011 годзе такая ж сістэма адбору распаўсюдзіцца на ўсе ВНУ пры залічэнні на спецыяльнасці культуры і мастацтва, дзе прадугледжаны экзамен па прадмеце "творчасць". Асобна Аляксандр Жук спыніўся на льготах для пэўных катэгорый абітурыентаў. У Белдзяржуніверсітэце на спецыяльнасць "паліталогія" змаглі паступіць сёлета льготнікі, якія мелі ўсяго 118 балаў па трох прадметах плюс сярэдні бал атэстата, хоць для іншых абітурыентаў прахадны бал быў 348, прычым льготнікі занялі 40 працэнтаў бюджэтных месцаў на гэтай спецыяльнасці. А на спецыяльнасць "бізнэс-адміністраванне" змог паступіць абітурыент, які меў 109 балаў у агульнай суме, затое абітурыенты, якія набралі больш за 300 балаў, зноў-такі прайсці не змаглі (прахадны бал быў 336). Аналагічныя выпадкі мелі месца ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка і іншых ВНУ. Трэба дадаць, што ў цяперашніх Правілах прыёму ёсць адна агаворка: льготны прыём можа ажыццяўляцца толькі на тых спецыяльнасцях, дзе ў папярэдні год конкурс быў 5 і больш чалавек на месца. Але гэтае палажэнне, відавочна, састарэла, бо сёння на тых спецыяльнасцях, дзе залічэнне адбываецца толькі па выніках ЦТ, знікла такое паняцце як сярэдні конкурс. Аляксандр Жук паведаміў, што ў бліжэйшы час будзе створана міжведамасная камісія па вывучэнні абгрунтаванасці і мэтазгоднасці прадастаўлення льгот розным групам абітурыентаў з выхадам на канкрэтныя прапановы па іх упарадкаванні. Па словах Аляксандра Жука, да канца 2011 года сумесна з ВАКам і Нацыянальнай акадэміяй навук будзе створана электронная аўтаматызаваная сістэма падачы заяў і залічэння абітурыентаў у ВНУ, а на 2012 год запланавана правядзенне яе апрабацыі. Надзея НІКАЛАЕВА. (Працяг тэмы ў наступных нумарах). Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У 2010 годзе ў нашай краіне ўпершыню не было выяўлена крымінальных спраў, звязаных з правядзеннем ўступнай кампаніі. Пра гэта паведаміў учора на калегіі ў...
|
|