Янка СІПАКОЎ - З дзённіка настрою
15.12.2010
—
Новости Общества
|
Адкуль і куды, якія і колькі? І што гэта такое "адкуль"? І што гэта такое "колькі"? Хто мы ў свеце і куды ідзём? І галоўнае — навошта? А хораша, мусіць, птушцы. Адпіхнуцца ад зямлі, падскочыць, узмахнуць крыллем... Узляцець і сесці на самую тонкую, самую гнуткую галінку, вагацца разам з ёю, церушыць уніз ціхі снег і, схіліўшы набок галаву, радасна глядзець зверху, як людзі незласліва, з добраю ўсмешкаю атрасаюцца ад яго. Цішыня. Толькі чуваць, як варушыцца семя ў зямлі, як лопаюцца пупышкі ды ліпне цёплы, ласкавы ветрык да маладых, яшчэ клейкіх лісточкаў. Сонца адскоквае ад небасхілу, як плоскі каменьчык-пліска ад спакойнае вады. Ён кропельку расы мілуе... Закаханы! Усё мае мяжу, і толькі каханне, мусіць, бязмежнае. Кажуць, японскія гейшы лічылі, што цікавейшага занятку, чым дагляданне самой сябе, для жанчыны не існуе. "Юрик, покусай меня везде!" — словы з сучаснай песні. Што такое каханне? Некаторыя сцвярджаюць, што гэта тое, што ўзнікае паміж жанчынай і мужчынам да таго, пакуль яны яшчэ не пазнаёміліся. Як па часе мяняюцца нашы запатрабаванні! Пасляваенная мара: боты, гадзіннік, веласіпед. Затым: кеды, джынсы, магнітафон. Цяпер: загарадны катэдж, іншамарка, рахунак у банку. Недзе прачытаў, як у свеце здароўкаюцца людзі. Егіпцяне, дзе вельмі горача, пытаюцца: "Ці добра вы пацееце?". Папуасы гавораць: "Дай я цябе абнюхаю". А манголы, жывёлаводы, хвалююцца: "Ці здаровая ваша скаціна?". У амерыканцаў жа самае папулярнае прывітанне: "Як твой бізнэс?". Хораша вітаюцца рускія: "Здравствуйте!". А хіба горшае наша вітанне: "Дзень добры!". Хай будзе добры дзень! Добрая раніца, добры вечар, добрая ноч, добры сон, добрая дарога, добрае жыццё! Амаль усе жанчыны свету настойліва рупяцца, каб найярчэй і найдаражэй упрыгожыць сябе, не заўсёды разумеючы, што самае дарагое ўпрыгажэнне ў свеце — яны самі. З размовы: — Ну і што, што шкодна? Жыць жа таксама шкодна — ніхто не вытрымлівае, усе паміраюць. Аднак жа ўсе жывуць. У Старажытным Рыме гладыятараў, якія дажывалі да, так бы мовіць, пенсійнага ўзросту, скормлівалі рыбам мурэнам, якіх разводзілі ў садках, каб падаць потым гэты далікатэс самым шаноўным асобам. Нешта звярынае было ў вачах людзей і штосьці чалавечае — у вачах звяроў. — Я сплю на доларах, — хвалілася яна. Будзеш горкі — праплююць. Будзеш салодкі — праглынуць. Будзеш кіслы — зморшчацца. Калі ў мужчыны твар без маршчын — гэта яшчэ не твар. І гэта яшчэ не мужчына. І ўсё гэта пакуль што не мужнасць. Наш тлумны і небяспечны век не шкадуе не толькі нас, людзей, але і прыроду. Ён надзяляе, да прыкладу, дрэвы нашымі чалавечымі хваробамі. У магутных нашых дубоў з'явіўся раптам сасудзісты мікоз — пачалі нечакана забівацца сасуды: сок, чыстая і светлая кроў дрэў, ужо ніяк не можа прабіцца да кроны, і дубы, невылечна хворыя, засыхаюць. На Кольскім паўвостраве, ад лапароў з Лаўазёрнай тундры пачуў, што ў іх ёсць вядзьмаркі, у якіх і сёння можна купіць вузельчык са спадарожным ветрам — ідзі з ім куды хочаш, ці едзь, і табе ўсюды будзе спрыяць ён, вецер з вузельчыка... Мы ж, беларусы, больш дамаседы, неахвотна збіраемся ў далёкую дарогу і таму спадарожны вецер у нас, здаецца, ніколі не прадаваўся. Слова — гэта своеасаблівы абраз. Хочацца і яму, як абразу, маліцца. І якія, ці паверыце, шчаслівыя людзі, што шчыра моляцца Слову. Роднаму Слову. Мой новы беларускі пашпарт, як запісана ў ім, будзе годны да 15 студзеня 2036 года. "Трэба, абавязкова трэба дажыць!" — усміхаюся сам сабе. Яго сэрца чамусьці трапяталася, як у злоўленага голуба. Ён не пытаў, якая гадзіна. Ён пытаў толькі, які век, якое стагоддзе. І кожная ягоная хвіліна была велічынёю са слана. Народная мудрасць: не згодны — пярэч, пярэчыш — прапаноўвай, прапануеш — зрабі. І мне, сухапутнаму чалавеку, часам патрэбная свая лоцыя. Каб упэўнена плысці па рацэ жыцця, каб бачыць усе яго мелі, усе рыфы і бяздонныя глыбіні. Усмешка — гэта калі прыязнасць і дабрыня сустракаюцца. І яшчэ: усмешка, як добры вірус, мае цудоўную здольнасць перадавацца ад чалавека да чалавека. І прыносіць чалавеку радасць. Пяць бакоў свету. Чатыры бакі мы добра ведаем. Разбудзі нас уночы — адкажам: усход і захад, поўнач і поўдзень. Але ж у свету ёсць яшчэ і пяты бок. Гэта — небасхіл. Бо ўсе бакі ўпісаны ў круг — гарызонт. Значыць, круг — пяты бок свету. І ты, у якім бы накірунку не ішоў, абавязкова прыйдзеш якраз да яго. Прайшла жанчына — мяккая і пушыстая, як воблака. Мужчыны глыбакадумна разважаюць пра жыццё, а жанчыны проста даюць яго. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адкуль і куды, якія і колькі? І што гэта такое "адкуль"? І што гэта такое "колькі"? Хто мы ў свеце і куды ідзём? І галоўнае — навошта? А хораша, мусіць, птушцы....
|
|