Адзін калодзеж і тры ўдавы
03.02.2011
—
Новости Общества
|
Нашы продкі былі перакананы ў тым, што вада — рака, крыніца, калодзеж — у падземным свеце выходзіць з адной крыніцы. Таму цэнтральнымі аб'ектамі абрадаў, калі неабходна было выклікаць доўгачаканы дождж, станавіліся менавіта яны і варыянтаў уключэння іх у структуру рытуальна-абрадавага комплексу было даволі шмат. Каб выклікаць доўгачаканы дождж, спачатку ішлі і наводзілі парадак каля тых крыніц, якія былі завалены ламаччам, затым разам са святаром, з харугвамі абыходзілі ўсе вядомыя ў гэтай мясцовасці крыніцы і спраўлялі малебен, адрасаваны святым Гурыю, Авілу і Самвонію. Пасля асвячэння крыніц людзі абліваліся вадой. У шматлікіх мясцінах беларуска-ўкраінскага Палесся існаваў звычай своеасаблівага вылучэння калодзежа або крыніцы ў ізаляваную прастору свяшчэннадзейства. З гэтай мэтай вакол калодзежа тройчы выконвалі рытуальны абход, які меў тую ж ахоўна-магічную ролю, што і шэраг абходаў вакол вёскі, жытнёвага поля, статка хатняй жывёлы, вакол хаты ў перадвелікодны тыдзень, вакол могілак на Радаўніцу. Як правіла, для правядзення абраду выбіралі самы стары калодзеж. У магічным дзеянні прымалі ўдзел тры ўдавы. Адна ішла наперадзе і несла абраз, другая — хлеб-соль, трэцяя ішла побач з імі. Усе браліся за рукі, утваралі замкнёнае кола і тройчы па сонцы абходзілі вакол калодзежа. Яшчэ адной магічнай акцыяй было выліванне (вычэрпванне) усёй калодзежнай вады і абліванне ёю. Гэтая магічная акцыя мела наўмысна падкрэслены калектыўны (нават агульнавясковы, агульнаабшчынны) характар. У адзін дзень, калі сонца прыпякала асабліва моцна, людзі з усіх крыніц у вёсцы адначасова вылівалі гуртам ваду — тым самым жадалі хутчэй выклікаць "прыцяжэнне" нябеснай вады. Разам з тым існавалі рэгіянальныя адрозненні ў выкананні гэтага абраду. Пералік рэчаў, якія ахвяравалі калодзежу, быў даволі значны. Сярод іх — асвячоны на Спаса мак, лушчык (насенне самасейнага льну), асвячонае на Вялікдзень сала, гарох, часнок, асвячоная на Стрэчанне соль. Цікавыя варыянты ахвяравання калодзежу або крыніцы запісаны намі ў в. Пералёўка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці. Для выканання абраду выклікання дажджу адна з жанчын-удоў павінна была ўкрасці ў суседкі гліняны гаршчок і кінуць яго ў калодзеж. Тая вымушана была выбіраць з калодзежа ўсю брудную ваду, пасля чаго абавязкова ішоў дождж. Аксана Катовіч, Янка Крук. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Нашы продкі былі перакананы ў тым, што вада — рака, крыніца, калодзеж — у падземным свеце выходзіць з адной крыніцы. Таму цэнтральнымі аб'ектамі абрадаў, калі...
|
|