Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў запрашае ўсіх ахвотных на IV Усебеларускую дыктоўку, якая пачнецца 21 лютага а 18-й гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (Траецкае прадмесце) ў Мінску.
Старшыня ТБМ адзначыў, што дыктоўка прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы. Паводле яго слоў, тэксты для дыктоўкі падрыхтаваныя на аснове твораў Максіма Багдановіча, 120-годдзе з дня нараджэння якога будзе адзначацца 9 снежня 2011 года.
Як адзначыў Алег Трусаў, найбольш актыўныя ўдзельнікі акцыі атрымаюць прызы.
Дыктоўка праводзіцца ў тры этапы: першы — 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, другі — 15 сакавіка, у дзень прыняцця першай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і трэці — 25 сакавіка, у дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
ТБМ прапанавала выкарыстаць для дыктоўкі тэксты вядомага верша Багдановіча «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…» (1915) і адаптаванага эсэ паэта «Хто мы такія?» (1915).
Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы...
Максім Багдановіч
Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы У ціхую сінюю ноч І сказаць: „Бачыце гэтыя буйныя зоркі, Ясныя зоркі Геркулеса? Да іх ляціць наша сонца, І нясецца за сонцам зямля. Хто мы такія? Толькі падарожныя — папутнікі сярод нябёс. Нашто ж на зямлі Сваркі і звадкі, боль і горыч, Калі ўсе мы разам ляцім Да зор?”
1915
Хто мы такія?
Беларусы! Мы — вялікі народ, нас дванаццаць мільёнаў, шырока раскінуліся мы і спрадвеку жывём тут. Гэта наш край, наша старонка. Калісьці ў нас была свая дзяржава, скрозь чутно было нашу беларускую гаворку. У ёй пісалі законы, разбіралі справы па судах, вучылі ў школах, друкавалі кнігі, спраўлялі набажэнствы ў царкве ды касцёле. І ўсе размаўлялі па-нашаму: і чыноўнікі, і папы, і паны над панамі, і вялікія князі, што правілі краінай.
Жывём мы паміж народаў моцных, і маем шмат крыўды ад іх. Агляніцеся: усё наша роднае, беларускае, марнуецца, нішчыцца, знікае, бо яго забіваюць, яго прыглушаюць, ім пагарджаюць, а чужое пануе, мае сабе пашану і павагу. I — хто ведае? — быць можа, пройдзе колькі часу, і не пазнаем мы ані нашага краю, ані нашых дзяцей. I будзе скрозь усё чужое, нязвычнае, а свайго роднага — нічога.
Дык няхай жа не станецца так! Не пакінем свае гаворкі, сваіх песняў, сваіх звычаяў — свайго кроўнага, спрадвечнага, беларускага. Не адрачомся, не забудзем, не кінем на глум; будзем шанаваць, бараніць, дзецям сваім пра тое распавядаць.
Чытайма, браткі, кніжкі і газеты, пісаныя ў нашай беларускай гаворцы. Тады прыйдзе канец нашай цемнаце, праясняцца нашыя вочы, і кожны крок, што мы ступім па зямлі, будзе крокам да блізкага шчасця, да светлага жыцця.