Санкцыі разбураюць давер. 21.by

Санкцыі разбураюць давер

22.02.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пра тое, ці існуе перспектыва ў санкцыйнай палітыкі ЕС, спісах неўязных і будучыні адносін Беларусі з Захадам і Расіяй чытайце ў эксклюзіўным інтэрв'ю старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу У.П. Андрэйчанкі інфармацыйнаму агенцтву "Інтэрфакс-Захад".

— Як вы ацэньваеце рашэнне Савета ЕС аб увядзенні візавых санкцый у дачыненні шэрагу беларускіх грамадзян? Чаму, на ваш погляд, называючы раней гэтыя санкцыі бесперспектыўнымі, ЕС зноў вяртаецца да гэтага механізму?

— Беларускі бок мае кансалідаваную пазіцыю ўсіх галін улады адносна ўвядзення санкцый з боку Еўрасаюза, якая была даведзеная да міжнароднай грамадскасці Міністэрствам замежных спраў.

Патрабаванні аб увядзенні візавых абмежаванняў памылковыя. Па сутнасці, гэта вяртанне да часоў халоднай вайны, пабудова новай "брусельскай сцяны", што не адпавядае інтарэсам абодвух бакоў.

Санкцыйнае мысленне толькі ўзмацняе раздзяляльныя лініі і разбурае давер. Досвед апошніх гадоў у дачыненні забароны на ўезд у ЕС для беларускіх чыноўнікаў даказаў усю бесперспектыўнасць такога падыходу. А вяртанне да гэтых санкцый паказвае, што аднадушнасці па іх увядзенні не было. Адзіным магчымым кансэнсусным рашэннем стала менавіта ўвядзенне візавых абмежаванняў.

— Як вы ацэньваеце сам падыход да фарміравання спісу неўязных? Калі ў ЕС гавораць пра адказнасць шэрагу беларускіх грамадзян за тое, што адбылося ў Беларусі, то чаму, на ваш погляд, там людзі, якія даўно не знаходзяцца на дзяржслужбе? Як вы мяркуеце, адсутнасць вашага прозвішча ў спісе можа гаварыць пра тое, што еўраструктуры маюць намер працягваць кантакты з парламентам Беларусі?

— Відавочна, што спіс складаўся паспешна, фармальна. Пацвярджэннем гэтаму служыць і тое, што цяпер гэтыя спісы карэктуюцца, удакладняюцца. Але ў любой рэдакцыі відавочна, што дакладных крытэрыяў да складання так званага спісу неўязных у ЕС няма. І гэты фармалізм — яшчэ адзін доказ таму, што для ЕС быў важны сам факт прыняцця санкцый.

Што датычыцца другой часткі пытання, магу выказаць здагадку, што і гэты матыў меў месца.

— Вы лічыце магчымым у бліжэйшай перспектыве дыялог з удзелам прадстаўнікоў ПАСЕ, Еўрапарламента? Ці не чакаеце вы сур'ёзных цяжкасцяў у рабоце беларускай дэлегацыі ў ПА АБСЕ?

— Беларускі парламент паслядоўна выступае за паглыбленне партнёрства, доўгатэрміновага паўнавартаснага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з парламенцкімі асамблеямі АБСЕ, Савета Еўропы, Еўрапарламентам, роўна як і з іншымі міжпарламенцкімі структурамі і парламентамі замежных краін. Мы заўсёды гатовыя да канструктыўнага дыялогу, але толькі на аснове ўзаемнай павагі і раўнапраўя.

Мы перакананыя, што ахаладжэнне нашых узаемаадносін носіць часовы характар і ўжо ў агляднай будучыні возьме верх прагматычны падыход да працягу супрацоўніцтва па ўзаемавыгадных кірунках.

Нават пры ўсёй дваістасці стандартаў цалкам спыніць кантакты з краінай у цэнтры Еўропы немагчыма. 24—25 лютага беларуская дэлегацыя возьме ўдзел у чарговым пасяджэнні Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Падчас пасяджэнняў нам трэба будзе, у тым ліку, давесці да замежных парламентарыяў аб'ектыўную інфармацыю аб сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама аб выніках прайшоўшай у Беларусі прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.

Падкрэслю, што Нацыянальны сход з'яўляецца паўнапраўным членам Парламенцкай асамблеі АБСЕ. І не трэба спрабаваць падаць сітуацыю так, быццам існуе толькі чорна-белае яе ўспрыманне. У еўрапейскіх парламенцкіх структурах ёсць нямала палітыкаў, якія падзяляюць і падтрымліваюць нашу пазіцыю, нашу палітыку, якія выступаюць супраць любых спроб аказваць ціск на суверэнную дзяржаву. Гэта адносіцца, безумоўна, і да Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

— Чаму, па вашым меркаванні, Еўрасаюз не пайшоў на эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі? Як доўга можа прадоўжыцца перыяд ахаладжэння адносін паміж ЕС і Беларуссю?

— Комплекс прычын можна структураваць па двух буйных блоках.

Па-першае, Еўрасаюз не зацікаўлены ва ўвядзенні эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі. Палітычная і дзелавая эліты краін ЕС цесна ўзаемазвязаныя паміж сабой. Буйны бізнэс ЕС ніколі не пойдзе на крокі, якія могуць ушчаміць яго эканамічныя інтарэсы. Да таго ж у развіцці эканамічных узаемаадносін з Беларуссю напрамую зацікаўленыя краіны Балтыі, якія з'яўляюцца членамі ЕС, якія кансалідавана выступілі супраць эканамічных санкцый у дачыненні да Беларусі.

Па-другое, Беларусь з'яўляецца транзітнай краінай, праз якую ажыццяўляюцца прамыя кантакты паміж Расіяй і Еўропай, транзітныя пастаўкі сыравіны і тавараў. Мы цесна ўзаемазвязаныя з нашымі еўрапейскімі партнёрамі ў галіне энергетыкі, барацьбы з нелегальнай міграцыяй, наркатрафікам, аховы навакольнага асяроддзя і ў многіх іншых пытаннях.

Не буду выступаць у ролі прадказальніка, магу гаварыць толькі за беларускі бок, наш парламент: мы гатовыя хоць заўтра працягнуць наша ўзаемадзеянне. Усё залежыць ад рэальнага жадання нашых заходніх партнёраў, ад іх здольнасці адмовіцца ад тэндэнцыйных падыходаў і перайсці да практычнага супрацоўніцтва. Не абмежавальныя меры, а толькі ўзаемаразуменне і ўзаемадзеянне з'яўляюцца адзіна правільным і надзейным сродкам вырашэння праблем.

— Як вы пракаментуеце меркаванне аб тым, што, атрымаўшы сур'ёзныя праблемы на заходнім кірунку знешняй палітыкі, Беларусь паступова сыдзе пад уплыў Расіі і ў выніку страціць сваю незалежнасць?

— Па маім перакананні, падобныя заявы не вартыя сур'ёзнай увагі і каментарыяў. Людзі, якія дапускаюць выказванні такога роду, дрэнна разбіраюцца ў палітычнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Ісціна складаецца ў тым, што суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны — краевугольныя камяні ўнутранай і знешняй палітыкі беларускай дзяржавы.

Беларусь будуе свае адносіны са знешнім светам зыходзячы з інтарэсаў беларускага народа. А гэты інтарэс рэалізуецца не пры дапамозе пераходу з-пад аднаго ўплыву пад іншы, а шляхам стварэння сістэмы раўнапраўных адносін, супрацоўніцтва, якое базуецца на прынцыпах узаемнай павагі і неўмяшанні ва ўнутраныя справы кожнага з бакоў.

— Якімі вам бачацца бліжэйшыя перспектывы адносін Беларусі і Расіі ў рамках Саюзнай дзяржавы з улікам таго, што на першы план сёння ўсё больш выходзіць мытны саюз "тройкі"?

— 2010 год аказаўся вельмі плённым на ініцыятывы па ўмацаванні і пашырэнні інтэграцыйных працэсаў. Завяршэннем сумесных намаганняў Беларусі, Казахстана і Расіі стала прыняцце Дэкларацыі аб стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы і падпісанне 17 дагавораў, якія складаюць прававую аснову ЕЭП. Новае інтэграцыйнае ўтварэнне ў поўнай меры пачне функцыянаваць з 1 студзеня 2012 года.

Безумоўна, ЕЭП — крок наперад у параўнанні з мытным саюзам. Але нельга забываць, што гэты магутны геапалітычны праект стаў магчымым у многім дзякуючы менавіта Саюзнай дзяржаве, у рамках якой былі падрыхтаваныя адпаведныя напрацоўкі. Не было б Саюзнай дзяржавы, наўрад ці ўдалося б тром краінам так хутка і эфектыўна выйсці на новы ўзровень эканамічных адносін. Будаўніцтва і развіццё Саюзнай дзяржавы істотна паскорылі прасоўванне да мытнага саюза і ЕЭП.

Наконт бліжэйшых перспектыў адносін Беларусі і Расіі ў рамках Саюзнай дзяржавы адзначу, што, як і раней, яны маюць тэндэнцыю да ўмацавання і пашырэння інтэграцыйных працэсаў па ўсіх кірунках. Тут дарэчы нагадаць, што ў 2010 годзе тавараабарот паміж нашымі краінамі, нягледзячы на ўплыў сусветнага крызісу, вырас на 18,9%, а экспарт у Расійскую Федэрацыю павялічыўся на 46,1%.

Іншымі словамі, і Саюзная дзяржава, і мытны саюз, гэтаксама як і Адзіная эканамічная прастора, якая фарміруецца, — гэта формы інтэграцыі, якія не толькі не выключаюць і не падмяняюць адна адну, а, наадварот, знаходзяцца ў гарманічнай і дыялектычнай узаемасувязі.

— Як вы лічыце, аб такіх глабальных праектах у рамках Саюзнай дзяржавы як "адзіная валюта" і "Канстытуцыйны акт" можна забыцца? Што з'яўляецца сёння першачарговым у далейшым развіцці саюзнага будаўніцтва?

— Забываць нічога не трэба ў любым выпадку. Тым больш, калі гаворка ідзе пра такія прынцыпова важныя для лёсаў нашых народаў праекты.

Дагаворам аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года прадугледжаныя і паэтапнае ўвядзенне адзінай валюты, і падрыхтоўка праекта Канстытуцыйнага акта, які вызначае дзяржаўнае ўстройства Саюзнай дзяржавы і яе прававую сістэму.

Нават неспрактыкаваны ў палітыцы чалавек разумее, што для рэалізацыі гэтых маштабных праектаў трэба прайсці няпросты і доўгі шлях. Мы здолелі сумесна пераадолець значную частку гэтага шляху, але і да цяперашняга часу экспертная праца па падрыхтоўцы праекта Канстытуцыйнага акта і ўвядзенні адзінай валюты працягваецца.

Апошняе (у храналагічным плане) мерапрыемства па гэтым пытанні адбылося ў снежні 2010 года ў Смаленску. Семінар саюзных парламентарыяў быў прысвечаны праблематыцы фарміравання саюзнага парламента ў кантэксце праекта Канстытуцыйнага акта, падрыхтаванага сумеснай беларуска-расійскай камісіяй.

Што датычыцца далейшых перспектыў саюзнага будаўніцтва, адзначу, што праца не стаіць на месцы. Безумоўна, не ўсё ідзе гладка, ёсць праблемы, пытанні, над якімі мы працуем. Але галоўнае — супрацоўніцтва нарастае па ўсім перыметры нашых адносін. У першую чаргу дынамічна развіваецца іх эканамічны складнік. І гэта правільны шлях. Мы — рэалісты і цвёрда ведаем, што палітычная надбудова ўзводзіцца на трывалай эканамічнай аснове.

На дадзены момант актыўна рэалізуюцца эканамічныя і навукова-тэхнічныя праграмы, што фінансуюцца з саюзнага бюджэту. Яны значныя не толькі для нарошчвання эканамічных патэнцыялаў дзвюх краін, але і маюць ярка выражаную сацыяльную скіраванасць, паколькі забяспечваюць сотні і сотні тысяч людзей працай.

Па меры ўмацавання Саюзнай дзяржавы роля ўзаемавыгадных сумесных праграм будзе ўзрастаць. Галоўнае сёння — паэтапна і планамерна рухацца наперад.

— Як ідзе падрыхтоўка да вясновай сесіі Палаты прадстаўнікоў? На якіх кірунках заканадаўчай работы будзе сканцэнтравана асноўная ўвага?

— Падрыхтоўка ідзе поўным ходам. Упэўнены, што да пачатку сесіі мы падыдзем з важкім запасам законапраектаў. Па сваім змесце і накіраванасці яны ўвязаныя з рашэннямі чацвёртага Усебеларускага народнага сходу і Праграмай дзейнасці ўрада Рэспублікі Беларусь на 2011—2015 гады. Але гэта толькі пачатак шляху. Маштабнае рэфармаванне эканомікі, далейшае развіццё грамадскіх адносін, павышэнне ўзроўню жыцця нашых грамадзян, інакш кажучы, усё тое, што складае стрыжань унутранай палітыкі дзяржавы, запатрабуе напружанай працы ўсіх удзельнікаў заканатворчага працэсу. Ужо сёння можна сказаць, што да першага пасяджэння будуць гатовыя да разгляду звыш 40 пытанняў, а ў цэлым за сесію іх будзе разгледжана каля сотні.

Значны аб'ём працы трэба будзе выканаць у сферы заканадаўства аб эканамічнай дзейнасці. З улікам правапрымяняльнай практыкі будуць унесеныя змены ў Грамадзянскі, Гаспадарчы працэсуальны, Грамадзянскі працэсуальны кодэксы, Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Сярод найбольш рэзанансных дакументаў — праекты Жыллёвага кодэкса, законаў "Аб сістэме жыллёвых будаўнічых зберажэнняў", "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб", "Аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі", аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у закон "Аб барацьбе з карупцыяй".

Асаблівасцю будучай сесіі будзе вялікі блок пытанняў, што датычацца сферы культуры. Запланаваная карэкціроўка законаў аб культуры, кінематаграфіі, музеях і Музейным фондзе, Нацыянальным архіўным фондзе і архівах.

Самую пільную ўвагу парламентарыі нададуць і пытанням аховы здароўя насельніцтва.

Асаблівае значэнне для краіны мае ратыфікацыя міжнародных дагавораў, якія фарміруюць прававую базу мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі. Як бачыце, наша заканатворчая праграма ахоплівае практычна ўсе значныя пытанні далейшага развіцця беларускай дзяржавы.

— Ці плануецца на заканадаўчым узроўні ўзмацніць дырэктыву кіраўніка дзяржавы аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы?

— Нагадаю, што сэнс і мэта гэтай дырэктывы — разняволенне дзелавой ініцыятывы.

Дырэктыва — гэта не аднамомантнае вырашэнне існуючых праблем. Так, у ёй ёсць нормы прамога дзеяння, але рэалізацыя закладзеных ідэй патрабуе таксама прыняцця цэлага комплексу заканадаўчых актаў. Менавіта таму, лічу, больш правільна будзе весці гаворку не пра ўзмацненне дырэктывы, а пра рэалізацыю яе палажэнняў. Урадам ужо вядзецца падрыхтоўка паправак у дзясяткі законаў. Будуць распрацаваныя і прынцыпова новыя заканадаўчыя акты, у прыватнасці законапраект аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве.

Вырашэнню гэтай задачы служыць і падрыхтоўка праектаў законаў "Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)", "Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)".

Далейшыя крокі трэба будзе зрабіць у кірунку лібералізацыі па-датковага заканадаўства, спрашчэння бухгалтарскага ўліку і фінансавай справаздачнасці. Работа па рэалізацыі дырэктывы закране і палажэнні Кодэкса аб зямлі, закона "Аб асновах адміністрацыйных працэдур". Будзе вырашацца цэлы блок пытанняў, што датычацца змякчэння адказнасці за правапарушэнні ў эканамічнай сферы. Пералік, вядома, не з'яўляецца вычарпальным. Інвентарызацыя заканадаўства на прадмет адпаведнасці патрабаванням дырэктывы істотна яго пашырыць.

У выніку лібералізацыі эканомікі ў нашай краіне раскрыецца дадатковы патэнцыял вытворчых сіл, а на гэтай аснове паднімецца ўзровень жыцця насельніцтва, краіна стане больш прывабнай для замежных інвестараў і партнёраў.

— На вашу думку, ці існуе неабходнасць ва ўдасканальванні заканадаўства ў інвестыцыйнай сферы? Што неабходна зрабіць у першую чаргу?

— Трэба сказаць, што ў Беларусі створана заканадаўчая база для ажыццяўлення інвестыцыйнай дзейнасці, дзе цэнтральнае месца займае Інвестыцыйны кодэкс.

Інвестарам, у тым ліку замежным, гарантавана роўная, без якой-небудзь дыскрымінацыі абарона правоў і законных інтарэсаў. Дзяржава дае інвестару права самастойна распараджацца вынікамі інвестыцыйнай дзейнасці.

Сёння краінай узяты курс на стварэнне інавацыйнай, экспартаарыентаванай эканомікі. Дасягненне гэтай мэты праблематычнае без стварэння адпаведнай прававой базы, у тым ліку і ў інвестыцыйнай сферы. Работа ў гэтым кірунку ўжо вядзецца. Вясной плануецца ўнясенне ў Палату прадстаўнікоў праекта новай рэдакцыі Інвестыцыйнага кодэкса.

Зразумела, інвестараў цікавіць не толькі інвестыцыйнае заканадаўства. Умовы іх працы вызначаюць падатковае, мытнае, зямельнае, гаспадарчае і іншыя галіны заканадаўства. Задачу павышэння эфектыўнасці інвестыцыйнай дзейнасці ў краіне мы будзем вырашаць комплексна. Яна накіраваная на прававую падтрымку ў дасягненні галоўнай мэты — пабудовы квітнеючай Беларусі, узровень жыцця грамадзян якой наблізіцца да развітых еўрапейскіх краін.

— Ці магчымыя далейшая лібералізацыя і ўдасканальванне выбарчага заканадаўства Беларусі? Ці ёсць неабходнасць унясення паправак у Выбарчы кодэкс да правядзення чарговых парламенцкіх выбараў?

— Мы сістэмна ўдасканалілі выбарчае заканадаўства, у тым ліку з улікам рэкамендацый міжнародных экспертаў, у снежні 2009 года. Яно было апрабавана падчас выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў у красавіку мінулага года і ў перыяд прайшоўшай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Дзейнае выбарчае заканадаўства адлюстроўвае цяперашні стан грамадскага развіцця Беларусі і на гэтым этапе з'яўляецца для нашай краіны аптымальным.

Ацэньваючы яго, варта памятаць, што ў свеце няма ідэальных выбарчых сістэм, няма ўніфікаваных стандартаў правядзення выбараў. У кожнай дзяржаве яны розныя, паколькі рознымі з'яўляюцца традыцыі, узровень жыцця, прававая культура грамадства.

Не выключана, што і наша заканадаўства ў чымсьці недасканалае. Можа, у будучыні мы разгледзім магчымасць увядзення элементаў прапарцыйнай выбарчай сістэмы альбо змешанай, калі частка дэпутатаў выбіраецца па партыйных спісах, а частка — у выбарчых акругах. Але гэта павінна быць запатрабавана грамадствам. Павінны наспець неабходныя перадумовы: развітасць палітычных інстытутаў, наяўнасць аўтарытэтных палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў. Павінен быць дасягнуты і адпаведны ўзровень прававой культуры насельніцтва. Гэта таксама адзін з кірункаў дзейнасці дэпутацкага корпуса.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра тое, ці існуе перспектыва ў санкцыйнай палітыкі ЕС, спісах неўязных і будучыні адносін Беларусі з Захадам і Расіяй чытайце ў эксклюзіўным інтэрв'ю старшыні...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика