Цана на піва сёлета ў вытворцаў не "зашкаліць". 21.by

Цана на піва сёлета ў вытворцаў не "зашкаліць"

22.02.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сяргей ГРЫБ

Несуцяшальныя прагнозы наконт рэзкага падзення піўнога рынку Беларусі пасля ўвядзення забароны на ўжыванне гэтага напою ў грамадскіх месцах не спраўдзіліся. За мінулы год агульны аб'ём вытворчасці нашых прадпрыемстваў павялічыўся адразу на 18,4 працэнта і склаў 39,9 млн дэкалітраў. Пры гэтым тая ж статыстыка сведчыць, што беларусы ўсё больш аддаюць перавагу менавіта айчыннаму прадукту. Праўда, адначасова нельга не прызнаць: праблема "залішняга" імпарту застаецца па-ранейшаму вострай.

Ад Расіі да В'етнама

Занадта спякотнае лета адыграла сваю ролю, і тым не менш тлумачыць павелічэнне вытворчасці і рэалізацыі выключна "спрыяльнымі ўмовамі надвор'я" не выпадае. Як адзначаюць у канцэрне "Белдзяржхарчпрам", асноўная прычына аказалася іншай — актыўная маркетынгавая палітыка беларускіх вытворцаў як на ўнутраным, так і на знешніх рынках. Дарэчы, зноў жа летась быў пастаўлены сапраўдны рэкорд — айчынныя прадпрыемствы рэалізавалі за мяжой 5 млн дэкалітраў піва. Асноўнымі напрамкамі тут ужо традыцыйна былі Расія і краіны Балтыі. Але не толькі — беларуская прадукцыя экспартавалася ва Украіну, Малдову, дзяржавы Закаўказзя; пробныя партыі патрапілі ў Германію, Вялікабрытанію і нават у экзатычны В'етнам.

— Адначасова даводзіцца канстатаваць, што за мінулы год доля імпартнага піва на нашым рынку зменшылася на 2,4 працэнта, — распавядае начальнік сектара піваварнай галіны ўпраўлення каардынацыі і развіцця галін па вытворчасці прадуктаў харчавання і тытунёвых вырабаў канцэрна Яўген Мар'юшыч. — Аднак гэтая доля застаецца ўсё яшчэ значнай — 27,9 працэнта. Для параўнання: паказчык суседніх краін тут атрымліваецца меншым адразу ў 4-6 разоў.

Адным з вынікаў мінулага года стала ўрэгуляванне дэмпінгавых праблем з украінскімі вытворцамі. Шэраг буйнейшых кампаній суседняй дзяржавы ўзялі на сябе абавязак па цэнах, а для кантролю тут была ўведзена сістэма ліцэнзавання. І ўсё ж у канцэрне зазначаюць: выключна мерамі эканамічнага рэгулявання праблему не вырашыць. А тым больш — з улікам стварэння Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана.

— У такіх варунках адзін са шляхоў — працягваць працаваць над сваім півам, — перакананы Яўген Мар'юшыч. — Негатыўная рэпутацыя, якая склалася ў адносінах да яго недзе ў 2006-2007 гадах, і ў тым ліку з-за вымушанага выкарыстання не лепшага ячменю, нагадвае аб сабе і дагэтуль. Аднак з таго часу змянілася многае — і не толькі тэхналогіі. Літаральна летась па тым жа ячмені быў распрацаваны стандарт, які адпавядае патрабаванням Еўропы. І, дарэчы, з гэтым пагаджаюцца самі еўрапейцы — для вытворчасці ліцэнзійнага піва ў Беларусі без аніякіх праблем выкарыстоўваецца наша сыравіна.

Шлях другі — распрацоўка новых гатункаў. Пры гэтым у канцэрне заўважаюць: да сезону ўсе беларускія вытворцы прапануюць па-сапраўднаму цікавыя навінкі.

Бізнэсу пойдуць насустрач

Па-сапраўднаму вострай праблемай застаецца рэалізацыя піва. Пасля ўвядзення забароны яго ўжывання ў грамадскіх месцах здавалася, што гэта з'яўляецца даволі перспектыўным напрамкам развіцця бізнэсу. Аднак прайшоў год, і сёння можна канстатаваць: асаблівай цікаваці з боку прадпрымальнікаў тут не назіраецца.

— Летась значныя сродкі ў развіццё пунктаў спажывання ўклалі непасрэдна заводы, гэтая работа працягваецца і сёлета, — распавядае Яўген Мар'юшыч. — Прычым паралельна практычна ўсе нашы вытворцы распрацавалі стандарт бара і гатовыя пайсці насустрач бізнэсу. У прыватнасці, прадпрымальнікам, якія пажадаюць працаваць пад эгідай таго ці іншага прадпрыемства, можа быць прадастаўлена практычна ўсё неабходнае: палатка, гандлёвае абсталяванне, мэбля і нават уніформа афіцыянтаў.

Сыравіна ці сумленне гандляроў?

Не менш вострая тэма — цэны. Зноў жа пасля ўвядзення забароны на распіццё піва ў грамадскіх месцах многія пункты грамадскага харчавання павялічылі іх у два і нават больш разоў. Пры гэтым, як лічаць у канцэрне, без асабліва важкіх падстаў.

— Такога значнага павелічэння цаны з боку вытворцаў не было, таму выпадае казаць, што многія гаспадары пунктаў грамадскага харчавання проста вырашылі скарыстацца момантам на сваю карысць, — зазначае Яўген Мар'юшыч. — Прычым зрабіць што-небудзь тут, па сутнасці, немагчыма: гандлёвая нацэнка на піва адменена, цяпер цана вызначаецца адвольна.

Між тым, літаральна днямі аматары піва даведаліся пра не надта прыемную для сябе навіну. Прынята рашэнне аб павелічэнні закупачнай цаны на піваварны ячмень новага ўраджаю адразу на 41 працэнт — з 390 да 550 тыс. рублёў за тону. Што атрымаецца ў выніку?

— Ячмень новага ўраджаю пачне выкарыстоўвацца прадпрыемствамі толькі прыкладна з кастрычніка, таму фактычна падаражэнне не закране "высокі сезон", — падкрэслівае Яўген Мар'юшчыч. — Што ж да больш аддаленай перспектывы, то можна нагадаць: доля ячменю ў канчатковай цане піва хоць і адчувальная, але не самая значная. Да таго ж, рэзка ўзняць цану не дазволіць вялікая канкурэнцыя на рынку. Мы разлічваем, што па выніках года павелічэнне складзе не больш чым 10 працэнтаў. Пры гэтым на канчатковы малюнак можа паўплываць не столькі ячмень, колькі іншыя складнікі — скажам, той жа поліэтылен і, адпаведна, кошт ПЭТ-бутэлькі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Несуцяшальныя прагнозы наконт рэзкага падзення піўнога рынку Беларусі пасля ўвядзення забароны на ўжыванне гэтага напою ў грамадскіх месцах не спраўдзіліся. За...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика