Патрапіў сом у палон... у вясковы склеп. 21.by

Патрапіў сом у палон... у вясковы склеп

01.04.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Звычайна веснавая паводка калі і не шкодзіць людзям, дык, прынамсі, дастаўляе пэўныя праблемы і нязручнасці. Асабліва насельнікам прыбярэжных населеных пунктаў. А вось 82-гадовую жыхарку вёскі Вялікія Астравы Жыткавіцкага раёна Яніну Іванаўну Красавіцкую "вялікая вада", можна сказаць, зрабіла вядомай на ўсю краіну. Выпадак, што адбыўся з ёй, інакш як унікальным і не назавеш: у склеп на ўчастку жанчыны патрапіў... сом. Ды які — амаль 2,5 метры даўжынёй і вагой 223 кілаграмы! Пра падрабязнасці здарэння нам па тэлефоне расказаў сын Яніны Іванаўны — Васіль Красавіцкі. Ён працуе выратавальнікам у мясцовым падраздзяленні МНС, да таго ж, як высветлілася, рыбак са стажам — з дзяцінства ходзіць з вудамі на раку Быстранку, што працякае побач з домам.

— Шчыра кажучы, "вялікая вада" прыйшла да нас сёлета раней звычайнага — недзе з месяц таму, калі ўзровень яе быў максімальны. З той пары ён больш не павялічваўся — наадварот, пачаў падаць. А ўчастак наш знаходзіцца літаральна на беразе Быстранкі. Колісь рака, як прыгадваюць старажылы, была вельмі паўнаводная, вясной моцна разлівалася. Гавораць, што і назва вёскі — Вялікія Астравы — паходзіць з тых далёкіх часоў, калі з-пад вады тырчалі купкі зямлі, узвышанасці з дамамі месцічаў. Але ўжо шмат гадоў калі і здараюцца паводкі, дык невялікія: і рака абмялела значна, і цячэнне яе ўжо не тое. Таму гадоў з 20 таму мы і пабудавалі нешта накшталт склепа на рагу ўчастка. Асноўны ў нас знаходзіцца побач з домам, на невялікім узвышшы, а там, у нізінцы, часовы — каб бульбу можна было прасушваць, рыштунак захоўваць, — напачатку ўвёў у курс справы Васіль Васільевіч.

Паводле яго слоў, перад паводкай ён перанёс рэшткі гародніны, што там былі, у асноўны склеп. А потым "вялікая вада" заліла падземную частку склепа цалкам. Люк застаўся адчыненым.

— І вось, калі вада некалькі спала, маці праходзіла побач са склепам. Пачула нейкі рух, напачатку не разабралася адкуль. Пачала прыслухоўвацца: са склепа. Ды яшчэ мацней! Спужалася, прыбегла да мяне, кажа: "Васіль, там нехта ёсць. Можа, хто зваліўся", — распавядае далей Васіль Красавіцкі. — Вядома ж, я не надта паверыў. А маці настойліва просіць: "Ідзі паглядзі". Дарогай думаў, можа, якая андатра папалася. Добра, што дома моцны ліхтар з працы быў. Падышоў, пасвяціў уніз. А там — нехта як зварухнецца раптоўна! Ды пырскі над люкам! Паспеў толькі заўважыць, як унізе нешта чорнае і бліскучае тузанулася. Адскочыў, сэрца калоціцца, думкі ў галаве мільгаюць. Зразумела, што нейкая жывая істота. Але хто? Рабіць няма чаго, зноў зазірнуў уніз, падсвечваю сабе ліхтаром. Прыгледзеўся — нейкае змеепадобнае цела, быццам бы хвост нейкі... Сом! Адразу нават не паверыў уласнай здагадцы. Вада ўнізе ўжо да самога люка не даходзіла, недзе каля метра па вышыні, і месца вялікай рыбіне не вельмі хапала. Напэўна, сом патрапіў у адчынены люк падчас максімальнага ўзроўню вады на агародзе, а выбрацца ўжо не здолеў. Як даўно тое было, сказаць не бяруся, але, відаць, як пачала зыходзіць вада ў склепе, вось тады сом і заварочаўся.

Паглядзець на велізарную рыбіну збеглася не толькі ўся вёска, усе насельнікі. Прыехалі нават калегі Васіля Васільевіча. Дарэчы, яны і дапамаглі з дапамогай спецабсталявання дастаць са склепа рыбіну. Тут жа і замералі, узважылі.

— Бацька мой ад свайго чуў, што некалі ў Быстранцы вадзіліся самы пад два метры даўжынёй і болей, на гусей, качак на рацэ нападалі. Але ні ён сам, ні я такіх экзэмпляраў ніколі не бачыў, хоць рыбачу з дзяцінства. Сом апошнім часам ва ўловах быў рэдкасцю. Мой асабісты рэкорд быў кілаграмаў на 30, ужо і не памятаю колькі гадоў таму. А тут такі монстр.

Паколькі "ўлоў" быў здабыты ў апошнія дні сакавіка, яшчэ да ўступлення ў сілу забароны на рыбную лоўлю ў сувязі з веснавым нерастам, сома было вырашана на законных падставах пакінуць сабе. Падзяліліся з суседзямі, калегамі па працы — хапіла ўсім. Рыбіну разбіралі з дапамогай сякеры. Па водгуках, на смак здабыча была не вельмі, спрабавалі хіба з цікаўнасці.

А вось навукоўцы Інстытута рыбагадоўлі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, да якіх мы звярнуліся па каментарыі, апошнім фактам вельмі ўзрушаныя: чаму не захавалі для навукі небывалы для нашых мясцін экзэмпляр? У якасці доказаў засталіся фактычна толькі галава, хвост сома, некалькі фотаздымкаў не самай лепшай якасці і шматлікія сведчанні відавочцаў. ("А куды нам было падзець такую велізарную рыбіну?" — нібы апраўдваўся падчас нашай размовы Васіль Красавіцкі.) Тым не менш паведамілі, што ў свеце фіксаваліся выпадкі вылаву і значна большых экзэмпляраў — да 400 кілаграмаў. Найбольшымі памерамі звычайна адрозніваюцца рачныя самы, а не азёрныя. Гэта адна з аселых відаў рыб, якія рэдка падарожнічаюць, тым больш далёка. Могуць дзясяткі гадоў — ад нараджэння да глыбокай старасці — пражыць у адной і той жа яме, выходзячы з яе толькі для пошукаў харчавання паблізу. Толькі ўвесну, менавіта падчас вялікай вады, сом часова пакідае родную яму і можа некалькі падняцца па рацэ, часта пры гэтым выходзячы на пойму. Магчыма, так атрымалася і ў гэтым выпадку? Ці рыба ўспрыняла склеп Яніны Іванаўны як новае ўтульнае жытло? Напэўна, гэта так і застанецца тайнай. Тым не менш Васіль Красавіцкі збіраецца падаць заяўку для Кнігі рэкордаў Гінэса: калі не на самы вялікі экзэмпляр сома ў свеце (для Беларусі ж — дакладна), дык прынамсі на незвычайны спосаб здабычы рыбіны.

Сяргей СТАРЫНАЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Звычайна веснавая паводка калі і не шкодзіць людзям, дык, прынамсі, дастаўляе пэўныя праблемы і нязручнасці. Асабліва насельнікам прыбярэжных населеных пунктаў. А...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика