Пра сок, пантофлі і непісьменныя паводзіны. 21.by

Пра сок, пантофлі і непісьменныя паводзіны

27.05.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Шчыра скажу, калі ўсе лёталі па крамах, скуплялі ўсё магчымае, я нічога не купляла і спрабавала на з'яву глядзець па-філасофску: на ўсё жыццё не накупіш. Сапраўды, смешна валачы соль пудамі. Хоць пра іншыя тавары не варта спяшацца ў ацэнках... Калі па тэлевізары адзін высокі чыноўнік сказаў пра непісьменныя паводзіны насельніцтва, я думала, гэта пра іх, тых, хто бегаў і купляў мяхамі. Аказалася, пра мяне.

Патлумачу, дарагі чытач, каб ты зразумеў. 24 мая вечарам зазірнула ў фірменную краму "Белвест". Памерала некалькі летніх пантофляў рознага колеру па цане 162 тысячы рублёў. Але так і не вырашыла, які колер лепей падыходзіць да майго гардэробу. За суткі ўсё ж прыняла рашэнне, што трэба ўзяць карычневыя. Пасля работы паехала ў магазін. Пантофлі на месцы, а на стары цэннік не вельмі старанна наклеены новы — 244 тысячы. Аж не паверыла адразу, пытаю прадаўца: "Учора яны былі па іншай цане?" "Так", — адказвае яна. Тыя, што на адзін раменьчык адрозніваюцца фасонам, учора каштавалі 185 тысяч, сёння — 285. Абутак завезены з фабрыкі ў красавіку. Дзе тут логіка, дзе эканамічная мэтазгоднасць? А яны нікому не патрэбныя, зараз трэба толькі мяняць цэннікі.

Недалёка ад майго дома ў кіёску аптовай базы заўсёды ёсць гранатавы сок. У чацвер на мінулым тыдні ён яшчэ каштаваў — 9 тысяч рублёў за бутэльку, у пятніцу — 15 тысяч. Тым, у каго нізкі гемаглабін, дактары раяць яго піць пастаянна. Дык вось мае пісьменныя паводзіны заключаліся б у тым, каб купіла яго скрынку, калі ён быў па 9. А так — непісьменныя.

Можна праводзіць бясконцы пералік таго, як раслі ў цэнах тэлевізары, халадзільнікі, пыласосы, пральныя парашкі. І, вядома, выйграў той, хто купіў рэч да павышэння цэнаў. Нам з тэлеэкранаў даводзілі, што прадукты і тавары ў нас ёсць, таму не трэба іх купляць у запас. Але ж людзі куплялі іх не таму, што не будзе, а таму, што будзе па цане намнога большай. Так што гэта не непісьменныя паводзіны, а, хутчэй, стыхійна-рынкавыя. Калі дакладна вядома, што грошы праз дзень-два будуць каштаваць рэальна меней, то лепей іх укласці сёння.

Наперадзе — лета, у канцы яго трэба будзе збіраць дзяцей у школу. Колькі да той пары будзе каштаваць вопратка, абутак, партфелі, ніхто не ведае. А адкласці грошы цяпер не выпадае хоць бы таму, што ў абменніках па-ранейшаму няма долараў. Адкладваць у сваіх, відаць, няма сэнсу. Расказаць жа нам, як у такой сітуацыі паводзіць сябе найбольш пісьменна, няма ахвотных. Таму і давядзецца кожнаму выкручвацца, як умее.

У асяродку знаёмых апошнім часам даводзіцца чуць, хто як і на чым збіраецца эканоміць. Калі ўважліва прыгледзецца да сваёй хатняй гаспадаркі, можна знайсці, так бы мовіць, нямала рэзерваў. Па-першае, можна ўпарадкаваць траты на харчаванне. А гэта ці не галоўны артыкул расходаў. Мяса варта пашукаць, дзе танней, гэта, як правіла, крамы мясакамбінатаў і спецыялізаваных гаспадарак. Браць трэба адразу па некалькі кілаграмаў або ўпаковак. На рынку можна знайсці крыху таннейшыя яблыкі, агародніну. А летам давядзецца рабіць нарыхтоўкі. Кансерваваная агародніна не карысная для арганізма, затое надзейная дапамога да зімовага стала.

Сэканоміць можна нават з карысцю, што ж тут граху таіць. Калі адмовіцца ад кабельнага тэлебачання, то з'явіцца больш шанцаў прывучыць дзяцей-школьнікаў да кніжкі. Цяперашнія вучні чытаюць мала, а вось глядзець не самыя лепшыя каналы аматараў хапае. Дарэчы, крыніцай чытання многія прывыклі разглядаць кніжныя крамы. Не варта забываць, што ёсць бібліятэкі. І фонд у іх, асабліва гарадскіх, даволі багаты.

Калі камусьці цэны на запраўках падаліся занадта высокімі, можна разгледзець варыянт паездкі на працу і з працы грамадскім транспартам. Адна мая вясёлая прыяцелька сказала, што яна будзе расціць валасы, бо яе цырульніца, паводле яе думкі, неабгрунтавана падняла кошт на свае паслугі.

Ёсць шмат варыянтаў і магчымасцяў. Галоўнае, своечасова і якасна правесці тлумачальную работу сярод сямейнікаў і давесці ім, што так, як было раней, не будзе: калі кожны браў грошы з канверта на кішэнныя расходы, асабліва не заважаючы на тое, колькі застаецца. Цяпер усе сямейныя сродкі павінны быць пад строгім улікам, расходавацца вельмі эканомна і разумна.

Думаю, што наш народ здолее прызвычаіцца да новай эканамічнай сітуацыі. Дзяржава выстаіць, калі зможа выжыць кожная сям'я, кожны член грамадства. У тым выпадку, вядома, калі не спыняцца і не зачыняцца прадпрыемствы, будзе зладжана працаваць сельская гаспадарка, іншыя галіны. А ў гэтым павінны праявіцца пісьменныя паводзіны міністэрстваў, банкаў, іншых кіруючых структур. Пакуль што яны трапна падмячалі праявы непісьменнасці ў асяродку насельніцтва і ні разу самакрытычна не ўказалі на сябе. А яшчэ Ленін вучыў, што на кожным прамежкавым этапе, нават святкуючы юбілей, варта пагаварыць пра недахопы.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Шчыра скажу, калі ўсе лёталі па крамах, скуплялі ўсё магчымае, я нічога не купляла і спрабавала на з'яву глядзець па-філасофску: на ўсё жыццё не накупіш. Сапраўды,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика