Не дзеліцца на два.... 21.by

Не дзеліцца на два...

01.06.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

...Сёння ў іх трохпакаёвай кватэры жывуць чужыя людзі. Былыя ж гаспадары (дакладней, гаспадыні) раз'ехаліся ў розныя бакі, каб, крый Божа, не сустрэцца як-небудзь выпадкова ў транспарце. Цяпер Таццяна Андрэеўна дабіраецца са свайго мікрараёна да працы не менш за гадзіну, з трыма перасадкамі. А яе дачка Алена паднімаецца а палове шостай, каб з іншага канца горада завезці маленькую Анечку ў дзіцячы садок, які раней знаходзіўся пад бокам. Ніякіх кантактаў паміж Таццянай Андрэеўнай і ўнучкай таксама не адбываецца і ў бліжэйшы час не прадбачыцца. Як і ўсе нармальныя дзеці, Аня сумуе па бабулі і ніяк не можа зразумець, чаму тая не прыязджае і чаму ў апошні час мама стала такой дзіўнай — то злуецца з-за кожнай дробязі, раздражняецца і крычыць, то лашчыцца без прычыны, то плача...

Сваіх адносін з Таццянай Андрэеўнай Алена не хавае: "Не хачу пра яе чуць!.." Таму і збегла, каб кожны дзень не нагадваць сабе пра тое, што здарылася, не бачыць гэты дагледжаны, прыгожы, не па ўзросце малады твар — твар яе маці.

Для Алены яна заўсёды была "жанчынай за сорак", магчыма, больш падцягнутай і стройнай, больш усмешлівай і энергічнай за сваіх аднагодак... Алена ведала, як умела і прафесійна маскіруе маці маршчынкі пад вачыма, якіх намаганняў каштуе ёй хоць і акругленая, але вельмі ладная (нічога лішняга) фігура, колькі гадзін у месяц траціць яна на цырульніка, касметолага і масажыстку... Да ўсяго гэтага Алена ставілася з лёгкай іроніяй, адчуваючы перавагу маладой жанчыны, якой аналагічныя вынікі даваліся самі сабой, без дадатковых сродкаў. Упершыню яна прымусіла сябе аб'ектыўна паглядзець на маці год таму... І ўбачыла жанчыну, якая ў свае сорак чатыры выглядае на трыццаць пяць, мае не толькі лёгкую паходку і раскаваныя манеры, але і яшчэ нешта такое, з-за чаго з ёю было добра і ўтульна... На жаль, "прасвятленне" прыйшло да Алены занадта позна — ужо нічога нельга было ні паправіць, ні павярнуць назад...

  ...Яны заўсёды ставіліся адна да адной з разумнай доляй гумару, смеючыся з таго, што ў іншых сем'ях, магчыма, было прадметам сур'ёзных абмеркаванняў. Аленчыны "двойкі" па дакладных навуках ніколі не ўзводзіліся ў ранг трагедыі. Праглядаючы дзённік дачкі, Таццяна Андрэеўна паціскала плячыма: "Вось не думала, што ты ў мяне не здольная рашыць элементарнае ўраўненне..." Дзверы ў іх доме не зачыняліся для сяброў дачкі, але Таццяна Андрэеўна нікому не рабіла заўваг, не скардзілася на галаўны боль, не прасіла зрабіць музыку цішэй. Яна ішла на кухню, адчыняла халадзільнік і "выдумляла" для гасцей бутэрброды з усяго, што можна было з'есці...

Да самой Таццяны Андрэеўны ніхто ніколі не прыходзіў. У Аленчыных сябровак была ідэя фікс — выдаць Таццяну Андрэеўну замуж ці хоць бы пазнаёміць яе з якім-небудзь прыстойным, сур'ёзным, "запакаваным" удаўцом: з жылплошчай, машынай, загарадным дамком... Яна заўсёды адмахвалася ад іх, смяялася: "Ну і навошта мне гэтае "дабро"? Я сабе яшчэ такога хлопца знайду — вы ўсе пападаеце..." Алена ведала, што маці жартуе. З таго часу, як ад іх пайшоў бацька, Таццяна Андрэеўна не ўспрымала мужчын усур'ёз. Зрэдку ёй тэлефанавалі, і яна не хавалася з тэлефонам у іншы пакой, так што Лена чула ўсе размовы, дакладней, тое, што гаварыла мама. Гэта былі суцэльныя ветлівыя "не"...

Ужо значна пазней, калі Алена выпадкова (ці заканамерна?) зацяжарала, мама толькі сумна ўсміхнулася: "Відаць, лёс у нас з табой такі — выхоўваць дзяцей у адзіночку". Алена хацела ўзяць акадэмічны адпачынак, але Таццяна Андрэеўна не дазволіла: "Як-небудзь справімся ўдзвюх, я буду браць начныя дзяжурствы, а ты — хадзіць на заняткі. Годзік-другі папакутуем, затое потым будзе лягчэй..."

І сапраўды, пакрысе ўсё неяк уладкавалася. Яны прызвычаіліся "дзяжурыць" па чарзе ля маленькай Анечкі, часцяком паспяваючы сказаць адна адной толькі "прывітанне" і "да пабачэння". Жыццёвы рытм быў адладжаны да дробязяў, праўда, за выключэннем тых вечароў, калі Алена збягала на студэнцкія дыскатэкі ці ў кавярню з сяброўкамі і не паспявала вярнуцца да прызначанага часу. "Ну як ты магла? Мяне ж людзі чакаюць! — з дакорам кідала ёй ужо ў дзвярах Таццяна Андрэеўна. — Малая спіць, малако на пліце, пельмені ў халадзільніку". Выскоквала за дзверы і вярталася толькі раніцай.

Уздыхнулі з палёгкай толькі тады, калі Анечка пайшла ў садок...

"Мама, я хачу пазнаёміць цябе з адным чалавекам", — сказала неяк Алена... Кожнай маці рана ці позна даводзіцца чуць нешта падобнае ад сваёй дарослай дачкі. Таццяна Андрэеўна даўно была ўнутрана падрыхтаваная да такога павароту падзей. І ўсё ж у той вечар яна прыкметна хвалявалася. Зразумела, ёй хацелася, каб усё ў кватэры выглядала найлепшым чынам, у тым ліку і яна сама.

Сімпатычны хлопец, гадоў на сем старэйшы за Алену, здаўся Таццяне Андрэеўне занадта сур'ёзным і задумлівым. Але яе не здзівіў выбар дачкі, якая ўжо нацешылася "паскакунчыкамі", — хапіла пад завязку...

У той вечар яны сядзелі і размаўлялі. Алена бачыла — Вадзім маме спадабаўся, яна прасядзела з імі крыху больш, чым патрабавалі правілы гасціннасці. Вадзім звяртаўся да яе падкрэслена карэктна, зацікаўлена слухаючы ўсё, што яна гаварыла. "З ветлівасці, — падумала Лена. — Ну ліслівец..." А ўвогуле, усё было добра. Пілі лікёр і каву, елі запечаныя бутэрброды... І калі мама, далікатна развітаўшыся, пакінула іх адных, Вадзім спытаў з непадробленай цікавасцю: "Даруй, колькі ёй гадоў? Ты што, нарадзілася, калі яна хадзіла ў школу?". — "Ды не! — Лена засмяялася, але смех прагучаў ненатуральна. З'явілася жаданне сказаць што-небудзь крыўднае. — Проста яна добра захавалася. Ведаеш, усялякія там прымочкі, прыпаркі... Насамрэч ёй хутка будзе сорак пяць".

Тады яна ўпершыню паспрабавала паглядзець на маці "незацікаўленым" позіркам, як бы збоку. Якая яна? Анечка ад яе — ні на крок. Калі разам гуляюць, прахожыя не ўспрымаюць Таццяну Андрэеўну як бабулю: "Сю-сю-сю... Якая ў вас дачушка прыгожанькая..." Маці ніколі не насіла кароткую стрыжку — цёмныя з адлівам валасы ляжалі на плячах прыгожымі хвалямі. А ногі? Ногі, як выказаўся адзін Аленчын аднакурснік, раслі ў Таццяны Андрэеўны "ад шыі". З адзення яна аддавала перавагу вузенькім штонікам, світарам і курткам. "Ну і няхай сабе, — падумала Лена. — Усё роўна — бабуля і ёсць бабуля, засталося ўнукаў гадаваць".

...Вадзім заходзіў да іх часта і затрымліваўся надоўга. Усе суседзі былі ўпэўнены, што яны з Аленай або ўжо распісаліся, або зробяць гэта ў самым хуткім часе. Таццяну Андрэеўну віншавалі з добрым зяцем, цікавіліся, калі адбудзецца вяселле... А з Таццянай Андрэеўнай адбывалася нешта дзіўнае. На пытанні адказвала неўпапад, сустрэўшыся са знаёмымі, спяшалася хутчэй развітацца... Некаторыя "вострыя" на вока кабеты заўважалі, што яна нібыта свеціцца знутры.

Жаночая інтуіцыя — небяспечная рэч. Нехта некалі заўважыў, як Вадзім падвозіў яе на машыне з працы. Ну, падумаеш — падвёз і падвёз, спраў на тры капейкі. Але ж высадзіў будучую цешчу чамусьці не каля пад'езда, а за квартал ад дома... Нехта бачыў, як ён нёс яе сумку — ды калі б яшчэ гаспадарчую, напакаваную прадуктамі, а то звычайную дамскую сумачку...

На пачатку лета Алена адпачывала ў сяброўкі на дачы. Яна чакала прыезду Вадзіма з чарговай камандзіроўкі, каб у рэшце рэшт высветліць: чаму ён цягне з рэгістрацыяй шлюбу? Сам жа прасіў, каб хутчэй пазнаёміла яго з маці ў якасці будучага зяця... Раніцай муж сяброўкі сабраўся на машыне ў горад, і Алене стукнула ў галаву крутнуцца туды і назад, заскочыць дадому, узяць нейкія рэчы...

Прыехаўшы, яна пазваніла ў дзверы раз, другі, трэці... Ніхто не адчыніў. На званок па мабільным тэлефоне маці таксама не адказала... Злуючыся на сябе за тое, што пакінула на дачы ключы ад кватэры, Алена пастукала ў дзверы суседзяў. На пытанне пра маці суседка адказала здзіўлена: "Хіба няма? Учора ўвечары я заходзіла да вас грошы пазычаць — была. І яна, і твой Вадзім. Каву пілі з цукеркамі..."

Толькі цяпер да Алены пачало даходзіць тое, што, відаць, даўно стала прадметам абмеркавання для іншых. Яе Вадзім — і з кім?! А як жа прызнанні, абяцанні, планы на будучыню? І як змагла яна?

Алена званіла ў дзверы, стукала кулакамі і нагамі, пакуль ёй не адчынілі. Што было далей, невядома нікому...

Раз'ехаліся яны на наступны дзень. Некалькі месяцаў пасля гэтага кватэра пуставала, потым туды засялілася іншая сям'я. Пазней высветлілася, што жылплошча не прададзена, а здадзена на неабмежаваны тэрмін. На той самы час, які павінен спрацаваць або на прымірэнне дзвюх не чужых адна для адной жанчын, або на іх канчатковы разрыў...

Наталля УЛАДЗІМІРАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Сёння ў іх трохпакаёвай кватэры жывуць чужыя людзі. Былыя ж гаспадары (дакладней, гаспадыні) раз'ехаліся ў розныя бакі, каб, крый Божа, не сустрэцца як-небудзь...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика