Бяроза
20.07.2011
—
Новости Общества
|
Бяроза — адно з дрэў, якое асабліва ўшаноўваецца ў культуры ўсходніх славян, сімвалізуе надыход цяпла — вясну, дзявоцкасць і жаноцкасць, а значыць, урадлівасць і дабрабыт. Нашы продкі саджалі бярозы каля свайго жытла, каб прыцягваць добрых духаў і пазбаўляцца ад злых. У адным з паданняў распавядаецца пра тое, як бяроза выратавала ад непагадзі Багародзіцу і Ісуса, ахінуўшы іх сваімі галінамі. Бярозу лічылі "шчаслівым" дрэвам, якое прыносіць поспех і здароўе. Адначасова бяроза была звяном, якое звязвала жывых з душамі памерлых продкаў, з нячыстай сілай, за што атрымала часткова негатыўную афарбоўку. Нягледзячы на ўсе супярэчнасці, бяроза паўсюдна прысутнічала ў абрадах сямейна-радавога і каляндарнага цыклаў як іх неад'емная частка: Бярозавыя галінкі ці маладзенькае дрэўца ставілі ў пярэднім куце пры будаўніцтве хаты як сімвал здароўя і дабрабыту сям'і, для якой будуецца хата. Бярозавыя галінкі ўтыкалі па межах поля — з надзеяй на багаты ўраджай збожжавых і льну. Пад парогам стайні закопвалі бярозавае палена: каб коні вадзіліся. Каб ягняты былі белымі і здаровымі, пасля выпечкі хлеба ў печ кідалі некалькі бярозавых паленцаў. Бярозавыя галінкі ўтыкалі пад дахамі хат, хлява і іншых пабудоў як абярэг ад граду і маланкі. Лічылася: калі ў грады з капустай утыркнуць галінкі бярозы, на капусце не будзе вусеняў. Напярэдадні Купалля на кароў надзявалі вянкі з галінак бярозы, каб засцерагчы карміцелек ад ведзьмакоў і нячыстай сілы. Пры сватаўстве нявесту параўноўвалі з бярозкай, а жаніха — з дубам. Гэта ж сімволіка жаночага і мужчынскага дрэва — бярозы і дуба (радзей — таполі) прасочваецца ў абрадзе нявесты, якая, калі выходзіла з царквы, загадвала на будучых дзетак: "усё часцей дубы і адна бярозка". Даволі працяглы час у нашых продкаў захоўваўся такі звычай: пасадзі маладзенькую бярозку ў гонар нараджэння твайго дзіцяці — яго абмінуць усе беды, а тваю хату нястачы абыдуць бокам. У вясельных песнях замужнюю жанчыну таксама звалі бярозкай. На Палессі падчас пахавання памерлую жанчыну абкрывалі галінкамі бярозы, а мужчыну — галінкамі дуба ці таполі. Паўсюдна бяроза выступала як ахоўніца і выратавальніца ад шматлікіх хвароб. Лічылася: калі ваду пасля купання дзіцяці, асабліва дзяўчынкі, выліць пад бярозу, то хваробы хутка знікнуць. У першыя веснавыя дні "слухалі бярозу" — прыкладалі вуха да дрэва і прыслухоўваліся да руху соку. З пачатку красавіка можна было піць і нарыхтоўваць бярозавы сок. Паспрабуйце ў хвіліны стомленасці прыхіліцца да бярозы, абхапіць яе рукамі і максімальна расслабіцца — і праз нейкі час вы адчуеце, як усё цела быццам напоўніцца спрыяльнай сілай, а стомленасць, здаецца, "сцячэ" ў зямлю. Толькі потым абавязкова падзякуйце дрэву за дапамогу. Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Бяроза — адно з дрэў, якое асабліва ўшаноўваецца ў культуры ўсходніх славян, сімвалізуе надыход цяпла — вясну, дзявоцкасць і жаноцкасць, а значыць, урадлівасць і...
|
|