Жыццё па анекдоце. 21.by

Жыццё па анекдоце

30.07.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вы калі-небудзь пазнавалі ў анекдотах сябе? Як вы думаеце, ці можна знайсці чалавека, які б ніколі не зведаў, што такое падман? Асабіста я ў гэтым ужо не ўпэўнена. Ва ўсякім разе, такіх не знайшлося сярод з больш за дзясятак апытаных мной людзей. Адных паддурылі, другія дурылі самі. Нехта нават і не адразу зразумеў, што яго проста раскруцілі на грошы, навязалі непатрэбныя пакупкі, паслугі альбо ўсунулі нешта па завышаным кошце.

Будзьце здаровы!

Відаць, не проста так узнік падобны анекдот: Галоўная задача платнай медыцыны — перавесці востры боль у хранічны.

Што гатовы пацвердзіць Алег Сідараў — мануальны тэрапеўт, які раней працаваў у платных медыцынскіх цэнтрах. Да бясспрэчнай перавагі платнай медыцыны, на думку Алега, можна аднесці толькі адну — камфорт прыёму. Безумоўна, няма чаго тут і параўноўваць паход у звычайную паліклініку, дзе гадзінамі даводзіцца праседжваць у чэргах і дзе ўрач вам выдзяляе не больш чым 5 хвілін, з паходам у платны цэнтр, дзе ветлівы доктар удзеліць вам дастаткова часу. Але ці будзе ваша лячэнне іншым у параўнанні з тым, якое вы атрымалі б у звычайнай паліклініцы? Тут я маю на ўвазе ўжо не камфорт, а вынік і карысць для вашага здароўя.

Справа ў тым, што ў многіх платных цэнтрах прыём вядуць многія з тых урачоў, што кансультуюць бясплатна.

І не здзіўляйцеся, калі ў вас пачнуць адкрываць цэлы букет хвароб. Расчулены ўвагай (ці запужаны сваім дрэнным станам) кліент гатовы будзе на ўсё, што яму прапануюць. "Пацыенту прызначаюць здаць пэўныя аналізы, зрабіць УЗІ, кардыяграмы, здымкі — прычым не толькі тыя, што звязаны з яго хваробай, але і з разраду "на ўсялякі выпадак". Пасля прызначаецца лячэнне. Яно толькі пачалося, а вас адразу ж могуць выправіць рабіць прамежкавыя аналізы, здымкі і г.д. быццам бы для таго, каб паглядзець, як ідзе лячэнне", — распавядае Алег. Прычым, паводле яго слоў, вельмі часта кліенты нават і не заўважаюць, як іх проста раскручваюць на грошы, і таму ён раіць шукаць не платны цэнтр, а ўрача, прычым менавіта спецыяліста па той хваробе, якая вас непакоіць.

А вось яшчэ анекдот з жыцця:

— Скажыце, доктар, гэтыя таблеткі маюць пабочны эфект?

— Маюць, ад іх заўважна худзее кішэня.

Гэта як пра Ганну Захарэвіч напісана, дарэчы — пра тое, як ёй навязалі біядабаўкі.

— Часам да цябе могуць звярнуцца нават добрыя знаёмыя, людзі, якім ты дагэтуль давяраў. І самае крыўднае, калі яны, каб зарабіць грошы, ціснуць на твае слабыя бакі, — заўважае Ганна.

Жанчына прывяла сына ў садок пасля чарговага бальнічнага і ў раздзявальні разгаварылася з яшчэ адной маці. Знаёмая пашкадавала малога і сказала, што ведае пра лекі, дзякуючы якім можна вылечыць хлопчыку адэноіды. Яшчэ ў якасці прыкладу прывяла дзяўчынку, што жыве ў суседнім двары, у якой была трэцяя ступень адэноідаў, але за год дзякуючы прэпаратам малую вылечылі.

Узрадаваная магчымасцю нарэшце пазбавіць сына ад бясконцых сопляў і кашлю Ганна набыла тыя прэпараты. Абышліся яны ў 70 долараў, і гэта, як аказалася, быў толькі пачатак лячэння. "Жанчына, якая прадавала лекі, мяне папярэдзіла, што гэта біядабаўкі і што іх плюс у параўнанні з лекамі відавочны — яны не шкодныя, не маюць ніякіх пабочных эфектаў. І гэта, паводле яе слоў, як абавязковае харчаванне, насычанае вітамінамі для ўмацавання імунітэту, і яны дапамагаюць арганізму пазбавіцца ад хваробы. Толькі прымаць іх трэба пастаянна", — узгадвае Ганна. Але ад прыёму тых дабавак сын Ганны не стаў хварэць менш. А праз некаторы час яна пазнаёмілася з мамай быццам цудам вылечанай дзяўчынкі з суседняга двара, якая, аказалася, так і ходзіць са сваімі адэноідамі. А маці дзяўчынкі распавяла, што яна набыла тыя дабаўкі яшчэ і для сябе, і для хворага бацькі. Прычым усім — і малой і дарослым — "прапісалі" адну і тую ж дабаўку і абяцалі, што яна дапаможа справіцца з абсалютна рознымі хваробамі.

Хто на "чайніка"?

У аўтамайстэрні жанчына пытаецца:

— Ну, што з маёй машынай?

— Пакуль магу толькі сказаць, што ключ і попельніца ў поўным парадку.

Невыпадкова я абрала анекдот менавіта пра жанчыну, бо якраз іх у аўтамайстэрнях часцей і "раскручваюць". Але і мужчыну, калі прачуюць, што той пра аўтамабіль ведае толькі, як на ім ездзіць, таксама могуць прымусіць патраціцца.

Прычым падмануць вас могуць па-рознаму. Вам патрэбна замяніць пэўную дэталь — і, "на ваша шчасце", вам не прыйдзецца ехаць на рынак, бо ў механіка такая ёсць. Прычым вам усунуць тую дэталь па значна большым кошце, чым калі б вы яе самі набывалі. Часам вытрасаюць грошы за выпраўленне паломак, якіх насамрэч не было, і за замену дэталяў, якія і не трэба было мяняць. Вы набылі добрыя свечкі для аўтамабіля, але не факт, што вам не паставяць замест іх больш простыя і танныя. Запэўніваюць, што вам памянялі масляны фільтр, а насамрэч ніхто гэтага не рабіў. Спрактыкаваныя кіроўцы раяць ставіць меткі на тых дэталях, якія вам павінны памяняць, і прасіць вяртаць усе замененыя дэталі. Не плаціць наперад, пакуль не ўбачыце выніку, прасіць адразу распавесці, што механікі збіраюцца рабіць з вашым аўтамабілем, і абавязкова ўзгадняць усё з вамі.

Па пакупкі

Да прадаўца падыходзіць жанчына і просіць узважыць скрутак.

— Тут роўна кіло дзвесце, а што ў вас там?

— Два кіло мяса, якія я ў вас купіла дзесяць хвілін таму.

Слова "падман" у большасці з апытаных мной людзей асацыюецца менавіта з гандлем. Пра тое, што іх абважылі, узгадалі, напэўна, усе. Як заўважыла Аліна Міронава, яе неяк паспрабавала абважыць на рынку нават тая прадавачка тварагу, у якой Аліна з'яўляецца пастаянным кліентам. Многія з маіх суразмоўцаў узгадалі таксама і пра тое, што іх дурылі ў крамах. Самая распаўсюджаная з'ява: на цэнніку стаіць адзін кошт, а на касе прабіваюць іншы, больш высокі. Прычым мае суразмоўцы называлі самыя розныя крамы. Калі набываеш шмат прадуктаў, розніцу ў кошце можаш і не заўважыць, тым больш калі яна ў межах тысячы. Так, на цэнніку можа стаяць 4200, а ў касе праб'юць 4470. Многім не хочацца губляць час і псаваць настрой з-за капеек. Калі ж людзі пачынаюць разбірацца, то чуюць адказ: "Цэны памяняліся, не паспелі змяніць цэннікі". Аляксандр Жукаў злавіў прадаўца і на такім падмане: яму прабілі не той кошт, на колькі цягнуў яго 500-грамовы кавалак каўбасы, а кошт кілаграма гэтага прадукту. Сярод частых падманаў і такі — калі вы закупляеце многа тавару, нейкі прадукт могуць прабіць двойчы. Васіль Харытончык набываў 10 тварожных сыркоў, а яму прабілі 11. А вось Наталля Ваўчкова пра тое, што гандаль наш не без граху, можа аўтарытэтна распавесці: яна працавала і ў супермаркетах, і ў шапіку, і на рынку, і нават у кулінарыі. Прычым, менавіта ў кулінарыі Наталля змагла папрацаваць толькі тыдзень, больш сумленне не дазволіла. Мяняць этыкеткі з датай вытворчасці — гэта яшчэ самая "бязвінная" штука. Яе прымушалі разбаўляць сок вадой, а таксама гаварыць пакупнікам, што пазаўчарашнія булачкі свежыя. На рынку Наташа бачыла, як працуюць яе калегі: нехта закупляе тавар у звычайных крамах і развешвае сярод фірменных рэчаў, у выніку "піхае" звычайныя рэчы па больш высокіх цэнах. Часам сярод новенькіх фірменных рэчаў развешваецца і тавар, закуплены ў мінскіх сэканд-хэндах.

Цуда-звяры

Ходзіць па кірмашы злосны чалавек з вялізным мядзведзем: "Вось бы мне знайсці таго мужыка, што мне год таму шчанюка прадаваў"... Здавалася, што так ужо наўрад ці надураць. Але і падобнае бывае.

Штогод на лета баба Наста выязджае на дачу, вядома ж, і хатнюю любіміцу Грэту (гэта вялікі каралеўскі пудзель) з сабой бярэ. У Грэты на лецішчы шмат кавалераў — дварнякоў. І сабаку радасць, і бабці прыбытак. Неяк гляджу, стаіць баба Наста на кірмашы і шчанюкоў Грэціных прадае.

Вось і першыя пакупнікі глядзяць на калматыя чорныя камочкі: — А што за сабачкі?

— Пудзель. Каралеўскі. Чыстая парода, — выдае бабка.

Праз некаторы час шчанюкамі захапіліся наступныя пакупнікі:

— Гэта ў вас спаніэль?

— Канешне, спаніэль. Бярыце, не пашкадуеце, — запэўнівае Наста. А калі бабця заўважыла, што на спаніэляў попыт большы, чым на пудзеляў, так пад "спаніэляў" усіх і прадала.

Часам людзі выкладваюць не адну сотню долараў за пародзістага звера, а атрымліваюць "ката ў мяху". Так і сям'я Івановых раскашэлілася на сваю мару — ката пароды майнкун (амерыканская янотавая кошка — адна з самых буйных у свеце), прычым усё як мае быць: кот дастаўся з дакументамі. І якое ж было расчараванне, калі праз год яны даведаліся, што іх гадаванец — звычайны дваровы кот, проста буйных памераў. І ў каціным пашпарце ў графе "парода" замест "майнкун" з'явіўся надпіс "любімы кот".

Пашанцавала

"Вы выйгралі пуцёўку у Турцую". Калі мае бацькі пачулі гэта ў тэлефоннай трубцы, былі вельмі здзіўленыя. Але пагадзіліся схадзіць на сход для ўдзельнікаў конкурсу. Самае цікавае — для ўдзелу ў конкурсе трэба было проста запоўніць анкету ў адным са сталічных супермаркетаў, пры гэтым нават нічога не набываць. І вось яны на сходзе сярод тых, каму таксама выпаў шчаслівы білецік, усім выдаюць паперку з адрасам, куды прыходзіць па пуцёўку. А потым пачынаецца лекцыя пра пледы і паясы з шэрсці: маўляў, у вас ёсць магчымасць набыць іх па нізкім кошце. І як распавялі бацькі, некаторыя людзі, на эмоцыях, што ім выпала халява, ужо не шкадавалі грошай і на "танныя" пледы. Пазней высветлілася, што такія ж пледы ў магазінах каштуюць значна менш. Што ж дытычыцца Турцыі — высветлілася, што пуцёвак на ўсіх не хапіла. Між іншым, на паперках, што раздавалі будучым "турыстам", было пазначана, што бясплатнае ў пуцёўцы толькі пражыванне і экскурсіі (затое кошт харчавання быў пазначаны нерэальна высокі), плюс давалася прыпіска: "Спяшайцеся, колькасць пуцёвак абмежаваная".

Маленькі падман

Не магу я ў гэтай новай школе вучыцца, спісаць нічога немагчыма! — скардзіцца вучань бацькам.

— Што, настаўнікі злосныя?

— Да не, вучні нічога не ведаюць.

Ну, наконт нічога не ведаюць, гэта наўрад ці. Можа, проста не валодаюць інфармацыяй з падручнікаў. А вось навучыцца падманваць у дзяцінстве цалкам магчыма. Так мне і не ўдалося знайсці вучня, які б ні разу не падмануў сваю настаўніцу. А пра шпоры — заезджаная тэма. І адзнакі самі вучні выстаўляюць у класным журнале не ў адной школе, і дыктанты напярэдадні завучваюць з усімі знакамі прыпынку многія. Але бываюць і такія вучні, што нават не вучаць вершы на памяць, але здаюць іх. Так, у адной са школ дзеці проста пісалі тэкст верша на паперы, і з месца, адкуль настаўніца не заўважыць, свой чалавек паказвае лісты з тэкстам таму, хто "расказвае верш на памяць" ля дошкі.

Хто ведае: можа, з такіх маленькіх падманаў пасля вырастаюць і вялікія?

Ганна Трошына.

Р.S. Некаторыя прозвішчы зменены.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вы калі-небудзь пазнавалі ў анекдотах сябе? Як вы думаеце, ці можна знайсці чалавека, які б ніколі не зведаў, што такое падман? Асабіста я ў гэтым ужо не ўпэўнена. Ва...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика