Штодзённыя пошукі новых адкрыццяў. 21.by

Штодзённыя пошукі новых адкрыццяў

30.07.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Даўно мінулі тыя гады, калі ў беларускай археалогіі важнейшыя адкрыцці рабіліся летам — у звыклы для раскопак час. Ужо амаль каля 10 гадоў палявы сезон у археолагаў практычна не перарываецца: вядуцца раскопкі важнейшых помнікаў археалогіі для вырашэння фундаментальных праблем станаўлення і развіцця грамадства ў старажытныя часы, шырокамаштабныя даследаванні аб'ектаў археалогіі ў зонах новабудоўляў, абследаванні асобных рэгіёнаў краіны ў межах інавацыйных праектаў. Таму зараз, у ліпені 2011 года, мы ўжо можам расказаць як пра пэўныя поспехі і новыя адкрыцці, так і пра спадзяванні і мары, з якімі супрацоўнікі трох аддзелаў археалогіі (першабытнага грамадства, сярэдневяковага перыяду, захавання і выкарыстання археалагічнай спадчыны) Інстытута гісторыі НАН Беларусі накіраваліся ў розныя рэгіёны Беларусі для археалагічных даследаванняў.

У 30-я гады мінулага стагоддзя на Віцебшчыне былі адкрыты так званыя "мокрыя" паселішчы неаліту і бронзавага веку каля вёскі Асавец (тэрыторыя Крывінскага тарфяніку). Перыядычныя раскопкі і выяўленыя на іх матэрыялы далі падставу для сцвярджэння — гэта ўнікальныя для Цэнтральнай і Усходняй Еўропы археалагічныя помнікі, у культурным пласце якіх захоўваюцца арганічныя рэчы. Менавіта таму вось ужо 11 сезон запар (з 2000 года) Максім Чарняўскі і даследуе тарфянікавыя паселішчы Асавец-2 і Асавец-7. За час раскопак атрыманыя, акрамя прылад з каменю і крэменю, разнастайнага посуду, сотні вырабаў з косці і рогу, дрэва, бурштынавыя ўпрыгажэнні. Спадзяванні ёсць і на гэты палявы сезон, які, магчыма, прынясе новыя знаходкі і адкрыцці. Касцяныя падвескі і наканечнікі стрэл, рагавыя сякеры, музычныя інструменты, рэшткі пахаванняў і пабудоў — непасрэдныя сведкі багатага духоўнага жыцця і разнастайнай матэрыяльнай культуры насельніцтва паўночнабеларускай археалагічнай культуры.

Для рэканструкцыі сярэднявечных пахавальных звычаяў і асаблівасцяў духоўнай культуры вялікае значэнне маюць праведзеныя Алегам Іовам раскопкі на курганным могільніку Х—ХІ стст. у вёсцы Паставічы Старадарожскага раёна. Археолагам пры падтрымцы мясцовай улады і з удзелам школьнікаў былі даследаваны 3 курганныя насыпы з частковым трупаспаленнем. У 2 курганах пахавальны інвентар адсутнічаў, а вось у трэцім каля касцяка была знойдзена жалезная баявая сякера і срэбны драцяны пярсцёнак. Такія рэчы дазваляюць не толькі датаваць курганы, але і адносіць іх да дрыгавіцкага насельніцтва.

Працягваюцца даследаванні і на гарадзішчы ў вёсцы Свіслач Асіповіцкага раёна (Вадзімам Кошманам). Менавіта на гэтым помніку, які быў у эпоху Старажытнай Русі ўмацаваным замкам, знаходзілі першыя матэрыяльныя сведчанні нападаў мангола-татараў на землі Беларусі ў 1237—1240 гады (узбраенне, дэталі амуніцыі і рыштунку качэўнікаў побач з прадметамі ўзбраення мясцовага насельніцтва).

Пачынаючы з 2007 года, не спыняюцца археалагічныя пошукі на тэрыторыі Нацыянальнага парка "Белавежская пушча". Ужо за першыя два гады комплексных даследаванняў былі атрыманы новыя матэрыялы, якія пакладзены ў аснову шэрагу артыкулаў, навуковай манаграфіі, знайшлі адлюстраванне ў шыкоўным і ўнікальным фотаальбоме, а таксама, што вельмі важна, экспануюцца ў новым музеі. Першапачатковая карта археалагічных помнікаў Белавежскай пушчы з кожным годам дапаўняецца адкрытымі падчас разведак розначасовымі помнікамі ад каменнага веку да эпохі сярэднявечча. На многіх з іх праводзяцца раскопкі. Праз некалькі дзён пачынаецца яшчэ адна экспедыцыя, у якой прымуць удзел і студэнты-гісторыкі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна. Стаянкі з матэрыяламі неаліту і бронзавага веку каля вёсак Селішча Вялікае, Камянюкі, Плянта, Шышова — вось тыя помнікі, на якіх будуць весціся навуковыя пошукі (В. Лакіза, А. Ткачоў). У тым ліку і там, дзе, магчыма, праз некаторы час можа з'явіцца "Археалагічны музей пад адкрытым небам".

Перспектыўнасць выбранага кірунку даследаванняў у заходнім рэгіёне Беларусі паспрыяла пачатку навуковай працы па вывучэнні археалагічнай спадчыны яшчэ аднаго ўнікальнага кутка Беларусі — Нацыянальнага парка "Прыпяцкі". Ужо ў час веснавых палявых разведак былі абследаваны і адкрыты дзясяткі помнікаў: першабытныя стаянкі, селішчы жалезнага веку і сярэднявечча, гарадзішчы і могільнікі (М. Крывальцэвіч, Г. Беліцкая). А ў чэрвені распачаліся і першыя раскопкі. Алена Касюк і Алег Іоў разам з вучнямі Ляскавіцкай сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна вывучалі асаблівасці распаўсюджвання культурных напластаванняў на адным са шматлікіх селішчаў на левабярэжжы Прыпяці. Вынік працы — новыя археалагічныя артэфакты і сляды старажытнага пахавання па абрадзе крэмацыі ў скрыні. На ліпень і жнівень запланаваны чарговыя раскопкі, ужо з удзелам вучняў і студэнтаў, жыхароў Петрыкава, на старажытным славянскім паселішчы каля вёскі Снядзін (В. Вяргей). Дарэчы, усе атрыманыя матэрыялы будуць пакладзены ў аснову археалагічнай экспазіцыі новага музея, які ствараецца ў адміністрацыйным цэнтры НП "Прыпяцкі" — в. Ляскавічы.

Сёння значныя работы па стварэнні новых музейных комплексаў праводзяцца на гарадзішчы старажытнага Турава (П. Лысенка), а таксама ў сталіцы нашай рэспублікі — Мінску. Толькі за апошнія 4 гады выкананы археалагічныя даследаванні больш чым на 30 аб'ектах, у тым ліку папярэднія раскопкі ў межах стварэння гісторыка-археалагічнага комплексу на Мінскім замчышчы (першапачатковым цэнтры нашай сталіцы з ХІ па канец ХV стагоддзя) (А. Мядзведзеў, В. Кошман). Самыя значныя навуковыя вынікі атрыманы падчас правядзення даследаванняў у Верхнім горадзе Мінска на тэрыторыі комплексу былога бернардынскага кляштара (вул. Кірылы і Мяфодзія, д. 6/8), якія пачаліся яшчэ ў 2007 годзе. Было раскапана амаль 2000 квадратных метраў плошчы. У выніку выяўленыя сляды гарадскога пасада (забудова пачынаючы з ХІІ стагоддзя) (А. Мядзведзеў, У. Кошман, А. Вайцяховіч). Вывучана частка старажытнай вуліцы са слядамі дамоў гараджан, выяўлены знаходкі, якія дазваляюць паказаць матэрыяльную культуры старажытных жыхароў, іх заняткі і промыслы. Так, тут адзначана найбольшая колькасць знаходак — напрыклад, свінцовыя пломбы ХІІ-ХІІІ стагоддзяў. Яны служылі ў старажытнасці спецыяльным знакам, які пацвярджаў якасць прывезенага тавару, а таксама быў квітанцыяй аб атрыманні мытных збораў. Пазней, у пачатку ХVІІ стагоддзя, на гэтай пляцоўцы заснаваны манастыр (пабудаваны касцёл). У другой палове ХVІІ стагоддзя манастыр набыў увесь квартал, які быў забудаваны рознымі жылымі і гаспадарчымі пабудовамі. На мяжы ХVІІ-ХVІІІ стагоддзяў быў пабудаваны цагляны будынак самога манастыра (дом 6) побач з касцёлам (цяпер архіў). Гэты комплекс і ў далейшым падвяргаўся значным перабудовам. Зараз тут праводзіцца рэканструкцыя, а потым плануецца зрабіць гасцінічны комплекс. Увогуле матэрыялы археалагічных даследаванняў дазваляюць шмат у чым удакладніць і дапоўніць праект для захавання аўтэнтычнага аблічча помнікаў. Самі ж археалагічныя знаходкі ХІІ-ХVІІІ стагоддзяў паслужаць асновай для стварэння археалагічнага музея Верхняга горада. Разам з ім на гэтай пляцоўцы плануецца стварэнне музея манастырскага побыту, музея транспарту горада Мінска.

Цяпер каля вёскі Коматава Гродзенскага раёна працуе археалагічная экспедыцыя па даследаванні археалагічных старажытнасцяў, якія трапляюць у зону будаўніцтва буйнейшай у краіне Гродзенскай гідраэлектрастанцыі на рацэ Нёман (В. Лакіза, Ю. Юркавец, М. Ткачова). Тут, на адрэзку ракі ў 20 км, за апошнія 3 гады было праведзена вывучэнне раскопкамі 34 помнікаў археалогіі каля населеных пунктаў Жылічы, Шчачынова, Коматава, Александрова, Славічы, Пужычы, Дарошавічы і інш. Гэта самыя маштабныя археалагічныя даследаванні першабытных помнікаў у гісторыі Беларусі. Пад кіраўніцтвам Інстытута гісторыі, дзякуючы фінансаванню РУП "Гроднаэнерга", з удзелам студэнтаў і выкладчыкаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, супрацоўнікаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея і Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь было даследавана звыш 6000 квадратных метраў культурных напластаванняў. Атрымана калекцыя археалагічных прадметаў, якая налічвае звыш 100 000 экзэмпляраў. Пры гэтым выяўленыя артэфакты ўжо неаднаразова дэманстраваліся на стацыянарных музейных экспазіцыях і часовых выставах. 2011 год з'яўляецца годам завяршальных навуковых прац на помніках археалогіі ў зоне Гродзенскай ГЭС. Асноўная іх мэта і спадзяванні на новыя адкрыцці звязана з далейшымі даследаваннямі ўнікальнага археалагічнага комплексу, які налічвае 7 помнікаў, у тым ліку шматкультурнае паселішча і сярэднявечны могільнік Коматава 5-ГЭС.

Нельга не сказаць і пра археалагічныя даследаванні, якія праводзяцца на тэрыторыях будаўніцтва Беларускай АЭС і аб'ектаў яе інфраструктуры, а таксама на тэрыторыі другой Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарогі (В. Лакіза, А. Мядзведзеў, Э. Зайкоўскі, З. Харытановіч і інш.). Да пачатку земляных прац па будаўніцтве археолагамі праведзена суцэльнае абследаванне зон новабудоўляў у Астравецкім, Ашмянскім, Валожынскім і Мінскім раёнах. Адкрыты дзясяткі новых помнікаў археалогіі і месцазнаходжанне асобных старажытных артэфактаў. Ажыццяўляюцца мерапрыемствы па іх вывучэнні (раскопкі, нагляд) і захаванні. Ужо даследаваліся селішчы Галіны і Трэцінішкі, наперадзе шырокамаштабныя раскопкі помнікаў каля вёсак Саламарэчча і Боўблі. Знойдзеныя рэчы матэрыяльнай культуры ўводзяцца ў навуковы ўжытак праз публікацыі і рыхтуюцца для перадачы на экспанаванне ў мясцовыя музеі Астраўца і Ашмянаў.

Вадзім Лакіза,

загадчык аддзела археалогіі першабытнага грамадства, кандыдат гістарычных навук;

Аляксандр Мядзведзеў,

загадчык аддзела археалогіі сярэдневяковага перыяду, кандыдат гістарычных навук, дацэнт.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Даўно мінулі тыя гады, калі ў беларускай археалогіі важнейшыя адкрыцці рабіліся летам — у звыклы для раскопак час. Ужо амаль каля 10 гадоў палявы сезон у археолагаў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика