Не хочаш у СІЗА? Не бяры хабар. 21.by

Не хочаш у СІЗА? Не бяры хабар

10.08.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Кіраўнікі шэрагу ўстаноў аховы здароўя наведалі сталічны следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. На думку пракуратуры, такая "экскурсія" павінна спрыяць прафілактыцы карупцыйных злачынстваў сярод работнікаў аховы здароўя. Уражаным кіраўнікам у сваю чаргу "па выхадзе на волю" неабходна будзе давесці да сваіх падначаленых, наколькі невясёлкавая перспектыва можа чакаць таго, хто не пажадае падпарадкоўвацца закону.

Галоўны ўрач Мінскага гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансэра Сяргей Малочка паабяцаў, што збярэ калектыў на "растлумачальны" сход літаральна на наступны дзень пасля мерапрыемства. Дарэчы, у дыспансэры пакуль не фіксаваліся выпадкі карупцыйных злачынстваў.

На тэрыторыі СІЗА ад медработнікаў не хавалі ні агульнай "карцінкі", ні дробязяў. Паказалі, напрыклад, "галоўныя вароты", за якімі адбываецца прыёмка навічкоў. Праз дзве гадзіны знаходжання ў зборным аддзяленні падследнага дактыласкапіруюць, бяруць кроў на аналізы, пры неабходнасці праводзяць санапрацоўку, далей выдаюць пасцельныя рэчы і размяшчаюць у камеры. Жанчыны, няпоўнагадовыя, тыя, хто трапіўся ўпершыню, і тыя, каму гэты шлях знаёмы, — размяшчаюцца асобна... Паказалі і камеры. На першы погляд здаецца, што яны, мякка кажучы, перанаселеныя, аднак работнікі ізалятара сцвярджаюць, што нормы вытрымліваюцца — 2,5 кв. метра на чалавека... Прагулачныя двары — чатыры сцяны і зверху сетка...

Як вядома, будынкі на Валадарскага былі ўзведзены, галоўным чынам, пасля вайны. Толькі адзін з будынкаў, закрыты для наведвання, бо знаходзіцца ў аварыйным стане, — 1825 года нараджэння. Паводле планаў, пасля ўвядзення ў эксплуатацыю будынка Рэспубліканскай бальніцы ў Калядзічах у 2013 годзе, там жа, але на год пазней, з'явіцца і новы следчы ізалятар. Так бы мовіць, з вытрымліваннем усіх міжнародных нормаў і стандартаў. Гэта не значыць, што тады "экскурсія" па СІЗА будзе менш прафілактычнай. Верагодна, проста не настолькі візуальна змрочнай.

Як паказвае сусветная практыка, у барацьбе з карупцыяй усе меры добрыя. Так, у спецыяльным рэйтынгу эфектыўнасці падобнай практыкі сярод 180 краін лідзіруюць Сінгапур, Данія і Новая Зеландыя, дзе прадугледжаны самыя жорсткія меры, у тым ліку звязаныя з пакараннем. Нашы пазіцыі паступова паляпшаюцца ў апошнія гады: Беларусь перайшла са 151 месца ў 2008 годзе на 127-е ў мінулым. У пракуратуры кажуць, што перамагчы карупцыю немагчыма, аднак гэта не азначае, што з ёю і змагацца не варта. У Беларусі функцыянуе вось ужо трэцяя дзяржаўная праграма па барацьбе з карупцыяй, і штогод выяўляецца ўсё больш падобных злачынстваў. Гэта азначае не тое, што карупцыя неверагоднымі тэмпамі разрастаецца, а тое, што з ёю больш інтэнсіўна змагаюцца. Сёлета зарэгістравана 1770 падобныя злачынствы, устаноўлена 908 асоб, якія здзейснілі карупцыйныя правапарушэнні.

Наогул у нашай краіне класіфікуецца 10 складаў карупцыйных злачынстваў, аднак найбольшую распаўсюджанасць маюць атрыманне і дача хабару, а таксама раскраданні шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Непасрэдна ў галіне аховы здароўя летась было зафіксавана 145 карупцыйных правапарушэнняў, сёлета — ужо 137, і найбольшая іх колькасць прыпадае на Гомельскую вобласць і Мінск. Як правіла, карупцыя ахоплівае ў нашай краіне структуры больш нізкага "рангу". У той жа галіне аховы здароўя размова ідзе, скажам, пра арганізацыі, падпарадкаваныя ўпраўленням аховы здароўя рай- і аблвыканкамаў. "Наверсе", у тым жа Міністэрстве аховы здароўя, гэта, хутчэй, выключэнне.

Як адзначае начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Ігар ГРАЙБО, тыповы прыклад у гэтым кантэксце — гэта калі ўрач-тэрапеўт гарадской паліклінікі атрымлівае рознага кшталту ўзнагароджанні (грошы, спіртныя напоі і інш.) за выдачу лісткоў непрацаздольнасці. Адзін такі сталічны спецыяліст атрымаў за гэта 3 гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займацца медыцынскай практыкай на працягу 5 гадоў. Наогул, калі размова ідзе пра раскраданні, якія нясуць шкоду дзяржаўным інтарэсам і падрываюць аўтарытэт дзяржструктур, пакаранне можа быць даволі жорсткім — пазбаўленне волі тэрмінам да 15 гадоў. Дарэчы, пры выяўленні факта таго ж хабарніцтва ў калектыве да адміністрацыйнай адказнасці прыцягваецца і кіраўнік установы, паведамілі падчас "экскурсіі" кіраўнікам арганізацый аховы здароўя. Апошнія пацікавіліся напрыканцы ў прымаючага боку, няўжо сфера іх дзейнасці — самая карумпаваная? Аказалася, не "самая". Найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў выяўляецца сёння ў сістэме будаўніцтва, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, і толькі затым у галіне аховы здароўя і адукацыі. "Экскурсантам" таксама расказалі, што зараз ва ўстановах крымінальна-выканаўчай сістэмы знаходзіцца звыш 51 тысячы чалавек, у следчых ізалятарах — звыш 7 тысяч, у папраўчых калоніях — звыш 32 тысяч. Кошт утрымання аднаго зняволенага абыходзіцца дзяржбюджэту ў 883 тысячы рублёў у месяц.

Святлана БАРЫСЕНКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кіраўнікі шэрагу ўстаноў аховы здароўя наведалі сталічны следчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. На думку пракуратуры, такая "экскурсія" павінна спрыяць...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика