Кожнаму школьніку — па нэтбуку!. 21.by

Кожнаму школьніку — па нэтбуку!

10.08.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Калі ў студзені гэтага года на калегіі ў Міністэрстве адукацыі ўпершыню прагучала ідэя ўвядзення ў якасці альтэрнатывы школьным падручнікам на папяровых носьбітах электронных планшэтаў, напэўна, мала хто верыў у тое, што яна хутка знойдзе сваё ўвасабленне.

— У свеце ўжо ёсць досвед прымянення электронных планшэтаў замест падручнікаў, — пераконваў прысутных віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Анатоль ТОЗІК. — Дык давайце больш актыўна яго пераймаць. Упэўнены, што тыя вытворцы, якія захочуць заваяваць наш рынак, самі прадаставяць электронныя планшэты для правядзення эксперымента.

Як той казаў, нібы ў ваду глядзеў. Ужо 1 верасня на базе чатырох беларускіх школ стартуе першы сумесны эксперыментальны праект па апрабацыі інавацыйнага адукацыйнага асяроддзя "1 вучань — 1 кам'пютар". Літаральна днямі Міністэрства адукацыі, Адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій і карпарацыя Іntеl падпісалі Пратакол аб намерах па пытаннях супрацоўніцтва ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у сістэме адукацыі. Аднак падрыхтоўка да правядзення эксперымента кіпела на працягу апошніх паўгода.

— Па-першае, нам трэба было вызначыцца, якой тэхніцы аддаць перавагу, — патлумачыў намеснік дырэктара адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій Аляксандр МАРЦІНКЕВІЧ. — Ад электронных кніг вырашылі адмовіцца з той прычыны, што яны ўяўляюць сабой аднафункцыянальнае прыстасаванне, прызначанае толькі для чытання. Да таго ж ніводная электронная кніга не мае каляровага дысплея, а як без выкарыстання колеру вывучаць, напрыклад, тую ж батаніку ці геаграфію? Пры выкарыстанні электронных планшэтаў узнікае шмат пытанняў і па іх праграмным забеспячэнні, і па высокім кошце, і па іх надзейнасці. Мы ўсе ведаем, што калі планшэт упаў — гэта азначае адназначна смерць для tоuсh sсrееn. Між іншым, размова ідзе пра дзяцей, таму было вырашана спыніцца на нэтбуках.

Наколькі яны надзейныя, Аляксандр Марцінкевіч прадэманстраваў журналістам асабіста: спачатку кінуў нэтбук на падлогу, а затым выліў шклянку вады на яго клавіятуру. Даводзіцца канстатаваць, што ўсе фізічныя "здзекі" над ім нэтбук мужна вытрымаў. Усяго такіх нэтбукаў для эксперымента будзе прадастаўлена каля сотні (з запасам на форс-мажор). Кожны — коштам 320—330 долараў ЗША. Фінансаванне праекта ўзялі на сябе ААТ "МВАВТ" (50 працэнтаў) і рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій (50 працэнтаў).

Удзельнікамі эксперымента стануць навучэнцы другіх і трэціх класаў дзвюх сталічных гімназій, школы ў пасёлку Васілішкі Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці і Наваполацкай гімназіі. Таксама да эксперымента будуць прыцягнуты навучэнцы яшчэ чатырох навучальных устаноў, дзе маюцца мабільныя камп'ютарныя класы (гімназіі № 4 горада Смаргоні, Сыраваткінскай агульнаадукацыйнай школы Смаргонскага раёна, сталічнай гімназіі і Ліцэя БДУ). Але ў гэтых навучальных установах педагогі будуць "эксперыментаваць" з вучнямі сярэдніх і старэйшых класаў.

— Хачу падкрэсліць, што нэтбук мы разглядаем толькі як дадатковы сродак удасканалення вучэбнага працэсу, — заявіў журналістам намеснік міністра адукацыі Казімір Фарыно. — Замяніць настаўніка "разумная" тэхніка ніколі не зможа. Разам з тым мы добра разумеем, што без адпаведнай падрыхтоўкі педагогаў нэтбукі ніякай карысці навучальнаму працэсу не прынясуць. Таму ўсе ўдзельнікі эксперыментальнага праекта пройдуць падрыхтоўку на базе Беларуска-індыйскага навучальнага цэнтра ў галіне ІКТ па праграме Іntеl "Навучанне для будучыні".

Праграма "1 вучань — 1 кам'пютар" рэалізуецца ў многіх краінах свету ў рамках глабальнай ініцыятывы Іntеl "Будучыня пачынаецца сёння", у тым ліку ў Расіі, Украіне, Казахстане, Грузіі і Азербайджане.

Як патлумачылі прадстаўнікі кампаніі Іntеl, Сlаssmаtе РС "Персанальны мабільны камп'ютар вучня", які атрымаюць беларускія школьнікі, прызначаны для выкарыстання школьнікамі ва ўзросце ад 6 да 12 гадоў. Мабільныя ПК для школьнікаў валодаюць добрай эрганомікай, спалучаюць у сабе павышаную трываласць і функцыянальнасць настольнага камп'ютара з функцыянальнасцю мабільнага прыстасавання. Лёгкая і кампактная канструкцыя ідэальная для невялікіх партаў і школьных аўдыторый. Камп'ютар вытрымлівае падзенне на падлогу з вышыні стала, мае абарону жорсткага дыска, яго экран, клавіятура і тачпад абароненыя ад пападання вільгаці, а корпус — ад удараў і драпін.

Мабільныя ПК будуць аб'яднаныя ў бесправадную сетку класа разам з ноўтбукам настаўніка і выхадам у інтэрнэт. А вось дамоў дзецям нэтбукі выдавацца не будуць.

— Медыцынскі аспект ніхто з рахункаў не скідвае, — дадаў Казімір Фарыно. — Для нас мае значэнне і псіхічны, і псіхафізіялагічны стан школьнікаў, уцягнутых у эксперымент. Таму будзем уважліва сачыць за іх здароўем. Перш чым вызначыцца з эксперыментальнымі пляцоўкамі, мы раіліся з бацькамі ўсіх школьнікаў, каб тыя далі сваю згоду. А курыраваць эксперымент будзе Нацыянальны інстытут адукацыі.

Акрамя аперацыйнай сістэмы, на кожным нэтбуку, якім узброяць малодшых школьнікаў, будзе ўстаноўлена 15 адукацыйных праграм Іntеl. Ёсць магчымасць пашыраць пералік адукацыйных праграм. У Беларусі ўжо распрацавана больш як 50 праграмных мультымедыйных прадуктаў для ўстаноў адукацыі. І 37 праектаў удзельнікаў рэспубліканскага конкурсу "Камп'ютар. Адукацыя. Інтэрнэт" рэкамендаваны для выкарыстання ў вучэбным працэсе.

— Для нас вельмі важнае значэнне мае педагагічная мэтазгоднасць выкарыстання персанальных сродкаў навучання ў школе. Менавіта на гэтае пытанне і павінен даць адказ эксперымент, — падкрэсліў Казімір Фарыно. — Таму будзем аналізаваць кожную дэталь. Безумоўна, для таго, каб зрабіць сур'ёзныя высновы, эксперымент будзе доўжыцца не адзін год. Але менавіта за дзецьмі, якія сёння навучаюцца ў пачатковай школе, будучыня. Яны, у адрозненне ад сваіх педагогаў, ужо нарадзіліся ў інфармацыйным асяроддзі, таму і адчуваюць сабе як рыба ў вадзе. А беларускія юныя праграмісты — адны з лепшых у свеце...

З апошняй міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы беларускія школьнікі прывезлі тры сярэбраныя медалі і званне абсалютнага чэмпіёна. 600 балаў з 600 магчымых набраў вучань 10 класа гомельскай гімназіі № 56 Генадзь Караткевіч. Юнак, дарэчы, ужо ў трэці раз стаў абсалютным пераможцам міжнароднай алімпіяды.

Надзея НІКАЛАЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі ў студзені гэтага года на калегіі ў Міністэрстве адукацыі ўпершыню прагучала ідэя ўвядзення ў якасці альтэрнатывы школьным падручнікам на папяровых...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика