Родныя... Нашы!. 21.by

Родныя... Нашы!

10.08.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

...Штодзёншчына: вечар, кухня, тэлевізар. На экране — абрывак інтэрв'ю: нехта з калег у сталай сімпатычнай жанчыны (твар незнаёмы) пытаецца, як яна прымудрылася зрабіць кар'еру, застаўшыся сам-насам ажно з тройкай малых? Тая, вокам не міргнуўшы, адказвае:

— Спаць меней трэба!

...Аж села пад уражаннем: як коратка, ёмка... Як геніяльна проста!

...Проста, праўда, толькі сказаць, а вось зрабіць...

Дзе п'юць...

Бабуль у Дзяніскі дзве — далёкая і блізкая. Першая жыве на Гомельшчыне, другая — у Піцеры. Ён таксама там...

Размаўляе, вядома ж, па-руску, а вось пісаць — не любіць, не хоча, бо гэта складана. Па-беларуску (ён ведае) куды лягчэй было б: многія словы як чуеш, так і пішы: горад, карова, малако, "картопля"...

Хлопчык, дарэчы, вельмі любіць апошнюю (і есці, і глядзець, як расце), лютых ворагаў яе ведае.

Заўчора з бабуляй яны жукоў "скавародскіх" збіралі (дакладней — страсалі) — у шырокае белае вядро, сачылі, каб не распаўзліся, а ляжалі на дне. І, здаецца, разам убачылі — сярод тых паласацікаў, іх лічынак — божую кароўку.

Хлопчык дужа ўражаны быў: "Як?.. Яна ж магла загінуць?!".

А вось бабуля — не. Мо таму, што ведала, старое, як свет: "дзе пьюць, там і льюць", "дзе дровы сякуць, там і трэскі лятуць".

Дзе з вайной ідуць на вінаватых, церпяць і бязвінныя.

У адной казарме

...Аўцюка маладога ў войска прызвалі. Служыць ён месяц, служыць другі. Нейкага дня сядзіць у казарме — разбірае... гранату. "Ты што — звар'яцеў? — жахаецца "прапар". — Яна ж узарвецца!". "А такой бяды, — усміхаецца хлопец, — няхай узрываецца. У мяне яшчэ адна ёсць".

Гэта, як вы разумееце, анекдот. Зараз — чыстая праўда.

Будзень. Сталіца. Галоўны праспект. А ўжо вірлівы...

Мы едзем па ім на тралейбусе. Дзеўка (унізе, у суседнім радзе) — за рулём аўто. І пры гэтым адной рукой яна трымае ля вуха мабільнік, другой — на каленях... маленькага жывога сабачку.

Граната, яшчэ адна, у салдата быць можа. Машына ў дзеўкі, відаць, таксама.

Адно толькі жыццё — у іх... І ў тых, хто побач.

Не факт, аднак, што доўгае...

Гэта гучыць!

Сталіца, гастраном і торг — ужо на подступах: нясмелыя (бо час ад часу ганяе міліцыя), пераважна вясковыя жыхары (ёсць і дачнікі) прывезлі гарадскім свойскага малачка-тварагу, што-кольвечы з саду-гароду, з лесу.

— Скока стояць грыбы? — цікавіцца, прынамсі, адна з гараджанак.

— Гэту місачку — за 15 тысяч аддам, гэту — за дваццаць. Бярыце, так і быць — тысячу вам саступлю, — угаворвае вяскоўка.

Што, здаецца, спрацоўвае.

— А аткуда яны, — хутчэй "для парадку" цікавіцца пакупніца, перш чым аддаць грошы, — ну гдзе праізрасталі?

...Слоўка якое, а?!. Грэх, згадзіцеся, не прысабечыць! Грэх затым не скарыстаць і, дэманструючы некаму сваю сотку гароду, не сказаць, што кроп у нас произрастает вось тут, а хрэн з рэдзькай — там.

Жахі нашага гарадка

З малых ручаін — рака, з асобных людзей — натоўп.

Ён "падбірае" нас ля прыпынку, нясе пад зямлю — у метро, у вагон — прыстаўляе да мажнай спіны вайскоўца.

Цягнік кранаецца, мы едзем — можна сказаць, плячук да плечука — аж да сумна вядомай Кастрычніцкай. Там — перасадка (і ўсё, як было!), там шмат хто выходзіць і тым самым адкрывае тых, што застаюцца: некаму, напэўна ж, нас, маладых і прыгожых, нам — усё тога ж вайскоўца, бо цяпер перад вачыма не толькі яго акуратная патыліца ды шырокая спіна ў форменнай зялёнай сарочцы, але і тое, што трохі... ніжэй. Гэта значыць, кішэнь — з таўсценным кашальком.

Гаспадар, ну напэўна ж, мог абы як яго палажыць (бокам, не "ўтапіўшы" на дно, не "замкнуўшы" на гузічак...). Хоць і наўрад... Хутчэй за ўсё кашалёк спрабаваў нехта выцягнуць... І ўжо блізка было. Перашкодзіла штось, не ўдалося — дагэтуль...

Аднак зараз вайсковец стаіць ля выхаду — зноўку ідзе ў натоўп — на вакзал...

Спыніла. І здаецца ж, далікатным: "Прабачце... У вас грошы даўно не кралі?", а як варам абліла: мужчына — у адзін момант чырвоны, мокры — хапіўся рукой за кішэнь, дастаў кашалёк, паглядзеў, штось няўцямнае буркнуў і... даў ходу.

— Бач як спужаўся!.. Мусіць, грошай шмат? — засмяялася адна з прыяцелек. Другая абачліва дадала:

— Не, ён, мусіць, мовы нашай не чуў ні разу.

...І тое, і другое ў нас магчыма.

Горкі цукар

Сувенір перадалі, камплект: сімпатычную гліняную пасудзінку з "рыдлёвачкай" замест лыжкі і з надпісам збоку "Сіль".

Гэта, як я разумею, каб адразу відаць было, што зроблена ўсё ва Украіне, што там шануецца мова, што на ёй вось так называецца соль і што рыдлёўкай яе лепш не есці... Патрэбная інфармацыя.

...Трэцяга дня з тымі ж украінцамі ў кавярні былі. Разам палуднавалі, потым каву пілі — з вяршкамі і нашым, тутэйшым... "сахаром".

А так хацелася — з цукрам! Каб госці ведалі, што ў нас таксама ёсць свая мова, свае словы. І хоць адно з іх, магчыма, запомнілі. Як мы — іхнюю сіль.

Дуб дубам

З песні слова не выкінеш... З гэтага анекдота, як быццам, таксама? Ну, хіба ў надзеі, што люд у гэтай галіне дасведчаны — тут жа ўставіць.

То ў сям'і адной два сынкі раслі. Старэйшаму шэсць гадкоў, малодшаму — тры. Вырашылі дзеці, што яны вялікія ўжо, а значыць, размаўляць павінны, як дарослыя — з мацюкамі. З заўтрашняга дня.

Першым, як і варта было чакаць, пачаў старэйшы — прынёс на кухню свае заспаныя вочкі. Матуля да яго:

— Сыночак, з чым ты будзеш аладачкі — са смятанкай ці з варэннечкам?

Той у адказ:

— Я, блін (патрэбнае слоўка самі ўстаўце), са смятанай.

Маці — знячэўку — аж мову адняло. А вось рукі — не: адвяла сваю правую і як плясне па вядомаму месцейку. Хлопчык — у слёзы і з кухні... А меншы якраз насустрач... Маці да яго — з тым самым пытаннем. Ён брату ўслед паглядзеў, патыліцу пачухаў ды кажа:

— А я вось думаю: а... навошта мне твае аладачкі?

Гэта, як кажуць, прыказка, казка — зараз.

Раніца, крамка — для занятых, каб не казаць гультаёў: паўфабрыкаты прадаюцца — гатовыя, лічы, галубцы, шашлыкі, пельмені-варэнікі, бліны з начынкай і г.д.

Хто апошні за імі, пытаць не даводзіцца, бо вось яны — двое. І па гутарцы адразу ж чуваць: тая самая матуля... З некім з сыноў?.. Толькі падрослым — прычым настолькі, што, сыплючы мацюкамі, ён ужо камандуе, што трэба купіць: на сёння, прынамсі, пару кіль фаршу, на заўтра — гатовых каўбасак...

Маці з усім згаджаецца, кажа, што можна згатаваць на абед, а што — на вячэру...

За гэтай размовай яны хай памалу, але ж прасоўваюцца наперад — бліжэй да вітрыны, дзе месціцца ці не ўвесь асартымент — разам з цэнамі.

Сказаць, што сына (яму гадоў 35) яны ўразілі, значыць не сказаць нічога:

— Сколько-сколько?! — перапытвае ён немаведама каго, — тридцать тысяч?! (мацюкі прапускаем)... За фарш?! (...). Да пусть они (...) яго сами жрут (...). Пусть (...) подавятся! Пошли (...) отсюда!..

Маці тут жа пакідае чаргу, з форсам (вырасціла ж... Ды такога рашучага, высокага, статнага!) крочыць следам за сынам.

Мы нават пачулі, куды і па што (дзяцюк сказаў):

— Да за эти деньги, — шумеў дзяцюк, — (мацюкі прапускаем) я в гастраноме два килограмма сарделек (...) вазьму... Дураков нашли... Тридцаць тысяч...

У гэтым гучным маналогу, як і варта было чакаць, абсалютная бальшыня пакупнікоў-мужчын нічога дзіўнага не пачула. А вось пара-тройка "сапсаваных" выхаваннем жанчын — ну напэўна ж...

Яны, магчыма, нават уявілі, як гэты асілак бярэ на дзетародны орган (прабачце! Сам сказаў) дзве кілі сардэлек і потым нясе.

Нехта — можа

На лецішчы абноўка — тачка. А ўжо лёгкая, зручная... Хочаш — пясок з цэментам у ёй размешвай, хочаш — пустазелле вывозь...

І кожны раз, высыпаючы, выгружаючы, чытай кароткае "Сделано в Польше".

Ну чаму не ў нас?!

Штопар і ступар

...Не пашчасціла (як раней здавалася): перад Новым годам зламаўся штопар, прыйшлося збочыць у краму. І нават затрымацца, бо там быў калядны распродаж і істотныя зніжкі, а ў нас з сабой грошы, чатыры рукі і нават машына. Адзінае ("дрэнна з галавой") зусім не помніла, што канкрэтна ў доме канчаецца. Таму (год наперадзе) рашылі купіць усяго — пральнага парашку, нейкай хіміі для мыцця посуду, сантэхнікі, шкла, бальзамаў, шампуняў...

З вясны, упадаючы ў ступар ад новых цэн, думаю: як жа добра, што перад новым годам зламаўся штопар!

Подзвіг?

Бабу Шуру хлебам не кармі, дай пагаварыць, пажадана — з некім новым, незнаёмым: каб не ведаў ён, каб уважліва слухаў, як яна пахавала маладога сына, як пасля таго не магла саўладаць з нявесткай, бо тая піла і гуляла, як нарэшце, чаго ні каштавала, пазбавіла яе правоў на дзіця, і яго, тады яшчэ малога, нікуды не здала — стала гадаваць сама. "Шаснаццаць таму дзіцятку цяпер! Ужо дзеўка, лічы! На дзявяткі, дзясяткі вучыцца, не курыць, не п'е...".

Апошнія словы бабуля прамаўляе не раз і нават не два — з гонарам, з форсам...

Адкуль... Тое, што нядаўна зусім было нормай жыцця, цяпер выглядае, як подзвіг.

Каб ведаць!

...Значная кніга — "Чарнобыль". І прымеркавана яна да значнай даты: 20-х (!.. Клічнік мой) угодкаў <І>аварыі (!)...

Гэта значыць, што нават праз 20 (а цяпер ужо і 25 гадоў) мы па-ранейшаму не ведаем, ШТО ў нас адбылося. Аварыя? Так нам казалі! І кажуць дагэтуль! Але ж яна (паводле слоўніка) ёсць "пашкоджанне механізма, машыны падчас дзеяння, руху; няўдача, няшчасце". Не больш і не менш.

У Чарнобылі была катастрофа — раптоўнае, вялікае бедства...

Кажуць, пасля яго каля сталоўкі, дзе кармілі ліквідатараў, круціліся два дварнякі — вялікі і ў "тысячу" разоў меншы. Таму першага празвалі рэнтген, другога — мілірэнтген.

Грэх, відаць, праводзіць паралелі. Але ж хоць так мо "ўбачыцца" розніца? Паміж аварыяй і катастрофай.

Родныя! Нашы

...З успамінаў дачкі — пра бацьку: "Ён ніколі не крыўдзіў маму, не сварыўся на нас, казаў хіба: "Не рабі так, дзетка".

Ён быў чалавекам надзвычайнай дабрыні, надзвычайнай любові да ўсяго жывога...

Адным летам непадалёк гарэла балота. Спёка стаяла, смурод, і так дзень пры дні. З пчальнікоў у вёску сталі прылятаць пчолы. Тата для іх (працаваў на камбайне — рукі шурпатыя, у салідоле...) выкручваў са студні вады, пакідаў на сонцы, каб трохі прагрэлася, на паверхню балеі клаў саломінкі. Гэта, казаў, каб пчолкі напіліся і не патапіліся".

...Лета. Спёка. І заўсёдны ўспамін — пра чужы двор, чужую студню, чужога бацьку.

Так падобнага на майго! І, магчыма, вашага!

Валянціна Доўнар.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Штодзёншчына: вечар, кухня, тэлевізар. На экране — абрывак інтэрв'ю: нехта з калег у сталай сімпатычнай жанчыны (твар незнаёмы) пытаецца, як яна прымудрылася...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика