Ці зможа электронны планшэт стаць альтэрнатывай падручнікам?. 21.by

Ці зможа электронны планшэт стаць альтэрнатывай падручнікам?

05.10.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Адказ будзем ведаць пасля завяршэння эксперыменту, які стартаваў у Ліцэі Белдзяржуніверсітэта

Аказацца на месцы навучэнцаў хіміка-біялагічнага класа Ліцэя БДУ, напэўна, пажадалі б тысячы беларускіх старшакласнікаў, бо менавіта ім пашчасціла стаць удзельнікамі эксперыменту па ўкараненні ў вучэбны працэс электронных планшэтаў. Стаць ліцэістам — гэта ўжо вялікая ўдача, але такіх шчасліўчыкаў сёлета было 200 чалавек. І наўрад ці пры паступленні ў Ліцэй БДУ хтосьці з іх марыў стаць яшчэ і першапраходцам у плане выкарыстання ў адукацыйным працэсе планшэтных прыстасаванняў. Пашанцавала з "навабранцаў" толькі 21 дзесяцікласніку, якім учора рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка і першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі ўстройствы для чытання электронных кніг (рыдары).

 

Тэхнічныя характарыстыкі PocketBook Pro 902, які задзейнічаны ў эксперыменце:

Працэсар — 533 МГц

Аператыўная памяць — 256 Мб

Пастаянная памяць — 2Гб + MіcroSD да 32 ГБ

Памеры 263*190 *11

Вага — 530 грамаў

Экран 9,7» Vіzіplex.

Сеткавыя інтэрфейсы — Bluetooth і Wі—Fі.

OC Lіnux

Час аўтаномнай работы — больш як месяц (7—8 тысяч старонак)    

— Сёння мы даём старт вельмі важнаму двухгадоваму эксперыменту, які ўяўляе сабой сплаў досведу такіх высокатэхналагічных краін, як Вялікабрытанія, Сінгапур, Паўднёвая Карэя, і традыцый нацыянальнай сістэмы адукацыі, — адзначыў Аляксандр Жук. — Нам патрэбны якасны скачок у інфарматызацыі сістэмы адукацыі ў нашай краіне, а прапанаваныя ліцэістам планшэтныя ўстройствы ствараюць прынцыпова новыя магчымасці для арганізацыі навучальнага працэсу. Яны ў самым прамым сэнсе з'яўляюцца персанальнымі, бо ліцэісты змогуць карыстацца імі не толькі ў класе, але і дома — на працягу двух гадоў удзелу ў эксперыменце. Па сутнасці, ствараюцца магчымасці арганізацыі індывідуальнага адукацыйнага асяроддзя, работы па індывідуальнай адукацыйнай траекторыі, калі навучэнцы самі змогуць выбіраць для сябе тэмп навучання. Той, хто пайшоў наперад, можа паглыбіцца ў тэму, а той, хто трохі адстаў, можа вярнуцца назад, паўтарыць, дапрацаваць, для таго, каб потым паспяхова рухацца наперад.

Аляксандр Жук патлумачыў, чаму менавіта Ліцэй БДУ быў абраны месцам правядзення эксперыменту. Па-першае, выкладчыкі Ліцэя БДУ маюць багаты досвед у распрацоўцы і выкарыстанні электронных адукацыйных рэсурсаў. Па-другое, за ліцэем стаіць Белдзяржуніверсітэт, які мае ўласную вельмі магутную інфармацыйна-камунікацыйную інфраструктуру і багаты досвед у рэалізацыі буйных праектаў у сферы інфарматызацыі. Акрамя таго, менавіта Белдзяржуніверсітэт прафінансаваў закупку для ліцэістаў электронных планшэтаў. Рознічны кошт такога планшэта вагаецца ад 440 да 480 долараў, і натуральна, што не кожная сям'я можа дазволіць сабе такую пакупку.

— Калі мы вызначаліся, якому з персанальных устройстваў аддаць перавагу, то бралі пад увагу наступныя крытэрыі: бяспеку для здароўя іх уладальнікаў, кампактнасць і невялікую вагу, наяўнасць сеткавых інтэрфейсаў, прастату ў выкарыстанні і зразумелы інтэрфейс, — паведаміў рэктар БДУ, акадэмік Сяргей Абламейка. — Таму наш выбар спыніўся на планшэтным рыдары. Дзякуючы тэхналогіі "электроннай паперы" яго экран не свеціцца, не стамляе зрок, у яго няма праблем з вугламі агляду і сонечнымі блікамі. Усе планшэты, якія перадаюцца ліцэістам, маюць сертыфікаты адпаведнасці і гігіенічныя сертыфікаты. Адна з галоўных пераваг планшэтнага рыдара — гэта вялікая працягласць яго аўтаномнай работы. Электраэнергія выдаткоўваецца толькі пры "ліставанні" старонак. І без падзарадкі можна прачытаць каля 7 тысяч старонак. Калі чытаць па дзве гадзіны або па 200 старонак штодня, то планшэт можна не падзараджаць каля месяца.

Ліцэісты атрымліваюць планшэты, у памяць якіх запісаны электронныя версіі ўсіх школьных падручнікаў, а таксама вучэбна-метадычныя комплексы, распрацаваныя педагогамі Ліцэя БДУ. Аператыўнае абнаўленне інфармацыі будзе ажыццяўляцца як з дапамогай унутранай сеткі ліцэя, так і з дапамогай інтэрнэту. Рыдары ўтрымліваюць праграмнае забеспячэнне для чытання практычна ўсіх распаўсюджаных тэкставых і графічных фарматаў, бібліятэку класічнай літаратуры на рускай і англійскай мовах (больш як 500 кніг), 44 слоўнікі на розных мовах свету, праграму агучвання тэкстаў шляхам сінтэзу маўлення, магчымасці для аднаўлення гукавых файлаў, што будзе вельмі карысным пры вывучэнні замежнай мовы, правадныя (USB) і бесправадныя інтэрфейсы (Bluеtооth і Wі—Fі). Акрамя таго, БДУ дадаткова закупіў для рыдараў карты памяці і чахлы.

— Вам наканавана стаць першапраходцамі ў вельмі важнай справе, — звярнуўся да ліцэістаў Аляксандр Жук. — Вы ўсе вельмі таленавітыя і творчыя асобы, і вам прасцей будзе ўспрыняць інавацыйныя педагагічныя тэхналогіі. Рэспубліканскі цэнтр праблем чалавека (адно са структурных падраздзяленняў БДУ) будзе ажыццяўляць медыцынскае суправаджэнне эксперыменту, час ад часу праводзіць сярод вас анкетаванне. Спадзяёмся, што вы дапаможаце Міністэрству адукацыі ўбачыць праблемныя моманты і прыняць па выніках эксперыменту правільнае рашэнне па масавым укараненні ў школах падобных персанальных устройстваў.

Надзея НІКАЛАЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адказ будзем ведаць пасля завяршэння эксперыменту, які стартаваў у Ліцэі Белдзяржуніверсітэта Аказацца на месцы навучэнцаў хіміка-біялагічнага класа Ліцэя БДУ,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика