Калі ёсць гарантыі правоў уласнасці, будзе і інвестар. 21.by

Калі ёсць гарантыі правоў уласнасці, будзе і інвестар

23.11.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Уявіце сітуацыю: вы купілі сабе ў камісійнай краме, скажам, паліто. А тут прыходзіць былы ўладальнік, забірае назад сваё паліто і кажа: "Ой, я перадумаў". І пры гэтым грошы вам ніхто не вяртае. Крыўдна? А ўявіце, наколькі крыўдна бізнэсменам, калі ў іх забіраюць уласнасць, калісьці выкупленую ў дзяржавы, а то нават і нерухомасць, пабудаваную за свае грошы. Гэта вам далёка не паліто — а тысячы долараў, укладзеныя ў развіццё бізнэсу. Абарона правоў уласнасці — базавы прынцып, без якога будаваць рыначныя адносіны і развіваць прадпрымальніцтва проста немагчыма. Пра тое, як забяспечыць гэтую абарону правоў, гаварылі прадстаўнікі бізнэсу і ўлады на Рэспубліканскім савеце дзелавых колаў.

— Мы маем нямала прыкладаў, калі людзі прыватызавалі маёмасць, а затым, праз 5-7 гадоў узнікалі праблемы: па фармальных падставах гэтыя здзелкі прызнаваліся несапраўднымі і маёмасць адбіралася, — расказвае Валерый ФАДЗЕЕЎ, дарадчык Міжнароднай фінансавай карпарацыі. — У якасці прыкладу магу прывесці адзін выпадак: праектны інстытут быў пераўтвораны ў акцыянернае таварыства і прыватызаваў свой будынак. Праз шэсць гадоў камусьці спатрэбіўся будынак гэтага інстытута, і прыватызацыйная здзелка была прызнана несапраўднай па наступных падставах: згодна з заканадаўствам, якое дзейнічала ў той час, перад прыватызацыяй неабходна было правесці падатковую рэвізію. А тады была праведзена не рэвізія, а праверка. Вось гэта і было выкарыстана ў якасці падставы для прызнання здзелкі несапраўднай: будынак гэтага інстытута быў адабраны і перададзены ва ўласнасць дзяржавы.

І такіх выпадкаў удзельнікі пасяджэння прыводзілі некалькі: у кагосьці канфіскавалі аўтамабілі, хтосьці так і не змог стаць уласнікам памяшканняў, якія будаваў за ўласныя грошы. Ды што там казаць — нават грамадскае аб'яднанне "Беларуская навукова-прамысловая асацыяцыя" ўжо некалькі гадоў не можа даказаць, што яе будынак, выкуплены ў дзяржавы ў 1991 годзе і рэканструяваны, быў у 2006-2009 гадах адабраны.

— Я не ведаю, пра які праектны інстытут кажа Валерый Фадзееў, але мы ўсе разумеем, што будынак у яго забралі не таму, што знайшліся нейкія сур'ёзныя падставы, а таму, што гэты будынак камусьці спадабаўся. Але ж гэта не зусім законна! Калі мы будуем законапаслухмянае грамадства, то законы павінны выконвацца ўсімі бакамі, — перакананы Аляксандр ШВЕЦ, старшыня РГА "Беларуская навукова-прамысловая асацыяцыя".

Ён адзначыў, што права ўласнасці і абарона гэтага права — фундаментальныя асновы, без якіх развіццё краіны і яе эканомікі ўяўляецца вельмі цяжкім. І справа нават не ў тым, што нейкі асобны бізнэсмен аказаўся пакрыўджаным і незадаволеным — такія выпадкі адабрання ўласнасці вельмі негатыўна адбіваюцца на інвестыцыйным іміджы нашай краіны.

— Мы часта сутыкаемся з тым, што для інвестараў, асабліва замежных, вельмі важныя гарантыі, — расказвае Валерый Фадзееў. — Але я, як юрыст, часта бачу, што ў нас усё-такі недастаткова гарантый абароны ўласнасці, якая была набыта добрасумленным шляхам, хоць гэтыя гарантыі ёсць і ў Грамадзянскім кодэксе. Толькі правы часам парушаюцца праз розныя формы — канфіскацыя маёмасці, абмежаванне па рахунках і г. д.

Гэта, як можна здагадацца, не вельмі падабаецца людзям, якія хацелі б укладваць свае грошы ў Беларусь:

— Сапраўды, ахова правоў уласнасці — гэта фундаментальнае права. І сёння, калі ідзе барацьба за інвестыцыі, не трэба думаць, што мы ўсе з сябе такія прывабныя: вакол нас вельмі шмат краін, якія таксама змагаюцца за інвестыцыі, — тлумачыць Ірына НОВІКАВА, загадчык кафедры эканомікі Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце, доктар эканамічных навук. — І зразумела, што інвестар перад тым, як укласці грошы, вывучае ўсе праблемы, якія могуць узнікнуць. І ён не будзе ўкладваць грошы, ведаючы пра тое, напрыклад, што калі-небудзь здзелку прызнаюць несапраўднай.

І з гэтай няўпэўненасцю інвестара ў стабільнасці сітуацыі, як лічыць Аляксандр Швец, за адзін дзень не разабрацца:

— Выбарачнасць прымянення заканадаўства выклікае няўпэўненасць інвестара. Такім чынам, у адрозненне ад іншых працэсаў, якія можна адміністрацыйна вырашыць, змяніць грамадскае меркаванне ў бізнэс-асяроддзі ў адно імгненне немагчыма, — лічыць Аляксандр Швец. — Калі дзяржаве і грамадству выгадна сфарміраваць прыязнае стаўленне нацыянальнага і замежнага інвестара да стану спраў у нашай краіне (а ключавым момантам тут з'яўляюцца адносіны да ўласнасці), то для гэтага трэба зрабіць цэлы шэраг крокаў з боку дзяржавы і асобных дзяржорганаў.

І ў першую чаргу, як мяркуе старшыня БНПА, трэба вырашаць застарэлыя пытанні, якія выклікалі вялікі грамадскі рэзананс:

Будынак БНПА ў 1991 годзе і сёння.

— Калі акула загрызла немку ў Шарм-эль-Шэйху, быў каласальны адток турыстаў. Бо ўсе баяцца: купацца нельга, таму што ў любы момант рызыкуеш жыццём. І гэта шмат у чым падобна на нашу сітуацыю з уласнасцю: няхай такіх адыёзных выпадкаў не шмат, але яны ўносяць каласальны дысананс у спакой інвестара. Напрыклад, у нашай асацыяцыі прамыя сувязі з такімі ж аб'яднаннямі ў іншых краінах. Яны пытаюць: ці варта ў Беларусь інвеставаць? Мы адказваем: безумоўна, прывозьце вашы інвестыцыі, мы будзем іх тут суправаджаць. Але нам потым задаюць іншае простае пытанне: як у вас справы з вашым будынкам БНПА, якім вы валодалі 16 гадоў? І пасля нашага адказу пытанняў больш не ўзнікае...

Але, з іншага боку, разважае Аляксандр Швец, моцна засяроджвацца на старых пытаннях таксама не варта — трэба глядзець у будучыню і сёння змяняць заканадаўства такім чынам, каб у новых добрасумленных набывальнікаў маёмасці не ўзнікала праблем.

— Мы зыходзім з таго, што частка дзяржаўнай уласнасці будзе прадавацца бізнэсу, значыць, будзе з'яўляцца новы атрад уласнікаў. І наша задача не столькі разглядаць старыя праблемы, колькі паспрабаваць з заканадаўчага пункту гледжання выканаць палажэнні Дырэктывы №4 такім чынам, каб у далейшым у добрасумленных пакупнікоў маёмасць не магла быць адабрана.

Заканадаўства павінна быць справядлівым

Дарэчы, калі казаць пра змены ў заканадаўстве, то яны сёння якраз рыхтуюцца. У прыватнасці, як паведаміў Валерый Фадзееў, Міжнародная сусветная карпарацыя сумесна з Міністэрствам эканомікі распрацавалі новы праект закона аб інвестыцыях, дзе вельмі важнае месца адведзена гарантыям:

— Закон гэты будзе насіць хутчэй рамачны характар, але там вельмі важнае месца адведзена гарантыям для інвестараў — і перш за ўсё гэта тычыцца гарантый права ўласнасці: спецыяльныя артыкулы прысвечаны праблемам канфіскацыі, нацыяналізацыі, рэквізіцыі, кампенсацыі кошту маёмасці. Пры гэтым усё гэта робіцца з улікам замежнага вопыту, з улікам міжнароднай практыкі. Спецыялісты Сусветнага банка з Вашынгтона напрамую кансультавалі законапраекты, давалі свае рэкамендацыі, і гэтыя рэкамендацыі ў законапраекце ўлічаны. Мне падаецца, што калі гэты закон будзе прыняты ў Рэспубліцы Беларусь, то павысіцца інвестыцыйная прывабнасць краіны, — лічыць Валерый Фадзееў.

Ён таксама дадаў, што дзяржава павінна не толькі прымаць законы і забяспечваць іх выкананне, але і думаць пра тое, наколькі гэтыя законы адпавядаюць духу часу, наколькі яны справядлівыя:

— Мы маем у Канстытуцыі два артыкулы наконт уласнасці — 13 і 44. Але я павінен сказаць, што на самой справе гэтыя артыкулы не ў поўнай ступені рэалізуюцца, — сказаў Валерый Фадзееў і дадаў, што у апошні час ён бачыць тэндэнцыі да паляпшэння сітуацыі: — Мне падаецца, што дзеянні ўрада, дзяржавы сёння набліжаюць нас да справядлівасці. Бо галоўнае — правы грамадзян, юрыдычных асоб. Менавіта на гэта павінна арыентавацца дзяржава.

Але стварыць і прыняць новае і больш справядлівае заканадаўства — гэта толькі палова задачы. Іншая справа — пачаць прымяняць нормы на практыцы.

— І ў нашым бізнэс-саюзе ёсць нямала прыкладаў, калі з дапамогай бюракратычных казуістычных фармальных рэчаў адбіралася ўласнасць, — кажа Вадзім БАРАДУЛЯ, начальнік юрыдычнага аддзела ГА "Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў". — Тут трэба падумаць не столькі пра законы, а пра тое, як іх прымяняюць на практыцы. Тут, на жаль, у мяне, як у юрыста, які практыкуе, ёсць сур'ёзныя прэтэнзіі да нашай судовай сістэмы, якая не заўсёды імкнецца глядзець у бок суб'ектаў гаспадарання, а часам адстойвае па нейкіх фармальных прыкметах інтарэсы таго, хто больш моцны.

Тое, што існуе канфлікт інтарэсаў, прызнаў і начальнік юрыдычнага ўпраўлення Міністэрства эканомікі Уладзімір ХЛАБОРДАЎ:

— Дзяржаўны ўласнік у Рэспубліцы Беларусь вялізны, таму, сапраўды, канфлікт інтарэсаў існуе: дзе дзяржава выступае як публічны орган, які ўстанаўлівае правілы для ўсіх, а дзе дзяржава выступае як уласнік. І гэтая праблема апускаецца на ўзровень канкрэтных службовых асоб, якія адначасова сумяшчаюць і кіраванне маёмасцю, і ўсталяванне нарматываў, якія рэгулююць уласнасць наогул.

Дзяржава павінна сябе самаабмежаваць? Але як?

А тут узнікае пытанне ўжо амаль філасофскага характару: як навучыць чыноўнікаў улічваць інтарэсы не толькі дзяржавы, але і бізнэсу (бо гэта ўсё адно потым праз падаткі і іншыя рэчы працуе на карысць дзяржавы), як знайсці пэўны кампраміс?

— Давайце трохі задумаемся: мы зараз абмяркоўваем тое, як абараніць добрасумленны бізнэс ад яшчэ аднаго ўдзельніка рынку — дзяржавы. Такім чынам мы просім дзяржаву абараніць нас ад яе самой! — кажа Аляксандр Швец.

Ён таксама дадаў, што такая сітуацыя з'яўляецца нонсэнсам з пункту гледжання краін Захаду, бо там дзяржава выступае як арбітр і абараняе добрасумленнага пакупніка маёмасці ад нядобрасумленных замахаў іншых удзельнікаў рынку.

— Калі б прысутнічалі замежныя карэспандэнты на нашым пасяджэнні, яны б падумалі — нейкае вар'яцтва, — салідарная з Аляксандрам Іосіфавічам Ірына Новікава. — Калі недзе была праведзена здзелка, прайшло 20 гадоў, і раптам яе прызнаюць несапраўднай — гэта трошкі ненармальна для краін Захаду.

Як знайсці выйсце з гэтай сітуацыі? Як варыянт — перадаць дзяржуласнасць у прыватныя рукі, тады дзяржава не будзе канкурыраваць з прыватным бізнэсам, а будзе толькі ўстанаўліваць правілы гульні.

— Калі мы кажам пра эфектыўнага ўласніка, то хто будзе даваць большы эфект: той, хто адказвае сваёй маёмасцю, або той, хто рызыкуе толькі сваёй зарплатай і прэміяй? — пытаецца Аляксандр ЛУЧАНОК, загадчык аддзела макраэканамічнага рэгулявання Інстытута эканомікі НАН Беларусі. — Вядома, той, хто адказвае маёмасцю, бо ён будзе імкнуцца выкарыстоўваць гэтую маёмасць больш рацыянальна. Па-другое, калі ты маеш нерухомую маёмасць, то будзеш узважана падыходзіць да сваёй гаспадарчай дзейнасці і да сваіх выказванняў. Таму калі прадпрымальнікі з'яўляюцца ўласнікамі, то яны для дзяржавы больш карысныя: больш эфектыўна будуць выкарыстоўваць гэтую маёмасць, а таксама будуць больш лаяльныя да дзяржавы.

Але ёсць і іншы варыянт — дзяржава можа заставацца буйным уласнікам у краіне, але яна павінна нейкім чынам перадаць права на кіраванне гэтай маёмасцю:

— У Францыі дзяржава таксама з'яўляецца дастаткова вялікім уласнікам. Але кіраванне буйнымі карпарацыямі там адбываецца праз прызначаных менеджараў, а дзяржава ўзяла на сябе функцыі па самаабмежаванні — яна не ўмешваецца ў аператыўную дзейнасць. Акрамя таго, там існуе інстытут назіральных саветаў, — сказаў і Аляксандр Швец і дадаў, што не трэба нанава прыдумляць веласіпед, бо ўжо назапашаны вялізны сусветны вопыт — засталося толькі яго вывучыць і пераняць лепшае.

Павел БЕРАСНЕЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Уявіце сітуацыю: вы купілі сабе ў камісійнай краме, скажам, паліто. А тут прыходзіць былы ўладальнік, забірае назад сваё паліто і кажа: "Ой, я перадумаў". І пры...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика