"Кніжкі ў штоніках": дзяцінства з кніжкай — шчаслівае дзяцінства. 21.by

"Кніжкі ў штоніках": дзяцінства з кніжкай — шчаслівае дзяцінства

27.12.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Час работы выставы:

27—30 снежня, 2—4 студзеня —                 з 10.00 да 19.00

31 снежня і 5 студзеня —             з 10.00 да 15.00

1 студзеня —   выхадны дзень.

Чаму сучасныя дзеці не цягнуцца да кнігі? Як прывіць дзіцяці любоў да чытання? Што трэба зрабіць, каб зносіны з мастацкай літаратурай ператварыліся ў жыццёвую патрэбу для падрастаючага пакалення? Якімі кніжкамі можна зацікавіць сучасных дзяцей і падлеткаў? Адказ на гэтыя пытанні паспрабуюць знайсці ўдзельнікі першай у Беларусі выставы-кірмашу дзіцячай літаратуры "Кніжкі ў штоніках", якая адкрываецца сёння ў сталічным Палацы мастацтваў.

Асноўная задача, якую ставяць перад сабой арганізатары выставы, гэта прыцягненне шырокай увагі грамадскасці да дзіцячай кнігі, менавіта таму ў мерапрыемствах форуму будуць задзейнічаны педагогі і дзіцячыя псіхолагі, пісьменнікі і работнікі бібліятэк, мастакі і артысты. Літаральна кожны дзень (а выстава будзе доўжыцца да 5 студзеня ўключна) яе наведнікаў чакаюць літаратурныя "вячоркі" з дзіцячымі пісьменнікамі. Супрацоўнікі бібліятэк падзеляцца сваім досведам прываблівання дзяцей і падлеткаў да кнігі.

На 2 студзеня запланавана правядзенне семінара па прапагандзе беларускай літаратуры "Чытаючыя дзеці — чытаючая нацыя", а 4 студзеня пройдзе факультатыў для бацькоў "Чытайце дзецям кнігі, а не натацыі..."

Мастакі-ілюстратары правядуць у рамках выставы майстар-класы па маляванні на шарах і выразанні з паперы, навучаць, як маляваць карыкатуры і рабіць калажы. На спецыяльнай гульнявой пляцоўцы малыя змогуць паўдзельнічаць у роспісе папяровых дамкоў. Акрамя таго, увазе дзяцей і іх бацькоў будуць прадстаўлены тэатральныя, лялечныя і калядныя прадстаўленні. Усяго ў праграме выставы-кірмашу запланавана каля 40 мерапрыемстваў.

Але самым галоўным гаспадаром на выставе будзе, несумненна, кніга. Яе экспазіцыю складзе прадукцыя як беларускіх, так і расійскіх выдавецтваў. Актыўны ўдзел возьмуць рэдакцыі дзіцячых часопісаў і газет, кнігагандлёвыя арганізацыі і пісьменніцкія аб'яднанні. Найбуйнейшымі экспанентамі выступаюць ААТ "Белкніга" і выдавецтва Беларускага Экзархата, якія прадставяць самы шырокі выбар дзіцячай літаратуры. У наведнікаў будзе магчымасць не проста пазнаёміцца з навінкамі беларускіх і вядучых расійскіх выдавецтваў, але і набыць іх па мінімальным кошце. Таксама на выставе будуць прадстаўлены і дыскі з апошнімі версіямі навучальных і развіццёвых гульняў і праграм.

Першая ў Беларусі спецыялізаваная выстава-кірмаш "Кніжкі ў штоніках" арганізавана пры падтрымцы Мінгарвыканкама і Міністэрства інфармацыі. Напярэдадні адкрыцця выставы журналіст "Звязды" задала некалькі пытанняў начальніку ўпраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алене ПАЎЛАВАЙ.

— Алена Савельеўна, наколькі прыбытковы ці, наадварот, стратны сёння для беларускіх выдавецтваў выпуск дзіцячай літаратуры? І якімі накладамі выходзяць дзіцячыя кнігі?

— У 2010 годзе беларускімі выдавецтвамі было выпушчана больш як 1150 найменняў літаратуры для дзяцей і падлеткаў агульным накладам 8 мільёнаў асобнікаў. Зразумела, пасля зніжэння чытацкага попыту на кнігу знізіліся і наклады. Прычым гэтая тэндэнцыя прасочваецца не толькі ў Беларусі, але і ў нашых суседзяў — у Расіі і ва Украіне. Зараз сярэдні наклад дзіцячых кніг вагаецца ад адной да трох тысяч асобнікаў. А пры невялікіх накладах і кошт кнігі выходзіць значна вышэйшы. Менавіта таму выпуск дзіцячай літаратуры, асабліва беларускамоўнай, праблематычны без дзяржаўнай падтрымкі. Для прыкладу, датацыі на выпуск дзіцячай літаратуры на беларускай мове даходзяць да 70 працэнтаў ад яе сабекошту. Увогуле план сацыяльна значнай літаратуры, якая выпускаецца з дзяржаўнай падтрымкай, напалову складаецца з мастацкіх, даведачных, пазнавальных кніг для дзяцей і юнацтва.

Выпускам дзіцячай літаратуры на беларускай мове вельмі паспяхова займаюцца выдавецтва "Мастацкая літаратура" і рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова "Літаратура і Мастацтва". У "ЛіМа" палова плана — гэта выпуск дзіцячай літаратуры. Актыўна займаецца выпускам літаратуры для дзяцей і Мінская фабрыка каляровага друку, а таксама выдавецтва Беларускага Экзархата. Прадукцыя фабрыкі каляровага друку хоць і рускамоўная, тым не менш гэта творы беларускіх пісьменнікаў. З прыватных выдавецтваў хацелася б адзначыць "Кніжны дом", "Харвест" і "Сказ". Апошняе выдавецтва спецыялізуецца на выпуску маленькіх кніжачак для самых юных чытачоў.

— Пэўны час таму бацькі скардзіліся на дэфіцыт айчыннай навукова-пазнавальнай літаратуры для дзяцей, бо цэны на аналагічную расійскую прадукцыю моцна "кусаліся"...

— Гэта і сапраўды быў істотны прабел у рабоце нашых кнігавыдаўцоў, але сітуацыя пачала пакрысе выпраўляцца. У прыватнасці, выдавецтвы "Беларуская энцыклапедыя", "Мастацкая літаратура", "ЛіМ", "Народная асвета" пачалі выпускаць цудоўныя серыі пазнавальнай літаратуры для дзяцей, прычым на беларускай мове: "Усім пра ўсё", "Чытаем разам", "Зямля мая" і гэтак далей. Яны запатрабаваныя чытачом, іх заўсёды чакаюць у кнігарнях і бібліятэках. Мы пастаянна нацэльваем беларускія выдавецтвы: трэба выдаваць больш літаратуры для дзяцей, больш увагі надаваць яе мастацкаму афармленню. Не трэба вынаходзіць веласіпед — дастаткова зайсці ў кніжную краму і паглядзець, як шырока прадстаўлена там прадукцыя расійскіх выдавецтваў. Якія цікавыя дзіцячыя энцыклапедыі прапануюцца пакупнікам! Ёсць і яшчэ адна праблема — дэфіцыт аўтараў, якія могуць пісаць для дзяцей. Таму дзіцячай літаратуры востра патрабуюцца новыя імёны...

Надзея НІКАЛАЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чаму сучасныя дзеці не цягнуцца да кнігі? Як прывіць дзіцяці любоў да чытання? Што трэба зрабіць, каб зносіны з мастацкай літаратурай ператварыліся ў жыццёвую...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика