Пакуль збіраўся жыць.... 21.by

Пакуль збіраўся жыць...

27.12.2011 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Насамрэч гэта так: можна бясконца глядзець, як цячэ вада, як гарыць агонь і як нехта працуе.

...Іх, гэтых працуючых, двое (пад вокнамі) — бабуля-пенсіянерка і зусім малады чалавек. Яны ў аднолькавых зеленкаватых куртках і чорных шапках, з аднолькавым інструментам: вялікімі мётламі змятаюць з тратуара снег. Але па-рознаму: за ёй — чысценька-чыста, голыя клетачкі плітак, за ім — што мёў, што не мёў...

Што ўласціва (вы кажаце) — мужчынам і жанчынам?

Ці... двум пакаленням? Таму, што ўжо сыходзіць, і таму, што на змену ідзе?

Кватэрнае пытанне

Анекдот (адным радком): унук стагадовай бабулі распсіхаваўся і вырашыў сам купіць сабе кватэру.

Чыстая праўда: Лявонаўне не сто — на добрых пятнаццаць меней. Не дзіва, што на нагах, не дзіва, што пры памяці і сама сябе абслугоўвае, дзіва, як сама з сябе смяецца.

Распавядае вось, як купіла новую электразапальнічку для газавай пліты, як праз месяц панесла яе назад у краму, бо тая, з месяц паслужыўшы, зламалася, як сабраўся там цэлы "кансіліум", каб прызнаць, што ў запальнічцы села батарэйка і варта яе памяняць... Гэта лёгка, маўляў, і зрабіць можна тут жа. Адзінае — якую паставіць? Таннейшую — яна гады са два паслужыць, альбо даражэйшую, каб на чатыры хапіла?

Пакупніца, не доўга думаючы, выбрала другую. І назаўтра, відаць, забылася б. Унук нагадаў (ён жанаты, "дзетны", на яго, што важна, кватэра апісана)... Вечарам зайшоў да яе, стаў распытваць пра тое, што яна днём рабіла, дзе была. Прыйшлося расказаць...

Не, той не псіхаваў... Але, як згледзела бабуля, спалохаўся.

І засмуціўся.

Сядзі і глядзі?

З Лідзіі Арабей: "Для мяне тэлевізар — як нецікавы госць, які гаворыць, гаворыць абы-што ды яшчэ і хлусіць! Толькі нецікаваму госцю няёмка сказаць, што ён ужо надакучыў, а на пульце, дзякаваць Богу, ёсць кнопка, якую варта націснуць і... Балбатун знікне...".

То націснула адзін раз — насамрэч знік, націснула другі — на экране замільгалі нейкія бессэнсоўныя (бо нечытэльныя) цітры. І ў завяршэнне іх кароткі радок: "Канец 235-й серыі".

Вусцішна ад думкі, што кожную з іх нехта мог паглядзець?!

Не наступай!

Знаёмая з сіняком. Прычым класічным — пад вокам... Нельга ж не спытаць, адкуль ён.

— Вы не паверыце! — са смехам (і не ў першы раз, відаць) заводзіць жанчына, — гэта ж я панесла вады курам... І яек хацела глянуць. Толькі да гнёздаў, а дзверы — бразь — і зачыніліся. Ведама — вецер... Дык я іх граблямі падперла. Яйкі ўзяла, выходжу, а на падпорку ж ужо забылася. І нагой...

Тлумачальны слоўнік піша, што "граблі — гэта сельскагаспадарчая прылада для зграбання сена альбо саломы". І НЕ піша, што гэта ці не адзіная рэч, якая можа... пастаяць за сябе. Ды так, каб запомніў.

І заказаў дзясятаму.

Іншыя часы...

У Антонаўны дзве даты, у адначассе, можна сказаць, — 50 гадоў з дня народзінаў і 30 на адным прадпрыемстве. Цікава ж, як адзначыла.

— Ой, — махае рукамі, — лепш не пытайцеся...

Але ж — распавядае. Ну, што дзяўчаты, каляжанкі яе, як водзіцца, скінуліся — купілі падарунак. Яна — адпаведна — цукерак і шампанскага. А дома спякла пірог...

І ад начальства "ганец" з'явіўся. Праўда, незнаёмы, зусім малады ("яны там як пальчаткі мяняюцца"), але ж прамову трымаў. І чын чынам. Казаў, прынамсі, што ў яе працоўнай кніжцы — безліч адзнак і толькі адно месца працы; што яна — майстар; што дзякуючы ім, вось такім, прадпрыемства трымаецца і нават, магчыма, будзе... Моцнага здароўя пажадаў, уручыў галінку хрызантэм і канверцік...

Потым, што іх трохі здзівіла, прыняў запрашэнне за стол. І ўжо там, за шампанскім (да слова прыйшлося) выдаў, мусіць, тое, што насамрэч хацеў. Сказаў: цяпер вам, маўляў, пяцьдзясят, гэта ўзрост, а значыць, на іншую працу вас проста не возьмуць. Але ж на вось гэтай "па-нармальнаму" не плацілі ніколі! Дык чаго тут сядзець было? Цэлых 30 гадоў...

— Хацела яму сказаць, — смяецца жанчына, — што прырасла неяк тут — да людзей, да прафесіі... Што ў наш час не модна было з месца на месца лётаць...

Іншыя часы: у іх — не модна сядзець.

Каб...

Сталіца, кавярня. Імяніннік частуе нас рознай смакатой — загадзя замовіў столік...

Суседні, паблізу, займаюць двое — ён і яна, пажылыя, інтэлігентныя...

— Мы ж па кубачку кавы? — удакладняе мужчына, беручы ў афіцыянткі меню. — Ці табе яшчэ нешта ўзяць?

— Магчыма, — шматзначна "спявае" яго спадарожніца і таксама разгортвае папку.

Наступнае, што чуем:

— Пайшлі адсюль...

Загадвае гэта жанчына, відавочна — мужу, брату ці вельмі блізкаму сябру.

Здагадаліся потым чаму: кубачак кавы ў той кавярні каштуе 19 тысяч.

...Яшчэ продкі заўважалі, што "хадзіў бы ў злоце, каб не дзірка ў роце". І "каб не ежка, не адзежка, была б грошай поўна дзежка".

Жывы курылка!

Без блату нейкі час пажылі. І — здавалася — нават будзем. Але ж не — не з нашым шчасцем, відаць, бо...

Крама. Чарга. Без іх мы таксама крыху пажылі... А цяпер во стаім — і ў самым хвасце. Ён доўгі, пакручасты, ён пралягае паўз вітрыны (яны ж халадзільнікі) мяснога аддзела, потым — малочнага.

У ім народу няма — толькі прадавачка.

— Молоко и кефир я купила, — напаўшэптам дакладае яна па мабільным, — сметану тоже. Была у нас, только что — в баночках, по две тысячи с хвостиком... Так что не волнуйся — я побеспокоилась: взяла тебе, себе...

Каму яшчэ — не чуваць. Але ж не мне, не абсалютнай большасці пакупнікоў, якім тыя ж самыя (штодзень патрэбныя!) хлеб, кефір, малако, тварог, смятану і іншае трэба купляць куды даражэй.

Альбо зноўку шукаць блату.

Ім прасцей

Віка не замужам. І не была. Кажа, што сама вінаватая, бо маладая, дурная, закахалася ў жанатага, з перыферыі. Той раз у месяц прыязджаў, кляўся-бажыўся, што развядзецца, зробіць кар'еру ("возьме Мінск") і тут распачне ўжо новае жыццё — з ёю. Спала і бачыла... Галоўнае — зблізку ўжо, бо па той службовай лесвіцы ён сапраўды падымаўся!

А "зваліўся" ўміг: няшчасны выпадак на вытворчасці, трое пацярпелых, крымінальная справа, суды... Не да Вікі было... Ды і засталася. Адна... Хоць кавалеры і здараюцца.

Па выхадных, прынамсі, яна да бабулі ездзіць — нешта памыць, папрасаваць, у краму схадзіць. Дык вось, калі надоечы адтуль вярталася, яе сусед запыніў (прыгожы, казала, мужык...), да сябе падазваў (ён — інвалід-калясачнік), "камплімент адвесіў" — сказаў, што калі б быў на нагах і здаровы, то конча з ёй ажаніўся б!

Рада была: цэлы дзень як на крылах лётала, увечары толькі дайшло, што калі б ён быў на нагах і здаровы, то (відавочна ж!) недзе працаваў бы, некуды ездзіў, хадзіў, з некім сустракаўся і таксама ажаніўся б.

Як усе яе аднакласнікі, як усе аднагрупнікі...

І далёка не ўсе аднакласніцы і аднагрупніцы.

Каму добра...

...Яны — бацька, маці, іх дарослы сын і дачка — ужо з мужам і дзіцем — жылі разам. Месца, можна сказаць, хапала, бо ў кватэры былі, хай не вялікія, але ж чатыры пакоі, ладная кухня і ўсе выгоды. Але...

Гаспадар дужа ж любіў выпіць. Зяць канфліктаваў з цешчай (ці наадварот?), нежанаты сын хацеў прыводзіць сябровак...

Усё гэта, як адліжны снег, ляпілася адно на адно. І нарэшце...

І нарэшце, як ні цяжка было, яны раз'ехаліся.

Бацькі цяпер жывуць асобна ад дзяцей, дзеці — ад бацькоў: зяць — ад цешчы (ура!), цешча — ад зяця (ура трохразовае!)...

І толькі кот не разумее нічога: вялікі, стары ён сядзіць у вітальні, глядзіць на ўваходныя дзверы і зрывае голас, раве — просіцца дамоў, туды, дзе ўсе, каго ён любіў, былі разам.

Сапраўдны палкоўнік!

...Мацвееўна багатырка — ці не сем выданняў выпісвае. У тым ліку — адно замежнае. Што важна — усе чытаюцца (у вёсцы, пры вялікай гаспадарцы!), потым лепшае пускаецца па руках.

Невялічкая нататка з "Литературки" пад рубрыкай "Ведай нашых!": рэдакцыя віншуе са... 104-м днём народзінаў аднаго са сваіх ветэранаў, паведамляе, што нарадзіўся ён за дзесяць гадоў да рэвалюцыі, ваяваў, узнагароджаны, мае званне палкоўніка, 35 гадоў адпрацаваў у газеце. Ды і цяпер шмат чытае, піша ўспаміны пра мінулы век, каб не адстаць ад часу, асвоіў камп'ютар...

Вось гэта — палкоўнік! Вось гэта — маладзец — ну згадзіцеся!

І ведаць пра яго трэба. Усім. А найболей тым, хто ў свае пяцьдзясят-шэсцьдзясят-семдзесят ужо вырашыў, што жыццё ўжо скончана.

Пакуль збіраўся жыць...

Лістапад. Дзяды і могілкі.

Зрэшты, нам больш прывычнае слова магі́лкі, бо па-першае, так гаварылі бацькі, а па-другое, гэта цалкам лагічна, бо вось жа магі́лка (іх, бацькоў), вось — гаротніка-дзеда, цёткі і дзядзькі, мамінай сяброўкі і яе дачкі, вось — шаноўнага доктара, настаўніцы... На помніках знаёмыя прозвішчы, прывычныя літары: зверху і злева "ЗП" (чытай "здесь покоится"), справа — "РБ" ("раб божий"). Ці...

Толькі цяпер даходзіць, што акурат гэтымі ж дзвюма ўвесь час пазначала радкі Рыгора Барадуліна.

З любімых:

"Пакуль збіраўся жыць,

Жыццё прайшло..."

Гэта пра тых, хто ўжо зрабіў найцяжэйшую справу (гэта значыць, памёр?) і цяпер "здесь покоится?".

Ці пра тых, хто ўсё яшчэ збіраецца — жыць?

Валянціна Доўнар.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Насамрэч гэта так: можна бясконца глядзець, як цячэ вада, як гарыць агонь і як нехта працуе. ...Іх, гэтых працуючых, двое (пад вокнамі) — бабуля-пенсіянерка і зусім...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика