Айчынныя валёнкі, расійскі шаль — і беларуска перасягне па шарме любую францужанку. 21.by

Айчынныя валёнкі, расійскі шаль — і беларуска перасягне па шарме любую францужанку

04.04.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Смілавіцкія валёнкі ў прадстаўленні патрэбы не маюць. Што мінулай зімой, што гэтай — да прадпрыемства выстройваліся чэргі пакупнікоў, прычым не толькі з самой Беларусі. Прадукцыя на складах не затрымлівалася. Аднак Смілавіцкая валюшна-лямцавая фабрыка не стала ігнараваць 30-ю, юбілейную, міжнародную выставу-кірмаш "Белтэкстлегпрам" па аптовым продажы тавараў лёгкай і тэкстыльнай прамысловасці, што адчыніла свае дзверы для наведнікаў у сталіцы ў выставачным павільёне "Белэкспа" на Янкі Купалы, 27. Здавалася, які сэнс? Каб наладзіць новыя кантакты, прапанаваць аптавікам навінкі, якія шараговы пакупнік павінен будзе пабачыць у продажы ў бліжэйшыя часы.

Натуральна, прыехалі са сваёй "разынкай" на форум і прадстаўнікі фабрыкі. Гэта раней, магчыма, можна было сказаць: просты, як валёнак. Цяпер як іх толькі не аздабляюць! Навінка прадпрыемства — гэта цёплы абутак на тэрмаэластапластычнай падэшве, аздоблены натуральным футрам. Або іншай фурнітурай: напрыклад, вялікімі гузікамі.

— Такая падэшва лепш захоўвае цяпло і не трэскаецца на марозе, — патлумачыла спецыяліст аддзела продажаў фабрыкі Таццяна Сабан.

Пакуль гэта толькі ўзор — для вывучэння попыту. Таму і магчымую цану на навінку сказаць цяжка. А тыя валёнкі, што ўжо вырабляюцца, каштавалі сёлета ў розніцы — і мужчынскія, і жаночыя мадэлі — ад 100 да 285 тысяч рублёў за пару. Дарэчы, сярод шматлікіх замежных кліентаў Смілавіцкай валюшна-лямцавай фабрыкі, не выключана, могуць у бліжэйшай перспектыве з'явіцца Германія і Нідэрланды: пакуль туды пастаўляліся толькі ўзоры прадукцыі. А потым, глядзіш, і да буйных партый валёнак дойдзе.

Колькі бываю на выставах, памятаю, што Жодзінскае ААТ "Белфа" таксама ніколі не прыязджае без навінак. Не стаў выключэннем і гэты раз.

— Мы прывезлі новую калекцыю жаночай вопраткі са штучнага футра, распрацаваную з удзелам Беларускага цэнтра моды. Гэта курткі, камізэлькі, пінжакі, футры, паліто. Вось, напрыклад, выраб пад натуральную норку, — дэманструе ўзоры маркетолаг прадпрыемства Настасся Кліцунова.

А мне спадабалася мадэльная жаночая куртка пад кажух — з дабаўленнем валокнаў воўны для паляпшэння ўласцівасцяў вопраткі: і цёпла, і знешне яна выглядае даволі эфектна. Пацікавіўся цаной. Высветлілася, што з улікам гандлёвай надбаўкі такая куртка будзе каштаваць каля 600 тысяч рублёў. Пагадзіцеся, не так і дорага.

— Наша новая калекцыя — моладзевая. Хоць гэта дастаткова ўмоўна: нават людзі ва ўзросце зараз імкнуцца апранацца ў стыльныя рэчы. Натуральнае футра многім не па кішэні, таму, думаем, наша прадукцыя будзе запатрабаванай, — разважае Настасся.

На стэндзе гэтага ж прадпрыемства можна азнаёміцца з прадукцыяй, вырабленай з воўны: коўдрамі, падушкамі, чахламі для аўтамабільных сядзенняў. Натуральны матэрыял (80%), як слушна заўважыла суразмоўца, гэта і здорава і карысна. Цана пытання? Скажам, коўдру памерам 215х195 у розніцы можна набыць прыкладна за 920 тысяч рублёў, чахол для аўтасядзення (некалькі расфарбовак, я асабіста ўпадабаў "пад рысь") — крыху больш за 120 тысяч рублёў.

...На выставах за гады працы ў большасці ведаеш ужо многіх экспанентаў. А тут — яўна "свежая" для форуму прадукцыя, так бы мовіць, новыя твары!

— Вы маеце рацыю. Мы наведалі вашу выставу ўпершыню за апошнія сем гадоў, — прыязна ўсміхаецца начальнік аддзела маркетынгу Паўлавапасадскай хустачнай мануфактуры Сяргей Чукашоў. — У савецкія часы Беларусь была для нас добрым рынкам збыту. Цяпер хацелі б яго зноў вярнуць.

Па шчырасці, сем гадоў таму прадстаўнікі мануфактуры вярнуліся з нашай краіны на радзіму з вялікім спісам патэнцыяльных кліентаў. Аднак потым яны перайшлі да аднаго-адзінага беларускага індывідуальнага прадпрымальніка, які працаваў напрамую з расіянамі. Прынамсі, рабіў гэта цалкам афіцыйна. Цяпер на Паўлавапасадскай хустачнай мануфактуры спадзяюцца дзякуючы выставе заключыць дагаворы на аптовыя пастаўкі з іншымі партнёрамі. Аднак мяне найперш цікавіць іншае пытанне: наколькі славутыя шалі запатрабаваныя ў сучасным свеце — свеце гламуру?

— Што вы, наш тавар зноў паўсюдна ўваходзіць у моду! І асабліва — у моладзі! Прычым не толькі ў самой Расіі. Павялічваем экспарт, у Францыі, паверце мне, на нашы шалі — сапраўдны бум! — горача даводзіць мне суразмоўца. І далей "чытае" сапраўдную займальную лекцыю на тэму гэтага, як аказалася, моднага аксесуара.

Прывабліваюць спажыўца шалі, хусткі, кашнэ, насоўкі найперш сваёй натуральнасцю: гэта або чыстая воўна, або шоўк. А вось далей ёсць адрозненні як па модзе ў канкрэтных рэгіёнах або краінах, так і па функцыянальнай прыналежнасці рэчы.

— Калі вярнуцца да той жа Францыі, то там шалі — найперш упрыгажэнне, аксесуар, прычым аддаецца перавага класічным малюнкам. У Расіі спажывец выбірае ў тым ліку цёплую і прыгожую рэч. Думаю, беларускія спажыўцы пойдуць па гэтым жа шляху, — распавёў Сяргей Чукашоў.

Дарэчы, што датычыцца цаны, дык нашым спажыўцам расійскія вытворцы далі прэферэнцыю: тавар індывідуальнаму прадпрымальніку адпускаецца на 18 працэнтаў (стаўка ПДВ) ніжэй. Выходзіць, што беларускаму пакупніку, што расійскаму прадукцыя мануфактуры каштуе практычна аднолькава.

...Неяк так выпадкова склалася, што аповед пра экспанентаў выставы атрымаўся пераважна з "жаночым" ухілам. А, можа, і не выпадкова? Хочацца, нарэшце, сапраўднай вясны, цяпла... Каб на вуліцах з'явіліся жаночыя прыталеныя сілуэты...

— Гэта ж лэдзі! Як інакш? — слушна агучыў відавочнае начальнік аддзела маркетынгу і збыту віцебскага прадпрыемства "Сцяг індустрыялізацыі" Сяргей Свіркоўскі. Прадпрыемства робіць упор менавіта на класіку, якая і ў гэтым сезоне будзе ў фаворы ў капрызлівай моды — жаночыя сукенкі, спадніцы, штаны. У асартыменце і адзенне для школьніц: строгае, элегантнае, але падкрэслівае прыгажосць. Не пакрыўдзілі на прадпрыемстве і не самых худзенькіх прадстаўніц слабага полу, выпусціўшы для іх адзенне для прагулак, адпачынку, а таксама аксесуары ў дадатак — шалікі, сумкі. Нашу ж увагу найперш прыцягнула навінка: калекцыя адзення (8 мадэляў) для цяжарных жанчын: сукенкі, сарафаны, штаны — усё з падтрымнымі бандажамі. Калекцыя толькі з'явілася, але яе ўжо з месяц як можна знайсці ў продажы.

— Тут мы вырашылі зрабіць выключэнне, аддаўшы перавагу светлым — бэжавым, пастэльным — тонам у адзенні. Да калекцыі ёсць цікавасць, у тым ліку і таму, што каштуе яна недзе ў 1,5 раза танней за замежныя аналагі. Напрыклад, прывезеная да нас аднекуль сукенка прадаецца ў гандлі па 500-600 тысяч, штаны — па 370-400 тысяч рублёў. Адпускная ж цана нашых адпаведных вырабаў складае 210-240 тысяч і 160-190 тысяч рублёў. Калекцыя адзення для цяжарных жанчын разлічана на суайчыннікаў з сярэднім дастаткам, — расказаў суразмоўца.

...Веснавая выстава-кірмаш "Белтэкстлегпрам" сабрала сёння пад адным дахам больш за 150 кампаній, у тым ліку і замежных. Расказаць пра ўсіх немагчыма — лепш пабачыць усё на свае вочы. Форум будзе працаваць па 5 красавіка, уваход — вольны. У рамках выставы-кірмашу будуць праходзіць модныя паказы калекцый новага сезона. Дарэчы, некаторыя кампаніі прама на месцы арганізавалі рознічны продаж сваёй прадукцыі.

Сяргей РАСОЛЬКА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика