Яе сям'я. 21.by

Яе сям'я

04.04.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Студэнтка, мастачка, проста прыгажуня... Усё гэта і шмат чаго яшчэ пра яе, пра Насцю Чорную з вёскі Занарач Мядзельскага раёна. Хаця, можа, лепш напісаць, што дзяўчына з Расіі, з Хабараўска, дзе яна нарадзілася? Ці з Жодзіна, дзе жыла і вучылася ў дзіцячым доме і школе-інтэрнаце? Ці з Мінска, бо Насця цяпер студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта? Вазьму на сябе смеласць сказаць, што самае першае сцвярджэнне — самае вернае. Яе радзіма на Мядзельшчыне, там, дзе жыве яе сям'я: маці, тата, браты і сёстры. У дзіцячым доме сямейнага тыпу.

Мары пра мора

Беларускае грамадзянства 18-гадовая дзяўчына атрымала два гады таму, калі рабіла свой першы ў жыцці "дарослы" пашпарт. "Я з-за таго, што раней у мяне было расійскае грамадзянства, нават не магла патрапіць да замежных сяброў, на мора. Мае знаёмыя з дзіцячага дома ездзілі за мяжу, некаторых нават усынаўлялі, а я і на лета не магла ў госці паехаць. А я так хацела ўбачыць мора!" — расказвае дзяўчына.

У яе адкрытая ўсмешка і ясныя вочы. На моры Насця пакуль не была. Затое расла на беразе беларускай "жамчужыны" — возера Нарач — у вялікай сям'і: маці Жанна Станіславаўна Кавальская, бацька Пётр Дзмітрыевіч Івашчук, двое сваіх дзяцей, восем прыёмных. Хаця (Насця адчувала гэта заўсёды) тут усе былі свае — Яраслава, Арцём, Павел, Андрэй, сама Насця, Паліна,Улад, Максім, Каця, Ігар. Цяпер у сямейным дзіцячым доме пяцёра новенькіх — Ваня, Юра, Вераніка, яшчэ адна Насця, Мікіта. Амаль кожныя выхадныя Насця Чорная прыязджае ў сваю сям'ю ў вёску Занарач, дзе яе чакае сапраўднае мора. Мора любові і добразычлівасці, пяшчоты і разумення.

Хаця нарадзілася Насця, як я ўжо ўзгадвала, у Хабараўску. У пяцігадовым узросце трапіла ў Жодзінскі дзіцячы дом, потым у школу-інтэрнат, што размяшчалася па суседстве. Больш ранні перыяд жыцця яна не памятае. Ці не хоча ўспамінаць... Узгадвае толькі, што родныя бацькі вельмі моцна яе каралі. Ведае, што "тая маці" жыве таксама ў Беларусі, але апошні раз бачыла яе, калі вучылася ў першым класе, і больш бачыць не хоча. Бацька памёр, малодшага Насцінага брата ўсынавілі, і ў яго цяпер іншае прозвішча. Са старэйшай сястрой нейкія сувязі ёсць. "Яна да мяне ў дзіцячы дом прыходзіла са школы-інтэрната, гасцінцы прыносіла", — узгадвае дзяўчына. Але назваць гэтых людзей адной сям'ёй, мабыць, ужо і нельга.

"Цяпер мая маці — Жанна Станіславаўна, — кажа Насця. — Хто ведае, што было б са мной, каб не яна"? Так, гэтага ніхто не ведае. Лёс у пакінутых дзяцей далёка не заўсёды складваецца шчасліва. Яны ж толькі дзеці. Сустрэнуцца ў жыцці такога хлопчыка ці дзяўчынкі сапраўдныя, не па крыві, а па душы, мама і тата — лічы, пашанцавала. Настассі, бясспрэчна, пашанцавала, але першы крок да сваёй сапраўднай сям'і яна зрабіла сама, калі яшчэ вучылася ў пятым класе.

Ліст да маці

Выхаванка школы-інтэрната была заўсёды надзвычай актыўнай, удзельнічала ў шматлікіх конкурсах. Напрыклад, некалькі гадоў запар была ўдзельніцай конкурсу для дзяўчынак, назву якога Насця ўжо не памятае. Затое яна не забылася, як перажывала на сваім першым конкурсе: і словы кудысьці зніклі, і танец з элементамі акрабатыкі не атрымаўся. Але паступова асвоілася, на сцэну выходзіла ўсё часцей. А пасля пачатковай школы Насця трапіла ў кадэцкі клас, дзе з дваццаці вучняў было толькі тры дзяўчынкі. Дысцыпліна там была сапраўды ваенная: раннія пад'ёмы, прабежкі, самастойнае штодзённае прыбіранне памяшканняў. Як кажа сама дзяўчына, тады ёй падавалася, што дарослыя проста здзекуюцца з дзяцей, але пазней зразумела: усё ідзе да лепшага. Так трэба было, каб стаць адказным і пунктуальным чалавекам.

Праўда, у кадэцкім класе заставалася Насця нядоўга. Пра сямейны дзіцячы дом Жанны Станіславаўны Кавальскай ведала, чула толькі добрае, ды яшчэ сяброўка са школы-інтэрната правяла лета ў гэтай сям'і. І Насця асмелілася: напісала ліст да маці. Усіх слоў не памятае, але адна фраза запомнілася. "Я буду вам добрай дачкой", — напісала маленькая дзяўчынка незнаёмай жанчыне. Тыдні праз два прыйшоў адказ: Насцю запрашалі ў Занарач на лета. Яна, зразумела, паехала. Прычым, збіраючыся толькі на канікулы, сабрала ўсе свае рэчы, развіталася з усімі сябрамі і знаёмымі. А калі ў жніўні мама Жанна спытала: "Ну што, застаешся?" — толькі шчасліва кіўнула галавой.

Дарэчы, да сям'і, як і сям'я да Насці, прывыкла хутка. "Я Жанне Станіславаўне ў першы ж вечар сказала "мама", — узгадвае Насця. — Трэба было нешта спытаць, а я ніяк не магла да яе звярнуцца, саромелася. Але сказала "мама", так яно і пайшло".

Браты і сёстры таксама адразу прынялі Насцю. А хутка ў сям'і даведаліся пра мастацкі талент Насці: прасілі намаляваць то адно, то другое...

Каляровае жыццё

Дагэтуль Насця Чорная не забылася, якога колеру ленты і з якім малюнкам туфлі купілі ёй да 1-га верасня ў школе аграгарадка Занарач. Яна ж упершыню ў жыцці выбірала адзенне і абутак. Раней як было? Прыйшоў да кастэлянкі — атрымаў. А тут цэлая прыгода, любой дзяўчынцы спадабаецца. Яны ўсе, хлопчыкі і дзяўчынкі з вядомага на Мядзельшчыне, ды і на ўсёй Міншчыне, дзіцячага дома, прыходзілі ў школу акуратнымі, сабранымі. Маці прывучала. "Дзякуй табе мамачка, і за гэта, і за тое, што да нашай вучобы так адказна ставілася", — кажа Насця. Школу, дарэчы, дзяўчынка скончыла з сярэднім балам 9,4. А яе маці цяпер збіраецца атрымліваць педагагічную адукацыю, хаця, здаецца, яна — педагог ад Бога, інакш як бы на ўсіх цярпення, спагады, дабрыні і строгасці (у меру, але куды без яе?) хапіла б?

А дзеці стараліся не падводзіць маці, нездарма адзін сёння вучыцца ў педагагічным універсітэце, другі — у радыётэхнічным каледжы. Так і Насця старалася — калі вучылася ў школе, калі ўдзельнічала ў конкурсе "Суквецце талентаў", калі ездзіла на семінар "Юныя дараванні", калі ў выпускным класе ўдзельнічала ў Беларускай рэспубліканскай асамблеі лідарскага руху. Спачатку разам з настаўніцай Валянцінай Антонаўнай Роліч перамагла ў раёне, потым — у вобласці, адзіная прадстаўляла Міншчыну на ўзроўні рэспублікі. Прызнаецца: "Было прыемна адчуваць, што ты сярод лепшых". Прыемна не толькі таму, што яна, Насця, выйшла ў фінал, але і таму, што гэта будзе прыемна маці. Бо кожная перамога, кожны крок на жыццёвым шляху — для яе і дзякуючы ёй.

Хаця Насця, як і ўсе падлеткі, паказвала бацькам характар. Размалёўвалася пад "эма", у школу ў такім выглядзе прыходзіла. Курыць з сяброўкамі спрабавала. Маці за адзін вечар ад гэтага адвучыла. І без усякіх трагедый, без істэрык спакойна і стрымана. Несумненна, што ў Жанны Кавальскай сапраўды педагагічны талент.

Добрым словам Насця ўзгадвае і Беларускі дзіцячы фонд: у Занарачы работнікі яго рэгіянальных аддзяленняў не раз бывалі і бываюць, прывозяць падарункі, летась дзякуючы іх падтрымцы Насця пабывала на генеральнай рэпетыцыі дзіцячага "Еўрабачання" ў Мінску. І з паездкай у Маскву ёй дапамаглі. Насця і цяпер успамінае вандроўку з захапленнем: вялізны заапарк, дэльфінарый, Траццякоўская галерэя. Асабліва, як мне падалося, уразіла Насцю галерэя. Яна ж сама збіралася паступаць у Акадэмію мастацтваў у Мінску, але пабаялася. Разам з маці выбралі факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ, аддзяленне псіхалогіі.

— Як здала першую сесію? — пытаюся ў Насці.

— Нядрэнна. Вучыцца пакуль цяжка, але вельмі цікава!

Што ж, крыху ўжо ведаючы Насцю, упэўнена, што яна і ў вучобе не падвядзе, і ў грамадскім жыцці не на апошніх ролях будзе. Характар у дзяўчыны не той, ды і маці нельга падводзіць. А крыху пазней, праз год, Насця збіраецца пайсці на дызайнерскія курсы. Пакуль жа з дазволу кіраўніцтва размалявала сцены ў блоку свайго інтэрната. Яна наогул шмат чаму збіраецца вучыцца. Ніякія веды ў жыцці лішнімі не бываюць, лічыць мая юная суразмоўца. "Мне ўжо васямнаццаць", — кажа яна. Я ўсміхаюся на гэта "ўжо" ў спалучэнні з лічбай "васямнаццаць", але потым задумваюся: можа, яна, Насця Чорная, і не памыляецца, бо ў яе жыцці ўжо шмат чаго было. Але яшчэ больш — наперадзе. Жыццё толькі пачынаецца, Насця!

Марына Хідджаз.

Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Студэнтка, мастачка, проста прыгажуня... Усё гэта і шмат чаго яшчэ пра яе, пра Насцю Чорную з вёскі Занарач Мядзельскага раёна. Хаця, можа, лепш напісаць, што дзяўчына...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика