Справа для сапраўдных мужчын. 21.by

Справа для сапраўдных мужчын

08.06.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У вёсцы Хварасцяны Слаўгарадскага раёна ўтварылася "трыяда". Тры браты: адзін — фермер, другі — прадпрымальнік, трэці — працаўнік гаспадаркі — аб'ядноўваюць свае намаганні, каб грунтоўна займацца аграрнай справай.

У гонар дзеда

Сваю фермерскую гаспадарку Алег Ерафееўназваў "Бартохаўскае". У гонар дзеда, Аляксея Бартохава, які прайшоў усю вайну, атрымаў медалі і распісаўся на Брандэнбургскіх варотах. Яго нашчадку з Хварасцянаў цяпер 33 гады ("узрост Хрыста" — нагадвае Алег паміж іншым), і нядаўна ён вырашыў, што надышоў час памяняць сваё жыццё.

— Гэта імкненне не толькі лепш жыць, — кажа фермер. — А найперш — усё ж такі стаць гаспадаром, сапраўдным. Вось калі быў у Францыі, зразумеў, што там у сялян таксама шмат сваіх праблем і цяжкасцяў, але яны — гаспадары! І я захацеў ім стаць.

Так, асаблівай падзеяй у жыцці Ерафеева стала паездка ў Францыю, дзе слаўгарадскі селянін пазнаёміўся з тамтэйшымі фермерамі і іх метадамі вядзення гаспадаркі.

— Розніца невялікая, усё там так, як і ў нас, — падзяліўся Алег уражаннямі. — Можа, мы не ўсе новыя тэхналогіі навучыліся ўжываць правільна, але і там працаваць трэба шмат. У нас, напрыклад, прызвычаіліся, каб і выхадныя дні былі, і пры гэтым добры заробак атрымліваць. У французскіх фермераў ніякіх вольных ад працы дзён практычна няма.

Ён сам стаў фермерам толькі паўгода таму, раней працаваў трактарыстам і камбайнерам у мясцовай гаспадарцы. Потым спрабаваў зарабіць вырошчваннем гародніны, але не надта ўдалося з-за нестабільнага рынку збыту. Цяпер — фермерства, але і тут вялікіх грошай пакуль не бачна.

— На сябе хопіць, зарабляю не менш, чым раней у калгасе. Праўда, пакуль усё ідзе на развіццё. Аднак чаму ж не паспрабаваць дабіцца большага, калі далі 60 гектараў зямлі ў арэнду на сто гадоў і на тры гады вызвалілі ад падаткаў?

Шампунем не мыем, але...

Гаспадарка "Бартохаўскае" спецыялізуецца ў асноўным на малацэ. На дваіх з братам і аднавяскоўцам Аляксандрам Масюковічам фермер мае статак у 9 дойных кароў, а яшчэ больш за дзясятак цялят. Цяпер статак дае 170 літраў малака штодзень.

— Гэта заробак, які атрымліваецца без асаблівага галаўнога болю, — каментуе Алег Ерафееў. — Падаіў, завёз у райцэнтр, здаў на завод, атрымаў грошы.

Фермер паказвае свае ўладанні, якія распасціраюцца аж... да гарызонту. Тут растуць травы, якія забяспечваюць гаспадарцы стратэгічны "малочны" кірунак.

Есць два трактары: на меншым цяпер падвозяць кармы для жывёлы сын і пляменнікі — маладое пакаленне не застаецца ў баку ад сямейнай справы.

Ерафееў пабудаваў новы хлеў для цялят. Жывёла дагледжаная, хоць ты яе ў кіно здымай

Алег, нягледзячы на халоднае надвор'е, апрануты па-пляжнаму: гумавыя тапкі, лёгкая майка. Але пляжны лад жыцця яму не пасуе, і адпачываць няма часу.

— Для фермера самыя вялікія нязручнасці — гэта адцягненне ўвагі ад гаспадаркі на розныя папяровыя фармальнасці. А да сваёй працы нам не прывыкаць!

Малако забяруць у любое надвор'е

Другі "складнік" хварасцянскай сялянскай кампаніі — старэйшы брат Аляксандр Масюковіч. Ён заўсёды мае просты, але дастойны план дзеянняў. "Будзем працаваць!" — звычайна кажа.

Калісьці першым падарункам ад бацькоў маладым Аляксандру і яго жонцы Людміле была цялушка, якая і стала пачаткам сялянскага дабрабыту новай сям'і. Мужчына працаваў у сельгаскааператыве, але з цягам часу зразумеў, што больш надзейна мець нешта сваё. Ён пашырыў справу з дапамогай мясцовага фонду развіцця сельскіх тэрыторый "Адраджэнне-Агра" (трымаў кароў), а цяпер стаў прадпрымальнікам. Масюковіч знайшоў сваю "нішу" — і займаецца зборам малака з мясцовых прыватных падворкаў.

— Гэта зноў-такі рэальныя грошы! — кажуць браты.

Аляксандр пабываў у Асіповіцкім раёне, дзе ўпершыню сталі задзейнічаць прыватнікаў на зборы малака ў насельніцтва. Пераняў вопыт, а яго ініцыятыву падтрымалі ў Слаўгарадскім раённым Савеце дэпутатаў. Цяпер прадпрымальнік збірае малако ў 4 вёсках у Лапаціцкага сельсавета — а гэта прыблізна 80 падсобных гаспадарак.

Праўда, збор малака дае прыбыткі і ідзе паспяхова толькі ўлетку, калі штодня збіраюць 1,5 тоны. Узімку ж малака мала, і выпадае працаваць толькі на паліва для аўтамабіля, які гэтае малако перавозіць з глыбінкі на малаказавод. Аднак летні дастатак кампенсуе зімовыя страты, і малочная справа ў цэлым мае сэнс. Браты лічаць, што ленавацца нельга ў любую пару года, таму і ўзімку, нават калі на двары 30 градусаў марозу, прыязджаюць па малако.

— У Францыі і ўвогуле ў еўрапейскіх краінах прадпрымальнікі лічаць: калі маеш 5% рэнтабельнасці, то ўжо ёсць выгада і сэнс працаваць, — дзеліцца замежным вопытам сярэдні брат. — Людзі хапаюцца за такую справу. А ў нас ўсе хочуць, каб адразу і шмат. Каб 100-200% выручкі! Але трэба даходы атрымліваць за кошт пашырэння і развіцця справы.

Рэпутацыя сумленнага фермера

— Мы са старэйшым братам яшчэ з юнацтва марылі, што ў нас будзе вялікая агульная гаспадарка, — прызнаецца Алег Ерафееў. — Маці была даяркай, бацька — пастухом, і яны працавалі няспынна, часу на адпачынак не было. А вось мы марылі, і ўрэшце з'явіўся шанц ажыццявіць гэтыя мары.

Да кампаніі фермера і сельскага прадпрымальніка далучаецца цяпер і трэці брат Аляксандр, самы малодшы.

— Ён тры гады працаваў са мной на камбайне памочнікам. Яшчэ не жанаты, 25 гадоў. Цяпер пакуль працуе ў адной з сельскіх гаспадарак суседняга Чавускага раёна, — тлумачыць Алег.

Між тым, справа братоў рухаецца. Алег расказвае пра набыццё новай бочкі для малакавоза — зробленай з нержавейкі, каб не было пытанняў да якасці прадукту.

— Мы імкнёмся, каб усё адпавядала закону, — гаворыць Ерафееў. — Таму што да прыватніка, падаецца, больш строгія падыходы, чым да сталых сельскіх гаспадарак. Але гэта нармальна: трэба нам прабівацца і паказваць, што мы можам рабіць. Рэпутацыя для прыватніка вельмі важная: у нас ёсць чалавек, які займаецца шынамантажом ужо гадоў 15, і ўсе толькі да яго і едуць, таму што ён майстар у сваёй справе. Так павінна быць і ў нас: не толькі выгада, але сумленнасць, прыстойнасць, адказнасць.

Вялікая праблема для тых, хто пачынае сваю справу, — неадназначнае стаўленне аднавяскоўцаў. Прадпрымальных сялян, калі шчыра, успрымаюць часта як "новых багацеяў" і найперш бачаць і абмяркоўваюць іх даходы і маёмасць, чым вялікую працу і прыватную рызыку. Гэта сур'ёзная тэма, і фермеры часта не хочуць яе абмяркоўваць. Спадзяюцца, як Алег Ерафееў і яго браты, на паразуменне і на свае сілы.

— А няўжо ў нас сваіх галоў не хапае? Года за тры на ногі станем, чаму ж не? У французскіх фермераў таксама хапае цяжкасцяў у жыцці. Мы жылі ў аднаго, дык там дзіця на веласіпедзе за некалькі кіламетраў ездзіць у школу. А ў нас плачуць, што садок побач закрылі, і трэба ў суседнюю вёску ездзіць. Дык аўтобус жа штодня прыязджае! Чаму не жыць і не працаваць?

Жанчыны, якія побач

Фермер удзячны за дапамогу старшыні Слаўгарадскага раённага Савета дэпутатаў Таццяне Кананчук, якая не проста словам, але справай дапамагае. Яна нават стала паручыцелем за яго крэдыт.

— Я думаю, што тут створаны ўсе ўмовы, каб паспяхова займацца малочнай справай, — гаворыць кіраўнік райсавета. — У Хварасцянах ужо няма цэнтральнай сядзібы сельгаспрадпрыемства, але гэтыя людзі — мабільныя і маладыя, яны думаюць пра сваё будучае, хочуць быць гаспадарамі. Добра, што аб'ядноўваюцца сем'і, што працуюць. Падобных прыкладаў у нас няшмат. Казаць лёгка, а рабіць цяжка. Насамрэч, гэта вельмі складаная праца.

У фермера Ерафеева ёсць любімая справа, утульны дом, жонка і двое дзяцей, магчымасць развівацца далей і перадаць сваю гаспадарку нашчадкам.

— Найперш мае дзеці будуць вучыцца, — абяцае бацька 12-гадовага Стаса і 4-гадовай Яны. — Я — фермер, а вось яны будуць самі выбіраць, што хочуць рабіць у жыцці. Мая справа ў тым, каб зарабіць ім на навучанне.

Жонку Тамару, якая цяпер працуе на пошце, Алег угаворвае кінуць працу і разам працаваць на ўласную фермерскую гаспадарку. Жонку брата Аляксандра таксама агітуюць засяродзіцца толькі на сямейнай справе.

— Не, не дапамагаць, а менавіта працаваць! — смяецца Алег. — А ўжо мы ім будзем дапамагаць! А калі сур'ёзна, то ў нас сапраўды ёсць перспектывы развіцця. Плануем зрабіць пчальнік, хочам выкупіць сажалку і зарыбіць яе, давесці статак да трох дзясяткаў галоў, завесці авечак. Усё будзе, але паступова. Без працы не застанемся.

Ілона Іванова. Фота аўтара.

Слаўгарадскі раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У вёсцы Хварасцяны Слаўгарадскага раёна ўтварылася "трыяда". Тры браты: адзін — фермер, другі — прадпрымальнік, трэці — працаўнік гаспадаркі —...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика