Студэнт гістфака вярнуў Статут ВКЛ 1588 года на радзіму. 21.by

Студэнт гістфака вярнуў Статут ВКЛ 1588 года на радзіму

08.06.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У свеце налічваецца 65 асобнікаў усіх трох выданняў Статута ВКЛ, а ў Беларусі не было ніводнага арыгінала. Дагэтуль!

Уладальнік маскоўскай антыкварнай крамы выставіў Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. на электронны аўкцыён. Асобнік ацанілі ў 45 тысяч долараў. Знайшоў інфармацыю пра гэта другакурснік гістфака БДУ Андрэй Радкоў. Ён і прапанаваў маладому і неабыякаваму да беларушчыны дырэктару Музея гісторыі Магілёва Аляксею Бацюкову зладзіць акцыю па зборы сродкаў на пакупку гэтага неверагодна каштоўнага для нашай краіны старажытнага дакумента.

Злева направа: дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў, дырэктар па карпаратыўных камунікацыях кампаніі "Альпары" Валерый Тарасаў, міністр культуры Павел Латушка абмяркоўваюць каштоўны набытак.

Музей гісторыі Магілёва абвясціў дабрачынную акцыю па зборы сродкаў для выкупу Статута. Частку грошай ахвяравалі беларусы з розных рэгіёнаў краіны. А рэшту сумы — 30 тысяч долараў — ахвяравала кампанія "Альпары". Учора ў Мінску адбылася ўрачыстая перадача Статута ВКЛ 1588 года Музею гісторыі Магілёва.

— Мы вельмі ўзрадаваныя тым, што ў Беларусі нарэшце з'явіўся свой арыгінальны асобнік Статута ВКЛ, — гаворыць Аляксей Бацюкоў. — Цяпер наш галоўны клопат — граматна прэзентаваць Статут у Музеі гісторыі Магілёва, дзе ён і будзе пастаянна захоўвацца. Мы абяцаем, што гэты Статут будзе максімальна блізкі для кожнага магілёўца, будзем выстаўляць яго ў музеі і ён не пойдзе ні ў які іншы музей.

Ініцыятыўнасць магілёўскага музея зразумелая, высакародная і вельмі ўхвальная. Згадайма, што наш Статут (які, дарэчы, паслужыў асновай для стварэння канстытуцый многіх еўрапейскіх краін, а таксама такога вядомага дакумента, як Кодэкс Напалеона — Грамадзянскага кодэкса французаў. А Францыя ж — калыска дэмакратыі Еўропы!) быў распрацаваны падканцлерам Вялікага Княства Літоўскага старастам магілёўскім Львом Сапегам. Падканцлер выдаў Статут на ўласныя сродкі ў віленскай друкарні, заснаванай Пятром Мсціслаўцам на грошы магілёўскіх купцоў Мамонічаў. Так што магіляўчанам, так бы мовіць, сам Бог загадаў першымі ў Беларусі займець арыгінал гэтага Статута. Не магу пазбавіцца ад надзеі, што некалі магіляўчане будуць не адзінымі. Хаця, зрэшты, тут неадназначная сітуацыя. Калі статутаў у Беларусі стане вельмі шмат, то яны могуць страціць сваю ўнікакльнасць, каштоўнасць і сімвалічнасць. Хаця Статут ВКЛ 1588 года вельмі моцны кансалідуючы нацыянальны элемент.

Экзэмпляру Статута, які цяпер маюць беларусы, 480 гадоў. Ён быў надрукаваны ў друкарні Мамонічаў недзе ў 1594-1595 гг. на старабеларускай мове. Пазней Статут друкаваўся на польскай, рускай, французскай мовах.

— У гэтым асобніку ёсць сам тэкст, застаўкі, філіграні, канцоўкі. Аднак гравюр няма, — распавядае дырэктар Музея гісторыі Магілёва. — На жаль, яны былі згублены, хутчэй за ўсё, яшчэ да ХІХ стагоддзя. Сам Статут меў усе гэтыя старонкі, але ўмовы захавання ў перыяд з ХVІІ па ХІХ стагоддзе былі не вельмі спрыяльныя. У ХХ стагоддзі была праведзена некаторая рэстаўрацыя тых старонак, якія захаваліся.

Гісторыя збору грошай на выкуп важнай гісторыка-культурнай каштоўнасці на старабеларускай мове была даволі доўгай. Не засталіся ўбаку і простыя беларусы, і мецэнаты з розных краін свету, якія неабыякава ставяцца да Беларусі. Так, напрыклад, беларус з Расіі Павел Бераговіч ахвяраваў 100 тысяч расійскіх рублёў. Нацыянальны банк Беларусі таксама заклікаў дапамагчы вярнуць Статут ВКЛ на радзіму. Намеснік старшыні Нацбанка Сяргей Дубкоў разаслаў лісты кіраўнікам камерцыйных банкаў з просьбай "разгледзець пытанне аказання бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі" Музею гісторыі Магілёва. Акурат на зварот Нацбанка і адгукнулася кампанія "Альпары" — яна ўнесла суму, якой неставала. "Альпары", па сутнасці, выкупіла Статут ВКЛ, бо ахвяравала дзве траціны ад агульнага кошту беларускага дакумента.

— Гэта вельмі важная падзея для нашага народа, — гаворыць міністр культуры Павел Латушка. — Наша гісторыя бярэ свой пачатак з Полацкага і Тураўскага княстваў, з Вялікага Княства Літоўскага. Гэта, фактычна, падмурак нашай культуры. Вельмі важна, што мы захоўваем нашу духоўную спадчыну. А факт таго, што акцыя па выкупе Статута набыла такі шырокі грамадзянскі розгалас, сведчыць пра неверагодны інтарэс нашага народа да ўласнай культуры. Вельмі важна, што разуменне неабходнасці вяртання гісторыка-культурных каштоўнасцяў у нашу краіну ёсць не толькі на ўзроўні дзяржавы, але і ў прыватных асоб.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У свеце налічваецца 65 асобнікаў усіх трох выданняў Статута ВКЛ, а ў Беларусі не было ніводнага арыгінала. Дагэтуль! Уладальнік маскоўскай антыкварнай крамы...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика