З днём нараджэння, Віцебск!. 21.by

З днём нараджэння, Віцебск!

26.06.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Віцебск на працягу трох дзён з размахам святкаваў 1038 гадавіну з дня свайго заснавання. Старажылам цяжка ўзгадаць, калі яшчэ такое было. Дарэчы, па-ранейшаму многія даследчыкі гісторыі нагадваюць гараджанам, што насамрэч іх гораду значна больш гадоў: Віцебск заснаваны ў 947-м, а не ў 974 годзе, як лічыцца афіцыйна. Ёсць нават легенда, што калісьці няўважлівы "перапісчык" гістарычных дакументаў проста пераблытаў чарговасць дзвюх апошніх лічбаў. Паводле яшчэ адной легенды, горад быў закладзены кіеўскай княгіняй Вольгай у 974 годзе і ў старажытнарускіх летапісах згадваецца з 1021-га. Але ж казка пра Вольгу — заснавальніцу Віцебска — выклікае ў сур'ёзных гісторыкаў усмешку. Археалагічныя даследаванні сведчаць, што ў вусце Віцьбы існавалі паселішчы, заснаваныя балцкімі плямёнамі, якіх да ІХ стагоддзя змянілі славянскія плямёны крывічаў.

Як і большасць старажытных гарадоў Усходняй Еўропы, Віцебск паўстаў у месцы зліцця дзвюх рэк — Заходняй Дзвіны і Віцьбы. Ад апошняй і пайшла назва горада — аднаго з самых старэйшых у Беларусі. Размешчаны на скрыжаванні найважнейшых гандлёвых шляхоў старажытнасці — ("з варагаў у грэкі" і Вялікага Волжскага (Булгарскага), да канца ХІІ стагоддзя Віцебск ператвараецца ў цэнтр рамяства і гандлю, становіцца цэнтрам удзельнага княства, якое падпарадкоўвалася полацкім, а з часам смаленскім князям. На Замкавай гары знаходзілася рэзідэнцыя князя, а ніжэй жыў люд — гандляры і рамеснікі. Ужо ў ХІІ стагоддзі ў горадзе быў пабудаваны першы каменны храм — праваслаўная Свята-Дабравешчанская царква, дзе захоўваліся эталоны мер вагі і даўжыні, якія выкарыстоўваюцца пры гандлёвых аперацыях; перапісваліся кнігі, летапісы, вучыліся дзеці. Частка таго храма ў арыгінальным выглядзе цудам захавалася да нашых дзён. Апошнім усходнеславянскім удзельным князем быў Яраслаў Васільевіч, які ў 1318-м выдаў сваю дачку за князя Альгерда, сына вялікага князя літоўскага Гедзіміна. Знаходзячыся ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, горад карыстаўся льготамі і аўтаноміяй, вакол яго былі збудаваны магутныя фартыфікацыйныя ўмацаванні. З 1506-м Віцебск стаў цэнтрам Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, а з 1569 года — Рэчы Паспалітай...

За тры дні святкавання ў Віцебску і яго наваколлях арганізавалі такую колькасць мерапрыемстваў, што хацелася пабываць у некалькіх месцах адразу. Праўда, у суботу моцныя дажджы паспрабавалі пагоршыць настрой. Ды ўсё роўна народ выйшаў на вуліцы. Святкаванне распачалося парадам "З днём нараджэння, любімы горад!", які прайшоў на цэнтральнай плошчы горада — Перамогі. Там жа адбылася выстава старых аўто. На ўскрайку горада — вуліцы Гагарына — адкрылі памятны знак авіятарам знакамітага на ўвесь былы СССР 339-га ваенна-транспартнага авіяцыйнага палка, экіпажы якога дастаўлялі ваенную тэхніку і воінаў туды, куды было трэба. Дарэчы, грошы на стварэнне памятнага знака сабралі ветэраны палка і члены іх сем'яў. Гарадская ўлада таксама не засталася ўбаку. Каля адноўленага самага вялікага віцебскага храма — Свята-Успенскага сабора — упершыню прайшоў канцэрт класічнай музыкі "Вячэрняя сімфонія", у той жа дзень адбыўся подыум моды "Фарбы лета".

У нядзелю каля помніка Пушкіну (паэт двойчы праязджаў цераз горад) сваё мастацтва дарылі дзятве акцёры "Беларускага тэатра "Лялька" — аднаго з лепшых ва ўсёй Еўропе. На працягу гадзіны лялечнікі паказвалі фрагменты спектакляў і жартавалі з публікай. Дзятве асабліва спадабаўся гіганцкі мядзведзь, які танцаваў разам з імі. Каля Свята-Успенскага кафедральнага сабора прайшоў канцэрт званароў.

Па традыцыі, выбіралі самых высокіх жыхароў у памяць аб знакамітым земляку: рост Фёдара Махнова — больш за 2,5 метра. Упершыню на плошчы Перамогі прэзентавалі віцебскага... рыкшу — экалагічна чыстае таксі "новага пакалення".

А ў панядзелак у Віцебску прайшоў міжнародны інвестыцыйны форум, на якім было прадстаўлена каля ста прапаноў інвестарам. Сярод тых, хто зацікавіўся супрацоўніцтвам, прадстаўнікі Польшчы, Расіі, Балгарыі і іншых краін. Кропку ў святкаванні паставіў грандыёзны канцэрт у Летнім амфітэатры.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Віцебск на працягу трох дзён з размахам святкаваў 1038 гадавіну з дня свайго заснавання. Старажылам цяжка ўзгадаць, калі яшчэ такое было. Дарэчы, па-ранейшаму многія...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика