Паштоўка яднае. Часы і народы
26.06.2012
—
Новости Общества
|
У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны працуе выстава літаграфій, гравюр і старых паштовак "1812 год. Вайна і мір". Фактычна ў межах выставачнага праекта, які разгорнуты адразу на некалькі музейных залаў, паядналіся шэраг экспазіцый сапраўды ўнікальных матэрыялаў з прыватных калекцый Уладзіміра Ліхадзедава і Уладзіміра Пефціева. На выставе прадстаўлена каля 100 літаграфій па малюнках аднаго з удзельнікаў напалеонаўскага паходу ў Расію Хрысціяна Вільгельма Фабера (1780—1857). Аўтар прайшоў усю кампанію ў чыне палкоўніка французскай арміі ў складзе корпуса маршала Мішэля Нэя. На малюнках — батальныя сцэны, побыт французскіх салдат, этнаграфічныя дэталі з мясцін, якія праходзілі вайсковыя злучэнні. Другая частка экспазіцыі — літаграфіі "1812 год" па малюнках рускага жывапісца і пісьменніка Васіля Верашчагіна (1842—1904). Асобна вылучаны экспазіцыйны блок "Беларусь у 1812 годзе". У ім прадстаўлена ўнікальная калекцыя паштовак сярэдзіны ХІХ—пачатку ХХ стагоддзя. На старых паштоўках — адлюстраванні помнікаў загінулым воінам, рэпрадукцыі з карцін вядомых мастакоў П. Геса, В. Верашчагіна, К. Макоўскага і іншых, памятныя мясціны вайны 1812 года. На адкрыцці выставы было агучана вітанне ад міністра культуры Рэспублікі Беларусь Паўла Латушкі, дзе сярод іншага заўважана і наступнае: "Надзвычай прыемнай акалічнасцю нараджэння гэтага праекта з'яўляецца тое, што ён паўстаў у працэсе творчых, сяброўскіх адносін дзяржаўнай установы і прыватных калекцыянераў, людзей, якія не разглядаюць свае калекцыі як выключна матэрыяльны скарб і свядома ўкладваюць сілы і сродкі ў патрэбную і ганаровую справу захавання гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Дзякуючы ініцыятыве такіх мецэнатаў, як Уладзімір Ліхадзедаў і Уладзімір Пефціеў, нашы суайчыннікі маюць магчымасць дакрануцца да гэтых сапраўды рэдкіх аб'ектаў культуры. І гэта не першы праект такога кшталту. У прыватнасці, з філакартыстам Уладзімірам Ліхадзедавым, лаўрэатам Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне", музей звязвае ўжо цэлы шэраг выстаў, створаных на матэрыялах яго ўнікальнай калекцыі... Прыемна і тое, што музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, захавальнік памяці аб падзеях 1941—1945 гг., паспяхова выконваючы асноўную місію па ўслаўленні подзвігу нашага народа, у той жа час далучаецца да праблем захавання і распаўсюджвання сусветнай гісторыка-культурнай спадчыны. Айчынная вайна 1812 года — падзея агульнасусветнага маштабу, калі існаванне не толькі традыцый, але і самога чалавека залежыць ад ступені адказнасці перад нашчадкамі. Ці будзем мы вучыцца на памылках мінулага, залежыць ад таго, што мы пра яго ведаем. Транслюючы каштоўны вопыт з пакалення ў пакаленне, мы ствараем сённяшнюю гісторыю, бо кожны крок культуры наперад вынікае з выбару, які мы робім, зыходзячы з вопыту папярэднікаў...". На адкрыцці выставы выступіў і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Сурыкаў, які нагадаў пра еднасць народаў, якія адстойвалі мір у Айчыннай вайне 1812 года. Нельга не сказаць, што сродкі ад наведвання выставы яе аўтары ахвяруюць на справу аднаўлення помніка героям і падзеям Айчыннай вайны 1812 года. Дарэчы, размова пра вяртанне да жыцця старога помніка, які некалі знаходзіўся на старым тракце паміж Маладзечнам і Вілейкай. Гэтая інфармацыя стала вядомай дзякуючы гісторыка-краязнаўчым вышукам Уладзіміра Ліхадзедава. Ён прадэманстраваў і выяву невядомага раней аб'екта. На прэс-канферэнцыі, якая таксама праводзілася ў дзень адкрыцця выставы, з вуснаў арганізатараў і прадстаўнікоў грамадскасці, а таксама замежных пасольстваў прагучалі прапановы правезці выставу "1812 год. Вайна і мір" па розных адрасах. Яшчэ раней расійскі пасол выказаў меркаванне, што літаграфіі, гравюры і старыя паштоўкі з калекцый Уладзіміра Ліхадзедава і Уладзіміра Пефціева варта паказаць у Смаленску на галоўных расійскіх святкаваннях у знак 200-годдзя вайны з Напалеонам. Мікола БЕРЛЕЖ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны працуе выстава літаграфій, гравюр і старых паштовак "1812 год. Вайна і мір".
|
|