Шпацыр па Камароўцы. 21.by

Шпацыр па Камароўцы

26.06.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

За вядро чарніц — 400 тысяч

Зніжкі абяцаюць тыдні праз два

На сталічным Камароўскім рынку канцэнтрацыя летняй смакаты на метр квадратны нашмат большая, чым у любым лесе ці на агародзе. Толькі купіш кілаграм клубніц пакаштаваць, табе чарэшню прапаноўваюць; спытаешся пра кошт чарніц — тут яшчэ і пра суніцы ўсё раскажуць, суправаджаючы гэта гісторыямі пра прыгоды падчас іх збору. Карэспандэнт "Звязды" прайшлася па гандлёвых радах, паглядзела, якія сезонныя прысмакі можна знайсці на Камароўцы і колькі давядзецца выдаткаваць грошай, каб крыху падсілкаваць свой арганізм вітамінамі.

— Купляйце чарніцы! У нас самыя лепшыя. Прывезлі з Нарачы. Усё чысценька, праверана, — супыняе мяне жанчына год пяцідзесяці ўжо каля каваных варот на ўваходзе. Побач з ёй маладая дзяўчына — дачка. На зямлі, засцеленай газетай, у некалькі радоў стаяць пластыкавыя паўлітровыя шкляначкі з чарніцамі. За адну такую просяць 20 тысяч рублёў. Побач пастаўлена яшчэ поўнае сямілітровае вядро.

— Зараз, вядома, хутка раскупляюць, — расказвае жанчына нюансы будняў "чарнічнага" прадаўца. — Не начаставаліся яшчэ. Як мне, напрыклад, дык стаяць нядоўга даводзіцца. Тыдні праз два ўжо не так будзе. Людзі самі да лесу даедуць. Вось як клубніц цяпер валам, то і не прадаюць усе, што на рынак прывезлі, за дзень.

Валянціна, як прадставілася мне субяседніца, ходзіць у ягады ў вольныя ад працы дні. Каб назбіраць дзесяць літраў чарніц, едзе ў лес прыкладна ў 6 раніцы: "І камароў менш, і людзі не ўсё вытапчуць". Бліжэй да 9 раніцы прыязджае дапамагаць дачка Жэня. За чатыры гадзіны набранае вядро "едзе" ў Мінск. Даход — каля чатырохсот тысяч. Калі Валянціна спяшаецца ці торг ідзе няўдала, яна можа скінуць кошт і да 15 тысяч за паўлітра.

Ныраю глыбей у рынкавую мітусню і даходжу да латкоў, дзе ад чарніц проста мігціць у вачах. Людзі прывозяць ягады і з-пад Маладзечна, і з-пад Лагойска і нават з Баранавічаў. Цэны гайдаюцца на ўзроўні 20—25 тысяч. Але можна знайсці ягады і за 17—18 тысяч рублёў за паўлітра. І нельга сказаць, што на выгляд яны чымсьці адрозніваюцца ад даражэйшых.

Наступным "аб'ектам для даследавання" сталі суніцы. Чырвоныя пахучыя ягадкі ў асноўным каштуюць 25 тысяч рублёў за паўлітра. Між іншым, столькі ж прыйдзецца аддаць на Камароўцы за кілаграм брэсцкіх клубніц, калі набываць самыя адборныя, дзе ўсе ягадкі як на падбор. Суніцы за меншы кошт, па 20 тысяч рублёў, на рынку знайсці ўдалося, але ягады выглядалі дробненькімі і памятымі. Усмешлівы дзядзька, які прапаноўвае мне тыя самыя дарагія, але прыгожыя і свежыя суніцы, здзівіў настойлівасцю:

— Бярыце, чаго думаць. У мяне, між іншым, жонка праз гэтыя ягады куртку згубіла. Зняла і забылася ў лесе. Пасля вярнулася дадому з суніцамі і яшчэ на гадзіну сышла адзенне сваё шукаць. Нічога, вядома ж. А калі я яшчэ і ягады не прадам, увогуле будзе "няправільна".

Намагаюся ветліва адмовіцца ад пакупкі, бо маю інтарэс усё ж такі не спажывецкі, а выключна журналісцкі. Цяпер можна з ягад пераключыць увагу на грыбы. На рынку, калі не браць у разлік шампіньёны, зараз асноўная маса іх — гэта альбо сушаныя розныя леташнія, альбо свежыя сёлетнія лісічкі. Маленькія жоўтыя грыбкі на прылаўках ва ўсіх прадаўцоў не большыя за палову запалкавага карабка.

— Лісічкі шукаюць там, дзе мох расце, — тлумачыць мне камароўскі прадавец Міхаіл Валяр'янавіч (дзядзька з хітрымі вачыма стаіць за прылаўкам з грыбамі). — Вось я не скажу, як ён называецца, але па выглядзе пазнаю. Маю на прыкмеце два-тры грыбныя месцы і кожны раз наведваюся ў розныя. Але не часцей чым два разы на тыдзень на рынак лісічкі прывожу. І яшчэ, каб грыбы зноў выраслі на гэтым месцы, мох не трэба моцна разграбаць.

Грыбкі Міхаіла Валяр'янавіча каштуюць 15 тысяч рублёў за паўлітра, гэтак жа, як і паўсюль на рынку.

— Ну, магу вам пяцёрку скінуць, — прапанавалі мне на развітанне. Так што торг магчымы.

Дарэчы, пра бульбачку. Не магу не ўзгадаць пра яе, нягледзячы нават на тое, што яна — зусім не з шэрагу лясных прысмакаў, пра якія ішла гаворка вышэй. Проста зараз ужо з'явілася маладая бульба беларускага паходжання, а не дарагая замежная, якая яшчэ два тыдні таму каштавала ў сярэднім 8 тысяч за кілаграм. Камароўскія расцэнкі на маладую бульбу цяпер радуюць вока: кіло адборнай бульбы каштуе 5 тысяч рублёў, клубні сярэдніх памераў "пацягнуць" на 4,5 тысячы за кілаграм, а можна набыць і дробненькія па 3,5 тысячы за кілаграм.

Прагулка па Камароўцы атрымалася досыць выніковай хоць бы таму, што з пустымі рукамі я ўсё ж такі адтуль не выйшла. Незапланаваны кілаграм маладой бульбы, нейкім цудам прададзены мне падчас роспытаў пра цэны і жыццё-быццё, усю дарогу нагадваў пра нечаканыя наступствы маёй працы. Вечарам кілаграм ператварыўся ў цудоўную вячэру, запечаную з маянэзам, кропам і базілікам.

Як казалі па сакрэце некаторыя прадаўцы, цэны на гэткім узроўні могуць трымацца яшчэ тыдзень—другі, пасля будзе паступовы спад, таму магчымасць накупіць ягад і грыбоў на хатнія нарыхтоўкі яшчэ наперадзе.

Ганна ГАРУСТОВІЧ.

Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На сталічным Камароўскім рынку канцэнтрацыя летняй смакаты на метр квадратны нашмат большая, чым у любым лесе ці на агародзе. Толькі купіш кілаграм клубніц...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика