Урокі саміта G-20 заходняму свету. 21.by

Урокі саміта G-20 заходняму свету

26.06.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Саміт G-20, які прайшоў днямі ў Мексіцы, быў анансаваны ў глабальных СМІ як паспяховы. Але гэта гледзячы з якога пункту гледжання.

Само з'яўленне G-20 у сучасным выглядзе пасля глабальнага крызісу, які грымнуў у 2008 годзе, стала праявай дрэннага становішча ў сусветнай эканоміцы і палітыцы. Былых лідараў свету — заходнія краіны — да крызісу цалкам задавальняла ў якасці своеасаблівага нефармальнага сусветнага ўраду існаванне G-8, які складаўся з вядучых заходніх эканомік (G-7) і запрошанай стаць восьмай Расіі, на справе не здольнай правесці ў G-8 ніякіх сваіх рашэнняў.

G-20 узнікла ў канцы 1999 года з дастаткова сціплымі паўнамоцтвамі і магчымасцямі і з празрыстай мэтай Захаду павучаць іншыя найбуйнейшыя сусветныя эканомікі, якія ўваходзяць у гэтую арганізацыю, як лепш займацца эканомікай, каб быць такімі ж паспяховымі, як ЗША і краіны Еўрасаюза.

Ужо восенню 2008 года па ініцыятыве заходніх краін давялося збіраць першы экстранны антыкрызісны саміт G-20, каб абмеркаваць радыкальна іншую ідэю — як усім разам выжыць пасля радыкальных злоўжыванняў, якія ўсплылі, у заходніх краінах. G-20 стаў прэстыжным, а былая роля G-8 рэзка пайшла на спад.

Мінулі яшчэ амаль чатыры гады, і роля заходніх краін у G-20 стала яшчэ больш прыніжальнай. Замест былых ментарскіх лекцый незаходнім краінам, як лепш перабудаваць сваю эканоміку згодна з паспяховым заходнім узорам, ЗША і ЕС даводзіцца пускаць шапку па крузе, каб сабраць грошы на выратаванне Еўразоны ад канчатковага краху.

Пры гэтым незаходнія краіны прапанавалі больш за трэць ад неабходных 450 мільярдаў долараў. Сабраныя сродкі будуць уключаны ў рэзервы МВФ, а асноўнымі краінамі, якія іх у яго папросяць, стануць краіны-няўдачніцы ЕС, уключаючы Грэцыю і Іспанію, якія адчуваюць сур'ёзныя праблемы.

Скідваліся на гэты раз усе — і Турцыя, якая цудоўна развіваецца, і ўзор вядзення бізнэсу ў ХХІ стагоддзі Кітай, і краіна з самага праблемнага кантынента свету, афрыканскага — ПАР, і Індыя, у якой галадае кожны пяты жыхар, і Бразілія, і Мексіка. Нават Расія, у якой сваіх праблем мноства і стасункі якой з Захадам не назавеш цяпер радаснымі, і тая пагадзілася выдзеліць 10 мільярдаў долараў.

Ну, а калі ўжо даеш грошы на выратаванне Захаду, то можна дазволіць сабе і пакрытыкаваць заходнія краіны, і даць ментарскія рэкамендацыі Захаду, як больш паспяхова развіваць сваю эканоміку, каб дапамога больш не спатрэбілася, і як зрабіць сусветную эканоміку менш залежнай ад заходніх эканамічных праблем.

І гэту горкую пілюлю заходнім краінам даводзіцца з удзячнасцю глытаць — што ж рабіць, калі кола фартуны так павярнулася, і ўчарашнія прафесары апынуліся на студэнцкай лаўцы? У прыватнасці, кіраўнік МЗС КНР Ян Цзечы, выступаючы перад журналістамі з каментарыем удзелу кіраўніка Кітая Ху Цзіньтаа ў саміце G-20, адзначыў, што "лідары еўрапейскіх краін падзякавалі Кітаю за веру ў Еўропу, падтрымку будаўніцтва еўрапейскай інтэграцыі, аказаную Еўропе дапамогу ў пераадоленні цяжкасцяў".

А Уладзімір Пуцін, вярнуўшыся дадому і ўзяўшы ўдзел у Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме, пачаў выступленне з інфармацыі аб G-20, адзначыўшы, што "сітуацыя ў сусветнай эканоміцы сур'ёзная — дысбалансаў і даўгоў сабралася шмат. Так, у Германіі і Францыі — больш за 80%, у ЗША — 104%". Сапраўды, на такім фоне расійскія праблемы выглядаюць ужо не так страшна.

Акрамя прыніжэння, заходнім краінам давядзецца аплаціць незаходнюю падтрымку і іншым спосабам. Яшчэ на першых антыкрызісных самітах G-20 узгаднялася, што сітуацыя, пры якой у краін БРІКС карлікавая квота ў МВФ, што не адпавядае вялізнаму аб'ёму іх эканомік і назапашаных золата-валютных рэзерваў, не можа далей працягвацца. Раз ужо Бразілія, Расія, Індыя, Кітай і ПАР бяруць дзейсны ўдзел у выратаванні сусветных фінансаў і без іх дапамогі цяжка выратаваць Еўразону, то неабходна павышаць і магчымасці краін БРІКС па кіраванні арганізацыяй, якая займаецца рэгуляваннем сусветных фінансаў — МВФ.

І як не хочацца Захаду ісці на гэта, а ўсё ж давядзецца. Былая зручнасць, калі ў Сусветным банку старшынёй ультыматыўна быў грамадзянін ЗША, а МВФ — ЕС, непазбежна сыдзе ў мінулае. Захаду давядзецца вучыцца жыць па сродках. І сродкі гэтыя ўжо не дазваляюць мець былы кантроль над светам. І вядучыя незаходнія краіны не збіраюцца чакаць, калі заходнія эліты ўсвядомяць гэта самі, недалікатна нагадваючы ім пра неабходнасць дзяліцца былой амаль самадзяржаўнай уладай над светам з імі.

На гэтым фоне не дзіўна, што паміж лідарамі краін ЕС няма згоды і шмат песімізму. Сімвалам гэтага стала перапалка паміж кіраўніком урада Вялікабрытаніі і прэзідэнтам Францыі з нагоды падатковай рэформы ў Францыі, якая мае адбыцца. Брытанскага прэм'ер-міністра так закрануў высокі падатак на багатых, які збіраюцца ўвесці ў Францыі, як быццам яму самому давядзецца яго плаціць. Спроба брытанца абараніць правы багатых грамадзян Францыі была рашуча спынена французскім прэзідэнтам, які адзначыў, што падатак усё ж будзе ўведзены.

Падобнага кшталту мыццё бруднай бялізны на публіцы паміж лідарамі вядучых эканомік Еўрасаюза, зразумела, не можа дадаць аптымізму наконт перспектыў ЕС самастойна вырашыць свае праблемы і скараціць негатыўны ўплыў праблем Еўразоны на сусветную эканамічную стабільнасць.

Таму поспех саміта G-20 адносны. З аднаго боку, ён яшчэ раз падкрэсліў, што незаходнія краіны непазбежна ўваходзяць у сілу ў сусветнай палітыцы. З іншага, сабраныя сродкі наўрад ці дапамогуць выратаваць Еўразону, пакуль у ЕС не з'явіцца поўная згода паміж лідарамі вядучых эканомік.

Сяргей КІЗІМА, загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Саміт G-20, які прайшоў днямі ў Мексіцы, быў анансаваны ў глабальных СМІ як паспяховы. Але гэта гледзячы з якога пункту гледжання.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика